вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ушача. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Полацка, 127 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Ветрына, на аўтадарозе Ушачы—Полацк. 575 ж., 237 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Упамінаецца ў 1552 як сяло «Вороноч» Полацкага ваяв.ВКЛ. У час Лівонскай вайны 1558—83 пабудаваны замак. З 2-й пал. 16 ст. мястэчка (потым зноў сяло). З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Лепельскага пав. Віцебскай губ. У пач. 20 ст. каля 300 ж. З 1919 у Полацкім пав., з 1923 у Акцябрскай вол. З 1924 і з 1935 цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1931 і з 1962 — Полацкага р-наў. У Вял.Айч. вайну ў лют. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі ў Варонічах 68 двароў і 500 чал. У 1970 — 551 жыхар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЭ́ЙКАВА,
вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., на р. Ула. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдЗ ад г.п. Бешанковічы, 72 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Чашнікі, на скрыжаванні шашэйных дарог Віцебск—Лепель і Чашнікі—Ула. 1160 ж., 423 двары (1995). Цагельня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік садова-паркавага мастацтва 18 ст. — Бачэйкаўскі парк.
Упершыню згадваецца ў 1460. У розны час належала магнатам Падбярэзскім, Цеханавецкім і інш. У 1626 складалася з феад. маёнтка (двара), мястэчка і воласці (5 вёсак). На 1886 у Бачэйкаве 250 ж., 29 двароў, бальніца, школа, вінакурны і піваварны з-ды, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак, 3 кірмашы ў год; паводле перапісу 1897 — 722 ж. У 1923—24 цэнтр Бачэйкаўскага павета. З 1924 цэнтр сельсавета Бешанковіцкага р-на. У Вял. Айч вайну ў Бачэйкаве адбыліся Бачэйкаўскія баі 1943 паміж партызанамі і гарнізонам гітлераўцаў. У 1970 — 918 ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТУ́НІЧЫ,
вёска ў Бярозаўскім с/с Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 22 км ад Докшыц, 230 км ад Віцебска, 32 км ад чыг. ст. Параф’янава. 429 ж., 152 двары (1996).
Упершыню згадваюцца ў 1567. У розны час належалі Манівідам, А.Судзімонтавічу, С.Б.Мантоўту, Хмялеўскім, Карказевічам, Навамейскім і інш. У 17 ст. Вітунічы — невял. мястэчка (32 мяшчанскія пляцы), дзе быў панскі фальварак (20 валок). У 2-й пал. 19 ст. — цэнтр воласці Барысаўскага пав. Мінскай губ., сяло з царквой. З 1924 вёска — цэнтр сельсавета ў Бягомльскім р-не. У Вял.Айч. вайну 30.5.1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 124 жыхары. З 1960 у Докшыцкім р-не. 190 ж. (1970).
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік ахвярам фашызму. Паблізу вёскі знаходзіўся каменны крыж з надпісам «Rex Stefan Batory» («Кароль Стафан Баторый»; зберагаецца ў Музеі валуноў Ін-та геал. навук АН Беларусі ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСК,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, на беразе Арэхаўскага возера пры вытоку з яго ракі Аршыца. За 27 км ад горада Орша, 120 км ад Віцебска, 10 км ад чыгуначнай станцыі Хлюсціна на лініі Орша—Смаленск. Аўтадарогамі злучаны з Оршай і Віцебскам. 3,5 тысяч жыхароў (1995). БелДРЭС, прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасці. Брацкая магіла савецкіх воінаў. Помнік архітэктуры 19 стагоддзя — Спаская царква.
Узнік у пачатку 20 стагоддзя як заводскі пасёлак Выдрыца каля вёскі Арэхі Аршанскага раёна ў сувязі з будаўніцтвам завода сухой перагонкі драўніны. Пасля закрыцця завода (1917) пасёлак сельскага тыпу. З 1924 у Аршанскім раёне. З пачаткам будаўніцтва 11.7.1927 БелДРЭС зліўся з вёскай Выдрыца і 25.7.1929 пераўтвораны ў рабочы пасёлак пад назвай Арэхі-Выдрыца. У 1939 было 3,7 тысяч жыхароў. З ліпеня 1941 да 24.6.1944 акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, амаль цалкам знішчаны. 11.7.1946 пераўтвораны ў гарадскі пасёлак Арэхаўск. У 1946—54 цэнтр Арэхаўскага раёна. У 1969 у Арэхаўску 5,3 тысячы жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́НЦІМ,
ням.Аўшвіц, найбуйнейшы ням.-фаш. канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці ў 2-ю сусв. вайну. Створаны ў 1940 каля г. Асвенцім (Польшча), у 1941—42 пашыраны. Пл. 500 га. Складаўся з трох лагерных комплексаў: асн. лагера, лагера смерці Біркенаў (польск. Бжазінка; існаваў у студз. 1942—ліст. 1944 на месцы пабудаванага ў кастр. 1941 лагера для ваеннапалонных) і лагера, што выкарыстоўваў працу вязняў на ваен. патрэбы Германіі. У ліст. 1942 — маі 1944 у Асвенцім былі вывезены каля 5700 вязняў з Гродна, Мінска і Віцебска. За гады вайны нацысты загубілі ў газавых камерах і спалілі ў 4 крэматорыях Асвенціма каля 1,5 млн.чал. амаль з усіх краін Еўропы і акупіраванай тэр.СССР. У Асвенціме дзейнічала падп.арг-цыя Супраціўлення, у кастр. 1944 адбылося няўдалае ўзбр. выступленне вязняў. Уцалелых 7500 зняволеных вызваліла Чырв. Армія 27.1.1945. На тэр.б. лагера створаны дзярж. музей Асвенцім-Бжазінка, у 1967 адкрыты Міжнар. помнік пакутніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДЗІ́ЦКІ (сапр.Гуцька) Уладзімір Ермалаевіч
(8.11.1911, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — ?),
