САР’Я́Н (Мартырос Сяргеевіч) (28.2.1880, г. Растоў-на-Доне, Расія — 5.5.1972),

армянскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. Нар. маст. СССР (1960). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Правадз. чл. АН Арменіі (1956). Герой Сац. Працы (1965). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1904), у майстэрнях В.​Сярова і К.​Каровіна (1902—04). Зазнаў уплывы творчасці П.​Гагена і А.​Матыса. Чл. маст. аб’яднанняў «Блакітная ружа», «Саюз рускіх мастакоў», «Свет мастацтва», «Чатыры мастацтвы». Творчасць адметная дэкаратыўнасцю, плоскаснасцю кампазіцыі, пабудаванай на вял. колеравых плямах, дзе святлопаветраныя эфекты і перспектыва замяняюцца супастаўленнем і кантрастам колераў. У ранніх работах казачнасць усх. матываў спалучаў з музыкальнасцю кампазіцыйных рытмаў і падкрэсленай дэкаратыўнасцю каларыту («Каля гранатавага дрэва», 1907). У творах 1910—13, выкананых пад час вандровак у Турцыю, Егіпет і Іран, імкнуўся да зліцця дэкар. і канструктыўна-прадметнага пачаткаў («Фінікавая пальма»). З 1921 у Арменіі. З 1930-я г. шмат працаваў як партрэтыст, спалучаючы вострую характарнасць з увагай да душэўнага стану мадэлі (партрэты Р.​Сіманава, 1939; А.​Ісаакяна, 1940). У 1940—50-я г. пераважаў пейзажны жанр, эпічна-абагульненыя віды Арменіі: «Арарацкая даліна» (1945), «Арменія» (1957), цыкл «Мая Радзіма» (1952—58). Працаваў таксама як кніжны графік («Армянскія народныя казкі», 1933, і інш.) і тэатр. дэкаратар (сцэнаграфія і касцюмы да оперы «Алмаст» А.​Спендыярава ў Т-ры оперы і балета імя Спендыярава ў Ерэване, 1938—39, і інш). Дзярж. прэмія СССР 1941. Ленінская прэмія 1961.

І.​М.​Скварцова.

М.Сар’ян. Фінікавая пальма. Егіпет. 1911.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕРГЕ́ТЫКА (ад грэч. synergētikos супольны, які дзейнічае ўзгоднена),

навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы эвалюцыі і самаарганізацыі макраскапічных сістэм. Тэрмін прапанаваны ням. фізікам Г.​Хакенам у 1970-я г. Макраскапічныя сістэмы складаюцца з многіх элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і могуць фарміраваць прасторавыя, часавыя ці функцыянальныя структуры без знешняга ўздзеяння; працэсы ўпарадкавання ў такіх сістэмах узнікаюць у выніку ўзаемадзеяння вял. колькасці элементарных падсістэм. С. грунтуецца на тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў, тэорыях выпадковых працэсаў, інфармацыі і нелінейных ваганняў і хваль.

Асн. паняцці С. — устойлівасць, няўстойлівасць, парадак, хаос (найб. неўпарадкаваны стан), лінейнасць, нелінейнасць, параметр парадку, прынцып падпарадкавання і інш Цэнтр. праблема — узаемаадносіны парадку і хаосу (гл. Энтрапія). С. тлумачыць, як парадак (прасторавая ці часавая ўпарадкаваная структура) узнікае з канструктыўнага хаосу. Ідэі і метады С. выкарыстоўваюцца для аналізу прасторава-часавых структур у паняццях параметраў парадку і прынцыпу падпарадкавання, прадказання паводзін складаных сістэм, змяншэння размернасці дынамічнай сістэмы, а таксама ў тэорыі распазнавання вобразаў і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах С. вядуцца ў Ін-тах тэхн. кібернетыкі і фізікі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Бел. эканамічным ун-це.

Літ.:

Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ. М., 1991;

Цымбал Л.А. Синергетика информационных процессов: Закон информативности и его следствия. М., 1995;

Капица С.П., Курдюмов С.П., Малинецкий Г.Г. Синергетика и прогнозы будущего. М., 1997;

Василькова В.В. Порядок и хаос в развитии социальных систем. Синергетика и теория социальной самоорганизации. СПб., 1999.

А.​А.​Барыскевіч.

т. 14, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА КІРАВА́ННЯ,

сукупнасць аб’екта кіравання і прылад, што падтрымліваюць (змяняюць) структуру і рэжым функцыянавання аб’екта адпаведна зададзенай праграмы (мэты кіравання). У склад С.к. ўваходзяць таксама інфарм. каналы прамой і адваротнай сувязі. Падзяляюцца на біял., тэхн. і сац.-эканамічныя. Асн. задачы: збор і перадача інфармацыі аб аб’екце кіравання, перапрацоўка інфармацыі, выдача кіруючых уздзеянняў на аб’ект кіравання. Вывучае С.к. кібернетыка.

Даследаванне С.к. ажыццяўляецца шляхам пабудовы матэм. мадэляў (гл. Гульняў тэорыя, Масавага абслугоўвання тэорыя, Распазнаванне вобразаў). Пабудова С.к. ажыццяўляецца з улікам прынцыпу аптымальнасці (гл. Аптымальная сістэма). Пры функцыянаванні С.к. істотнае значэнне мае фактар нявызначанасці, калі стан сістэмы можа змяняцца ў выніку розных уздзеянняў, выкліканых унутр. ці знешнімі прычынамі, што вырашаецца шляхам надання сістэме ўласцівасцей адаптацыі (адаптыўныя сістэмы) да ўмоў функцыянавання. Да С.к. адносяцца: у тэхніцы — сістэмы аўтам. кіравання складаных тэхн. аб’ектаў (напр., металарэзных станкоў, самалётаў, робатаў і інш.); у біялогіі — жывыя арганізмы рознага ўзроўню арганізацыі, у сацыяльна-эканам. развіцці — прамысл. прадпрыемствы, грамадскія арг-цыі, а таксама аўтаматызаваныя сістэмы кіравання гэтых аб’ектаў.

На Беларусі даследаванне і праектаванне С.к. праводзіцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Кузин Л.Т. Основы кибернетики. Т. 1—2. М., 1973—79;

Гайшун И.В. Многопараметрические системы управления. Мн., 1996;

Гринберг А.С., Савич Л.Н., Тимошек Л.Е. Прикладные системы обработки информации в управлении. Ч. 1. Мн., 1998;

Афанасьев В.Н., Колмановский В.Б., Носов В.Р. Математическая теория конструирования систем управления. 2 изд. М., 1998.

