махну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да махаць (у 1 знач.). Хацяноўскі махнуў пугай, і коні весела пабеглі па прыгожай лясной дарозе. Чарнышэвіч.
2. Разм. Адправіцца, паехаць куды‑н. Васіль, пераапрануўшыся ў легіянерскую форму, з пакетам махнуў у тыл. Нікановіч.
3. Разм. Кінуцца. Не чакаючы новага нападу і адчуўшы, што справа абарочваецца ў нядобры бок, стралою махнуў дзед Талаш у густы хмызняк і знік з вачэй у момант вока. Колас.
4. (з прыназ. «у» у В). Разм. Стаць, зрабіцца кім‑н. Махнуць з токараў у свідравальшчыкі.
•••
Махнуць рукой на каго-што — перастаць звяртаць увагу на каго‑, што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карце́ць, ‑ціць; незак.
1. безас. з інф., са злучн. «каб» і без дап. Пра неадольнае жаданне што‑н. зрабіць; хацецца; не цярпецца. Ульяне карцела спытаць, чаго Кастусь наведаўся ў такую рань, але ён сам загаварыў яшчэ здалёк. Пташнікаў. [Халімону] хацелася разважаць і карцела, каб хто-небудзь чуў гэтыя разважанні і згаджаўся з імі. Галавач. [Марына:] Ну, што ж... Калі так ужо карціць — няхай едзе. Губарэвіч.
2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. [Базыль] адчуў, што яму чагосьці не стае, па нечым смыляць рукі, нешта карціць, некуды рвецца душа. Сачанка. Маці ведае — не грыбы карцяць сыну — і дае хутчэй есці. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чаго з інф. або са злучн. «каб».
1. Хацець што‑н. ажыццявіць, зрабіць, займець. Крылаў жадала б .. [Агата] на гэты час, каб пераляцець раптам к сыну. Мурашка. Спаткаўся з роднаю зямлёй, жадаю шчырым сэрцам роднай: каб больш не знацца нам з вайной, каб больш не знаць вайны ніводнай! Дубоўка.
2. каму-чаму. Зычыць, выказваць якія‑н. пажаданні. Жадаць людзям дабра. Жадаць дзецям добра вучыцца. □ [Страмілін:] Ну жадаю вам жыць у згодзе і любві ды збудаваць моцную савецкую сям’ю. Крапіва. — Жадаю вам, браткі, удачы. — Іван Іванавіч паціснуў прадубленую, як падэшва, дзедаву далонь і маленькую Сашкаву руку. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няго́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Якога нельга выкарыстаць; непрыгодны, дрэнны. Нягодны праект. □ [Маразюк:] — А будзе ж час, што і ты, Антось Іванавіч, саступіш некаму месца, як я табе саступіў. — Ты не саступіў! — злосна адказаў Антось. — Цябе зволілі, як нягоднага гаспадара. Чарнышэвіч.
2. Нізкі ў маральных адносінах; паганы, нядобры. Язэп спачатку слухаў Кацю прыхільна, але потым не сцярпеў: — Такія, што і нашым і вашым служаць, — самыя нягодныя людзі. Асіпенка. [Мартын:] — Няма ў цябе сэрца, Аўгіня... Ты нягодная і няшчырая. Колас. / у знач. наз. няго́дны, ‑ага, м.; няго́дная, ‑ай, ж. [Дзед:] — Ох, нягодная, не хоча з Веркай гуляць. Ну, мы ж ёй пакажам. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паку́та, ‑ы, ДМ ‑куце, ж.
Вялікая фізічная або душэўная мука; мучэнне. Часам.. дзверы вагона адчыняліся, і людзі маглі ступіць на зямлю, выпіць пэўную порцыю вады, атрымаць кавалачак дрэннага хлеба, глытнуць свежага паветра. А потым зноў бясконцыя пакуты... Маўр. Рэўнасць.. [Сцяпана] нарадзілася разам з каханнем, і гэтыя пачуцці-блізняты па чарзе то натхнялі яго, то прычынялі пакуту. Дуброўскі. // у знач. вык. Аб чым‑н. вельмі цяжкім, пакутлівым. — Ну ж і балота! вось атрута, То не работа мне — пакута: Ступіў два крокі і спыняйся. Колас. // Аб выяўленні пакутлівых адчуванняў. Наталля Пятроўна сядзела, сціскаючы скроні далонямі, і на твары яе была пакута. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паме́рзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. памёрз, ‑мерзла; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Загінуць ад марозу — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Кветкі памерзлі ад марозу.
