кірунак у горадабудаўніцтве 20 ст., які азначае разгрупоўку насельніцтва, зніжэнне ролі гарадоў аж да поўнага іх адмаўлення; супрацьлеглы урбанізму. Выкліканы канцэнтрацыяй шкоднай вытв-сці ў буйных гарадах, парушанай экалогіяй, адарванасцю чалавека ад прыроды. Ідэі Д. ўвасобіліся ў палітыцы абмежавання росту вял. гарадоў і вызначэнні іх памераў, распрацоўцы гарадоў-садоў (Лечуарт, Англія, 1902—03; арх. Р.Ануін; комплекс Ла Мюэт у Дрансі каля Парыжа, 1930—34, арх. Э.Бадуэн, М.Лодс і інш.), гарадоў-спадарожнікаў.
Ідэі Д. ўзніклі ў утапістаў (Ш.Фур’е, Р.Оўэн і інш.), якія бачылі ідэал у малых пасяленнях. Распрацаваны ў кнізе Э.Хоўарда «Заўтра» (1898), увасобіліся ў работах Э.Саарынена (арганічная дэцэнтралізацыя г. Хельсінкі, 1918), М.Гінзбурга (ідэя непарыўнага лінейнага 2—3-павярховага дома для стварэння Зялёнага горада пад Масквой, 1928). Сярод самых вядомых праекты па буд-ве г. Магнітагорск (1930, арх. М.Ахітовіч, М.Баршч, І.Леанідаў і інш.), у якіх адмаўляліся і горад і вёска, прапаноўваліся жылыя паясы (25 км), што сыходзіліся да вытв. комплексаў; побач размяшчаліся с.-г. тэрыторыі і зоны адпачынку.
На Беларусі канцэпцыі Д. часткова адбіліся ў прапановах (1968—87) па рассяленні насельніцтва, абмежаванні росту Мінска і абл. цэнтраў, развіцці малых гар. пасяленняў і стварэнні ўзаемазвязаных груп гар. і сельскіх населеных пунктаў (І.Сянкевіч, І.Іода, Ю.Шпіт і інш.).
Літ.:
Хорев Б.С. Проблемы городов. 2 изд. М., 1975;
Груза И. Теория города: Пер. с чеш. М., 1972;
Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТРАЕ́ЦКАЕ ПРАДМЕ́СЦЕ,
адзін з гіст. цэнтраў Мінска. Знаходзіцца на левым беразе р. Свіслач. Да канца 18 ст.наз. Траецкая гара. Першапачаткова М.Т.п. — гар. пасад, што ўзнік у 12—13 ст. на левым беразе р. Свіслач для абслугоўвання перавозу (пераправы) цераз раку і транзітных шляхоў на Барысаў, Полацк і Вільню. Аснову планіровачнай структуры стварылі дарогі, на перакрыжаванні якіх узнікла невял. трохвугольная гандл. плошча (з 17 ст. — Траецкі рынак), што была звязана з перавозам (пераправай) па вул. Вялікай або Траецкай (вядома па крыніцах 16 ст.). Паводле крыніц 15—16 ст., у прадмесці знаходзіліся Міхайлаўская і Барысаглебская цэрквы, на гандл. плошчы — каталіцкі храм (засн. каля 1508) і Траецкая царква (у 1630 пры ёй заснаваны Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак). На перакрыжаванні сучасных вуліц Камуністычнай і Куйбышава быў Ушэсценскі правасл. манастыр (у 1-й пал. 17 ст. пры ім пабудавана мураваная царква). У 1-й пал. 17 ст. вакол прадмесця ўзведзены гар. ўмацаванні з валамі, бастыёнамі і брамамі (Барысаўскай і Віленскай ?). У 16—18 ст. М.Т.п. было звязана з асн.ч. горада 3 мастамі і грэбляй, на якой стаялі плябанскія і базыльянскія млыны. Пасля пажару 1809, які амаль цалкам знішчыў драўляную забудову прадмесця, зроблена новая рэгулярная планіроўка (праектны план 1817), тэрыторыя значна пашырана на ПнУ. Новыя кварталы набылі геам. абрысы. Галоўнай стала вул. Аляксандраўская (сучасная М.Багдановіча), кампазіцыйным цэнтрам — вял.гандл. плошча (сучасная пл. Парыжскай камуны). На З ад яе ў 1811 пачалося буд-ва касцёла і шпіталя мар’явітак (арх. М.Чахоўскі; у 1840-я г. перабудаваны пад духоўную семінарыю, пасля Вял.Айч. вайны рэканструяваны пад сувораўскае вучылішча, арх. Г.