САКО́ТА,
мусульманскае феадальна-тэакратычнае дзярж. аб’яднанне (халіфат) у Зах. Судане ў ніжнім цячэнні р. Нігер у 19 — пач. 20 ст. Створана ў выніку паўстання ў пач. 19 ст. народа фульбе пад лозунгам «свяшчэннай вайны» (гл. Джыхад) супраць правіцеляў дзяржаў хаўса. Да сярэдзіны 19 ст. ахоплівала землі сучасных Паўн. Нігерыі, Паўд. Нігера і Паўн. Камеруна. Складалася з эміратаў, многія з якіх толькі намінальна прызнавалі ўладу халіфа са сталіцай у г. Сакота. Пасля ваен. разгрому С. ў 1903 брыт. войскамі яго тэр. ўвайшла ў склад калан. уладанняў Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі.
т. 14, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМУІ́Л (?—6.10.1014),
цар [997—1014] Заходне-Балгарскага царства, якое ў 969 вылучылася са складу Першага Балгарскага царства і адстойвала сваю незалежнасць пасля захопу Візантыяй Усх. Балгарыі (971). Нанёс шэраг паражэнняў візантыйцам і вызваліў ад іх б.ч. балг. зямель, далучыў да свайго царства Сербію, значныя часткі Фесаліі і Эпіра. У 1014 пры Бяласіцы пацярпеў паражэнне ад візант. імператара Васілія II Балгарабойцы. Пераможца асляпіў 15 000 балг. палонных і накіраваў іх да С., які не вытрымаў гэтага відовішча і раптоўна памёр. У балг. гіст. традыцыі С. — узор цара-воіна і барацьбіта за незалежнасць.
т. 14, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНЬГО́, Трохцарства,
перыяд у гісторыі Кітая (220—265 або 220—280), калі пасля распаду імперыі Хань ён быў падзелены на тры царствы (Вэй, У і Шу), якія вялі паміж сабой бясконцыя войны за гегемонію над усёй краінай. Напачатку дамінавала царства Шу, але ў 263 знясіленае ўнутр. барацьбой яно было заваявана царствам Вэй. У 265 уладу ў царстве Вэй захапіў палкаводзец Сыма Янь, які заснаваў дынастыю Цзінь [265—420], а ў 280 канчаткова заваяваў царства У. Перыяд С. адлюстраваны ў гіст. рамане 14 ст. «Апавяданні з гісторыі Трохцарства».
т. 14, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РАБО́ЧЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,
міжнароднае аб’яднанне с.-д. партый ў 1923—40. Засн. на аб’яднаўчым кангрэсе Бернскага інтэрнацыянала і Інтэрнацыянала 2 1/2 (май 1923, г. Гамбург, Германія). У сваёй дзейнасці кіраваўся ідэалаг. ўстаноўкамі і тэорыямі рэфармізму («арганізаваны капіталізм», «гаспадарчая дэмакратыя», «чыстая дэмакратыя» і інш.), адмоўна ставіўся да камуніст. руху і СССР. Спыніў існаванне ў пач. 2-й сусв. вайны, пасля таго як ням.-фаш. войскі акупіравалі г. Брусель (1940), дзе з 1935 знаходзілася штаб-кватэра С.р.і. Яго пераемнікам у наш час з’яўляецца Сацыялістычны інтэрнацыянал (засн. ў 1951).
т. 14, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́НХУВУД ((Svinhufvud) Пер Эвінд) (15.12.1861, г. Сяксмякі, Фінляндыя — 29.2.1944),
фінляндскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Уваходзіў у партыю младафінаў. З 1894 дэп. сейма, у 1907—12 яго старшыня. Выступаў за незалежнасць Фінляндыі ад Рас. імперыі, за што ў 1914 высланы рас. ўладамі ў Сібір (вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917). З ліст. 1917 першы прэм’ер-міністр незалежнай Фінляндыі. У 1918 часовы кіраўнік дзяржавы. У ліп. 1930 — лют. 1931 прэм’ер-міністр (падтрымліваў нацыяналіст. лапуаскі рух; назва ад г. Лапуа), у 1931—37 прэзідэнт Фінляндыі. Пазней адышоў ад паліт. дзейнасці.
