АМІНАПЛА́СТЫ (ад грэч. amylon крухмал + plastos вылеплены),

бясколерныя элементы расліннай клеткі з групы лейкапластаў. Сінтэзуюць і назапашваюць т.зв. другасны крухмал у назапашвальных тканках каранёў, карэнішчаў, караняплодаў (напр., бульба, батат, пастарнак і інш.).

т. 1, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМНІЁН (грэч. amnion),

адна з зародкавых абалонак амніётаў. Утварае запоўненую вадкасцю поласць — асяроддзе для развіцця зародка, ахоўвае яго ад мех. пашкоджанняў. Падобную да амніёна абалонку маюць некаторыя насякомыя, немертыны і інш. беспазваночныя.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІРЭ́Й (ад архі... + грэч. hiereus святар),

агульная назва духоўных асоб вышэйшай ступені правасл. царк. іерархіі (епіскап, архіепіскап, мітрапаліт, патрыярх). Могуць быць епархіяльнымі (якія правяць) і вікарнымі (іх памочнікамі). Сінонім тэрміна «архірэй» — архіпастыр.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІНО́М (ад бі... + грэч. nomē доля, частка),

двухсклад, сума або рознасць двух аднаскладаў, напр., a+b, 2m−3n​2. Аб ступенях бінома, напр. алг. выразах тыпу (x + y)​n, гл. Ньютана біном.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТАКСІЛІ́Н (ад гемата... + грэч. xylon драўніна),

фарбавальнік расліннага паходжання. Атрымліваюць экстракцыяй эфірам з драўніны кампешавага дрэва. Выкарыстоўваюць у мікраскапічнай тэхніцы для афарбоўкі раслінных і жывёльных тканак у сіні і сіня-чорны колер.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСБІЯ́НСТВА, лесбійская любоў, сапфізм, трыбадыя,

жаночы гомасексуалізм. Назва ад в-ва Лесбас, дзе ў 7—6 ст. да н.э. жыла стараж.грэч. паэтэса Сапфо, якая ў сваіх вершах апявала каханне і прыгажосць.

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНТАГРА́МА (ад грэч. pente пяць + gramma лінія),

правільны выпуклы пяцівугольнік, на старанах якога пабудаваны роўнабаковыя трохвугольнікі аднолькавай вышыні. Можа быць утворана прадаўжэннем старон правільнага пяцівугольніка. або яго дыяганалямі. У сярэднявеччы — магічны знак.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЛО́ГІЯ (грэч. anthologia літар. букет кветак),

зборнік літаратурных твораў (пераважна аднаго жанру) розных аўтараў пэўнай літаратуры, перыяду, літаратурнага кірунку і г.д. Вядомая са стараж. часоў на Усходзе і ў Грэцыі (складальнікам першай анталогіі лічаць грэч. паэта Мелеагра, 60 да н.э.). Бел. анталогіі бяруць пачатак ад стараж.-рускіх («Ізборнікі Святаслава» 1073, 1076). Адна з першых анталогій новага часу — «Дыяменты беларускага прыгожага пісьменства» (1919). У Беларусі выйшлі «Анталогія беларускай паэзіі» (т. 1—3, 1961; т. 1—3, 1993), «Анталогія беларускага апавядання» (т. 1—2, 1967), анталогія бел. дзіцячай л-ры «Арлянятам» (т. 1—2, 1967), «Анталогія беларускай народнай песні» (1968; 2-е выд. 1975), анталогія «Беларуская балада» (1978).

т. 1, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЗА́НТЫЙ (грэч. Byzantion),

старажытна-грэч. горад на еўрап. беразе праліва Басфор. Засн. каля 660 да н.э. як мегарская калонія. Да 478 да н.э. належаў персам, з сярэдзіны 5 ст. ўваходзіў у Афінскі марскі саюз, тройчы выходзіў з яго, з 378 — член 2-га Афінскага марскога саюза. У 340 да н.э. вытрымаў аблогу войск Філіпа II, пасля бітвы пры Херанеі захаваў аўтаномію. Найб. росквіту дасягнуў у 4 ст. да н.э. З 1 ст. да н.э. ў складзе Рым. імперыі, стаў значным цэнтрам гандлю і рамёстваў. У 330 н.э. на месцы Візантыя заснаваны Канстанцінопаль і абвешчаны сталіцай Візантыі. З 1453 наз. Стамбул.

т. 4, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХО́НТ, архант (грэч. archōn),

вышэйшая службовая асоба ў стараж.-грэч. полісах. У Афінах гэтая пасада з’явілася ў 11 ст. да н.э., калі замест басілея (цара) тут пачалі правіць пажыццёвыя архонты. З 8 ст. да н.э. іх улада скарацілася да 10 гадоў, з 7 ст. да н.э. — да 1 года. Кандыдатаў у архонты вызначаў арэапаг. З 487—486 да н.э. архонта выбіралі па жэрабю. З 7 ст. да н.э. ўлада належала 9 архонтам: эпанім кіраваў выканаўчай уладай, басілей выконваў рэліг. функцыі, палемарх быў военачальнікам, 6 фесмафетаў займаліся суд. справамі. Усе разам складалі калегію архонта. У 5 ст. да н.э. пасада архонта страціла паліт. значэнне.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)