Існавалі ў 1866—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Гомельская мужчынская гімназіязасн. ў 1866 на базе 3-класнага вучылішча як 4-класная прагімназія, з 1877 — 6-класная. У 1897 пераўтворана ў поўную 8-класную гімназію з падрыхтоўчым класам (1—4-ы класы паралельныя). Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. Вучыліся пераважна дзеці мяшчан, дваран, чыноўнікаў і заможных сялян. У 1909 — каля 30 выкладчыкаў, 471 навучэнец. Гомельская жаночая гімназія, засн. 1.7.1882 на базе жан. пансіёна як 4-класная прагімназія, у 1897—99 адчынены 5—7-ы класы, у 1909 — 8-ы пед. (з вер. 1917 агульнаадук. клас). Мела падрыхтоўчы і паралельныя класы. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне, сродкаў дзярж., гар. бюджэту, т-ва дапамогі бедным навучэнкам, заможных асоб. На 1.1.1917 было 19 класаў, каля 30 выкладчыкаў, 885 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія В.А.Копіш, адкрыта ў 1907 як 4-класная прагімназія, з 2.8.4.1908 — 7-класная гімназія. У 1911 — 23 выкладчыкі, 349 вучаніц. Прыватная яўрэйская мужчынская гімназія А.Е.Ратнера, адкрыта ў 1907 у складзе 8 класаў. У 1911 — 27 выкладчыкаў, 255 навучэнцаў. Прыватная жаночая навучальная ўстанова Л.С.Абалонскай (з правамі гімназіі), засн. ў 1915 як 7-класная, потым адкрыты 8-ы клас. Прыватная жаночая прагімназія М.А.Табалевіч-Федароўскай, засн. Ў 1908 як жаночае вучылішча, у 1911 пераўтворана ў 7-класную прагімназію. Выкладаліся тэорыя і практыка замежных моў, гімнастыка і танцы. Гімназія мела дзіцячы сад. Працавалі таксама жаночыя яўр. прагімназіі М.А.Эльяшава і А.Я.Сыркінай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922,
міжнародная канферэнцыя па эканам. і фін. пытаннях. Асн. яе мэта — пошукі шляхоў эканам. аднаўлення Цэнтр. і Усх. Еўропы пасля 1-й сусв. вайны. Адбылася 10.4—19.5.1922 у г. Генуя (Італія). Удзельнічалі 29 дзяржаў (у т. л. РСФСР) і 5 дамініёнаў Вялікабрытаніі. Дэлегацыя Сав. Расіі (узначальваў Г.В.Чычэрын) прадстаўляла на Генуэзскай канферэнцыі інтарэсы і інш.сав. рэспублік, у т. л.БССР. Прадстаўнікі вядучых краін Еўропы запатрабавалі ад Сав. Расіі прызнаць усе даўгі і фінансавыя абавязацельствы царскага і Часовага ўрадаў, вярнуць нацыяналізаваныя прадпрыемствы замежным уладальнікам, адмяніць манаполію знешняга гандлю. Дэлегацыя РСФСР адхіліла гэтыя прэтэнзіі і патрабавала кампенсаваць ёй страты ад іншаземнай інтэрвенцыі і эканам. блакады. Сав. дэлегацыя не дамаглася анулявання даўгоў, атрымання крэдытаў, прызнання Сав. дзяржавы дэ-юрэ. Але яна заключыла 16.4.1922 у Рапала (каля Генуі) дагавор паміж РСФСР і Германіяй, які аднаўляў паліт., дыпламат. і эканам. сувязі паміж імі. У лютым 1922 умовы Рапальскага дагавора распаўсюджаны і на БССР, Германія была другой пасля Польшчы і апошняй замежнай краінай, якая прызнала БССР дэ-юрэ.
