БРЭСТ,

горад на ПдЗ Беларусі, цэнтр Брэсцкай вобл. і раёна. За 349 км ад Мінска. Вузел аўтадарог і чыгунак — напрамкі на Баранавічы, Лунінец, Ковель, Беласток, Варшаву. Канцавы порт на Дняпроўска-Бугскім канале. 249,3 тыс. ж. (1995).

Летапісная назва — Берестье, Бересть (бел. Берасце, Бярэсце), у канцы 17 — пач. 20 ст. Брэст-Літоўскі, Брэст-Літоўск, у 1921—29 Брэст-над-Бугам, з вер. 1939 Брэст. Археал. даследаваннямі ўстаноўлена, што горад узнік на тэр. племяннога аб’яднання дрыгавічоў. У выніку раскопак выяўлена Берасцейскае гарадзішча. Першае летапіснае ўпамінанне Брэста ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1019. Быў гандл. цэнтрам Стараж. рус. дзяржавы на мяжы з польскімі і літ. ўладаннямі. У 11—13 ст. належаў тураўскім, кіеўскім, літоўскім, уладзіміра-валынскім князям. З 1319 Брэстам валодаў вял. кн. ВКЛ Гедзімін. У 1349 Брэст захапіў польскі кароль Казімір III, у 1366 вернуты ВКЛ. У 1379 разрабаваны і спалены тэўтонскімі рыцарамі. У 1390 Брэст першы з бел. гарадоў атрымаў самакіраванне на аснове магдэбургскага права, якое пацвярджалася ў 1408, 1511, 1554, 1580, 1607, 1614, 1661. У час Вялікай вайны 1409—11 гараджане выставілі харугву, якая ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 1413 Брэст — цэнтр Берасцейскай эканоміі ў складзе Трокскага ваяв., прывілеем 1441 аднесены да гал. гарадоў ВКЛ. У 1500 разрабаваны войскамі крымскага хана Менглі-Гірэя. З 1520 цэнтр Брэсцкага павета Падляшскага ваяв. У 1553 брэсцкі староста М.​Радзівіл Чорны заснаваў тут кальвінскі збор і першую на тэр. сучаснай Беларусі друкарню (гл. ў арт. Брэсцкія друкарні), у якой выдадзена Брэсцкая біблія (1563). З 1566 Брэст — цэнтр Брэсцкага ваяводства. У горадзе адбываліся з’езды бел. і літ. шляхты. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Тут абвешчана Брэсцкая унія 1596. Горад быў месцам збору ваен. канфедэрацый у 1605 і 1612, сейма Рэчы Паспалітай (1653). У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у Брэсце ў 1648 і 1649 адбыліся паўстанні гараджан, задушаныя ўрадавымі войскамі. У 1657 горад спалены шведамі, у 1660 часова заняты рус. войскамі ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У Паўночную вайну 1700—21 яго займалі то рус., то шведскія войскі. У 1792 рэзідэнцыя Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у складзе Рас. імперыі. З 1796 павятовы цэнтр Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У час вайны 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1830—42 на тэр. стараж. часткі Брэста пабудавана Брэсцкая крэпасць. У 1842 засн. Брэсцкі кадэцкі корпус, у 1865—1915 дзейнічалі брэсцкія гімназіі. У 1860-я г. ў Брэсце 13 прамысл. прадпрыемстваў, у 1880-я г. чыгунка і шаша звязалі Брэст з Варшавай, Масквой, Кіевам, Гомелем. У 1987 — 46 568 ж. У 1903—15 існавала Брэсцкае таварыства ўрачоў. У 1-ю сусв. вайну горад 8.9.1915 акупіраваны герм. войскамі. 3.3.1918 тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. У 1919—20 заняты польскім войскам, Чырв. Арміяй. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр Палескага ваяводства. 1.9.1939 фаш. Германія напала на Польшчу, 14 вер. захапіла Брэст (акрамя крэпасці). 17.9.1939 Чырв. Армія перайшла сав.-польскую граніцу і 22 вер. ўвайшла ў Брэст. З 1939 у складзе Беларусі, з 4.12.1939 цэнтр Брэсцкай вобласці. 68,8 тыс. ж. у 1940. У Вял. Айч. вайну з 22.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941), якія загубілі тут больш за 40 тыс. чал., знішчылі ўсе прадпрыемствы і культ.-асв. ўстановы, 48,7% жылога фонду. Дзейнічала Брэсцкае патрыятычнае падполле і Брэсцкае маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1959 — 73,6 тыс. ж., у 1980 — 185 тыс. ж.

