УСХО́ДНЕ-БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

фізіка-геаграфічная правінцыя на У Беларусі. Ахоплівае ПнУ і У Магілёўскай вобл. і крайні ПдУ Віцебскай вобл. Мяжуе з Беларуска-Валдайскай правінцыяй і Перадпалескай правінцыяй. Падзяляецца на фізіка-геагр. раёны: Аршанска-Магілёўская раўніна і Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ, шыр. каля 100 км, пл. 15,1 тыс. км². Выш. 150—200 м, найб. 239 м (за 6 км на З ад в. Раздзел Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.).

Прымеркавана да Аршанскай упадзіны і Суражскага пахаванага выступу. Платформавы чахол складзены з парод верхняга пратэразою, дэвону, на Пд — юры, мелу, палеагену і неагену, перакрытых адкладамі антрапагену (магутнасць 40—80 м). Рэльеф — павышаная платопадобная, месцамі ўвалістая і спадзістахвалістая марэнная раўніна, сфарміраваная сожскім ледавіком, укрытая лёсападобнымі пародамі ў час паазерскага зледзянення. Карысныя выкапні: мел, мергель, гліны, пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, фасфарыты, трэпел, мінер. воды, торф. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -7,5 да -8,2 °C, ліп. 17,8—18,5 °C. Вегетац. перыяд 185—187 сут. Ападкаў да 644 мм за год. Асн. рэкі Дняпро, Сож з прытокам Проня, вярхоўе Друці. Глебы дзярновыя моцна- і сярэднеападзоленыя. Лясістасць (20%) нераўнамерная. Яловыя, шыракаліста-яловыя і другасныя асінавыя лясы. Трапляюцца дубровы. У выніку чарнобыльскай катастрофы (1986) паўд. ч. правінцыі моцна забруджана радыенуклідамі, месцамі шчыльнасць забруджання цэзіем-137 дасягае 15—40 Кі/км² і больш.

т. 16, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНЫЯ РЭА́КЦЫІ ператварэнні ядраў атамных, абумоўленыя іх узаемадзеяннямі з інш. ядрамі, элементарнымі часціцамі, у т. л. гама-квантамі. Часта да Я.р. адносяць узаемадзеянні элементарных часціц паміж сабой. Імавернасць Я.р. характарызуецца сячэннем рэакцыі. якое залежыць ад энергіі часціц (ядраў). Адрозніваюць Я.р. пругкага (састаў і станы ядраў захоўваюцца) і няпругкага (састаў захоўваецца, станы змяняюцца) рассеянняў (гл. Рассеянне мікрачасціц) і ўласна Я.р. (змяняюцца ўнутр. ўласцівасці і састаў ядраў, адбываюцца ператварэнні элементарных часціц).

У выніку ўласна Я.р. пры ўзаемадзеянні часціцы (ядра) a і ядра A атрымліваецца часціца (ядро) b і ядро B: a + A → b + B, ці ў скарочаным запісе: A(a,b)B (у дужках звычайна запісваюць больш лёгкія прадукты рэакцыі. а па-за імі — больш цяжкія). Пры высокіх энергіях колькасць прадуктаў рэакцыі можа быць значна большая. Я.р. наз. экзатэрмічнымі (эндатэрмічнымі), калі рознасць сумарных мас зыходных і канечных прадуктаў рэакцыі дадатная (адмоўная). Экзатэрмічныя рэакцыі з нейтральнымі часціцамі ідуць пры любых энергіях. для эндатэрмічных — існуе парог рэакцыі. напр., парог дзялення урану-238 нейтронамі прыкладна роўны 1.1 МэВ. Даследаванні Я.р. важныя для вывучэння ўласцівасцей і будовы атамных ядраў. Я.р. — асн. крыніца радыеактыўных ізатопаў. Для атрымання ядзернай энергіі выкарыстоўваюцца ланцуговыя ядзерныя рэакцыі і тэрмаядзерныя рэакцыі.

Літ.:

Ситенко А.Г. Теория ядерных реакций. М., 1983;

Валантэн Л. Субатомная физика: ядра и частицы: Пер. с фр. Т. 2. М., 1986.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 18, кн. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЗМЕ́НЫ ГУ́КАЎ у мовазнаўстве,

гукавыя змены, якія нельга вытлумачыць фанетычнымі пазіцыямі ў слове, характэрнымі для кожнага гука сучаснай мовы. Адбываюцца на працягу пэўнага гіст. часу, пасля чаго іх дзеянне спыняецца. Вынікам гістарычнай змены гукаў з’яўляецца знікненне асобных гукаў, з’яўленне новых гукаў або супадзенне некалькіх гукаў у адным.

