МАНАГА́МІЯ (ад мана... + ...гамія),
1) форма адносін паміж поламі ў жывёл, калі адзін самец за сезон спароўваецца з адной самкай. У працэсе эвалюцыі М. развівалася як больш спецыялізаваная з’ява ў параўнанні з палігаміяй. Тыповая палавая структура папуляцый манагамных жывёл вызначаецца прапарцыянальнасцю (колькасныя суадносіны самцоў і самак 1:1). Полавы дымарфізм у манагамаў выяўлены менш выразна, чым у палігамаў. Пры М. самец звычайна прымае ўдзел у выхаванні патомства.
У млекакормячых М. сустракаецца радзей, чым палігамія. Параўнальна ўстойлівыя пары фарміруюцца ў барсука, ваўка, ліса (звычайна на 1 сезон), у чалавекападобных малпаў (на некалькі гадоў ці на ўсё Жыццё). У птушак М. шырока распаўсюджана, пары на некалькі гадоў, часам на ўсё жыццё ўтвараюць арлы, буслы, грыфы, лебедзі, совы; гусі — на сезон. У межах віду могуць быць пераходы ад М. да палігаміі (бабры). М. сустракаецца і ў беспазваночных, у якіх рамцы і самкі ці толькі самцы гінуць пасля спароўвання ці адкладвання яец (некат. павукі, жукі-караеды, свойскія пчолы і інш.).
2) Гіст. форма шлюбу і сям’і (аднашлюбнасць). Узнікла з парнага шлюбу ў эпоху распаду першабытнаабшчыннага ладу, стала пануючай формай шлюбу.
т. 10, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАДНАРО́ДНЫЯ ХВА́ЛІ,
электрамагнітныя ваганні, у якіх плоскасці роўных фаз і роўных амплітуд непаралельныя. Узнікаюць у празрыстых асяроддзях пры поўным адбіцці і ў паглынальных (узмацняльных) асяроддзях пры падзенні выпрамянення нахільна да мяжы асяроддзяў. Уласцівасці Н.х. улічваюцца ў разліках пры распрацоўцы аптычных прылад, напр., хваляводаў і аптычных ліній сувязі, лазераў хваляводнага тыпу і інш.
Тэорыя Н.х. распрацавана ў Ін-це фізікі АН Беларусі Ф.І.Фёдаравым у 1950—70-я г. на аснове каварыянтных метадаў. Н.х. адрозніваюцца тым, што вектары эл. і магн. палёў ляжаць у розных плоскасцях і апісваюць розныя крывыя (за выключэннем выпадку кругавой палярызацыі). Паток і шчыльнасць энергіі такіх хваль залежаць ад палярызацыі зыходнага выпрамянення. На ўласцівасцях Н.х. заснавана з’ява бакавога зрушэння адбітага праменя (Фёдарава зрух). У крышталях пры адсутнасці падвойнага праменепраламлення магчыма ўзнікненне Н.х., палярызацыя якіх змяняецца з глыбінёй пранікнення паводле лінейна-экспаненцыяльнага закону (хвалі Фёдарава—Пятрова).
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Петров Н.С., Федоров Ф.И. Новый вид плоских электромагнитных волн в поглощающих кристаллах // Оптика и спектроскопия. 1963. Т. 15, № 6.
М.С.Пятроў.
т. 11, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙГА́ЎЗ (Генрых Густававіч) (12.4.1888, г. Кіраваград, Украіна — 10.10.1964),
расійскі піяніст, педагог, муз. пісьменнік. Нар. арт. Расіі (1956). Ігры на фп. вучыўся ў бацькі Густава Вільгельмавіча Н., Л.Гадоўскага (у Берліне, Вене). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (экстэрнам, 1915). З 1916 выкладаў у Кіеўскай (з 1919 праф.), з 1922 у Маскоўскай (праф., у 1935—37 дырэктар) кансерваторыях. У 1922—62 выступаў як саліст і ансамбліст. Піяніст рамантычнага кірунку, яго выкананне спалучала бурны тэмперамент, імпульсіўнасць, валявы пачатак з адухоўленай паэтычнасцю, тонкім лірызмам. У рэпертуары пераважалі творы Л.Бетховена, Ф.Ліста, Ф.Шапэна, Р.Шумана, А.Скрабіна, М.Мяскоўскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, інтэрпрэтацыі якіх — значная з’ява ў піяністычным мастацтве 20 ст. Стварыў піяністычную школу, сярод вучняў Э.Гілельс, Я.Зак, Я.Малінін, С.Нейгаўз, С.Рыхтэр. Аўтар прац па муз. выканальніцтве.
