тэрмабарака́мера

(ад тэрма- + баракамера)

герметычная камера, у якой можна змяняць тэмпературу і ціск паветра; выкарыстоўваецца пры вывучэнні ўплыву тэмпературы і ціску на чалавека, жывёл і раслін, для лячэння людзей, трэніроўкі касманаўтаў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

харафі́ты

(н.-лац. charophyta)

аддзел водарасцей; мнагаклетачныя кусцістыя арганізмы, вонкавым выглядам падобныя да вышэйшых раслін — хвашчу і рагалісніку, для якіх характэрна размнажэнне вегетатыўнае і палавое (аагамія) пашыраны ў чыстых прэсных і саланаватых водах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эўаскаміцэ́ты

(н.-лац. euascomycetidae)

падклас аскаміцэтаў, для якога характэрна фарміраванне аскаў у тыповых пладовых целах (апатэцыях, перытэцыях, клейстатэцыях); пашыраны па ўсім зямным шары; пераважна сапратрофы, некаторыя — паразіты раслін, жывёл і чалавека; пладасумчатыя грыбы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ву́сікі, ‑аў; адз. вусік, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да вусы (у 1, 2 знач.); маленькія вусы. Собіч не любіў гэтага чалавека, вяртлявага, цыбатага, быстравокага, з тоненькімі моднымі вусікамі. Скрыган.

2. Ніткападобныя атожылкі на сцябле некаторых паўзучых раслін, якімі яны прымацоўваюцца да іншых прадметаў. У прыбудоўцы сенцах гаспадарыць адзін толькі неспакойны вецер,.. пакалыхваючы дзікі вінаград, што моцна ўчапіўся за тонкія дошкі, за кроквы, пераплёўшы іх сваімі цапкімі вусікамі. Колас.

3. Членістыя прыдаткі на галаве ў членістаногіх жывёл.

4. Спец. Доўгія тонкія выступы якой‑н. дэталі, прыстасавання ў выглядзе спружынак, дроцікаў. [Язэп] захапіў рукой жыта і раптам убачыў міну і два драцяныя вусікі, што тырчалі ў розныя бакі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сноп, снапа; мн. снапы, ‑оў; м.

1. Звязаны пук зжатых сцёблаў збажыны і некаторых іншых культур. [Аня] паволі перавязала хустку, устала са снапа, выпіла з гладышкі цёплай вады і падалася да сястры жаць. Мележ. Жанкі на густым жыце панажыналі па пяцьдзесят снапоў. Мурашка. // чаго. Вялікі пук, бярэмя якіх‑н. раслін. Цэлы сноп .. [кветак], белых, светла-ружовых, малінавых, стаяў на стале. Васілевіч.

2. перан.; чаго. Паток чаго‑н. (праменяў, іскраў і пад.), які разыходзіцца пучком. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў. Колас. Угору шугануў сноп іскраў. Ваданосаў.

•••

Як сноп (паваліцца, упасці і пад.) — усім целам, цяжка (паваліцца, упасці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шука́льнік, ‑а, м.

1. Чалавек, заняты пошукамі чаго‑н. Нястомным шукальнікам і адкрывальнікам хараства з’яўляецца ў сваіх новых творах У. Дубоўка. Гіст. бел. сав. літ. У шукальнікаў папараць-кветкі І праўды; У мару, Што вечна жыве чаканнем, — Не кіну ніколі — Насмешкі каменем, Бо траплю ў сябе. Арочка. // Асоба, якая займаецца прафесійна адкрыццём, пошукамі радовішчаў, новых раслін і пад. Прайшоў я шмат па сушы і па вадзе, Дапытлівы шукальнік і геолаг. Звонак. Вось так прайшлі шукальнікі алмазаў Удоўж і ўшыр суровую тайгу. Калачынскі.