Так у гісторыі бел. мовы, як і большасці інш. слав. моў, зніклі кароткія (рэдукаваныя) галосныя «ь» і «ъ»; у выніку першай палаталізацыі заднеязычных «г», «х» з’явіліся невядомыя раней «ч», «ж», «ш»; гукі «е» і «ѣ» зліліся ў адным гуку «е». У сучаснай бел. мове гістарычныя змены гукаў адлюстраваліся ў гіст. чаргаваннях: пасля падзення кароткіх «ь», «ъ» з’явілася чаргаванне галосных «е», «о» з нулём гука (напр., «дзень — дня», «сон — сну»); першая палаталізацыя заднеязычных дала чаргаванне «к» — «ч», «г» — «ж», «х» — «ш» (напр., «рука — ручка», «нага — ножка», «страха — стрэшка»). Супадзенне «е» і «ѣ» у адным гуку прывяло да таго, што ў тых словах, дзе быў гук «е» (у т. л. і ўзнікшы «ь») назіраецца чаргаванне «е» — «о» (напр., «вясна — вёсны»), а там, дзе быў «ь» такое чаргаванне (за рэдкімі выключэннямі) не назіраецца (напр., «хлябы — хлеб»). Абсалютную храналогію гістарычнай змены гукаў устанавіць цяжка, а то і немагчыма, таму карыстаюцца адноснай. Так, напр., відавочна, што працэс пераходу «е» ў «о» завяршыўся раней, чым «е» і «ѣ» супалі ў адным гуку.

Літ.:

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989;

Vexler P. A historial phonology of Byelorussian. Heidelberg, 1977.

А.​І.​Падлужны.

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, якая адлюстроўвае фанемны склад грузінскай мовы. Летапіс Грузіі («Картліс цхаврэба») прыпісвае стварэнне грузінскага пісьма цару Фарнавазу (4—3 ст. да н.э.). Некат. навукоўцы звязваюць грузінскае пісьмо з усх.-арамейскім пісьмом эліністычнага перыяду. У выніку хрысціянізацыі Грузіі адбылася трансфармацыя арамейскай асновы пад уплывам грэч. пісьма: мяняўся напрамак пісьма (ад справа налева да адваротнага), парадак літар у алфавіце, уводзіліся знакі для галосных, якія часткова былі запазычаны з грэч. пісьма. Існуе гіпотэза аб удзеле ў стварэнні грузінскага пісьма Месропа Маштоца (гл. ў арт. Армянскае пісьмо). У стараж.-груз. алфавіце было 37 (пазней 38) літар, якія мелі і лічбавае значэнне, у сучасным — 33 (5 для галосных, 28 для зычных). Вял. літары, як правіла, адсутнічаюць. Першыя пісьмовыя помнікі грузінскага пісьма датуюцца 5 ст. н.э. — надпісы ў груз. манастыры ў Палесціне (каля 433) і інш.

У працэсе развіцця ўзніклі 3 асн. формы грузінскага пісьма, якія значна адрозніваліся. Мрглавані (круглае) — устаўнае пісьмо з акруглым абрысам і аднолькавым памерам літар — існавала да 9—10 ст. З яго развілася нусхуры (радковае) — з вуглаватым нахіленым напісаннем і рознымі па вышыні літарамі (было пашырана ў 9—11 ст.). У 10 ст. на аснове нусхуры ўзнікла мхедрулі (грамадзянскае, ці свецкае) таксама з рознай вышынёй літар і круглым абрысам. Да 17 ст. мхедрулі набыло сучасны выгляд, пранікла ва ўсе сферы ўжывання, а з увядзеннем у 1629 кнігадруку канчаткова стабілізавалася.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

Да арт. Грузінскае пісьмо. Грузінскі алфавіт.

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́НЫ, рачныя даліны,

адмоўныя, лінейна выцягнутыя формы рэльефу з агульным нахілам ад вярхоўяў да нізоўяў, утвораныя ў выніку размыўнай (эразійнай) дзейнасці цякучай вады; многія маюць тэктанічнае паходжанне. Папярочны профіль рачных Д. у залежнасці ад стадыі развіцця геал. будовы мясцовасці і інш. фактараў можа мець V-, U-, скрыне-, карытападобную і інш. формы; пачатковая форма Д. — яры і лагчыны. Д. звычайна ўключаюць рэчышча, пойму, тэрасы, схілы, каля вусця часам фарміруюцца дэльты або конусы вынасу.

