млекакормячая жывёла сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн.-Зах.Афрыцы, акліматызавана ў Амерыцы і Аўстраліі. Жыве ў мяшаных і лісцевых лясах. 1 падвід — Л. іранская (C.d. mesopotamica) — у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 1,6 м, выш. ў карку да 1 м, маса да 120 кг, самкі драбнейшыя. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая з белымі плямамі, зімой шаравата-бурая. Каля хваста невял. белая пляма — «люстэрка». Рогі ў самцоў лапатападобныя, самкі бязрогія. Корміцца травяністай, хмызняковай расліннасцю, лісцем, парасткамі, галінкамі, карой лісцевых парод дрэў. Палігамы. Нараджаюць 1—2 цялят. Аб’ект палявання і гадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НА (Viburnum),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн.Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі дзікарослая К. звычайная, або чырвоная (V. opulus). Расце на ўзлесках, высечках, сярод хмызняку, па берагах рэк і азёр; вырошчваецца ў садах і парках. Інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі К.: бульдзенеж, або снегавы шар (V. o. Rosseum), канадская (V. lentago), карлікавая (V. o. Nanum), суцэльналістая (V. lantana).
Лістападныя або вечназялёныя кусты і дрэвы выш. да 4 м. Лісце трох-, пяцілопасцевае. Кветкі белыя ці ружова-белыя, сабраныя ў парасонападобныя мяцёлкі. Плады — ярка-чырв. касцянка, ядомыя. Лек., харч., фарбавальная, меданосная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Е́НСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1918 Заключана 11.11.1918 у канцы першай сусветнай вайны 1914—18 у Камп’енскім лесе (каля станцыі Рэтонд, Францыя) паміж Германіяй (кіраўнік дэлегацыі М.Эрцбергер) з аднаго боку, і Францыяй, Вялікабрытаніяй, ЗША і інш. краінамі антыгерм. кааліцыі — з другога (ад імя саюзнікаў падпісана маршалам Францыі Ф.Фошам). Прадугледжвала спыненне ваен. дзеянняў, вывад герм. войск з левабярэжжа Рэйна і стварэнне дэмілітарызаванай зоны на яго правым беразе, капітуляцыю герм. войск ва Усх.Афрыцы, адмову Германіі ад палажэнняў Бухарэсцкага мірнага дагавора 1918, Брэсцкага міру 1918 і інш. Было заключана на 36 дзён, але неаднаразова прадаўжалася і дзейнічала да набыцця сілы Версальскага мірнага дагавора 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖАДЗЮ́БЫ (Loxia),
род птушак сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. 3 віды: К.-яловік (L. curvirostra), К.-сасновік (L. pytyopsittacus) і К. белакрылы (L. leucoptera). Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Цэнтр, Амерыцы, Паўн.-Зах.Афрыцы. Жывуць у хвойных лясах. На Беларусі трапляюцца ўсе віды.
Даўж. да 20 см, маса да 58 г. Апярэнне самцоў буравата-чырв., самак — зеленаватае. Дзюба вял., жоўтая, яе верхняя і ніжняя ч. перакрыжаваныя (адсюль назва). Кормяцца насеннем з шышак елкі. хвоі і інш., насякомымі. Трымаюцца невял. чародкамі, у час гнездавання — парамі. Гнёзды на дрэвах. Нясуць 2—5 яец 1—2 разы за год.
Да арт.Крыжадзюбы. Крыжадзюб-яловік (1 — самец; 2 — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПАРЫ́С (Cupressus),
род голанасенных раслін сям. кіпарысавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплай зоне Еўразіі, Паўн. Амерыкі, Паўн.Афрыцы. Культывуецца 11 відаў у Крыме, Сярэдняй Азіі, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Найб. вядомы К. вечназялёны (C. sempervirens).
Вечназялёныя аднадомныя дрэвы з пірамідальнай ці разгалістай кронай выш. да 30 м або кусты. Дажываюць да 2000 гадоў. Лісце лускападобнае, шчыльна прыціснутае да парастка, шыза-зялёнае ці блакітнаватае. Шышкі амаль шарападобныя, даўж. да 3 см. Насенне плоскае, з крыламі. Драўніна пахучая, лёгкая, мяккая, не пашкоджваецца насякомымі. Выкарыстоўваецца для дробных вырабаў. Дэкар. расліны.
І.М.Гарановіч.