2. Спец. Прыбор, прыстасаванне, якія служаць для адшуквання якіх‑н. аб’ектаў. Запальваюцца кантрольныя лямпачкі. Недзе ўнутры пацокваюць шагавыя шукальнікі, прыглушана гудуць механізмы. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сістэма́тыка

(гр. systematikos = упарадкаваны)

1) прывядзенне ў сістэму, класіфікацыя прадметаў, з’яў (напр. с. ізатопаў);

2) навука аб размеркаванні жывёл і раслін па відах, родах, сем’ях, атрадах, класах і тыпах (напр. с. рыб, с. птушак).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эўбактэ́рыі

(н.-лац. eubacteriales)

парадак бактэрый, для якіх характэрна наяўнасць усіх тыповых прыкмет пракарыётаў, тыповымі прадстаўнікамі з’яўляюцца псеўдаманады, энтэрабактэрыі, бацылы, спірылы і інш.; пашыраны ў вадзе і глебе, некаторыя паразіты раслін, жывёл і чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРЭ́Х (Juglans),

род кветкавых раслін сямейства арэхавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўднёвай Еўропе, Азіі, Амерыцы. У некаторых месцах утвараюць так званыя арэхавыя лясы. Шэраг відаў вырошчваюць з прамысловымі мэтамі. На Беларусі ў паўднёвых і заходніх раёнах, у садах і парках вырошчваюць як інтрадукаваныя дэкаратыўныя і арэхаплодныя культуры арэх грэцкі (J. regia), маньчжурскі (J. mandshurica), шэры (J. cinerea), чорны (J. nigra) і інш.

Лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 м з разгалістай кронай. Лісце буйное, складанае няпарнаперыстае. Кветкі раздзельнаполыя: мужчынскія ў доўгіх каташках, жаночыя адзіночныя або па некалькі ў гронках. Плод касцянкападобны з вонкавай мясістай зялёнай абалонкай і цвёрдай дравяністай унутранай; мае гаспадарчую назву «арэх». Ядры арэхаў (насенне) смачныя, багатыя алеем (да 68%), бялкамі (да 18%), вугляводамі. Выкарыстоўваецца ў харчовай і кандытарскай прамысловасці. Лісце і абалонкі пладоў маюць вітамін C і дубільныя рэчывы. Драўніна арэха прыгожая, цвёрдая, з малюнкам; з яе робяць мэблю, музычныя інструменты і інш.

Арэх грэцкі.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПЕРГІ́Л (Aspergillus),

род недасканалых грыбоў класа гіфаміцэтаў. Каля 100 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Упершыню апісаны італьян. міколагам П. Мікелі ў 1729. На Беларусі найб. практычнае значэнне маюць аспергілы: чорны (Aspergillus niger), жоўта-рысавы (Aspergillus flavus-oryzae), гнездавы (Aspergillus nidulans), дымучы (Aspergillus fumigatus), рознакаляровы (Aspergillus versicolor). Большасць іх сапратрофы. Развіваюцца ў глебе, асабліва на раслінных субстратах. Некаторыя — паразіты чалавека, жывёл і раслін, узбуджальнікі аспергілёзу.

Калоніі аспергілаў — напылы плесні рознага колеру, часцей блакітна-зялёнага і чорнага. Вегетатыўнае цела — шматклетачны, галінасты, бясколерны або бледна-карычневы міцэлій унутры субстрату. Канідыяносцы аднаклетачныя ці з папярочнымі перагародкамі. Канідыі розных колеру, формы і памераў. Пладовыя целы (клейстатэцыі) шарападобныя, светлыя. Сумкі акруглыя або эліптычныя. Разбураюць тканіну, скуру, пластмасы. Выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці як прадуцэнты антыбіётыкаў, ферментаў, арган. к-т, вітамінаў, спірту, алкалоідаў, а таксама пры ацэнцы ўстойлівасці паперы да плеснення, пры вызначэнні эфектыўнасці фумігацыі, у лабараторных даследаваннях. Некаторыя віды выкарыстоўваюць для біял. барацьбы з фітапатагенпымі мікраарганізмамі.

Аспергіл чорны: 1 — агульны выгляд; 2 — канідыяносец з канідыямі.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)