Асн. працэсы ў развіцці Д. — глыбінная і бакавая эрозія, акумуляцыя адкладаў. Профіль Д. амаль заўсёды асіметрычны, што абумоўлена геал. будовай, нахілам паверхні, Карыяліса сіламі, дзеяннем грунтавых вод і інш. У плане Д. маюць клінападобную, меандрычную, пацеркападобную, прамалінейную, каленчатую форму. У вярхоўі Д. звычайна замыкаюцца схіламі, утвараючы вадазборную варонку, ледавіковы цырк (у гарах) або застаюцца адкрытымі і пераходзяць у вярхоўе суседніх Д. У адносінах да распасцірання структур і горных хрыбтоў вылучаюць падоўжныя (сінклінальныя, антыклінальныя, монаклінальныя, скідавыя Д. і Д.-грабены), папярочныя і дыяганальныя. Калі Д. праразае горны хрыбет ці ўзвышша, на ўсю шырыню ўтвараецца скразная даліна, або Д. прарыву. Паводле марфалогіі адрозніваюць горныя Д. (глыбокія і нешырокія са стромкімі схіламі) і раўнінныя Д. (звычайна шырокія, з нязначнымі нахіламі, глыбінёй і стромкасцю схілаў). Памеры залежаць ад мінулай ці сучаснай дзейнасці цякучай вады. Найб. значныя Д. пашыраны ў раёнах з вял. колькасцю ападкаў.

На Беларусі Д. займаюць каля 10% тэр. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і с.-г. культуры, да іх прымеркаваны шматлікія меліярац. сістэмы.

Л.​У.​Мар’іна.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙПЦЫГСКАЯ БІ́ТВА 1813, бітва народаў пад Лейпцыгам,

адна з вырашальных бітваў у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). Адбылася 16—19.10.1813 каля г. Лейпцыг (Германія) паміж саюзнымі прускімі, аўстр., рас. і швед. войскамі (300—316 тыс. чал., больш за 1,3 тыс. гармат) і арміяй Напалеона I(каля 190—200 тыс. французаў, палякаў, саксонцаў, італьянцаў, бельгійцаў, галандцаў; 700 гармат). 16 кастр. адбыліся ўзаемныя малавыніковыя атакі паміж войскамі Напалеона і Багемскай арміяй саюзнікаў (133 тыс. чал.), бакі страцілі па 30 тыс. чал. 17 кастр. баёў не было. 18 кастр. Напалеон намагаўся адцясніць войскі кааліцыі і адкрыць сабе дарогу для адыходу, але моцны ўдар саюзнікаў з Пд, У і Пн прымусіў яго вярнуцца ў Лейпцыг, адкуль ён ноччу 19 кастр. пачаў адыходзіць на З па адзіным уцалелым мосце. Пакінуты Напалеонам у ар’ергардзе корпус Ю.Панятоўскага, які стрымліваў наступаючых, быў амаль увесь знішчаны, пры ўзрыве моста праз р. Вайсе-Эльстэр загінуў і Панятоўскі. Страты арміі Напалеона склалі 40 тыс. чал. забітымі і параненымі, 20 тыс. палоннымі, 325 гармат, саюзнікаў — 45—50 тыс. чал. (22 тыс. расійскіх, 14 тыс. прускіх, 9 тыс. аўстр. вайскоўцаў). Пазней рэшткі франц. арміі (60 тыс. чал.) адышлі за Рэйн. У выніку Л.б. ад франц. панавання вызвалена Германія, Францыя пазбавілася тэр. заваёў у Еўропе. У 1913 у Лейпцыгу ўзведзены Манумент Бітвы Народаў.

Літ.:

Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА (ад лац. migratio перасяленне),

перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства. Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найб. уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі М.н. падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзярж. органаў, і неарганізаваную. Працэс М.н. складаецца з трох асн. фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства. У 1990-я г. ў сувязі з распадам СССР на Беларусі адбывалася значная міграцыя насельніцтва. Колькасць беларусаў на тэрыторыі краіны гал. ч. з прычын міграцыі павялічылася (1999 у параўнанні з 1989) на 3,2% пры агульным скарачэнні насельніцтва на 1%. Працягвалася перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад, аднак яго тэмпы за гэты перыяд скараціліся ў 5 разоў. Вялікія змены ў патоках міграцыі выклікала таксама Чарнобыльская катастрофа. У выніку да 1999 насельніцтва Гомельскай вобл. скарацілася на 7,4%, Магілёўскай вобл. — на 5,2%, а колькасць жыхароў Мінска павялічылася на 4,6% (у параўнанні з 1989). На Беларусі дамінуе ўнутрырэсп. перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад (за 1970—85 у гарадах асела 1,34 млн. чал.). На працягу года месца жыхарства ў рэспубліцы змяняюць больш за 600 тыс. чал.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДЭРА́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ у Аргенціне.