Заборскі). На Пд плошчы паводле праекта арх. Чахоўскага ўзведзены будынкі комплексу парафіяльнага касцёла св. Тройцы (праект ажыццёўлены часткова). Першапачаткова квартал забудоўваўся паводле ўзорных праектаў 1—2-павярховымі жылымі дамамі. У 1840-я г. будынкі манастыра базыльянак і комплексу парафіяльнага касцёла рэканструяваны пад комплекс гар. бальніцы (сучасная 2-я клінічная бальніца). У 1860-я г. на месцы Ушэсценскага манастыра пабудавана жаночае епархіяльнае вучылішча з мураванай царквой. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. пабудаваны шэраг прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. піўзавод «Багемія» (цяпер «Аліварыя»). У 1933—39 у цэнтры гандл. плошчы пастаўлены будынак т-ра оперы і балета. У 1980-я г. праведзена комплексная рэгенерацыя гіст. забудовы квартала, абмежаванага сучаснымі вуліцамі М.Багдановіча, Я.Купалы, Старавіленскай, Камунальнай набярэжнай (б. Сянная пл.), адначасова была знішчана драўляная гіст. забудова 19 ст., часткова парушана планіровачная структура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУРЫ́ (ад франц. pot-pourri мяшаная страва, усякая ўсячына),
інструментальны (радзей вак.) твор, пабудаваны на чаргаванні папулярных тэм з опер, аперэт, балетаў, песень, танцаў, музыкі з кінафільмаў і інш., мелодый ці песень пэўнага кампазітара. Тэмы ў П. не развіваюцца, а ідуць паслядоўна адна за адной, паміж асобнымі мелодыямі ўводзяцца кароткія звязкі для мадулявання і тэматычнага пераключэння. Найб. пашыраны П. для духавога і эстр. аркестраў.
Узніклі ў 18 ст. ў Францыі, у пач. 19 ст. распаўсюдзіліся ў Еўропе (найб. раннія творы належаць ням. кампазітару І.Б.Крамеру). Сярод узораў: «Бліскучае папуры на любімыя тэмы з оперы Шпора «Фауст» К.Чэрні, «Папуры на тэмы Бетховена» А.Дыябелі, «Фантазія на польскія тэмы» Ф.Шапэна. У Расіі ў канцы 19 ст. былі пашыраны П. для т.зв. садовых аркестраў, заснаваныя на папулярных танц. мелодыях.
На Беларусі ў пач. 19 ст. былі вядомы П. на тэмы маршавых і танц. мелодый Няльгоўскага, І.Дабравольскага, Вуса і інш. (у рэпертуары Магілёўскага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Дабравольскага), папуры В.Стафановіча на тэмы сімфоній, уверцюр Л.Бетховена, І.Гайдна, Ш.Гуно, Л.Керубіні, В.А.Моцарта, Дж.Расіні, Д.Чымарозы, Р.Крэйцэра, М.Глінкі, вальсаў, кадрыляў і полек І.Штрауса, Лябіцкага, маршаў Ф.Мендэльсона, Б.Більзе (у рэпертуары Мінскага гар. аркестра), П. на мелодыі з італьян. опер выконваў духавы аркестр Мінскай мужч. гімназіі і інш. У пач. 20 ст. П. на тэмы італьян. кампазітараў выконвалі Мінскі гар. духавы аркестр і аркестр ваен. духавой музыкі кавалерыйскай дывізіі, «Маларасійскія папуры» — аперэтачна-драм. трупа пад кіраўніцтвам І.Канеўскага ў т-ры мініяцюр у Оршы і трупа т-ва маларасійскіх артыстаў пад кіраўніцгвам Ф.Максімовіча ў Мінскім гар. т-ры. У 1920-я г. былі пашыраны папуры У.Тэраўскага і В.Яфімава для арк. на тэмы рэв. песень. Сярод найб. вядомых П. ў рэпертуары бел.прафес. і аматарскіх аркестравых калектываў — «Сябры-аднапалчане» на тэмы песень Вял.Айч. вайны М.Вахуцінскага, «Беларуская старонка» на тэмы бел.нар. мелодый для духавога арк. М.Нарко і інш.; на тэмы твораў сучасных бел. (П. на тэмы песень У.Алоўнікава, Я.Глебава, І.Лучанка, «Калейдаскоп эстрадных мелодый В.Волкава і інш.) і замежных (папуры Л.Кеэра на тэмы класічных джазавых мелодый «Караван» Х.Цізола і Э.Элінгтана, «Фламінга» Г.Гроя, «Бразілія» А.Барэса) кампазітараў.