Літ. тв.: Об искусстве фортепианной игры: Зап. педагога. 5 изд. М., 1988; Размышления, воспоминания, дневники. Избр статьи. Письма к родителям. 2 изд. М., 1983.
Літ.:
Дельсон В. Генрих Нейгауз. М., 1966;
Бэлза И.Ф. «Генрих Великий» // Бэлза И.Ф. О музыкантах XX в. М., 1979.
т. 11, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІЯНА́РНАСЦЬ (ад грэч. passio пачуццё, пакута),
неадольная цяга людзей да ажыццяўлення сваіх ідэалаў. З’ява П. ўведзена Л.М.Гумілёвым. Паводле Гумілёва, П. ляжыць у аснове ўсякіх дзеянняў, якія пакідаюць след у гісторыі. Яна фарміруецца ў выніку моцных усплёскаў біяхім. энергіі космасу, адкрытай і апісанай У.І.Вярнадскім, і канцэнтруецца ў параўнальна невялікіх абласцях зямной паверхні. На падставе гэтай ідэі Гумілёў стварыў пасіянарную тэорыю этнагенезу, у цэнтры якой уяўленне пра этнас як біясферны, несац. феномен чалавечых паводзін. Пасіянарныя «штуршкі» нараджаюць павышаную сац. актыўнасць, якая ў пэўных гісторыка-геагр. умовах садзейнічае ўтварэнню новых этнасаў і этнічных сістэм (суперэтнасаў). Энергія П. забяспечвае стварэнне і існаванне ў біясферы Зямлі ўсёй разнастайнасці этнічных сістэм — прыродных калектываў людзей з агульнымі стэрэатыпамі паводзін, на які накладвае адбітак геагр. асяроддзе, культ. традыцыя і этнічнае акружэнне.
Літ.:
Гумилев Л.Н. Этногенез и биосфера Земли. 2 изд. Л., 1989;
Яго ж. География этноса в исторический период. Л., 1990;
Яго ж. От Руси к России: Очерки этнич. истории. М., 1992;
Яго ж. Из истории Евразии. М., 1993;
Чижевский АЛ. Земное эхо солнечных бурь. 2 изд. М., 1976.
т. 12, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕАНА́ЗМ (ад грэч. pleonasmos лішак),
спалучэнне тоесных або блізкіх паводле значэння слоў, з якіх адно ці некалькі лагічна лішнія. Напр., «свая аўтабіяграфія» (паняцце «свая» ўваходзіць у слова «аўтабіяграфія»), «свабодная вакансія» (слова «вакансія» абазначае «незамешчаная пасада, свабоднае месца ў штаце якой-н. установы»). Такія словазлучэнні не адпавядаюць літ. норме бел. мовы. Выкарыстанне П. апраўдана, калі спалучэнне аднолькавых ці блізкіх па сэнсе слоў служыць стылістычным сродкам і надае мове большую выразнасць ці пераканаўчасць («бачыць на свае ўласныя вочы»), а таксама калі ён выступае як стылістычная фігура, што надае мове маст. вобразнасць («Паляці, мая мысль, лёгкім сокалам і прагледзь гэты свет кругом-вокалам». Я.Купала). У фразеалагічных словазлучэннях П. не лічыцца стылістычнай памылкай. Падобны П. — частая з’ява ў нар. паэт. творчасці («ні роду, ні племені»). Да П. адносяцца і эпітэты, што не пашыраюць уяўлення пра пэўную з’яву, прадмет («чорная сажа»). Словазлучэнні, у якіх азначэнне ўдакладняе паняцце, не лічацца інфарматыўна лішнімі і не супярэчаць нормам сучаснага словаўжывання («практычны вопыт», «рэальная рэчаіснасць»). Крайнім выражэннем П. з’яўляецца таўталогія.
Т.П.Бандарэнка.
т. 12, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗАНА́НС (франц. resonance ад лац. resono адгукаюся),
рэзкае павелічэнне амплітуды ўсталяваных вымушаных ваганняў пры набліжэнні частаты знешняга гарманічнага ўздзеяння да частаты аднаго з уласных ваганняў сістэмы. Праяўляецца ў розных вагальных сістэмах: механічных (маятнік), электрычных (вагальны контур), акустычных (мембрана, струна) і інш.
