АНДРЭ́Й БАГАЛЮ́БСКІ (каля 1112 — 29.6.1174),
князь уладзіміра-суздальскі (1157—74). Сын Юрыя Далгарукага. Каля 1150—51 яму належалі Тураў і Пінск. У 1169 захапіў Кіеў; пад яго ўплыў трапілі Смаленскія і Дзвінскія землі. Змагаўся супраць феад. знаці, спрыяў развіццю гандлю і рамяства, перанёс сталіцу княства ва Уладзімір. У час яго праўлення Уладзіміра-Суздальскае княства стала найб. моцным на Русі. Забіты ў сваім замку ў Багалюбаве.
т. 1, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЗА, Васа (швед. Vasa, польск. Wasa),
шведская каралеўская дынастыя, якая правіла ў Швецыі (1523—1654) і Польшчы (1587—1668). Засн. Густавам I [1523—60]. Каралямі Швецыі былі яго сыны Эрык XIV [1560—68], Юхан III [1568—92], Карл IX [1604—11], сын апошняга Густаў II Адольф [1611—32], дачка апошняга Крысціна [1632—54]. У Польшчы правілі Жыгімонт III (1587—1632, у 1592—1604 і кароль Швецыі), які ўстанавіў шведска-польскую асабістую унію [1592—99], яго сыны Уладзіслаў IV [1632—48] і Ян Казімір [1648—68].
т. 3, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЮІ́, Аюі (Haüy) Рэнэ Жуст (28.2.1743, г. Сен-Жу-ан-Шасэ, Францыя — 1.6 або 3.6.1822), французскі крышталёграф і мінералог. Чл. Парыжскай АН (1783). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1806). У 1794—1802 праф. Горнай школы (Парыж). Зрабіў вял. ўклад у развіццё крышталяграфіі; адкрыў закон цэлых лікаў (рацыянальнасці параметраў), названы яго імем, распрацаваў тэорыю памяншэння колькасці малекул у слаях, якія паслядоўна фарміруюць крышталь. Яго імем названы мінерал гаюін.
т. 5, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦІГАРО́ШАК, Гарошак, Кацігарошынка, Пакацігарошак,
персанаж усх.-слав. чарадзейных казак; юнак-асілак. Нараджаецца з гарохавага зерня, якое з’ела яго маці. Валодае яшчэ большай сілай, чым яго памочнікі — асілкі Вярнідуб і Вярнігара. У некат. казках К. — волат-гігант, у інш. — маленькага росту. Разам з інш. асілкамі змагаецца з антычалавечымі істотамі (Змеем і інш.), перамагае іх і выратоўвае людзей.
Літ.:
Гл. пры арт. Вярнігара.
А.С.Фядосік.
т. 8, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШАПА́РАЎ (Анатоль Яфімавіч) (н. 15.10.1950, Мінск),
бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1979). У 1972—89 у ансамблі «Песняры», выконваў сола ў вак. цыкле У.Мулявіна на словы Я.Купалы і ў нар. песні «Дзяўчына-сардэнька» ў яго апрацоўцы, песнях «Добры вечар, дзяўчыначка» І.Лучанка, «Волагда» Б.Макравусава, «Я не магу іначай» А.Пахмутавай Яго выкананне адметнае лірычнай напоўненасцю, эмацыянальнасцю. Жыве ў ЗША.
А.Ю.Дзям’яненка.
т. 8, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКАРЭ́ННЕ СВАБО́ДНАГА ПАДЗЕ́ННЯ, паскарэнне сілы цяжару,
паскарэнне, з якім рухаўся б цэнтр цяжару кожнага цела пры падзенні яго на Зямлю з невял. вышыні ў беспаветранай прасторы. Як і сіла цяжару, П.с.п. залежыць ад геагр. шыраты месца і вышыні яго над узроўнем мора. Спосабы вымярэння П.с.п. вывучаюцца ў гравіметрыі. На шыраце Мінска П.с.п. g = 9,8135 м/с2, на шыраце С.-Пецярбурга g = 9,8193 м/с2.
т. 12, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГАЛЕ́ЗІ, Пергалезе (Pergolesi, Pergolese) Джавані Батыста (4.1.1710, г. Езі, Італія — 17.3.1736), італьянскі кампазітар; прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Вучыўся ў кансерваторыі Неапаля. Працаваў у жанрах оперы-серыя («Салюстыя», 1731; «Адрыян у Сірыі», 1734; «Алімпіяда», 1735) і оперы-буфа («Закаханы манах», 1732; «Фламініо», 1735). Вядомасць набыла камічная опера «Служанка-пані» (паст. 1733, створана як інтэрмедыя да яго оперы «Горды палонны»). Яго творчасць паўплывала на развіццё камічнай оперы інш. краін.
т. 12, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДЖА́ПАЦІ,
у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог — творца ўсяго існага. Лічылася, што ён ўзнік як залаты зародак і зрабіўся адзіным валадаром існага. П. падтрымаў зямлю і неба, умацаваў сонца, вымераў прастору, даў жыццё і сілу. Ён валадарыць над двухногімі і чатырохногімі, яго рукі — бакі свету. Часам П. атаясамліваюць з Брахмай, вобраз якога разам з вобразамі інш. багоў-творцаў у пазнейшыя часы выцесніў вобраз П. ва ўсіх яго функцыях.
т. 12, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМОНТАПРЫДА́ТНАСЦЬ,
адна з асн. уласцівасцей надзейнасці вырабаў, якая характарызуе іх прыстасаванасць да прадухілення, адшукання і ліквідацыі прычын і наступстваў пашкоджанняў (адказаў) правядзеннем прафілактычных работ і рамонтаў. Вызначаецца затратамі працы, часу і сродкаў на падтрыманне і аднаўленне работаздольнасці вырабу. Забяспечваецца пры яго праектаванні і вырабе адпаведным выбарам канструкцыі, асн. вузлоў (частак) і выкананнем тэхналогіі вытв-сці. Р. вырабу ў працэсе яго эксплуатацыі падтрымліваецца рацыянальнай сістэмай тэхн. абслугоўвання.
т. 13, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ПАР (галанд. roeper ад roepen крычаць),
адрэзак трубы звычайна круглага або прамавугольнага сячэння з плаўна павялічвальнымі папярочнымі памерамі. Прыстаўлены вузкім канцом да крыніцы гуку, Р. узмацняе яго (канцэнтруе гукавую энергію ў напрамку сваёй восі), а накіраваны шырокім канцом на прымаемы гук — канцэнтруе яго каля прыёмніка гуку (напр., вуха). Р. найчасцей выкарыстоўваюцца ў рупарных гучнагаварыцелях і мегафонах (прызначаны для ўзмацнення гучання галасу ў месцах з павышаным узроўнем шуму).
т. 13, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)