бел.паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. тэхнікуме, Бел. вышэйшым пед. ін-це. Працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», выд-ве АНБССР. У 1933 арыштаваны і прыгавораны да 3 гадоў лагераў. Вярнуўшыся, працаваў у газ. «Віцебскі пралетарый», у школах Віцебска, у вет. тэхнікуме ў Курасоўшчыне (цяпер у межах Мінска). У Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з акупантамі, уваходзіў у склад Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), Беларускага культурнага згуртавання, працаваў у гар. управах Мінска і Барысава. У 1944 у Берліне, дзе працягваў працаваць у БЦР, скончыў курсы ням. прапагандыстаў у Добендорфе. У ліст. 1944 выйшаў з БЦР і прымкнуў да ўласаўцаў. У канцы вайны служыў у прапагандысцкім органе «Вінета» (Мін-ва прапаганды Германіі). У 1960-я г. жыў у Германіі, ЗША, Венесуэле. Па справе за 1933 рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1937. Пісаў вершы, паэмы, фельетоны, апавяданні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАНЬІ́НІ, Гвагнін (Guagnini) Аляксандр (1534, г. Верона, Італія — 1614), польскі гісторык. З 1550-х г. у Польшчы. Служыў ротмістрам у войску ВКЛ. З 1561 удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, камендант Віцебска. Пасля ў Кракаве, дзе ў 1578 выдаў на лац. мове «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі», якая на Беларусі была вядома ў выданні на польск. мове (Кракаў, 1611). Кніга багата ілюстравана, у ёй шмат звестак па гісторыі і геаграфіі Польшчы і ВКЛ, апісаны гарады і крэпасці Беларусі, матэрыяльная і духоўная культура, звычаі і абрады насельніцтва Беларусі, пераважна Верхняга Падняпроўя. Пры перавыданні Гваныні дадаў звесткі пра Лівонскую вайну з паходам Стафана Баторыя на Пскоў (1581) уключна. Нягледзячы на шматлікія запазычанні ў тэксце, асабліва ў М.Стрыйкоўскага, які служыў пад камандай Гваныні, ёсць у кнізе і новыя матэрыялы. Хроніка Гваныні была перакладзена на чэш., ням. і італьян. мовы.
Літ.:
Витебская старина /Сост. А.П.Сапунов. Т. 4. Витебск, 1885.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МАН»,
рэвалюцыйная народніцкая група ў Пецярбургу ў 1880-я г. Аформілася да пач. 1884. Складалася са студэнтаў — ураджэнцаў Беларусі. Выдавала падпольны час.«Гомон». Утварылася па ініцыятыве былых членаў Віцебскага рэв. гуртка А.І.Марчанкі і Х.А.Ратнера. Належала да заснавальнікаў бел.нац. плыні ў рас. народніцкім руху, адным з ініцыятараў якой быў І.Я.Грынявіцкі. Група «Гоман» упершыню паставіла і тэарэтычна абгрунтавала бел.нац. пытанне. Ажыццяўленне сац. і нац. разнявольвання бел. народа звязвала з перамогай нар. рэвалюцыі ў Расіі, пераходам улады да Устаноўчага сходу і ўтварэннем федэрацыі свабодных раўнапраўных аўтаномных абласцей. Мела сувязі з арг-цыяй «Народнай волі» ў Паўн.-Зах. краі, з рэв. гурткамі Віцебска, Мінска, Магілёва, Гродна. Спыніла існаванне ў выніку разгрому арг-цыі «Народная воля».
Літ.:
Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии: (40-е — начало 80-х годов XIX в.). Мн., 1972;
Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НАВІЧЫ,
вёска ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, на аўтадарозе Шаркаўшчына — Дзісна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на У ад г.п. і чыг. ст. Шаркаўшчына, 238 км ад Віцебска. 742 ж., 293 двары (1996).
Упершыню ўпамінаецца ў 1563 пад назвай Ерманавічы як сяло ВКЛ на мяжы з Полацкім ваяв. З 1565 у Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. Належала Сапегам, Гілзенам, Шырыным. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. У канцы 19 ст. ў Германавічах 300 ж., вінакурны з-д, млын, крама, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Шаркаўшчынскага р-на. У 1970 — 649 ж., 209 двароў.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей Я.Драздовіча Малітоўны дом хрысціян старога абраду. Помнікі архітэктуры — Германавіцкі Благавешчанскі касцёл, царква (пач. 20 ст.), сядзіба (канец 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КШТЫС (Тадэвуш Антонавіч) (н. 31.10.1934, в. Хоўхлава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). З 1958 у Бел.акад. т-ры імя Я.Коласа. Характарны камедыйны акцёр. Яго творчасці ўласцівы спалучэнне вострасатыр. фарбаў і прыёмаў падкрэсленага камізму, набліжанага да гратэску і буфанады, з арганічнай рэаліст. манерай выканання. Лепшыя ролі ў нац. рэпертуары: Васількевіч, Жабрак («Навальніца будзе», «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа), Другі шляхціц («Несцерка» В.Вольскага), Салдат («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Кічкайла («Амністыя» М.Матукоўскага), Касінскі («Званы Віцебска» У.Караткевіча), Скаромны («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Шаргаёў і Гастрыт («Парог» і «Вечар» А.Дударава). Сярод роляў у класічнай і сучаснай драматургіі: Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Акім («Улада цемры» Л.Талстога), Дыдыс («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Лапчанка («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Мячоткін («Апошнім летам у Чулімску» А.Вампілава).