Створана ў маі 1939. Заснавальнікі: культ.-асв. т-ва «Грамада», бел. т-ва «Культура», Т-ва б-кі імя І.​Луцкевіча, бел. культ. т-ва «Белавежа». Паступова ў федэрацыю ўвайшло яшчэ 16 бел. эмігранцкіх арг-цый. Кіруючы орган — управа, якую ўзначальвалі М.​Мярэчка, У.​Гайлевіч, Я.​Пятрушак. Выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». Члены бел. арг-цый, што ўваходзілі ў федэрацыю, займаліся на курсах ісп. мовы, вывучалі творы класікаў марксізму-ленінізму, удзельнічалі ў маст. самадзейнасці, антыўрадавых дэманстрацыях, мітынгах, забастоўках, уступалі ў Кампартыю Аргенціны. У пач. 2-й сусв. вайны пры федэрацыі створаны Бел. дэмакр. к-т, актывісты якога праводзілі кампаніі па зборы дабрачынных ахвяраванняў і адзення для адпраўкі ў СССР пад лозунгамі «На дапамогу сіротам», «За падзенне Берліна», «На будаўніцтва шпіталя «Мінск» і інш. Характэрная тэндэнцыя гэтага перыяду — паступовая русіфікацыя т-ваў. У сак. 1943 на 1-м Лацінаамерыканскім кангрэсе (Мантэвідэо, Уругвай), дзе прысутнічала 50 беларусаў з Аргенціны, быў утвораны Слав. саюз Аргенціны прасав., пракамуніст. арыентацыі. Пад яго ўплывам арг-цыі бел. эміграцыі пачалі страчваць сваю нац. адметнасць, змяняць назвы (бел. т-ва «Культура» стала «Бел. обществом им. Горького», Бел. культ. т-ва на Док Судзе — «Бел. обществом «Минск», Бел. т-ва ў Берыса — «Обществом Георгия Скорины» і гл.), узніклі новыя арг-цыі («Общество имени Л.​Толстого» і інш.). У 1945 федэрацыя далучылася да Слав. саюза Аргенціны. У 1949 у выніку асуджэння Слав. саюза Аргенціны як антыдзярж. арг-цыі Ф.б.а. забаронена аргенцінскімі ўладамі.

Т.​А.​Папоўская.

т. 16, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мятлі́ца, метлііха ’мятлюг, Agrostis vulgaris L.’ (ТСБМ, БелСЭ, Шат., ТС; слуц., Шн. 2; ваўк., Сл. ПЗБ), ’метлюжок аднагадовы, Poa annua L.’ (шчуч., шальч., Сл. ПЗБ), ’жарновец мяцёлчаты, Sarothamnus scoparinis (L.) Wimm, et Koch.’ (Др.-Падб.; гродз., Кіс.), ’трыснёг, Phragmites communis Trin.’ (мазыр., Жыв. сл.; стол., Яшк.; Бяльк.), ’каласоўнік аржаны, Bromus secalinus L.’ (Нас.; мін., Кіс.), мятлічка ’мятлічка звычайная, Apera spica-venti (L.) P. Beauv.’ (маг., Кіс.). Усе да мятла 1. Названы паводле падабенства кветаноснай (пладаноснай) мяцёлкі да мятлы. Аналагічна шматлікія назвы з гэтым коранем у іншых славянскіх мовах. Брукнер (345) звязвае польск. motloch ’чэрнь, натоўп’ з mietlica ’пустазелле’, ’тое, што адкідаецца’, супраць чаго Махэк₂ (561). Мяркулава (Этимология–1974, 72–74) падтрымлівае Брукнера. #

Мятлі́ца 2 ’дробная соль’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Няясна.

