расква́сіць, ‑квашу, ‑квасіш, ‑квасіць; зак., што.

Разм.

1. Размачыць, зрабіць гразкім. Вада заліла лагчыны, расквасіла нізіны, а праз іх і да ўзгоркаў не дабрацца. Бялевіч. / у безас. ужыв. Ісці цяжка: дарогу расквасіла, да чаравікаў прыліпаюць камякі гразі. Навуменка.

2. Разбіць да крыві (нос, твар і пад.). Расквасіць нос. □ — Што было... Што было, — адказваючы на роспыты, сказаў Цімох, — ды расквасіў плешкаю галаву аднаму, другі раз, мо, не палезе. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сузіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

1. Глядзець, разглядваць, назіраць. Дзяўчаты сядзелі моўчкі і сузіралі. Мурашка. [Каваль] сузіраў гэта нейкі момант і не заўважыў, адкуль і як з’явіўся на падножцы мужчына з маладым і вельмі заклапочаным тварам. Савіцкі.

2. Уяўляць у думках што‑н., унікаць розумам у што‑н. [Дзед] любіў і пасядзець моўчкі, паглыбіўшыся ў свае думкі, нібы сузіраючы пройдзены шлях свайго доўгага жыцця. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уба́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Сустрэцца з кім‑н. асабіста, пабачыцца. Алімпа вельмі рада была, што нарэшце ўбачылася з маці. Сабаленка. [Люба:] — Ну, дык бывай, Алеська, праз два тыдні ўбачымся. Мурашка.

2. Уявіцца, здацца. Нейкі час Антон сядзеў, не мяняючы паставы, здзіўлены і ўражаны .. тым, што ўбачылася яму ў цьмянай прасторы ночы, калі ён павярнуўся. Савіцкі. Усё гэта мне ўбачылася і падумалася ў нейкае адно імгненне праз адчуванне няёмкасці. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фальварко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фальварка, належыць яму. Фальварковыя пабудовы. □ — Вашы намаганні — справа тэрміновая, — глуха басіў .. [Бусыга], пералазячы загарадзь, якою абнесены фальварковыя пасевы. Бажко. // Які жыве, служыць у фальварку. Народ там [у Палікараўскім сельсавеце] усё засцянковы, фальварковы, хутаранцы, — ні аднае вёскі такое, як пры горадзе, там не ўбачыш. Мурашка. Калі Казімір прыязджаў з Масквы на лета ў свой фальварак, то сустракаў паблажлівую ўсмешку дзядзькі і паслухмянасць усёй фальварковай службы. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пафарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.

1. Пакрыць або насыціць фарбай ці іншым фарбавальным рэчывам. [Зыбін:] — Пабялілі наш дом, сам бачыў. Падлогу пафарбуюць, — тыдзень, другі і, калі ласка: уваходзь, гаспадыня!.. Мележ. [Гэлька] адрэзала метровай даўжыні кавалак палатна, пафарбавала пад колер летняга ранішняга неба. Сташэўскі.

2. Надаць чаму‑н. які‑н. колер. Пафарбавала восень пазалотай Над возерам заспаныя лясы. Астрэйка. Сорам пафарбаваў у чырвонае Любіны шчокі. Мурашка. За вокнамі ўжо чырвоным заравам пафарбавала сонца небакрай. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спружы́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Са спружынамі, зроблены на спружынах. [Ігнась] ляжаў на мяккай спружыністай канапе. Мурашка.

2. Пругкі, як спружына; здольны спружыніць. З гадзіну паваляліся [шафёры] па спружыністым цёплым дзірване. І зноў у дарогу. Б. Стральцоў. // Моцны, пругкі (пра рухі). Уся .. ладна збітая постаць [Куранёва] у цёмнай куртцы на «маланках» і запраўленых у боты чорных штанах была спружыністая, імклівая. Хадкевіч. Адным кароткім спружыністым рухам .. [вугор], як змяя, выслізне з вашых рук — і толькі яго і бачылі. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́йка ​1, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.

1. Памянш.-ласк. да хвоя: маладая, невялікая хвоя. Раскусціўся пры дарозе ракітнік, падраслі хвойкі на пясчаным узгорку. Грахоўскі. Уязджаем у лес. Спачатку рэдкія хвойкі, голыя бярозы, алешнік. Лынькоў.

2. зб. Абл. Ігліца. Жоўтая хвойка ўсцілала дол. Мурашка. Хоць хвойку жую, але на волі жыву. Прымаўка.

хво́йка ​2, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.

Жук чорнага або бурага колеру, шкоднік хваёвых дрэў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́мка, ‑і, ДМ ямцы; Р мн. ямак; ж.