Імкнучыся выкарыстаць Генуэзскую канферэнцыю, каб дамагчыся міжнар. прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада міністраў БНР адправіла ў Геную дэлегацыю ў складзе старшыні Рады міністраў В.Ластоўскага і міністра замежных спраў А.Цвікевіча. Перад ёй былі пастаўлены задачы: узняць пытанне аб пераглядзе Рыжскага мірнага дагавора 1921; дамагчыся ўключэння ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі пытанняў аб незалежнасці Беларусі, аб кампенсацыі страт, нанесеных Беларусі 1-й сусв. вайной. Бел. пытанне разглядалася на паліт. камісіі канферэнцыі, але на пленарнае пасяджэнне вынесена не было.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗАБЕТО́Н,
штучны будаўнічы матэрыял з бетону і стальной арматуры, якія маналітна злучаны і працуюць у канструкцыі як адно цэлае. Сумесная работа бетону і арматуры забяспечваецца іх трывалым счапленнем, амаль аднолькавымі каэф. лінейнага расшырэння. Бетон успрымае ў асн. сціскальныя намаганні, надае канструкцыі жорсткасць, ахоўвае арматуру ад карозіі; арматура (падоўжаныя стрыжні, папярочныя хамуты, мантажная для каркасаў) успрымае расцягвальныя намаганні. Вызначаецца высокай трываласцю, даўгавечнасцю, вогнеўстойлівасцю, прастатой формаўтварэння. Выкарыстоўваецца ў жыллёвым і прамысл. буд-ве, мостабудаванні, гідратэхн. буд-ве і інш. З Ж. робяць разнастайныя жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.
Ж. бывае звычайны і папярэдне напружаны (яго арматуру перад бетанаваннем штучна нацягваюць, што абціскае бетон, павялічвае яго трываласць і трэшчынаўстойлівасць; гл.Папярэдне напружаныя канструкцыі), саманапружаны (робіцца з выкарыстаннем т.зв. напружвальнага цэменту, які пры цвярдзенні расшыраецца), зборны, маналітны і інш. Патэнт на Ж. атрымаў франц. вучоны Ж.Манье ў 1867. Канструкцыі з Ж. хутка пашырыліся ў Англіі, ЗША, Расіі (з 1885) і інш. краінах. У 1901—02 на чыг. лініі Віцебск—Жлобін было пабудавана 27 жалезабетонных мастоў і пуцеправодаў. Ж. стаў адным з найб. пашыраных матэрыялаў у буд-ве, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях будынкаў і збудаванняў (фундаментаў, пліт, сцен, труб, мастоў, плацін і г.д.), ва ўсіх кліматычных зонах (фіз.-мех. ўласцівасці Ж. пры т-рах ад -40 да + 60 °C практычна не змяняюцца). Значны ўклад у развіццё навукі пра Ж. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.А.Белялюбскі, А.Ф.Лалейт, Р.П.Перадзерый, В.В.Міхайлаў, А.А.Гвоздзеў, бел. вучоныя І.М.Ахвердаў, Я.І.Дрозд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,
сярэдняя ваенна-навучальная ўстанова закрытага тыпу. Спачатку прызначаліся для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей (у асн. афіцэраў) да вайск. службы. Узніклі ў Прусіі ў 1653. У Рэчы Паспалітай да вайск. службы рыхтавалі Варшаўская школа рыцарства (1765—95), Гродзенскі і Нясвіжскі К.к. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) прускі кароль Фрыдрых Вільгельм II заснаваў Калішскі кадэцкі корпус (1793—1831). У Рас. імперыі К.к. існавалі ў 1732—1917. Падпарадкоўваліся Гал. ўпраўленню ваенна-навуч. устаноў. У 18 ст. мелі самаст. кіраванне, рыхтавалі кадры для вайск. і цывільнай службы, з 1830-х г. пераважна для вайсковай. Падзяляліся на губернскія, сталічныя і спец. (артылерыйскі, інжынерны, марскі). У 1857—63 выпускнікі К.к. атрымлівалі адразу афіцэрскі чын (да 1857 з губернскіх пераводзіліся ў сталічныя). У выніку ваен. рэформ 1860—70-х г. рэарганізаваны ў ваенныя гімназіі, у 1882 адноўлены. З гэтага часу ў К.к. давалі агульную адукацыю з элементамі ваеннай падрыхтоўкі. З 1913 у некаторыя К.к. прымаліся дзеці недваранскага паходжання. Выпускнікі, як і ваенных гімназій, пераводзіліся ў ваенныя вучылішчы, дзе атрымлівалі спец. падрыхтоўку. У жн. 1917 К.к. перайменаваны ў гімназіі ваен. ведамства. Да 1917 у Рас. імперыі было 29 К.к. (акрамя Марскога і Пажскага), у якіх навучалася больш за 10 тыс.чал. На Беларусі ў 1842—63 існаваў Брэсцкі кадэцкі корпус, у 1835—1918 — Полацкі кадэцкі корпус. Шклоўскае шляхетнае вучылішча ў 1778—97 існавала як прыватная навуч. ўстанова.
