ГІСТАФІЗІЯЛО́ГІЯ (ад гіста... + фізіялогія),

раздзел гісталогіі, які вывучае ўзаемасувязі структуры клетак, тканак і органаў з іх функцыянаваннем і зменамі ў розных фізіял. станах. Даследаванні па гістафізіялогіі праводзяць на жывых клетках арганізма з дапамогай спец. мікраскопаў-ілюмінатараў, ужыўлення празрыстых камер у арганізм жывёлы або выкарыстання пярэдняй камеры вока для вывучэння цыркуляцыі крыві ў мікрасасудах, працэсаў міграцыі лейкацытаў, ранніх стадый развіцця зародка і інш. Шырока выкарыстоўваюць культуру клетак і тканак пры вывучэнні жывых структур (гл. Культура тканкі), метад трансплантацыі клетак крыві і касцявога мозгу ад здаровых жывёл-донараў апрамененым жывёлам-рэцыпіентам. Выкарыстоўваюць вітальнае (прыжыццёвае) і суправітальнае (клетак, вылучаных з арганізма) афарбаванне клетак і тканак спец. фарбавальнікамі з наступным вывучэннем метадамі гістахіміі, мікраскапіі, радыёаўтаграфіі і інш., што дазваляе высвятляць заканамернасці функцыянавання жывых сістэм і механізмы іх змен пры паталогіі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯТЭ́З (ад грэч. diathesis схільнасць),

стан арганізма, пры якім фізіял. раздражняльнікі могуць быць прычынай паталаг. змен. Д. звязваюць са спадчыннымі, прыроджанымі і набытымі ўласцівасцямі, на якія ўплывае асяроддзе. Найчасцей бывае ў дзяцей. Адрозніваюць 3 формы Д.: эксудатыўна-катаральны (у дзяцей ранняга ўзросту, да 2—3 гадоў знікае) з высыпкай на скуры і слізістых абалонках, запаленнямі дыхальных шляхоў і хваробамі стрававальна-кішачнага тракту; лімфатыка-гіпапластычны (выяўляецца ў 2—7 гадоў) з паніжанай устойлівасцю і схільнасцю да хвароб эндакрынных залоз і нерв. сістэмы; нервова-артрытычны (бывае рэдка, у 7—14 гадоў) з парушэннямі абмену рэчываў і звязаным з імі ўзбуджэннем ц. н. с. Лячэнне хвароб, якія ўзніклі на аснове Д., па агульных правілах з улікам асаблівай схільнасці арганізма да Д. Асобную групу складае дыятэз гемарагічны.

Р.​У.​Дэрфліо.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІМУМУ ЗАКО́Н у аграхіміі,

папаўненне недахопу ў глебе пэўных мінер. рэчываў або злучэнняў да ўзроўню, мінімальна неабходнага для ўрадлівасці глебы. Сфармуляваны Ю.Лібіхам (1840). Асн. палажэнне закону — у глебу павінны быць вернуты ў першую чаргу тыя рэчывы, запасы якіх найб. спустошаны; унясенне любых інш. рэчываў не дае прыросту ўраджаю, пакуль не будзе ліквідаваны недахоп рэчыва ці злучэння да ўзроўню наяўнасці яго ў глебе ў пэўнай мінімальнай колькасці.

У больш агульнай сучаснай форме М.з., які дапоўніў амер. заолаг В.​Шэлфард (1877—1968) — «закон талерантнасці» — сведчыць, што прысутнасць або працвітанне арганізма ў пэўным месцапражыванні залежыць ад комплексу экалагічных фактараў. Па кожнаму фактару ёсць дыяпазон талерантнасці, па-за межамі якога арганізм не здольны існаваць. Немагчымасць працвітання або адсутнасць арганізма вызначаецца тымі фактарамі, значэнні якіх набліжаюцца або выходзяць за межы талерантнасці.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

супраціўле́нне ср., в разн. знач. сопротивле́ние;

с. праці́ўніка — сопротивле́ние проти́вника;

с. аргані́зма інфе́кцыі — сопротивле́ние органи́зма инфе́кции;

электры́чнае с. — электри́ческое сопротивле́ние;

◊ ісці́ па лі́ніі найме́ншага ~ння — идти́ по ли́нии наиме́ньшего сопротивле́ния

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Кроў ’чырвоная вадкасць, якая рухаецца па крывяносных сасудах арганізма’ (ТСБМ, Яруш., Нік. Напаў., Бяльк., Сцяшк., Сержп. Ск., Сл. паўн.-зах., Касп.). Укр. кров, рус. кровь ’тс’, ст.-слав. кръвь, балг. кръв, серб.-харв. кр̑в, славен. kȓv ’тс’, польск. krew, чэш. krev, славац. krv, н.-луж. kšew, палаб. kroj ’тс’. Прасл. kry мае ў якасці найбліжэйшых адпаведнікаў літ. kraũjas ’тс’. Ірл. cru, лац. cruor ’тс’ (Бернекер, 1, 632; Траўтман, 142).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паразі́т ’расліна або жывёліна, якая жыве на паверхні або ў сярэдзіне іншага арганізма і корміцца за яго кошт; той, хто жыве з чужой працы; дармаед’ (ТСБМ). Ст.-бел. параситъ (пасоритъ) ’дармаед’, 1622 г. < ст.-польск. parazyt, pasorzyt < лац. parasītus, грэч. παράσιτος (Булыка, Лекс. запазыч., 127). Сучаснае бел. слова, відаць, праз рус. парази́т, якое праз ням. Parasit або франц. parasite ўзыходзіць да той жа лацінскай крыніцы (гл. Фасмер, 3, 203).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

інфе́кцыя

(лац. infectio)

заражэнне арганізма хваробатворнымі мікробамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

спорт, -у, М -рце, м.

1. Фізічныя практыкаванні для развіцця і загартоўкі, умацавання арганізма.

Лыжны с.

2. Фізічныя практыкаванні як прафесійны занятак з мэтай дасягнення высокіх вынікаў у спаборніцтвах (напр., гімнастыка, бокс, барацьба, футбол і інш.).

3. перан. Занятак, які з’яўляецца прадметам азартнага захаплення.

Камп’ютарныя гульні — нездаровы с.

|| прым. спарты́ўны, -ая, -ае.

С. комплекс.

Спартыўныя гульні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

жыццёвасць, ‑і, ж.

1. Здольнасць усяго жывога падтрымліваць сваё існаванне, прыстасоўвацца да асяроддзя. Жыццёвасць арганізма. Жыццёвасць раслінных форм.

2. перан. Здольнасць існаваць і развівацца. Жыццёвасць калгаснага ладу.

3. Адпаведнасць рэчаіснасці, сувязь з жыццём. Жыццёвасць літаратурных вобразаў. Жыццёвасць планаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тармажэ́нне, ‑я, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. тармазіць (у 1, 2 знач.).

2. Спец. Аслабленне або спыненне ўзбуджэння ў тканцы арганізма, калі прадаўжае дзейнічаць раздражняльнік; актыўная затрымка дзейнасці нервовых цэнтраў або рабочых органаў. Тармажэнне і ўзбуджэнне. Цэнтры тармажэння.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)