А.​А.​Несянчук, М.​П.​Савік.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

цэласнае, структурна ўпарадкаванае ўтварэнне, якое складаецца з індывідаў і сац. супольнасцей, аб’яднаных сац. сувязямі і ўзаемаадносінамі. Істотнымі рысамі С.с., як і кожнай сістэмы, з’яўляюцца цэласнасць і інтэгральнасць. Новая якасць, якую яна ўтварае, не зводзіцца механічна да сумы якасцей яе элементаў (інтэгральны эфект), а ўласцівасці і заканамернасці элементаў часам выяўляюцца інакш, чым пры самаст. існаванні. У шырокім сэнсе С.с. — усё грамадства з яго падсістэмамі (сац. ін-тамі, арг-цыямі і інш. структурнымі фарміраваннямі). На эмпірычным узроўні — пэўная сац. супольнасць ці арганізацыя, для якой характэрны такія сістэмаўтваральныя якасці, як мэта, іерархія, кіраванне, этн. і нац. супольнасці, дзяржава. С.с. можна лічыць і кожную асобу, калі разглядаць яе з пункту гледжання характарыстык, якія выяўляюцца ў працэсе сац. узаемаадносін. У параўнанні з біял., тэхн. і інш. сістэмамі С.с. максімальна складаная, паколькі Яе асн. элемент (чалавек) валодае суб’ектыўнасцю і вял. дыяпазонам выбару паводзін. Аб’ектыўная складанасць С.с. прапарцыянальная множнасці яе элементаў, колькасці ўзроўняў і падсістэм, разнастайнасці сувязей паміж імі, ступені аўтаномнасці яе частак. Кожнай канкрэтнай С.с. уласціва іерархічнасць пабудовы — сістэмы ніжэйшага ўзроўню паслядоўна ўключаюцца ў сістэмы вышэйшага. Яна арганічна звязана са знешнім асяроддзем, выконвае строга абмежаваныя функцыі. Спосабам рэгулявання шматузроўневай іерархіі, забеспячэння сувязей паміж рознымі ўзроўнямі С.с. з’яўляецца кіраванне. Эфектыўны метад кіравання С.с. — мэтанакіраваны ўплыў на яе сістэмаўтваральныя элементы і сувязі.

Літ.:

Аверьянов А.Н. Система: филос. категория и реальность. М., 1976;

Афанасьев В.Г. Системность и общество. М., 1980;

Социология: Основы общей теории. М., 1996.

І.​В.​Катляроў.

т. 14, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛІ́СТЫЯ ГО́РЫ (Rocky Mountains),

усходняя частка сістэмы Кардыльер Паўн. Амерыкі на З Канады і ЗША, паміж 60° і 32° паўн. шыраты. Даўж. каля 3200 км, шыр. да 700 км. Сфарміраваліся ў ларамійскую складкаватасць. Паводле характару рэльефу падзяляюцца на 3 часткі: Паўночную (на Пн ад 45°), якая характарызуецца кампактнасцю і працягласцю хрыбтоў, складзеных з гранітаў, шырокім развіццём ледавіковых форм, выш. да 3954 м (г. Робсан); Сярэднюю (паміж 45° і 41° паўн. ш.) з шырокімі хрыбтамі са згладжанымі вяршынямі, падзеленымі шырокімі тэктанічнымі паніжэннямі і плато; Паўднёвую (на Пд ад 41° паўн. ш.) найб. шырокую і высокую (г. Элберт, 4399 м), перасечаную глыбокімі каньёнамі рэк Кароткія хрыбты размешчаны кулісападобна, складзены з вапнякоў, гліністых сланцаў і пясчанікаў, чаргуюцца з вялізнымі басейнамі — «паркамі». Радовішчы малібдэну, фасфарытаў, медзі, золата, серабра, поліметалаў, нафты, каменнага вугалю. Вулканічныя з’явы (гейзеры, тэрмальныя крыніцы), землетрасенні. Клімат кантынент., умераны, на Пд субтрапічны, сухі, асабліва ў паніжэннях і на ўсх. схілах. На вяршынях і зах. схілах ападкаў да 1000 мм за год. Выш. снегавой мяжы 4000 м на Пд, 2500 м на Пн. С.г. — водападзел паміж бас. Ціхага і Атлантычнага акіянаў. Тут бяруць пачатак рэкі: Місуры, Каларада, Рыо-Грандэ, Снейк, Арканзас і інш. Расліннасць — пераважна лясы, на Пн — горнатаежныя, падымаюцца да выш. 1500 м, і рэдкалессі, горная тундра; на Пд хваёвыя лясы — да выш. 3600 м, вышэй субальпійскія, альпійскія лугі і вечныя снягі. У далінах — стэпы і паўпустыні. Буйныя нац. паркі: Джаспер, Банф, Іоха, Глейшэр (Канада), Йелаўстонскі, Рокі-Маўнтын (ЗША).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБО́ДКА,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., паміж азёрамі Поцех, Недрава і Ільмёнак, на аўтадарозе Браслаў—Друя. Цэнтр сельсавета. За 9 км на ПнУ ад г. Браслаў, 220 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Друя. 860 ж., 387 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, абл. псіхіятрычная і ўчастковая бальніцы, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Лабараторыя азёразнаўства БДУ, турысцкая база нац. парку Браслаўскія азёры, летнія базы адпачынку. Помнік архітэктуры — Слабодкаўскі касцёл Сэрца Ісуса. Каля вёскі 2 гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры.

У гіст. крыніцах вядома таксама пад назвамі Слабада, Слабодка Заверская, Быхаўка, Юзафова. Упершыню ўпамінаецца ў 1618 як паселішча Друйскага двара. У інвентары Браслаўскага староства за 1649 згадваецца як мяст. Слабада. У 18—19 ст. адносілася да маёнтка Завер’е, што належала Мірскім. У 1806 С.​Мірскі фундаваў буд-ва мураванага касцёла. У сярэдзіне 19 ст. С. — мястэчка, цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., 303 ж., 27 двароў, валасное праўленне, пазыковая каса, касцёл. У 1865 адкрыта нар школа. 643 ж., 124 двары (1897). У 1-ю сусв. вайну побач з мястэчкам пабудавана вузкакалейка, якая ў 1920—60-я г дзейнічала як пасажырская лінія. Летам 1919 С. была адным з цэнтраў антыбальшавіцкага паўстання «зялёных». З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. У 1931 у С. 848 ж., 146 двароў, чыг. станцыя, школа, пошта, аптэка, карчма, крамы. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 14, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОТ-Д’ІВУА́Р (Côte d’Ivoire),

Рэспубліка Кот-д’Івуар (République de Côte d’Ivoire), дзяржава на Пд Зах. Афрыкі, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ліберыяй і Гвінеяй, на Пн з Малі і Буркіна-Фасо, на У з Ганай. Пл. 322,5 тыс. км². Нас. 14,3 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Афіцыйная сталіца — г. Ямусукра, рэзідэнцыя прэзідэнта і ўрада — г. Абіджан. Краіна падзяляецца на 50 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 жн.).