Памянш. да яма (у 1 знач.); невялікая яма. У Максімавых варотах, у ямцы, ляжаў і вяла павільваў хвосцікам кабан-кормнік. Капыловіч. // Невялікае паглыбленне на чым‑н., у чым‑н. Вусны.. [Буракова] адразу пасмяглі, на шчоках большымі зрабіліся ямкі, і стала відаць многа маршчын каля вачэй. Ермаловіч. // Выемка, ніша з боку прыпечка, куды заграбаюць жар, попел. У ямцы на прыпечку тлела некалькі вугалёў, прысыпаных попелам. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАЛЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), палеаген,

першая сістэма кайназойскай эратэмы (групы) агульнай стратыграфічнай шкалы, адпавядае першаму перыяду кайназойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі мелавой сістэмы (перыяду), папярэднічае неагенавай сістэме (перыяду). Пачалася каля 65 млн. г. назад, доўжылася больш за 40 млн. гадоў. Назву ўвёў ням. геолаг К.​Наўман (1866). У самастойную сістэму вылучана ў 1960, да таго лічылася падсістэмай (аддзелам) трацічнай сістэмы. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): палеацэн (ранняя), эацэн (сярэдняя) і алігацэн (позняя). На Беларусі палеаген, паводле прынятай схемы ў Зах. Еўропе, падзяляецца на ярусы (вякі): дацкі і танецкі (ніжні аддзел), лютэцкі, бартонскі і прыабонскі (сярэдні), рупельскі і хацкі (верхні). Паводле характэрных комплексаў выкапнёвых фарамініфераў, нанапланктону і рэшткаў раслін вылучана 7 світ: сумская, канеўская, бучацкая, кіеўская, харкаўская, страдубская, крупейская.

У палеагене сфарміраваліся складкавыя структуры альпід і ўзніклі восевыя часткі сучасных Пірэнеяў, Альпаў, Карпат, Крыма, Каўказа, Паміра, Гімалаяў і інш. Платформы неаднойчы зведалі марскія трансгрэсіі і рэгрэсіі. Адклады палеагену пашыраны на ўсіх кантынентах і прадстаўлены пераважна марскімі, радзей кантынентальнымі ўтварэннямі. З імі звязаны радовішчы нафты, газу, бурых вуглёў, жал. і марганцавых руд і інш. У флоры панавалі пакрытанасенныя, паступова з’яўляліся віды, больш падобныя на сучасныя. У жывёльным свеце для марской фауны характэрны нумуліты, сярод наземных жывёл — млекакормячыя. У эацэне з’явіліся драпежнікі, капытныя, грызуны, рукакрылыя, у алігацэне — першыя хобатныя, чалавекападобныя малпы. У канцы эацэну адбылося глабальнае пахаладанне клімату, пачалося фарміраванне ледавіковага шчыта Антарктыды.

На Беларусі адклады П.с.(п.) пашыраны на Пд і ў цэнтр. частцы. Палеацэн — раннеалігацэнавы час прадстаўлены марскімі адкладамі (пяскі кварцавыя, глаўканіт-кварцавыя, алеўрыты, пясчанікі, гліны, мергелі, апокі і інш.); позні алігацэн — кантынентальнымі адкладамі (пяскі, гліны, месцамі вуглістыя). Агульная магутнасць да 80 м. Залягаюць на глыб. 30—220 м, па далінах р. Дняпро і яе прытокаў месцамі выходзяць на паверхню. З адкладамі П.с. (п.) звязаны радовішчы фасфарытаў, глаўканіту, тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, бурых вуглёў, праяўленні бурштыну і тытан-цырконіевых россыпаў. Макс. трансгрэсія (харкаўскае мора — апошняе на Беларусі) ахапіла да 60% тэрыторыі. 3 сярэдзіны алігацэну (каля 30 млн. г. назад) асадканамнажэнне праходзіла ў далінах палеарэк, азёрах і забалочаных нізінах. Інтэнсіўна развіваўся карст. Флора была субтрапічная: вечназялёныя і цвердалістыя пароды з дамешкамі шыракалістых лістападных форм і голанасенных раслін. На працягу палеагену клімат змяніўся ад трапічнага да субтрапічнага, блізкага да цеплаўмеранага.

Літ.:

Маныкин С.С. Палеоген Белоруссии. Мн., 1973.

Л.​І.​Мурашка.

т. 11, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

або́ра ​1, ‑ы, ж.

Вераўчаны або раменны шнур пры лапцях для прывязання іх да нагі. У пакоі селянін азірнуўся на бакі і, развязаўшы аборы з лапця, дастаў з-пад анучы лісток паперы. Мурашка. Мокрыя аборы рэзалі ногі, ціснула на плечы сярмяга. Каваль.

або́ра ​2, ‑ы, ж.

Вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік. З краю, на ўзгорку, былі заўсёды добра відаць доўгія будыніны калгасных абор і свірнаў. Мележ. У свінарніках пішчаць парасяты, рыкае цельная карова, дзесьці ў аборы... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)