ку́рыва, ‑а, н.

Разм. Тое, што кураць; папяросы, тытунь. Пан Войцех хапіўся, што няма курыва, і папрасіў мяне спусціцца на першы паверх, купіць у кіёску папярос. Карпюк. «Можа, закурыць у яго ёсць. А то і рыба не клюе і курыва выйшла», — падумаў Раманчык і пайшоў ад берага насустрач чалавеку. Пальчэўскі. // Дым ад курэння. Столь і сцены белыя Курывам ахутаны, Дні і ночы цэлыя Засядаюць, гутараць. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касты́ль, ‑я, м.

1. Апора для чалавека бяз ног або з хворымі нагамі; мыліца. Абаперціся на кастыль. Хадзіць на кастылях. □ Стаў дзядок пад акном, З плечаў торбы вісяць, Бок падпёр кастылём. Купала.

2. Металічны шпень, які забіваецца ў шпалу для прымацавання да яе рэйкі. Саромеючыся, Мікалай расказаў: — Працую на чыгунцы ў рамонце... Забіваем кастылі, ну, такія вялікія цвікі, якімі трымаецца рэйка на шпалах. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нованаро́джаны, ‑ая, ‑ае.

Які толькі што, нядаўна нарадзіўся. Нованароджанае дзіця. // у знач. наз. нованаро́джаны, ‑ага, м.; нованаро́джаная, ‑ай, ж. Пра чалавека, які толькі што, нядаўна нарадзіўся. Восем, шчаслівых бацькоў зарэгістравалі нованароджаных. Карпюк. // перан. Які зусім нядаўна ўзнік, з’явіўся. Слабае святло нованароджанага месяца мігцела ў насцярожаных дзікаватых вачах [коней]. Караткевіч. І ўдзень і ўночы ўсе цэхі шумяць, гудзяць, грымяць, а з канвеераў сыходзяць нованароджаныя магутныя асілкі-машыны. Сапрыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нясме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не вызначаецца смеласцю; сарамлівы. Прыехаў я ў Мінск як самы сапраўдны правінцыял: нясмелы, непаваротлівы, сарамяжы. Скрыган. Каля Дубравінай Косця заўсёды станавіўся нясмелы і негаваркі. Карпюк. // Які выражае адсутнасць смеласці. На нясмелы стук у дзверы Стафан падышоў і спытаў: — Хто там? Колас.

2. перан. Які слаба праяўляецца. Недзе далёка-далёка грымеў першы нясмелы гром. Асіпенка. Прарваліся аднекуль нясмелыя промні сонца. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павы́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад павысіць.

2. у знач. прым. Больш высокі ў параўнанні са звычайным, нармальным; павялічаны. Павышаная тэмпература. Павышаная праходнасць машыны. □ [Косця], як і многія іншыя маладыя людзі, хварэў павышанай сарамлівасцю. Карпюк. // Больш высокі па тону, больш гучны. Усю невялікую дарогу, хвілін па пяць, Шырокі не пераставаў у значна павышаным тоне расказваць аб затхласці местачковага жыцця, аб нікчэмнасці інтарэсах панямонскай інтэлігенцыі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паме́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. памеркнуў, ‑нула і памерк, ‑ла; зак.

1. Страціць паступова яснасць, яркасць; пацямнець. Памерк дзень, пагас. Колас. Марознаю стынню паветра дрыжыць, Памеркла ад сцюжы гара... Кляшторны.

2. перан. Страціць жыццярадаснасць, весялосць. Рагатуха, якая так кідалася ў вочы здалёк сярод іншых дзяўчат, раптам памеркла, зрабілася сціплай і ціхай школьніцай. Карпюк.

3. перан. Страціць сэнс, значэнне. Жыццё неяк памеркла адразу, стала шэрым, панурым. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парабі́цца, ‑робіцца; ‑робімся, ‑робіцеся, ‑робяцца; зак.

1. Зрабіцца, стаць якім‑н. — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Кідаючы вінтоўкі.., беглі па гародах нямецкія салдаты, і твары іх парабіліся зямліста-шэрымі. Лынькоў. Хлопцы мае пасля гэтага выпадку адразу неяк падабрэлі, парабіліся ціхія, паслухмяныя. Карпюк.

2. Здарыцца, зрабіцца. [Альжбета:] Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія? Купала. Тут парабілася такое, што і ўявіць сабе страшна. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паса́г, ‑у, м.

Маёмасць, якую давалі бацькі або родзічы маладой, калі тая выходзіла замуж. У таго [Рыгора] дзяцей усяго двое было: сын ды дачка, і ён дачцэ ў пасаг даў дзесяць дзесяцін зямлі. Галавач. Марцін жэніцца на гандляровай дачцэ, бярэ ў пасаг грошы і тут, у горадзе, вялікі дом з лясной крамай. Карпюк. [Міхась:] Але, не ўсе ж на пасаг квапяцца. Вось я таксама з батрачкай жанюся. Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасвідрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

1. Зрабіць у чым‑н. адтуліну пры дапамозе свідравальнай прылады. Без асаблівага намагання, пакуль ісці на вячэрнія заняткі, я за тры дні навылёт прасвідраваў у камені дзірку для чаранка сякеры. Карпюк. Ва ўрочышчы Плаўе пабудавалі два добрыя дамы для пастухоў і даярак, выгарадзілі жэрдкамі кашары, прасвідравалі артэзіянскую студню, парабілі карыты, паставілі кармакухню. Сабаленка.

2. і без дап. Свідраваць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысу́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прысутнічае, знаходзіцца дзе‑н. у пэўны час. [Жанчына] нават не засмяялася і тады, калі навокал яе прысутныя людзі зарагаталі. Карпюк. Завязваецца гутарка з прысутнымі тут калгаснікамі аб іх жыцці ва ўмовах партызанскага краю. Залескі.

2. у знач. наз. прысу́тныя, ‑ых. Тыя, хто прысутнічае. Мароз абвёў вачамі ўсіх прысутных — ці не будзе пярэчанняў. Лобан. — Устаць! — строга крыкнуў вартаўнік суда. Прысутныя ўсталі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)