Дзяржаўны лад. К.-д’І. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. і прадстаўнічы орган — аднапалатная Нац. асамблея (175 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Прэзідэнт назначае прэм’ер-міністра і Савет Міністраў, які выконвае функцыі ўрада дзяржавы. Суд. сістэму ўзначальвае Вярх. суд.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Асобныя невысокія горныя масівы і плато на Пн і З; на стыку граніц Ліберыі, Гвінеі і К.-д’І. — г. Німба (1752 м). Узбярэжжа нізіннае. Ёсць невял. паклады жал., марганцавай, нікелевай, тытанавай, алавянай руд, золата, алмазаў, баксітаў. На шэльфе — радовішчы нафты. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн субэкватарыяльны. Т-ра паветра ў ліп. 28—34 °C, у студз. каля 24 °C. На Пд ападкаў за год 1300—2400 мм, на Пн — каля 1000 мм; ёсць сухі перыяд (ліст.—люты). Найб. рэкі Кавалі, Сасандра, Бандама, Комаэ. На Пд вечназялёныя экватарыяльныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах. На Пн лесасаванна з галерэйнымі лясамі, высакатраўная саванна на чырвоных фералітавых глебах. Пад лесам 10,9 млн. га. Жывёльны свет: слон, малпы, бегемоты, леапарды, гіены, шакалы, антылопы, кракадзілы; з насякомых — муха цэцэ (на Пд). Нац. паркі — Комаэ, Марахуэ, Таі, запаведнік Німба; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. На Пд і ў цэнтры краіны жывуць народы гвінейскай групы (анья, баўле, кру, т.зв. лагунныя плямёны, 55% насельніцтва), на ПнЗ народы групы мандынга (малінке, бамбара, дан, квені, 21%), на Пн і ПнУ народы групы гур (сенуфа, лобі, куланга, 23%). На Пн ёсць народы фульбе і хаўса. У краіне працуе каля 2 млн. эмігрантаў з Буркіна-Фасо, Малі і Ганы. У вял. гарадах невял. групы ліванцаў і французаў. 63% вернікаў прытрымліваюцца мясц. традыцыйных вераванняў, мусульман 23% (пераважна на Пн), хрысціян — 14% (пераважна ў гарадах на Пд). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 44 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны на ўзбярэжжы і ў цэнтры. У гарадах жыве 46% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс. ж., 1996): Абіджан — 2800, Бваке — 330, Ямусукра — 120. У сельскай і лясной гаспадарках занята каля 40% працаздольных, у прам-сці — каля 30%.

Гісторыя. Стараж. гісторыя краіны вывучана слаба. У сярэднія вякі яе паўн. ч. па чарзе ўваходзіла ў сферу ўплыву дзяржаў Зах. Судана — Ганы, Малі, Сангаі, а г. Конг (засн., верагодна, у 11 ст.) да 19 ст. заставаўся важным гандл, цэнтрам. У канцы 15 ст. на гэтай тэрыторыі з’явіліся партугальцы і інш. еўрапейцы, якія вывозілі з краіны рабоў, слановую косць і інш. Экспансія французаў, што пачалася з заснавання ў пач. 18 ст. форта ў Асіні і факторыі ў Гран-Басаме, прывяла да завалодання значнымі яе тэрыторыямі ў 1842—84 шляхам захопаў і заключэння дагавораў. З 1893 К.-д’І. — франц. калонія (з 1904 у складзе Франц. Зах. Афрыкі). Моцнае супраціўленне мясц. насельніцтва, асабліва паўн. ч. краіны, што ўваходзіла ў склад дзяржавы Самары Турэ, было зломлена толькі ў 1915. Калан. эканоміка К.-д’І. базіравалася пераважна на эксплуатацыі прыродных багаццяў (золата, алмазы) і стварэнні плантацыйнай гаспадаркі (кава, какава).

Пасля 2-й сусв. вайны пачаўся ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла Дэмакр. партыя К.-д’І. (засн. ў 1946). У 1946 К.-д’І. атрымаў статус заморскай тэрыторыі, а паводле вынікаў рэферэндуму 1958 стаў аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці. 7.8.1960 абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1986 назва краіны К.-д’І. перакладалася як Бераг Слановай Косці). Першым прэзідэнтам і кіраўніком урада стаў заснавальнік і кіраўнік Дэмакр. партыі Ф.​Уфуэ-Буаньі, які выбраў для К.-д’І. капіталіст. шлях развіцця. К.-д’І. — адна з найб. стабільных і багатых краін Афрыкі, але з 1980-х г. перажывае крызіс, выкліканы паступовым зніжэннем экспартных цэн на сыравіну і працяглай засухай. У дзяржаве, дзе з 1960 аўтарытарна правіў прэзідэнт Уфуэ-Буаньі (перавыбіраўся ў 1965, 1970, 1975, 1980, 1985), да 1990 адзінай легальнай партыяй была Дэмакр. партыя К.-д’І., падпарадкаваная прэзідэнту. У 1990 пад націскам апазіцыі прыняты папраўкі да канстытуцыі, якія легалізавалі шматпарт. сістэму. Пасля смерці Уфуэ-Буаньі (1993) пасаду прэзідэнта і кіраўніка Дэмакр. партыі заняў А.​Канан-Бедзье, які перамог і на выбарах 1995. К.-д’І. — чл. ААН (з 1960). Дзейнічаюць Дэмакр. партыя К.-д’І., Івуарскі нар. фронт, Аб’яднанне рэспубліканцаў, Усеагульны саюз працоўных К.-д’І. і інш. грамадскія арг-цыі.