Літ.:
Способий И.В. Музыкальная форма. 6 изд. М., 1980. С. 251—252.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ШЧА,
архітэктурна арганізаваная прастора, уключаная ў вулічную сетку населенага пункта і абмежаваная будынкамі, скверамі, паркамі або натуральным рэльефам (бераг ракі, яр, гара). Бываюць П. адм.-грамадскія, тэатр., прывакзальныя, мемарыяльныя (ствараюцца ў гонар вял.гіст. падзей, дзярж. дзеячаў, вучоных, майстроў мастацтва), П. гандл., трансп. і інш.Гал. П. або сістэма П. уваходзяць у склад ядра цэнтра горада, звычайна маюць вял. памеры, значныя прылеглыя пабудовы (адм.-грамадскія будынкі); служаць месцам масавых мерапрыемстваў. П., у кампазіцыю якіх уключаюцца творы архітэктуры, манум. скульптуры і жывапісу, часам утвараюць асн.арх. ансамблі, якія і вызначаюць аблічча населеных месцаў. П. рознага прызначэння могуць мець азеляненне па перыметры, у цэнтр.ч. (партэр) або мяшанае. Партэрная частка П. бывае звычайна ў выглядзе газона ці спалучаецца з дрэва-кустовымі насаджэннямі, кронам якіх надаюць геам. форму, або з курцінамі зялёных масіваў, што абрамляюць П.
Правобразам гар. П. былі парадныя прамавугольныя ў плане двары палацавых і храмавых комплексаў Крыта, Егіпта, Вавілоніі, Асірыі. У Стараж. Грэцыі прамавугольныя ў плане П. — агоры, Рыме — форумы. У сярэдневяковых гарадах П. мела нерэгулярны план, у перыяд барока і класіцызму — чатырохвугольныя, круглыя, складаных абрысаў, шматвугольныя і інш формы, часта сіметрычныя (П. св. Пятра ў Рыме, Трафальгарская ў Лондане, дэ Голя ў Парыжы). У рас. гарадах ствараліся крамлёўскія, гар., саборныя, гандлёвыя плошчы. Выдатныя ўзоры П. у Расіі створаны архітэктарамі класіцызму 18—19 ст. (Тэатральная ў Маскве, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу і інш.).
На Беларусі П. вядомы са старажытнасці. З развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю, гал. ролю ў структуры гарадоў адыгрывалі гандл. П., вядомы яны і ў мястэчках. У 18 ст. ў гарадах на гал. П. узводзілі адм., гандл. і культавыя будынкі, стваралася ансамблевая забудова (Варнянскі архітэктурны ансамбль, Гарадніца, Пастаўскі архітэктурны ансамбль, Полацкая Парадная плошча). У канцы 18 — пач. 19 ст. многія гарады (Барысаў, Бабруйск, Віцебск, Мінск і інш.) былі распланаваны паводле рэгулярнай схемы, кампазіцыйныя восі іх складалі гал. вуліцы, на перасячэнні якіх ствараліся цэнтр. П. З 2-й пал. 20 ст. П. выконваюць ролю грамадскіх цэнтраў, маюць значныя памеры, вылучаюцца ансамблевасцю забудовы (Перамогі плошча, Якуба Коласа, Кастрычніцкая, Прывакзальная ў Мінску, Перамогі плошча ў Віцебску, пл. Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці-героі, Тэатральная ў Магілёве, Будаўнікоў у Наваполацку).
Літ.:
Заславский Е.Л. Проблема формирования архитектурных ансамблей главных городских площадей // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. №4;
Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.