Літ.:
Алпатов Н.И. Учебно-воспитательная работа в дореволюционной школе интернатного типа: (Из опыта кадетских корпусов и воен. гимназий в России). М., 1958;
Брыгадзін П., Лукашэвіч А. Шклоўскае шляхетнае вучылішча // Бел. мінуўшчына. 1997. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРМА́Ш,
перыядычныя таргі, рынкі тавараў, якія арганізуюцца ў пэўным месцы і ў пэўны час; сезонны продаж тавараў. Паводле складу ўдзельнікаў бываюць мясцовыя, рэгіянальныя, нац., міжнар. і сусветныя; падзяляюцца на універсальныя, шматгаліновыя, спецыялізаваныя (асабліва тэхнічныя). Узніклі пры першабытнаабшчынным ладзе, калі суседнія плямёны сыходзіліся, каб абмяняцца прадуктамі працы. Пашырыліся з развіццём эканам. сувязей паміж гарадамі і краінамі. Прымяркоўваліся да рэліг. свят ці пэўных пораў года, ад якіх часта паходзілі іх назвы (веснавы, асенні і да т.п.). На Беларусі першы К. афіцыйна дазволены ў 1498 у Полацку. Акрамя мясцовага, ён абслугоўваў транзітны гандаль Смаленска з Прыбалтыкай. Замежным купцам дазвалялася гандляваць у бел. гарадах толькі на К., таму яны ператвараліся ў вял. цэнтры міжнар. гандлю. У 15 ст. К. ўзніклі ў Мінску, Оршы, у 16 ст. — у Гродне. У 18 ст. вызначыўся Зэльвенскі К., які абслугоўваў гандл. абарот Гродзенскай губ. і суседніх з ёю ўкр., польскіх, літ. і латв. зямель. На пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 125 К. з абаротам 1508 тыс.руб. Гандлявалі пераважна лёнам, футрам, воскам, збожжам, мясам, жывёлай, а таксама таварамі, што прывозілі замежныя гандляры. У Расіі ў пач. 20 ст.было 18,5 тыс. К., найб. з іх Ніжагародскі, Ірбіцкі і інш. З развіццём рыначных адносін К. з цэнтраў прывозу буйных партый наяўнага тавару ператварыліся ў К. ўзораў, К.-выстаўкі, на якіх экспанентам дазваляецца паказваць узоры сваёй прадукцыі і заключаць гандл. здзелку ў нац. і міжнар. маштабах. Найбольшыя сучасныя міжнар. К. збіраюцца ў Мілане, Парыжы, Ліёне, Гановеры, Лейпцыгу, Познані, Таронта, Дамаску і інш.
Кірмаш у Слоніме. Пач. 20 ст.Да арт.Кірмаш. На Лейпцыгскім кірмашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯЗЬ,
кіраўнік манархічнай дзяржавы ці асобнага паліт. ўтварэння (удзельны К.) пераважна ў 9—16 ст. у славян і інш. народаў; пазней дваранскі тытул. Першапачаткова К. — правадыр племя часоў дакласавай ваен. дэмакратыі; паступова ён ператварыўся ў кіраўніка феад. дзяржавы, напачатку выбарнага, потым спадчыннага (напр., Рурыкавічы на Русі, Гедзімінавічы і Ягелоны ў ВКЛ, Пясты ў Польшчы, Пржэмыславічы ў Чэхіі). К., што ўзначальвалі ВКЛ і буйныя дзярж. ўтварэнні на Русі, наз.вялікімі князямі. У Польшчы, Чэхіі, Румыніі і Сербіі кіруючыя К. прынялі каралеўскі тытул. З утварэннем цэнтралізаваных манархій удзельныя К. паступова страчвалі свае суверэнныя правы і станавіліся прыдворнымі велікакняжацкіх двароў Расіі (з 1547 царскага) і ВКЛ, каралеўскага ў Польшчы і інш. Паступова з разрастаннем княжацкіх родаў значэнне тытула К. зменшылася. Стаць К. у ВКЛ і Польшчы можна было толькі праз нараджэнне ў сям’і К. (выключэнне — прадстаўнікі вышэйшага каталіцкага духавенства — біскупы і канонікі, якія карысталіся княжацкім тытулам пажыццёва), таму бел. магнаты Радзівілы (у 16 ст.) і Сапегі (у 18 ст.) набылі сабе ад імператараў «Свяшчэннай Рым. імперыі» ганаровы тытул імперскіх К. У Расіі да 18 ст. тытул К. быў таксама толькі радавым. З 1707 рас. цары пачалі надаваць тытул К. вышэйшым саноўнікам за асаблівыя заслугі перад дзяржавай. Адначасова ў Расіі на ўзор «Свяшчэннай Рым. імперыі» ўведзена больш высокая за звычайны княжацкі тытул ступень княжацкай годнасці — тытул святлейшага К. («яго светласці», у адрозненне ад «іхніх сіяцельстваў» — інш. князёў). Княжацкія тытулы ў Расіі адменены ў адпаведнасці з дэкрэтам ВЦВК «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў» ад 10(23).11.1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РМЧЫЯ КНІ́ГІ (ад стараслав. кръмьчии — стырнавы, рулявы),