Гаспадарка. К.-д’І. — агр. краіна. Штогадовы Даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 36% валавога нац. прадукту, прам-сць — каля 26%. Найб. развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Ворных зямель 2,4 млн. га, шматгадовых насаджэнняў 1,3 млн. га, пад натуральнымі пашамі каля 13 млн. га. Захоўваецца абшчыннае землекарыстанне. На значных плошчах выкарыстоўваецца традыцыйная агратэхніка і лядна-агнявая сістэма земляробства. Гал. экспартныя культуры: какава (штогадовы збор 500—800 тыс. т, 1-е месца ў свеце), кава (каля 150—200 тыс. т, 5—8-е месца ў свеце), алейная пальма (штогадовы экспарт пальмавага алею больш за 300 тыс. т), бананы (больш за 200 тыс. т), ананасы, гевея, какосавая пальма, цытрусавыя. С.-г. культуры экспартнага значэння вырошчваюць на Пд краіны (какава і кава займаюць больш за 90% плошчаў пад экспартнымі культурамі). На ўласныя патрэбы вырошчваюць рыс (больш за 1 млн. т штогод), ямс і маніёк (збор разам каля 4 млн. т), тара, мучністыя бананы, кукурузу, сорга, некаторыя тэхн. культуры, у т. л. цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, арахіс. Рыс вырошчваюць пераважна на З, ямс і кукурузу — у цэнтры і на Пн, маніёк — усюды, акрамя Пн. Жывёлагадоўля развіта на натуральных пашах у зоне саваннаў. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,3, авечак і коз — 2,4, свіней — 0,3. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (70,2 тыс. т, 1993). Развіты лясныя промыслы, у т. л. збор пладоў дзікарослай алейнай пальмы, арэхаў кола і інш.; паляванне ў лясах і саваннах. К.-д’І. — буйнейшы вытворца піламатэрыялаў з дрэў каштоўных трапічных парод. Аб’ём лесанарыхтовак каля 4 млн. за год. У прамысловасці найб. развіты перапрацоўчыя галіны (каля 700 прадпрыемстваў, большасць у Абіджане). У 1990-я г. павялічылася здабыча нафты (да 2 млн. т штогод) з радовішчаў на марскім шэльфе. Невял. здабыча алмазаў (каля г. Сегела), марганцавай руды (каля г. Гран-Лаху), золата. Электраэнергію выпрацоўваюць пераважна ГЭС на рэках Бія, Бандама, Сасандра і інш. ЦЭС у Абіджане. У 1996 атрымана 1,9 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. Разнастайная харч. і харчасмакавая прам-сць, у т. л. мукамольная і хлебабулачная, перапрацоўка кавы, какавы, тытуню, арахісу, цукр. трыснягу, фруктова- і рыбакансервавая, алейная, піваварная, рысаачышчальная; вытв-сць растваральнай кавы, шакаладу, шакаладнага алею. Працуюць 3 тэкст. камбінаты (у Бваке, Дымбокра, Агбавілі), тэкст. ф-кі (Абіджан). Гал. цэнтры дрэваапрацоўкі і вытв-сці піламатэрыялаў: Гран-Басам, Уме, Вавуа, Ганьёа, Сан-Педра. Развіты швейная і гарбарна-абутковая прам-сць. Новыя галіны прам-сці: нафтаперапрацоўка (Абіджан), хім., гумавая і пластмасавая (Абіджан, Агбавіль), аўтазборачная, электратэхн., чорная металургія (Абіджан), суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайную прадукцыю выпускае прам-сць буд. матэрыялаў, у т. л. 2 цэм. з-ды. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Аўтадарог 55 тыс. км, у т. л. асфальтаваных 5,5 тыс. км. У краіне 250 тыс. аўтамашын. Чыгунак 1314 км, у т. л. чыгунка Абіджан—Уагадугу (Буркіна-Фасо) — 665 км на тэр. К.-д’І. Праз К.-д’І. праходзіць амаль увесь гандаль Буркіна-Фасо. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам на суднах замежных краін. Гал. марскія парты Абіджан (амаль увесь імпарт, экспарт кавы і какавы) і Сан-Педра (экспарт драўніны, піламатэрыялаў, бананаў). У Абіджане і Ямусукры — міжнар. аэрапорты. К.-д’І. — адна з нямногіх афр. краін, якая мае актыўны гандл. баланс. У 1994 экспарт склаў 2,7 млрд. дол. ЗША, імпарт — 1,6 млрд. дол. К.-д’І. экспартуе какаву, каву, драўніну і піламатэрыялы (разам 75% кошту), пальмавы алей, бананы, ананасы, алмазы, марганец і інш. У імпарце пераважаюць тавары шырокага ўжытку, машыны і абсталяванне, паліва. Гал. гандл. партнёры: Францыя (16% экспарту, 28% імпарту), Нігерыя (27% імпарту), Германія (10% экспарту), Нідэрланды, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — афр. франк.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Кот-д’Івуара.
Да арт. Кот-д’Івуар. ГЭС Косу на р. Бандама.
Да арт. Кот-д’Івуар. Краявід у саванне на поўначы краіны.

т. 8, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАМБІ́К (Moçambique),

Рэспубліка Мазамбік (República de Moçambique), дзяржава на ПдУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на З з Малаві, Замбіяй і Зімбабве, на ПдЗ з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР), на У абмываецца Мазамбікскім пралівам Індыйскага ак. Пл. 802 тыс. км². Нас. 18 641 тыс. чал. (1998). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г. Мапуту. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 чэрвеня).