Кіпарыс вечназялёны: галінка з мікрастробіламі і шышкай; унізе — шышкі і насенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЬКІ́ (Regulus),
род птушак атр. вераб’інападобных. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн.-Зах.Афрыцы. На Беларусі 2 віды: жоўтагаловы каралёк і чырвонагаловы К. (R. ignicapillus) — рэдкі залётны від. Жывуць пераважна ў яловых лясах.
Самыя маленькія пеўчыя птушкі, даўж. да 11 см, маса да 7 г. Ў К. чырвонагаловага афарбоўка спіны шаравата-зялёная, брушка светла-шэрае; праз вока ідзе чорная палоска; бровы белыя, шапачка аранжава-чырвоная. Гняздо К. шарападобнае, з адкрытым верхам, на выш. 4—12 м ад зямлі. Нясуць 6—10 яец двойчы за год. Кормяцца насякомымі і лічынкамі.
Да арт.Каралькі. Каралёк чырвонагаловы. 1 — самец; 2 — самка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ (Panthera leo),
млекакормячая жывёла сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. Пашыраны ў Цэнтр.Афрыцы (10 падвідаў) і Паўд. Азіі (1 падвід). Жыве ў саваннах, радзей у рэдкалессі і пустынях. Індыйскі падвід (Р. 1. persica) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 240 см, маса да 280 кг, самкі драбнейшыя. Тулава моцнае, сухое, лапы невысокія. Хвост даўж. да 110 см, на канцы з цёмным кутасікам. Самцы маюць грыву. Поўсць кароткая, буравата-жоўтая, грыва цямнейшая. Трымаюцца пераважна парамі або прайдамі (групы да 30 асобін рознага полу і ўзросту). Драпежнік. Нараджае 1—6 кацянят раз у 2 гада. Трапляюцца помесі з тыграм і леапардам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМПО́ПА (Limpopo),
Кракадзілавая, рака ў Паўд.Афрыцы, Паўд.Афр. Рэспубліцы і Мазамбіку. У сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж ПАР і Батсванай, ПАР і Зімбабве. Даўж. 1600 км, пл.бас. 440 тыс.км². Бярэ пачатак на паўн. схілах хр. Вітватэрсранд, у вузкай цясніне перасякае ўсх. ўскраіну Паўд.-Афрыканскага нагор’я, цячэ па Мазамбікскай нізіне, упадае ў Індыйскі ак.Гал. жыўленне ад прытокаў, што сцякаюць з вільготнага плато Матабеле і ад р. Уліфантс (справа). Сярэдні расход вады каля 800 м³/сек. У сезон летніх дажджоў (снеж.—лют.) узровень вады ў ніжнім цячэнні павышаецца на 5—7 м. Суднаходная на 160 км ад вусця. Выкарыстоўваецца для арашэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1915,
сакрэтнае пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй з аднаго боку і Італіяй з другога. Падпісана 26 крас. ў Лондане. Вызначаў умовы ўступлення Італіі, якая раней уваходзіла ў Траісты саюз, у 1-ю сусв. вайну 1914—18 на баку Антанты. Паводле дагавора Італія абавязалася не пазней чым праз месяц аб’явіць вайну Аўстра-Венгрыі і выступіць (без вызначэння дакладнага тэрміну) супраць «усіх... ворагаў» Антанты. У абмен на такую згоду Італіі дэкларавалася перадача некаторых тэрыторый у Адрыятычным і Эгейскім морах, М. Азіі, Афрыцы і інш. Пасля заканчэння вайны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Італія дамагалася поўнага выканання ўмоў Л.д., але саюзнікі адхілілі многія яе прэтэнзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРА́ФА (Giraffa camelopardalis),
млекакормячае сям. жырафавых атр. парнакапытных. Пашырана ў Афрыцы на Пд ад Сахары, у адкрытых стэпах (саваннах) з рэдкімі дрэвамі і кустамі. Жыве невял. групамі па 7—15 (зрэдку болей) асобін.
Буйная жывёла, тулава кароткае, на высокіх нагах (пярэднія даўжэйшыя за заднія); шыя вельмі доўгая, але шыйных пазванкоў 7, як у большасці млекакормячых. Выш. цела да 6 м, маса да 1800 кг (самцы большыя за самак). Мае 1 або 2 пары рожак, укрытых скурай з валаскамі. Афарбоўка светла-жоўтая з цёмнымі плямамі. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца лісцем і галінкамі дрэў, найчасцей акацый. Захавалася пераважна ў нац. парках.