Плошча святога Пятра ў Рыме.Плошча Кастрычніцкая ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1944—54. Утворана 20.9.1944 з раёнаў Магілёўскай, Мінскай і Палескай абл. Цэнтр — г.Бабруйск. Пл. 19,7 тыс.км², нас. 654,9 тыс.чал. (1953). Уключала 14 раёнаў (Акцябрскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Глускі, Грэскі, Капыльскі, Кіраўскі, Клічаўскі, Любанскі, Парыцкі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі), 4 гарады (Асіповічы, Бабруйск, Слуцк, Старыя Дарогі), 8 гар. пасёлкаў (Глуск, Капыль, Клічаў, Любань, Старобін, Парычы, Урэчча, Чырвоная Слабада), 4 рабочыя пасёлкі (Глуша, Градзянка, Ялізава, Ясень). Абл.газ. «Савецкая Радзіма». 8.1.1954 Бабруйская вобласць скасавана: Акцябрскі і Парыцкі р-ны перададзены ў Гомельскую, Асіповіцкі, Бабруйскі, Кіраўскі і Клічаўскі р-ны — у Магілёўскую, астатнія — у Мінскую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ВЕ́ДЫ»,
грамадскае, навукова-асв. таварыства. Засн. 29.3.1948 у Мінску як рэсп. аддзяленне Усесаюзнага т-ва па пашырэнні паліт. і навук. ведаў; з 1963 т-ва «Веды» ў складзе Усесаюзнага т-ва «Веды». З 1991 сучасная назва. Чл.Міжнар. асацыяцыі «Веды» (з 1991). Аб’ядноўвае вучоных, выкладчыкаў, спецыялістаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Мэта: садзейнічанне прафесійна-эканам., прававой, паліт., экалагічнай адукацыі насельніцтва Беларусі, развіццю духоўнай культуры, інфармаванне па пытаннях дэмакр. пераўтварэнняў, дзейнасці цэнтр. і мясц. органаў улады і кіравання. Праводзіць лекцыі, канферэнцыі, праблемныя «круглыя» сталы і інш. Працуюць курсы, школы прафесійнай падрыхтоўкі, лекторыі. Дзейнічаюць рэсп., абл., гар. і раённыя арг-цыі т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛБАС (Аляксандр Карпавіч) (н. 11.12.1911, в. Слабодка Бабруйскага р-на),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Мінскую саўпартшколу (1936), курсы палітсаставу пры Ваен. акадэміі бранятанк. і механізаваных войскаў (1946), курсы палітсаставу (1956). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., Сцяпным, Варонежскім, 1-м Укр., 1, 2 і 3-м Прыбалтыйскім франтах, удзельнік абароны Мінска, Бабруйска, Рагачова, Магілёва, Смаленска, Масквы, Сталінградскай і Курскай бітваў. У баях каля Кіева ў вер. 1943 байцы батальёна пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро, захапілі і ўтрымалі плацдарм. Да 1958 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Грабёнка і гар.пас. Ржышчаў (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРДЫ́Ш (польск. berdysz),
старадаўняя халодная зброя ў выглядзе насаджанай на драўлянае дрэўка сякеры з лязом у форме паўмесяца. Вядомы ў краінах стараж. Усходу, у 15 — пач. 18 ст. па ўсёй Еўропе. Пашыраны ў Рус. дзяржаве ў 16—17 ст., выкарыстоўваўся пешымі воінамі, пераважна стральцамі. На Беларусі ў 16 — пач. 18 ст. масавая зброя гараджан і сялян-паўстанцаў, гар. начной варты і брамнікаў. У час археал. раскопак знойдзены бярдыш 12, 14—17 ст. у Віцебску, Брэсце, Гродне, Мінску, Мядзеле і інш.Бел. збройнікі выраблялі бердышы простыя і «набіўныя срэбрам з абухамі». Блізкім да бердыша відам зброі была алебарда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ДЗЬКА (Іосіф Ігнатавіч) (ліст. 1887, в. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 20.12.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. У 1918 сакратар Замір’еўскага падп. падрайкома РКП(б). З 1919 пам. ваенкома ў Навагрудку, ваенком Рагачоўскага пав., з 1920 ваенком Гомельскай губ. З 1922 старшыня выканкома Магілёўскага павятовага, Бабруйскага раённага Саветаў. З 1928 нам. наркома земляробства БССР. У 1929—30 старшыня Віцебскага акр., з 1931 Мінскага гар. выканкомаў. У 1933—37 нач. упраўлення сувязі БССР, упаўнаважаны Наркамата сувязі СССР па БССР, з 1937 — па Казахскай ССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1929—37. Чл.ЦВКСССР і ЦВКБССР. Рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦ ((Witz) Конрад) (пасля 1400, г. Ротвайль, Германія — да 1446),
швейцарскі жывапісец. З 1434 (або 1435) працаваў у Базелі і Жэневе. У сваіх творах, пераходных ад готыкі да мастацтва Адраджэння, дасягнуў вял. пластычнай дасканаласці ў адлюстраванні фігур, інтэр’ера, гар. і альпійскага пейзажаў. З яго работ захаваліся створкі трох алтароў: «Зярцала збавення чалавецтва» для сабора ў Базелі (каля 1435), св. Пятра для сабора Сен-П’ер у Жэневе (1444), часткі невядомага алтара (магчыма, «Жыццё Марыі»). Частка алтара св. Пятра «Дзівосны ўлоў» (1444) — адзін з першых пейзажаў у еўрап. жывапісе, які адлюстраваў канкрэтную мясцовасць (бераг Жэнеўскага возера).