Дзяржаўны лад. М — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу прадстаўнікоў, які складаецца з 250 дэпутатаў, выбраных насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прызначаны прэзідэнтам урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Тэр. М. выцягнута ўздоўж узбярэжжа Індыйскага ак. на 3 тыс. км. Берагавая лінія на Пн ад г. Мазамбік расчлянёная, берагі невысокія, але скалістыя і стромкія, на Пд — нізкія, плоскія, забалочаныя, з пясчанымі пляжамі і мангравымі зараснікамі. Усх. частка краіны занята ўзгорыстай, месцамі забалочанай Мазамбікскай нізінай (шыр. ад 80 км на Пн да 400 км на Пд). На Пн размешчана частка Усх.-Афр. пласкагор’я з плато Ньяса і Мазамбікскім (выш. да 2419 м), на З — плато Матабеле (г. Бінга, 2436 м — найвышэйшы пункт М.), складзеныя з гранітаў і гнейсаў, моцна парэзаныя рачнымі далінамі. Уздоўж мяжы з ПАР — вулканічныя горы Лебомба. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., танталавыя, тытанавыя, медныя, берыліевыя, і літыевыя руды, баксіты, фасфарыты, золата, прыродны газ, азбест, вапнякі, мармур, каштоўныя камяні. Клімат на Пн субэкватарыяльны, на Пд трапічны. Сярэднія т-ры студз. на Мазамбікскай нізіне 26—30 °C, ліп. 15—20 °C, на пласкагор’і — ніжэй на 3—5 °C. Ападкаў за год 750—1000 мм на пласкагор’і і на Пд Мазамбікскай нізіны, да 1500 мм на Пн. Вільготны сезон з ліст. да крас.—мая. Буйныя рэкі: Замбезі, Лімпопа, Саві, Рувума, парожыстыя на плато і суднаходныя на нізіне. У межах М. ўсх. бераг воз. Ньяса (Малаві). Вадасховішча Кабора-Баса. Пераважаюць чырвона-бурыя глебы саваннаў, на паўн. плато — карычнявата-чырвоныя глебы сухіх лясоў, у далінах рэк — алювіяльныя. Расліннасць — саванны, на Пн рэдкалессі, на высокіх участках плато горныя лясы, па берагах буйных рэк вечназялёныя галерэйныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў; шматлікія віды пальмаў. У жывёльным свеце сланы, антылопы, зебры, насарогі, львы, леапарды, гіены і інш. Нац. паркі: в-ваў Мазамбік (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Гарангоса, Баньіне, Зінаве, Базарута, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. 99,6% складаюць народы моўнай сям’і банту. на ПнУ краіны жывуць макуа, на Пд ад ракі Саві — тсонга, у бас. р. Замбезі і ў раёне воз. Ньяса — малаві, у міжрэччы Саві і Замбезі — шона. Выхадцы з Еўропы і Азіі жывуць пераважна ў гарадах (партугальцы, індыйцы, пакістанцы). Асн. частка афр. насельніцтва (50%) — прыхільнікі мясц. традыц. культаў, 30% — хрысціяне (католікі), 20% — мусульмане. Прырост насельніцтва 2,6%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены раёны на Пд і ўздоўж узбярэжжа. У гарадах жыве 35% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж.): Мапуту — больш за 1200, Бейра — каля 350, Нампула — каля 250.

Гісторыя Найб. стараж. насельніцтва М. — бушмены і гатэнтоты, выцесненыя ў 5—8 ст. плямёнамі банту. З 8 ст. сюды праніклі арабы, якія заснавалі на ўзбярэжжы М шэраг гандл. цэнтраў. Да пач. 2-га тыс. ў міжрэччы Замбезі — Лімпопа склалася дзярж. ўтварэнне Манаматапа (захаваліся рэшткі збудаванняў з вял. гранітных блокаў), якое адыгрывала важную ролю ў араба-суахілійскім гандлі. У 1498 М. наведаў партуг. мараплавец В. да Гама. Да сярэдзіны 16 ст. партугальцы захапілі шэраг апорных пунктаў на ўзбярэжжы М. Яны навязалі няроўныя дагаворы правіцелям Манаматапы, якая прыйшла ў заняпад і распалася ў пач. 18 ст.; у 16—19 ст. адсюль вёўся вываз рабоў на плантацыі ў Бразілію. У 1752 партуг. ўладанні ў паўд.-ўсх. Афрыцы аб’яднаны ў адзімую калонію М. На працягу 19 ст. партугальцы вялі ўпартую барацьбу з дзяржавай Ватуа ў міжрэччы Лімпопа — Пунгве, якая была заваявана ў пач. 20 ст. У 1951 М. абвешчаны «заморскай правінцыяй» Партугаліі, у 1972 — яе «заморскім штатам». Грамадз. правамі карысталася толькі невял. група т.зв. «асіміляваных» афрыканцаў. У 1962 на базе нац.-вызв. афр. арг-цый створаны Фронт вызвалення М. (ФРЭЛІМО) на чале з Э.​Мандлане (з 1969 — С.Машэлам). У 1964 ФРЭЛІМО пачаў узбр. паўстанне супраць партуг. панавання і да 1974 кантраляваў значную ч. М. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі ў вер. 1974 паміж новымі ўладамі і ФРЭЛІМО падпісаны дагавор аб стварэнні пераходнага ўрада М. 25.6.1975 абвешчана Нар. Рэспубліка М. (НРМ), прэзідэнтам якой стаў Машэл. У 1977 ФРЭЛІМО ператвораны ў партыю ФРЭЛІМО — «авангардную марксісцка-ленінскую партыю». Быў заключаны дагавор аб дружбе з СССР (1977), узяты курс на пабудову ў М. сацыялізму, нацыяналізаваны прыватныя прадпрыемствы, створаны кааператывы. На практыцы гэта прывяло да пагаршэння эканам. становішча М. і росту незадаволенасці, што падштурхнула апазіцыю да стварэння на тэр. Паўд. Радэзіі (цяпер Зімбабве) Мазамбікскага нац. супраціўлення (РЭНАМО) на чале з А.​Длакамам, якое пачало ўзбр. барацьбу супраць рэжыму ФРЭЛІМО. У выніку ваен. дзеянняў 1977—92 загінула больш за 1 млн. мазамбікцаў і каля 2 млн. сталі бежанцамі. Урад быў вымушаны пачаць рыначныя эканам. рэформы, якія паглыбіліся з прыходам да ўлады ў 1986 Ж.​А.​Чысана. У 1989 ФРЭЛІМО адмовілася ад ідэалогіі марксізму-ленінізму. З 1990 дзейнічае новая канстытуцыя, паводле якой уведзена шматпартыйнасць, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. У кастр. 1992 падпісана пагадненне з РЭНАМО пра спыненне агню і ператварэнне апошняй у паліт. партыю. На ўсеагульных выбарах перамагла ФРЭЛІМО, Чысана зноў выбраны прэзідэнтам М. Дзейнічаюць паліт. партыі: партыя ФРЭЛІМО, Мазамбікскае нац. супраціўленне (РЭНАМО), Дэмакр. саюз. М. — член ААН (з 1975), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці (з 1995).