зборнікі царк. і свецкіх законаў, якія выкарыстоўваліся пры кіраванні царквой і ў духоўных судах паўд. і ўсх.-слав. краін. Аб’ядноўвалі царк. правілы, пастановы ўсяленскіх і памесных сабораў, імператарскія пастановы адносна царквы, вытрымкі з заканад. зборнікаў. Т. зв.Кормчая 14 тытулаў без тлумачэнняў (Старажытнаславянская кормчая) — пераклад з грэч. мовы, зроблены ў Балгарыі ў пач. 10 ст. На Русь трапіла ў 11 ст.Найб. ранні яе спіс наўгародская Яфрэмаўская кормчая пач. 12 ст. Гістарыяграфічныя матэрыялы К.к. выкарыстоўваліся пры напісанні рус. летапісаў, некат. іх палажэнні ўключаны ў мясц. помнікі царк. права. У канцы 12 ст. ў Грэцыі складзена асобая рэдакцыя К.к., перакладзеная ў Сербіі ў 1-й пал. 13 ст. на стараж.-слав. мову і атрымала назву Сербскай рэдакцыі. Яна змяшчала і новыя заканад. палажэнні. У 15—16 ст.найб. пашырэнне мела на землях ВКЛ і разглядалася як кодэкс права. Мела некалькі спісаў, у т. л. Румянцаўскі (апошняя трэць 15 ст.), Пінскі спіс 1634. З ВКЛ Сербская рэдакцыя трапіла ў Маскоўскую Русь. Апошняе яе выданне ў 1816. У 1260—70-я г. на Русі ўзнікла Руская рэдакцыя К.к. на аснове больш ранніх рэдакцый з дапаўненнем мясц. тэкстаў. («Закон судны людзям», інш.юрыд. помнікі, манаскія статуты і правілы, гіст. і біягр. творы і інш.). К.к. Рус. рэдакцыі былі пашыраны на ўсёй Русі. Спісаў Сербскай рэдакцыі К.к. на землях Украіны і Беларусі (захавалася больш як 10) было больш, чым спісаў Рус. рэдакцыі (3 экз.), што тлумачыцца яе больш раннім распаўсюджваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ВА,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Краўлянка, каля аўтадарогі Ашмяны—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад горада і 20 км ад чыг. ст. Смаргонь, 222 км ад Гродна. 812 ж., 357 двароў (1998).
Упершыню згадваецца ў ням. хроніках (13 ст. як сталіца Нальшчанаў. З 1260-х г. (пасля ўцёкаў мясц. князя Даўмонта) у складзе ВКЛ. У 14 ст. цэнтр Крэўскага княства, пабудаваны Крэўскі замак. У К. падпісана Крэўская унія 1385, у 1387 заснаваны адзін з першых у ВКЛ касцёл. Пасля 1391 К. ў Ашмянскім пав. Да 17 ст. неаднаразова было месцам барацьбы ў час усобіц і войнаў. У 17—18 ст. мястэчка. мела магдэбургскае права. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з буйнейшых цэнтраў керамічнай вытв-сці (гл.Крэўская кераміка). У 1897 у К. 1380 ж., 217 двароў. 2 царквы, сінагога, вучылішча, школа, 2 магазіны, 5 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1972—1155 ж. У 1998 створаны міжнар. фонд «Крэва» — грамадская недзярж. арг-цыя з мэтай садзейнічання захаванню і адраджэнню Крэўскага замка.
Лясніцтва. Дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл Праабражэння Гасподняга (1997). Брацкія могілкі салдат рус. арміі, што загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Аляксандра Неўскага (1854). На зах. ускраіне вёскі захаваліся руіны Крэўскага замка і гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЖСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства Полацкай зямлі ў 12—15 ст.