Мятліца 3 ў фальклорным запісе: Пташачкі садзілісь па мястам, усё па дзераўцам, па мятліцам, па ракітавым кустам (паўн.-усх., КЭС). Відаць, у выніку народнай этымалогіі з па вятвіцам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАШТО́ЎНАСЦЬ,

станоўчая або адмоўная значнасць для чалавека і грамадства пэўных з’яў рэчаіснасці і аб’ектаў навакольнага асяроддзя. Носьбітам К. з’яўляецца нешта канкрэтнае (прадмет, рэч, дзеянне, з’ява), а сама К. ёсць значэнне дадзенага аб’екта для суб’екта. Таму матэрыяльным або духоўным можа быць носьбіт К., а не сама К. З фармальнага пункту погляду К. падзяляюцца на пазітыўныя і негатыўныя, адносныя і абсалютныя, суб’ектыўныя і аб’ектыўныя. У залежнасці ад зместу грамадскіх ідэалаў, маральных прынцыпаў і норм К. могуць быць агульначалавечымі (дабро — зло, любоў — нянавісць, давер — варожасць, праўда — хлусня, шчырасць — крывадушнасць) і канкрэтна-гістарычнымі (патрыярхат — матрыярхат, роўнасць — бяспраўнасць, дэмакратыя — аўтарытарызм). Другой формай існавання К. з’яўляецца канкрэтнае прадметнае ўвасабленне чалавечых учынкаў і грамадскіх каштоўнасных ідэалаў (этычных, эстэт., паліт., прававых, рэліг. і інш.). Да прадметных К. адносяць натуральныя даброты і зло, якія заключаюцца ў прыродных багаццях і стыхійных бедствах; сац. даброты і зло, што абумоўлены сутнасцю грамадскіх адносін ці палітыкай дзяржавы; культ. спадчыну мінулага, якая выступае ў форме багацця сучаснікаў; эстэт. характарыстыкі прыродных і грамадскіх аб’ектаў, твораў матэрыяльнай і духоўнай культуры (прыгожае — агіднае, узнёслае — нізкае і г.д.); маральнае дабро і зло, што заключаюцца ў дзеяннях людзей; прадметы рэліг. пакланення і г.д. Адрозніваюць таксама асобасныя К., якія ўваходзяць у псіхал. структуру асобы ў форме каштоўнаснай арыентацыі, мэты і выконваюць функцыю рэгулятараў паводзін індывіда.

Каштоўнасныя арыентацыі і сістэмы ацэнак фарміруюцца і відазмяняюцца ў гіст. развіцці грамадства. У культуры Стараж. Грэцыі яны склаліся ў выніку распаду першабытнай каштоўнаснай свядомасці на самаст. яе мадыфікацыі — прававыя, паліт., рэліг., эстэт., маральныя і мастацкія. У працэсе ўтварэння самаст. дзяржаў атрымалі заканад. афармленне прававыя адносіны, якія вызначалі абавязкі і правы кожнай часткі грамадства — індывіда, сац., этн. і паліт. груп. З ускладненнем сац. структуры грамадства прававыя спосабы яго арг-цыі дапоўніліся паліт. К., якія ўвасабляліся ў пэўных праграмах, тэарэт. канцэпцыях, ідэалаг. сістэмах і адпаведных сістэмах К. (патрыятызм, грамадзянскасць, нац. і саслоўная гордасць, класавая салідарнасць, парт. дысцыпліна і да т.п.). Народжаныя эканам., этн., сац.-псіхал. і ідэалаг. падзелам чалавецтва, паліт. К. то садзейнічалі кансалідацыі грамадства, то прыводзілі да разбурэння яго цэласнасці, апраўдання ваен. і рэв. канфліктаў. У сярэдзіне 20 ст., з прычыны пагрозы самазнішчэння чалавецтва ў выніку ўнутр. разладу, ядзернай катастрофы або экалагічнага крызісу, узнікла ўсведамленне прыярытэту агульначалавечых К., якія здольны прывесці да адмірання паліт. адносін, а значыць, і паліт. К. Гэтыя К. адлюстроўваюць шматвяковы вопыт сац.-паліт. развіцця свету, светапоглядныя ідэалы, маральныя нормы развіцця цывілізацыі і з’яўляюцца агульнымі для ўсіх людзей незалежна ад якіх-н. адрозненняў (самакаштоўнасць чалавечага жыцця, свабода, шчасце, міласэрнасць і інш.).

Засваенне выпрацаваных на кожным гіст. этапе К. складае неабходную аснову фарміравання унікальнага ўнутр. свету кожнага чалавека, які з’яўляецца асновай яго непаўторнай асобы і індывідуальнасці, эфектыўнага развіцця і функцыянавання грамадства і чалавечай супольнасці ў цэлым. Філас. праблемы прыроды і сутнасці К. з’яўляюцца прадметам даследавання спец. навукі — аксіялогіі.

Літ.:

Ценности культуры и современная эпоха. М., 1990;

Чумаков А.Н. Философия глобальных проблем. М., 1994;

Каган М.С. Философская теория ценности. СПб., 1997;

Маслоу А. Психология бытия: Пер. с англ. М.;

Киев, 1997.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 8, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)