Гаспадарка. М. — аграрная краіна. З 1987 адбываецца пераход да рыначных адносін у эканоміцы. Праграма эканам. аднаўлення накіравана на развіццё сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай і лёгкай прам-сці. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. каля 670 дол. ЗША (1994). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае 46% ВУП. У ёй занята каля 80% эканам. актыўнага насельніцтва. Апрацоўваецца каля 4% тэрыторыі, пераважае лядна-агнявое земляробства. Асн. экспартныя культуры: бавоўнік (вырошчваюць у правінцыях Замбезія, Нампула, Сафала, Кабу-Дэлгаду), арэх кэш’ю (уздоўж узбярэжжа), цукр. трыснёг (даліна Замбезі), цытрусавыя, чай, какосавая пальма, сізаль, джут, тытунь. Для ўнутр. патрэб вырошчваюць кукурузу (збор 734 тыс. т, 1995), рыс (113), сорга (243), батат (72), маніёк (4,2 млн. т), арахіс, сланечнік, бананы, памідоры, фасолю, садавіну. Асн. відамі харчавання краіна забяспечвае сябе толькі на 10%. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ (Газа, Мапуту). Пагалоўе (млн. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 1,28, авечак — 0,21, коз — 0,38, свіней — 0,16. Вытв-сць (тыс. т): ялавічыны — 38, свініны — 13, мяса птушкі — 29, каровінага малака — 59, казінага малака — 10. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Улоў рыбы і крэветак каля 30 тыс. т штогод. Развіта лясная гаспадарка, у т. л. нарыхтоўка драўніны каштоўных парод дрэў (эбенавае, жалезнае, ружовае). На долю прам-сці прыпадае каля 27% ВУП. У сувязі са спадам вытв-сці большая ч. прадпрыемстваў працуе на 10—40% магутнасці. Вядучая галіна — горназдабыўная. Вядзецца здабыча (тыс. т) каменнага вугалю — каля 30, баксітаў — каля 20, танталавай і жал. руды, каштоўных і паўкаштоўных камянёў (гранат, ізумруд, аквамарын, тапаз і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 465 млн. кВт гадз пераважна на ГЭС. Больш за 50% электраэнергіі экспартуецца з ПАР. Харч. прам-сць (цукр., алейная, мукамольная, кансервавая, рыбная, мясная) працуе на мясц. сыравіне. Асн. цэнтры: Мапуту, Бейра, Шымойо. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (перапрацоўка і вытв-сць вырабаў з бавоўны, копры, сізалю, джуту), трыкат., абутковая. Прадпрыемствы ў Шымойо, Нампуле, Мапуту, Бейры, Накале. Хім. і нафтахім. прам-сць (вытв-сць угнаенняў, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, сернай к-ты, аўтапакрышак) у Мапуту і Бейры. Дрэваапр. прам-сць развіта ў Мапуту, Бейры, Нампуле (мэблевая) і ў Іньямінзе (цэлюлозна-папяровая). Ёсць невял. прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. прам-сці па вытв-сці і рамонце трансп. сродкаў. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент) у Мапуту, Накале і інш. Даўж. чыгунак 4 тыс. км, аўтадарог 36 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5 тыс. км, водных шляхоў 3,8 тыс. км. Асн. трансп. магістралі служаць для транзітных перавозак паміж партамі М. і суседнімі краінамі. Гал. марскія парты: Мапуту, Бейра, Накала, Келімане. Міжнар. аэрапорты ў Мапуту і Бейры. Нафтаправод Бейра—Мутарэ (Зімбабве). Экспарт (150 млн. дол. ЗША, 1994): крэветкі, арэхі кэш’ю, бавоўна, цукар, копра, чай, цытрусавыя, драўніна, каксавальны вугаль, танталавы канцэнтрат.

Імпарт (1 млрд. дол. ЗША, 1994): нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, прамысл. сыравіна, тэкстыль, спажывецкія і харч. тавары. Асн. гандл. партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, Партугалія, Іспанія. Важнай крыніцай валютных паступленняў з’яўляюцца пераводы ад мазамбікцаў, якія працуюць у ПАР, і зборы ад транзітных грузаў. Грашовая адзінка — метыкал.

З.​М.​Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Мазамбіка.
Да арт. Мазамбік. Цэнтральная частка г. Мапуту.

т. 9, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПА́Л, Каралеўства Непал (Непал Адхірая),

дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Пл. 140,8 тыс. км². Нас. 24,3 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — непалі. Сталіца — г. Катманду. Падзяляецца на 14 зон (анчол), якія складаюцца з 75 абласцей. Нац. свята — Дзень нараджэння караля (28 снежня).

Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Заканад. ўлада належыць манарху і двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата, 205 дэпутатаў выбіраюцца прамым усеагульным і тайным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў) і Нац. асамблеі (верхняя палата, складаецца з 60 членаў, 10 з якіх назначае кароль, 35 выбіраюцца ніжняй палатай, астатнія 15 — калегіяй выбаршчыкаў. Тэрмін паўнамоцтваў верхняй палаты — 6 гадоў, яна абнаўляецца на ​1/3 кожныя 2 гады; яе роспуск не дапускаецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кіраўнік урада.

Прырода. Тэр. Н. размешчана на паўд. схіле цэнтр. ч. Гімалаяў і ў перадгор’ях. На мяжы Н. і Кітая найвыш. вяршыня Зямлі — г. Джамалунгма. На крайнім Пд краіны — вузкая паласа алювіяльнай нізіны — тэраі (ч. Інда-Гангскай раўніны). У Гімалаях вылучаюцца 3 паралельныя хрыбты: Вял. Гімалаі (сярэднія выш. 5000—6000 м), Малыя Гімалаі (выш. каля 3000 м), хр. Сівалік (700—900 м). Паміж хрыбтамі — міжгорныя даліны на выш. 1000—1500 м, найб. з іх Катманду. Ёсць невял. радовішчы каменнага вугалю, сланцаў, жал., медных, свінцова-цынкавых руд, золата, серабра і інш. Клімат трапічны, мусонны, залежыць ад выш. над узр. мора. У студз. т-ры ў ніжняй зоне 15 °C, у сярэдняй каля 0 °C; у ліп. адпаведна 30 і 21 °C. На выш. больш за 4500—5000 м т-ры ўвесь год адмоўныя, вышэй 5000—5900 м — вечныя снягі і ледавікі. Ападкаў 1000—3000 мм, месцамі больш. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, належаць бас. Ганга, найб. — Карналі, Гандак, Арун. У ніжняй зоне забалочаныя вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя лясы, у сярэдняй — лістападныя шыракалістыя з дамешкам вечназялёных дрэў, на выш. 3500—4500 м — хвойныя, вышэй — хмызнякі і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі 42% тэр. краіны. У джунглях трапляюцца сланы, тыгры, леапарды, насарогі, дзікі, у гарах — гімалайскія мядзведзі, снежныя барсы, горныя бараны, дзікія козы. Нац. паркі — Чытаўэн, Сагарматха (разам з далінай Катманду ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш., некалькі запаведнікаў.