2. Прабыць некаторы час на марозе, на холадзе. Той, хто столькі, як я, памёрз На скрыжаваннях дарог і вёрст, Не здолее ўседзець у цішыні Пры цёплым хатнім агні. Панчанка.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Моцна азябнуць, змерзнуць — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. [Марцін:] — Ідзі, далажы... І няхай прышлюць змену, а то мы памерзлі ўжо. Пестрак. Віктар і Ларыса стаялі ў той вечар.., пакуль ногі ў іх не памерзлі. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́дзіць, ‑ра́джу, ‑ра́дзіш, ‑ра́дзіць; зак., што і з інф.
Даць параду, падказаць, як дзейнічаць. Дзед бездапаможна трасе галавой, разводзіць рукамі. Ну, што ёй парадзіць? Колас.
•••
Нічога не парадзіш — а) аб немагчымасці зрабіць што‑н. так, як хочаш. Маці пачала яе адгаворваць, не пускаць. Ды дзе там — нічога не парадзіш з упартаю дачкою! Якімовіч; б) пра неабходнасць згадзіцца з тым, што ёсць. Нічога не парадзіш, прыйшлося Беразоўскаму прывезці бульбу і муку. С. Александровіч.
парадзі́ць, ‑раджу́, ‑ро́дзіш, ‑ро́дзіць; зак., што.
Быць прычынай узнікнення, з’яўлення чаго‑н. Эпоха, што парадзіла і абумовіла творчасць Купалы, характарызуецца падзеямі выключнай гістарычнай важнасці. Івашын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. каго-што. Сунучы, перамясціць; перасунуць. Падумаўшы, што цяпер рабіць манеўры будзе цяжэй, Аляксей прывычным рухам перавёў рэверс, пасунуў рэгулятар. Васілёнак. Чалавек прайшоўся па хаце, пасунуў нагой табурэтку да стала, сеў. Асіпенка.
2. перан.; што. Прасунуць уперад, пасадзейнічаць развіццю чаго‑н. Але і тое, што вядома нам, дае права паставіць Францішка Багушэвіча ў рад буйнейшых пісьменнікаў свайго часу, лічыць яго першым, які перанёс слаўныя традыцыі паэзіі Шаўчэнкі і Някрасава на беларускую глебу, значна пасунуў наперад пасля Дуніна-Марцінкевіча развіццё беларускай літаратуры. Клімковіч.
3. Разм. Паволі пайсці, паплесціся, пасунуцца. [Карызна] задуменна схіліў галаву і спакваля пасунуў па вуліцы. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перахрысці́ць, ‑хрышчу, ‑хрысціш, ‑хрысціць; зак., каго-што.
1. Зрабіць рукой знак крыжа над кім‑, чым‑н. Андрэй нахіліўся над бацькам. Стары перахрысціў яго тры разы, абняў за шыю і пацалаваў. Чарнышэвіч.
2. Выканаць абрад хрышчэння, ахрысціць. Ну, бацюшка перахрысціў малога, пачалі дамаўляцца наконт платы. Кірэйчык. Пайшоў дзед да папа, каб сына перахрысціў. Якімовіч.
3. Ахрысціць пры пераходзе ў іншую хрысціянскую веру.
4. Разм. Даць новае імя, назву, мянушку. Макар Міхайлавіч чалавек высокага росту, шыракаплечы. Калі ён быў маладзейшы, у гаражы неяк яго перахрысцілі на Паўтара Макара. Мяжэвіч.
5. Разм. Вельмі моцна ўдарыць каго‑н. Перахрысціць бізуном.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́вад 1, ‑а, М ‑дзе; мн. павады, ‑оў; м.
Прывязаная да аброці вяроўка або рэмень, на якіх водзяць каня, радзей — цяля, карову. [Кандрат] сярдзіта крыкнуў: «Тпру!» — і, схапіўшы коней за павады, вывеў іх з баразны. Лобан. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ. За санкамі валачэцца прывязаная повадам карова. Бядуля.
по́вад 2, ‑у; мн. повады, ‑аў; м.
Тое, што можа паслужыць асновай, зачэпкай для чаго‑н. Але Вінцусь Шавель не прыняў .. [суседавых] слоў за ўцеху, а выкарыстаў як повад да лаянкі. Гартны. Увесь дзень на полі, робяць, шчыруюць, ну і пажартуюць хвілінай, калі знойдзецца повад. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)