т. 14, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЯШЧЭ́ННАЯ ДРУЖЫ́НА»,
«добраахвотная ахова», тайная арг-цыя, створаная прыдворнай арыстакратыяй у Расіі ў 1881 для барацьбы з рэв. рухам. Засн. пасля замаху нарадавольцаў на цара Аляксандра II (гл. таксама І.Я.Грынявіцкі). Гал. яе кіраўнікі П.П.Шувалаў, І.І.Варанцоў-Дашкаў і інш.; у склад уваходзілі вял. князі, міністры, генералы. Арг-цыя мела разгалінаваную агентуру ў Расіі і за мяжой, двайную канспірацыю. Удзельнікі «С.д.» грамілі падп. друкарні, наладжвалі паліт. вышук; з правакацыйнымі мэтамі выдавалі ў Жэневе газ. «Вольное слово» і «Правда». У канцы 1882 дзейнасць «Сд.» спынена.
т. 14, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯЗА́ВЯЗЬ, семязачатак,
шматклетачнае ўтварэнне насенных раслін, з якога развіваецца насенне. Мае ў сабе нуцэлус, дзе знаходзіцца мацярынская клетка мегаспор (мегаспарацыт), 1—2 інтэгументы, якія пры змыканні ўтвараюць вузкі канал — мікрапіле (праз яго пылковая трубка пранікае да зародкавага мяшка) і фунікулюс (семяножку), што прымацоўвае С. да плацэнты. У кветкавых раслін С. утвараецца ў завязі, у голанасенных — адкрыта на відазмененым лісці (мегаспарафіле). Пасля апладнення, з пачаткам развіцця зародка С. ператвараецца ў семя, што развіваецца. Колькасць С. у завязі кветкавых раслін ад аднаго (у злакаў) да 1 млн. (у архідных).
В.М.Прохараў.
т. 14, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бал, бала; мн. балы, балаў; м.
1. Адзінка вымярэння сілы ветру, хвалявання мора, землетрасення. Вецер у пяць балаў. Шторм у дзевяць балаў.
2. Лічбавая ацэнка поспехаў у навучальных установах, дасягненняў у спорце. Пасля практыкаванняў на першых трох снарадах каманда СССР лідзіравала з вынікам 143,05 бала. □ На ўступных экзаменах у інстытут Наташа не дабрала нейкіх там двух нікчэмных балаў, якія і рашылі яе лёс. Краўчанка.
3. Гіст. Шар для падачы голасу за каго‑н. на выбарах. // Голас, пададзены за каго‑н. шляхам апускання шара.
[Фр. balle.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аднаві́цца, ‑наўлюся, ‑новішся, ‑новіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вярнуцца да ранейшага стану, выгляду; адрадзіцца, узнавіцца. Аднавілася зямля. □ У вёсцы Якава, як і ўсюды на вызваленай зямлі, аднавіўся калгас. Марціновіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Зноў узнікнуць у памяці; прыпомніцца. [Святлане] самой часта прыходзілася брацца за падручнік, каб тое-сёе аднавілася ў памяці. Шахавец.
3. Вярнуцца ў ранейшае службовае ці грамадскае становішча. Аднавіцца ў правах. Аднавіцца на працы.
4. Пачацца зноў пасля пэўнага перапынку. Заняткі ў школе аднавіліся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
арда́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. орды, ‑аў; ж.
1. Назва дзяржаўных утварэнняў, якія вылучыліся пасля драблення мангольскай дзяржавы Чынгісхана, а таксама стаўка, месцазнаходжанне яе правіцеляў. Залатая арда. Крымская арда. Астраханская арда. // Назва саюзаў вандроўных плямёнаў.
2. Мангола-татарскае войска, якое ўварвалася ў межы старажытнай Русі. // Пра полчышчы азвярэлых варожых войск. Фашысцкія орды. □ Паўстань, народ, злучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды, Супроць пачвары тупарылай, Што нішчыць сёлы, гарады! Колас.
3. перан. Шумны і неарганізаваны натоўп, зборышча. Наляцелі скурадзёры — Паны чорнаю ардой. Танк.
[Ад цюрк. ordu — палатка хана.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)