Насельніцтва. Больш за 80% складаюць народы індаарыйскай групы: непальцы, або гуркхі — каля 13,4 млн. чал., біхарцы — каля 4,3 млн. чал., тхару, хіндустанцы, бенгальцы. Жывуць таксама народы сіна-тыбецкай сям’і (разам больш за 4 млн. чал.): тамангі, невары, магары, раі, гурунг, ламбу, бхатыя, шэрпа і інш. Каля 90% вернікаў вызнаюць індуізм, 5% — будызм (пераважна ламаізм), 3% — іслам. Сярэднегадавы прырост 2,5% (1998). Сярэдняя шчыльн. 172,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны, асабліва даліна Катманду, дзе на 1 юг прыпадае больш за 1 тыс. чал. Шчыльна населены тэраі — да 200—300 чал. на 1 км². У гарадах жыве 11% насельніцтва (1998). Найб. гарады (1993, тыс. чал.): Катманду — 535, Лалітпур — 190, Бхактапур — 132. У сельскай гаспадарцы заняты 81% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 3%, у абслуговых галінах — 16%.

Гісторыя. Паселішчы на тэр. Н. вядомы з 3-га тыс. да н.э., а дзярж. ўтварэнні — з 8 ст. да н.э. У 1769 Прытхві Нараян Шах аб’яднаў тэр. Н. ў адзіную дзяржаву і заснаваў каралеўскую дынастыю Шах, якая кіруе дагэтуль. Пасля англа-непальскай вайны 1814—16 быў заключаны Сегаульскі дагавор, які ператварыў Н. у залежную ад Вялікабрытаніі дзяржаву. У 1846 пры падтрымцы англічан уладу захапіў прэм’ер-міністр Джанг Бахадур Рана, клан якога кіраваў Н. больш за 100 гадоў, каралі Н. заставаліся намінальнымі правіцелямі. У 1951 улада клана Рана скінута і ўсталявана канстытуцыйная манархія. Пасля перамогі на выбарах партыі Непальскі кангрэс (НК, засн. ў 1947) кароль Махендра Бір Бікрам Шах Дэў [1955—72] распусціў парламент і забараніў усе паліт. партыі. Канстытуцыя 1962 усталявала беспарт. сістэму панчаятаў (саветаў), пазбаўленых рэальнай улады. Пад націскам нар. выступленняў кароль Бірэндра Бір Бікрам Шах Дэў (з 1972) санкцыяніраваў увядзенне ў 1990 новай канстытуцыі, якая ўстанавіла шматпарт. рэжым парламенцкай дэмакратыі. Але ніводная з паліт. партый не можа атрымаць устойлівую большасць у парламенце.

Унутрыпаліт. становішча Н. ў 1990-я г. характарызавалася вострай барацьбой паміж НК і Камуніст. партыяй Н. — аб’яднанай марксісцка-ленінскай (КПН — АМЛ). Становішча ўскладняе т.зв. нар. вайна, якую з 1996 вядзе адна з мааісцкіх груповак. Пасля ўрада КПН — АМЛ (1994—95) на чале з М.​М.​Адхікары ў Н. змянілася некалькі кааліцыйных кабінетаў з прадстаўнікоў НК, КПН — АМЛ і Нац. дэмакр. партыі. Н. — чл. ААН (з 1955). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1993.

Дзейнічаюць паліт. партыі: Непальскі кангрэс, Камуніст. партыя Н. — аб’яднаная марксісцка-ленінская, Нац. дэмакр. партыя.

Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з панаваннем феад. і паўфеад. адносін. Адна з найменш эканамічна развітых краін Азіі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1100 дол. (1998). Сельская гаспадарка дае 41% ВУП, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 37% (1997). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 4,5 млн. га зямель (32% пл. краіны), у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,4 млн. га (арашаецца 0,85 млн. га), пад лугамі і пашай — каля 2,1 млн. га. 70% апрацаванай зямлі прыпадае на тэраі, 27% — на сярэднягорную вобласць, 3% — на высакагор’е. У гарах земляробства на тэрасавых схілах. Захоўваюцца памешчыцкае землеўладанне і дробнае сял. землекарыстанне. Значная частка сялян арандуе зямлю. На адну сял. гаспадарку прыпадае 0,5 га пашы. Гал. харч. культура — рыс (60% пасяўных плошчаў, штогадовы збор 2—3 млн. т). Вырошчваюць у тэраях і даліне Катманду, дзе збіраюць 2—3 ураджаі за год. Там жа вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, сою, экспартныя і тэхн. культуры — джут (3-е месца ў свеце), цукр. трыснёг, бавоўнік, алейныя культуры (гарчыца, арахіс), тытунь, чай, вострыя прыправы. У гарах вырошчваюць жыта, ячмень, проса, грэчку, гарох, бульбу; адзначана незаконнае вырошчванне опіумнага маку і кантрабандны вываз опію. Жывёлагадоўля — асн. галіна ў горных раёнах, разводзяць якаў, цзо (гібрыд яка і каровы), коз, авечак. У раўнінных раёнах пераважае буйн. раг. жывёла, выкарыстоўваецца і як цяглавая сіла. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (разам з якамі, буйваламі і зебу) 10,4, коз 5,9, авечак 0,9, свіней 0,7, птушкі 15,6. У прам-сці развіты асобныя галіны. Невял. здабыча жал., медных, цынкавых, свінцовых руд, золата, слюды, мармуру і інш. Вытв-сць электраэнергіі 1 млрд. кВт∙гадз (1996), 97% атрымліваюць на невялікіх ГЭС (выкарыстоўваецца толькі 0,2% гідраэнергет. патэнцыялу краіны). Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. і лясной прадукцыі: джутавыя, тэкст., гарбарна-абутковыя, цукр., рысаачышчальныя, алейныя, піваварныя, малочныя, мукамольныя, запалкавыя, лесаапрацоўчыя. Гал. экспартнае значэнне маюць дывановая, швейная і джутавая галіны. Ёсць прадпрыемствы па выпуску паркету, тытунёвых вырабаў, цэменту, шкла, паперы, мыла і інш. Гал. прамысл. цэнтр — Катманду. Пашыраны саматужныя промыслы, звязаныя з вырабам прадметаў хатняга ўжытку, тканін, абутку, кошыкаў, цыновак, керамічнага посуду, с.-г. прылад, біжутэрыі, упрыгожанняў і інш. Экспартны кірунак маюць саматужнае дыванаткацтва і выраб прадметаў рэліг. культу. Развіта лесанарыхтоўка. Транспарт аўтамаб. і авіяцыйны. У краіне 7,7 тыс. км аўтадарог, у т. л. 3,2 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Авіяц. сувязі забяспечваюць 45 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Катманду. У гарах пераважае ўючны транспарт. Каля граніцы з Індыяй участкі чыгункі (101 км), канатная падвесная дарога (42 км). У 1997 экспарт склаў 394 млн. дол., імпарт — 1,7 млрд. дол. Н. экспартуе дываны і швейныя вырабы (70% кошту экспарту), джут і джутавыя вырабы, драўніну, рыс, алейную сыравіну, скуры, прадукцыю маст. промыслаў, імпартуе нафтапрадукты, хімікаты, трансп. сродкі, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры: Індыя (каля 30% экспарту і імпарту), ЗША, Сінгапур, Кітай, Японія. Важную ролю адыгрываюць замежны турызм і альпінізм. Асн. раён турызму — даліна Катманду, альпінізму — раёны найвышэйшых гор-васьмітысячнікаў. Штогод Н. наведвае 300—400 тыс. замежных грамадзян, краіна атрымлівае каля 200 млн. долараў. Дэфіцыт гандл. балансу часткова пакрываецца пераводамі замежнай валюты непальцамі, якія працуюць за мяжой. Н. атрымлівае замежную дапамогу (35% расходнай ч. бюджэту). Асн. донары — Японія, Германія, ЗША, Індыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, міжнар. фінансавыя арг-цыі. Знешні доўг каля 2,5 млрд. дол. (1997). Грашовая адзінка — непальская рупія.