Пры Р. магутнасць, якая перадаецца вагальнай сістэме знешняй гарманічнай сілай, дасягае максімуму, што вядзе да павелічэння амплітуды ваганняў у залежнасці ад уласцівасцей самой сістэмы (значэнне каэфіцыента затухання і інш.). З тэорыі гарманічных ваганняў вынікае, што пры імкненні каэфіцыента затухання да нуля амплітуда вымушаных ваганняў павінна імкнуцца да бясконцасці, аднак такая экстрапаляцыя няправільная, таму што з павелічэннем амплітуды ваганні перастаюць быць гарманічнымі (малымі). Вывучэнне заканамернасцей Р. неабходнае і для таго, каб пазбегнуць непажаданых вынікаў рэзкага павелічэння амплітуды ваганняў (напр., разбурэнне тэхн. канструкцый, узнікненне звыштокаў у радыё- і эл.-тэхн. прыладах, зніжэнне якасці апрацоўкі дэталей ад вібрацыі станкоў і інш.). З’ява Р. ўлічваецца ў буд-ве, электра- і радыётэхніцы, электроніцы і інш. Гл. таксама Мёсбаўэра эфект, Электронны парамагнітны, рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс.
А.І.Болсун.
т. 13, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІНГВІ́СТЫКА, сацыяльная лінгвістыка,
навуковая дысцыпліна, у якой мова разглядаецца найперш як грамадская з’ява (у процілегласць падыходам прыродазнаўчым, гіст., псіхал.), як сацыяльна разгалінаваны сродак зносін людзей, што ў вял. ступені залежыць ад сац. стратыфікацыі саміх носьбітаў мовы (палажэнне ў грамадстве, характар заняткаў, адукаванасць, узрост, пол і інш.). Развіваецца на сумежжы мовазнаўства, сацыялогіі, псіхалогіі сацыяльнай і этнаграфіі. Распрацоўвае шырокі комплекс праблем сац. прыроды мовы, што раскрываецца ў грамадскіх функцыях розных моўных утварэнняў (этнамоў, кайнэ, літаратурных моў, сацыяльных дыялектаў і інш.), механізму ўздзеяння сац. фактараў на мову, дынамікі двухмоўя і шматмоўя, тыпалогіі моўных сітуацый, моўнай палітыкі дзяржавы, сувязей мовы і культуры і інш. На Беларусі вытокі сацыялінгвістычных даследаванняў у працах Я.Ф.Карскага і П.А.Бузука. Пытанні С. распрацоўвалі і распрацоўваюць А.І.Жураўскі, А.А.Лукашанец, В.У.Мартынаў, А.Я.Міхневіч, Н.Б.Мячкоўская, Б.Ю.Норман, А.Я.Супрун, П.П.Шуба, В.К.Шчэрбін і інш.
Літ.:
Новое в лингвистике. Вып. 7. Социолингвистика. М., 1975;
Лукашанец А.А., Михневич А.Е., Щербин В.К. Общество—язык—политика. Мн., 1988;
Мечковская Н.Б. Социальная лингвистика. 2 изд. М., 2000.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фено́мен
(фр. phénomène, ад гр. phainomenon = тое, што з’яўляецца)
1) выключная, рэдкая, незвычайная з’ява (напр. ф. прыроды);
2) выключны ў якіх-н. адносінах чалавек (напр. ён сапраўдны ф. розуму).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
міра́ж, ‑у, м.
1. Аптычная з’ява ў атмасферы, пры якой на гарызонце ўзнікаюць уяўныя адлюстраванні далёкіх наземных прадметаў або ўчасткаў неба ў выніку заломвання сонечных праменняў у нераўнамерна нагрэтых слаях атмасферы. І раптам Засмужац перад сабой убачыў агеньчык. Ён не паверыў, нават напалохаўся, з трывогай падумаў, што гэта міраж. Мележ.
2. перан. Тое, што не адпавядае рэчаіснасці, тое, што не можа здзейсніцца. Штодзень святлей, шырэй разлогі, І гэта не міраж. Ідуць-бягуць шляхі-дарогі, змяняецца пейзаж. Пушча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэмінісцэ́нцыя
(лац. reminiscentia = успаміны)
1) няясныя ўспаміны, а таксама з’ява, якая наводзіць на ўспаміны, на супастаўленне чаго-н.;
2) адлюстраванне ўплыву чыёй-н. творчасці ў літаратурным, музычным або іншым творы.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)