Цэнтр — г. Лагожск (сучасны г.Лагойск Мінскай вобл.). Магчыма, ’першым уладальнікам Л.к. ў 1127 быў кн.Брачыслаў. Непасрэдна лагожскімі князямі Іпацьеўскі летапіс называе Усяслава Мікуліча (1180) і Васільку Валадаравіча. Верагодна, Л.к. было адным з удзелаў Мінскага княства. Не пазней як у 1-й пал. 14 ст. княства ўвайшло ў ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. належала Войшвілу (паводле адной з версій — сыну Кейстута). У 1387 вял.кн. Ягайла аддаў Л.к. разам з Трокскім і Полацкім княствамі свайму брату Скіргайлу, які фактычна быў яго намеснікам у ВКЛ. У 1392 Ягайла вымушаны быў перадаць уладу ў ВКЛ Вітаўту, які пачаў раздаваць асобныя маёнткі Л.к.: Ганявічы і Корань у 1395 — віленскаму біскупству, Гасцілавічы — віленскаму ваяводу Войцеху Манівіду (у 1407 пацверджаны навечна); Коцалі ў канцы 14 ст. — новаўтворанаму касцёлу ў Гайне. Магчыма, да Л.к. належала і Харэцкая воласць у вярхоўях р. Бярэзіна, раздача якой у прыватную уласнасць адбывалася адначасова. Не пазней як у 1-й пал. 15 ст. з Л.к. вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Зазер’е і, верагодна, Смалявічы, якія належалі пану Судзімонту Доргевічу. Пасля смерці апошняга (1448) спадчыннае права на гэтыя маёнткі пацверджана яго сыну Алехну. У сярэдзіне 15 ст. ад Л.к. заставалася невял. частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала кіеўскаму кн. Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 — яго малодшаму брату Андрэю. Пасля смерці Андрэя ў 1457 Гайна пакінута ва ўласнасці яго нашчадкаў, а Лагойск вернуты вял. князю і ў 1460 нанова падараваны кн. Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў архітэктуры і жывапісе Паўн. Італіі (назва ад гіст. вобласці Ламбардыя) у 8—15 ст. У архітэктуры склалася на працягу 8—10 ст. Адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні т.зв. першага раманскага стылю ў Італіі. Узор яе царк. архітэктуры — 3-нефавая базіліка са слаба выражаным трансептам, крыптай і кампанілай. У інтэр’еры строгае рытмічнае чляненне, падкрэсленае сістэмай скляпеністых перакрыццяў, тэктанічны ўзор вонкавых сцен з лапатак, аркатурных фрызаў і аркадных, т. зв. карлікавых галерэй (цэрквы Сант-Амброджа ў Мілане, асн.буд-ва ў 11—12 ст.; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У росквіце было мастацтва разьбы на камені (майстры Нікалао, Бенедэта Антэламі і інш.). Готыка тут атрымала падкрэслена статычную інтэрпрэтацыю, набыла дэкар. характар (Міланскі сабор, пачаты ў 1386). Пабудовы эпохі Адраджэння (арх. А. Філарэтэ, Г. Салары, Дж. А. Амадэо) адметныя багаццем дэкар. уставак, якія падкрэсліваюць роўнядзь сцяны, наватарскімі па будове ўнутр. прасторы арх. кампазіцыямі (творчасць Д.Брамантэў).
Жывапіс у ламбардскага трэчэнта і ранняга кватрачэнта ўласцівы крохкая вытанчанасць форм, паэтычнасць. Ён развіваўся ў рэчышчы т. зв.інтэрнац. готыкі (мініяцюры ў рукапісных «гербарыях» і «лячэбніках», анімалістычныя малюнкі Дж. дэ Грасі). Значная роля ў развіцці жывапісу кватрачэнта належыць Пізанела. У 2-й пал. 15 ст. ўзмацніліся ўплывы фларэнтыйскага мастацтва і творчасці А.Мантэньі. У творах майстроў гэтага часу пераважалі пластычная яснасць кампазіцыі, змякчаны каларыт, святлоценявая мадэліроўка (В.Фопа, Іль Берганьёне, Браманціна, Брамантэ). У эпоху Высокага Адраджэння асноватворным стаў уплыў мастацтва Леанарда да Вінчы і яго школы. У 2-й пал. 16 ст. ўтварылася асобная брэшыянская школа, у якой спалучыліся традыцыі Л.ш. і венецыянскай школы жывапісу.