Літ.:

Непал: история, этногр., экономика: [Сб. ст.] М., 1974;

Редько И.Б. Очерки социально-политической истории Непала в новое и новейшее время. М., 1976.

У.​М.​Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​М.​Пісараў (гісторыя).

Герб і сцяг Непала.
Да арт. Непал. Вялікі Гімалайскі хрыбет.
Да арт. Непал. Ворыва на штучнай тэрасе.

т. 11, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУА́М (Guam),

уладанне ЗША у зах. ч. Ціхага ак. Уключае в-аў Гуам (найб. з Марыянскіх астравоў) і суседнія невял. астравы. Пл. 549 км². Нас. 143 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — Аганья. Афіц. мова — англійская, пашырана мясц. мова чамора. Нац. свята — Дзень працы (3 вер.).

Прырода. Паўд., больш узвышаная (г. Ламлам, 405 м) частка вострава вулканічнага паходжання, складзена з андэзітаў, паўн., нізінная — з каралавых вапнякоў. Частыя землетрасенні. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры каля 26 °C. Гадавая колькасць ападкаў 2000—3000 мм. Дажджлівы сезон май—лістапад. У гэты сезон бываюць тайфуны. На паўд. і ўсх. схілах вільготна-трапічныя лясы, на Пн ксерафітна-злакавыя саванны. На паўн.-ўсх. канцы — запаведнік Паці-Пойнт (пл. 304 га).

Насельніцтва. 43% складае мікранезійскі народ чамора — карэнныя жыхары вострава, 29% — выхадцы з Філіпін (пераважна ілокі), 28% — амерыканцы (ваеннаслужачыя на ваен. базах і члены іх сем’яў). Больш за 80% вернікаў католікі. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана ў невял. гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы.

Гісторыя. Карэнныя жыхары — абарыгены чамора здаўна называлі востраў Гуам. Першым з еўрапейцаў в-аў адкрыў у 1521 Ф.Магелан. Да канца 17 ст. Гуам каланізавалі іспанцы (пасля задушэння шэрагу паўстанняў мясц. насельніцтва ў 1670—95), на востраве размясцілася рэзідэнцыя ісп. губернатара Марыянскіх а-воў. Асн. заняткам карэннага насельніцтва было земляробства. У 1825 і 1828 у сувязі з заходам на Гуам брыт. і амер. кітабойных суднаў пачата стварэнне партовай службы (у Апры і Уматаку). У выніку ісп.-амер. вайны 1898 востраў стаў уладаннем ЗША, якія ператварылі яго ў апорны пункт на Ціхім ак. У 2-ю сусв. вайну тут 10.12.1941 высадзіўся яп. дэсант, які прымусіў капітуляваць невял. амер. гарнізон і служачых гуамскай марской паліцыі і добраахвотніцкай арміі. 21.7.1944 у межах ваен. аперацыі «Фуражыр» на востраў высадзіліся амерыканцы і ў ходзе жорсткіх 22-дзённых баёў амаль цалкам знішчылі яп. гарнізон. Да 30.5.1946 востравам кіравала амер. ваен. адміністрацыя, ён стаў буйнейшай ваен.-марской базай ЗША на Ціхім ак. У 1949 кіраванне Гуам перададзена грамадз. адміністрацыі. Пасля прыняцця ў 1950 у ЗША «Акта аб Гуаме» ўсе жыхары вострава, якія нарадзіліся пасля 11.4.1899, атрымалі амер. грамадзянства (без права ўдзелу ў нац. выбарах), абраны мясц. аднапалатны заканад. орган — Гуамскі кангрэс (21 дэпутат). У 1952 тут створана першая ВНУ — Тэр. каледж Гуама. У 1970 гуамцам дадзена права выбіраць на 4 гады губернатара вострава (раней яго прызначаў прэзідэнт ЗША). З 1982 Гуам мае ўнутр. аўтаномію. Дзейнічаюць мясц. аддзяленні Рэсп. і Дэмакр. партый ЗША.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — турызм. Штогод Гуам наведваюць 600—800 тыс. турыстаў (85% — японцы). Вял. значэнне маюць даходы ад ваен. аб’ектаў ЗША. На востраве 2 буйныя ваен. базы ЗША: паветраная Андэрсен, марская Апра-Харбар. Жыхары вырошчваюць агародніну, а таксама кукурузу, каву, бананы, цукр. трыснёг, тара і інш. трапічныя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. На невял. прадпрыемствах вырабляюць какосавы алей, мыла, цэмент, чарапіцу, штучны лёд, безалкагольныя напіткі, хлебабулачныя вырабы. З рамёстваў развіты пляценне, выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў з ракавін і бісеру, разьбярства па дрэве. Унутр. транспарт аўтамабільны. Востраў — важны вузел паветр. і марскіх камунікацый. Гал. парты Апра-Харбар і Аганья. Экспарт нязначны, імпарт — прамысл. і харч. тавары. Грашовая адзінка — долар ЗША.

Літ.:

Малаховский К.В. Остров, открытый Магелланом (Гуам). М., 1975.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 5, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)