У 1909 у Брэсце было 30 прамысл. прадпрыемстваў, з якіх найб. значныя тытунёвыя ф-кі, млын, гарэлачны завод. У перыяд знаходжання Брэста ў складзе Польшчы прам-сць не развівалася. Значныя страты гораду прычынены ў гады Вял. Айч. вайны. Актыўнае індустрыяльнае развіццё пачалося ў 1960—70.

Брэст — буйны прамысл. і культ. цэнтр. Дае каля уз валавой прадукцыі прам-сці вобласці. Развіты эл.-тэхн. і электронная (Брэсцкі электралямпавы завод, Брэсцкі электрамеханічны завод), металаапр. (Брэсцкі машынабудаўнічы завод, «Брэстгазаапарат», з-ды металавырабаў, Брэсцкі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, тэхнал. аснасткі), хім. (НВА «Брэстбытхім»), лёгкая («Дываны Брэста», Брэсцкі панчошны камбінат, Брэсцкая прамыслова-гандлёвая фірма «Элма», ф-кі швейная, абутковая, Брэсцкая фабрыка сувеніраў), харч. (мясакамбінат, малочны камбінат), буд. матэрыялаў (Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сць.

У Брэсце (на 1.1.1996) 77 дашкольных дзіцячых устаноў (12 504 дзіцяці); 40 агульнаадук. школ усіх тыпаў (46 149 вучняў), у т. л. 1 пач., 1 базавая, 33 сярэднія (41 507 вучняў), 4 гімназіі (3022 вучні), 1 ліцэй (477 вучняў). У 9 прафес.-тэхн. вучылішчах 4409 навучэнцаў; 4 сярэднія спец. навуч. ўстановы (Брэсцкі політэхнічны тэхнікум, Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту, мед. вучылішча і Брэсцкі музычны каледж, 3065 навучэнцаў); 2 дзярж. ВНУ: Брэсцкі універсітэт і Брэсцкі політэхнічны інстытут, у якіх 8923 студэнты. У 1996 у Брэсце працавала 13 масавых бібліятэк (1145,5 тыс. тамоў) і 55 б-к пры навуч. установах. Самая вялікая — абл. універсальна-навук. б-ка (662 тыс. тамоў); 15 клубных устаноў; 17 кінаўстановак, 3 відэазалы. Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» з Брэсцкім крэпасці-героя музеем, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей з філіялам археалагічны музей «Бярэсце».

Дзейнічаюць брэсцкія абл. арг-цыі: Саюза архітэктараў Беларусі (з 1963), сярод членаў якой засл. архітэктар Беларусі Р.А.Шылай; Саюза журналістаў Беларусі (з 1970); Саюза мастакоў Беларусі (з 1971), у якую ўваходзілі і ўваходзяць мастакі П.Данелія, М.Клімаў, Э.Куфко, І.Крупскі, В.Сабалеўскі, М.Чураба, В.Шыкін і інш. Дзейнасць Брэсцкага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1981) звязана з імёнамі І.Арабейкі, А.Каско, У.Калесніка, Н.Мацяш, М.Рудкоўскага і інш. З 1944 працуе Брэсцкае абл. радыё, з 1961 — абл. студыя тэлебачання. Выходзяць газеты «Заря» (абл., з 1939; з гэтага ж года пры газеце існуе абл. літ. аб’яднанне маладых пісьменнікаў «Заранка»), «Народная трыбуна» (абл., з 1990), «Заря над Бугом» (раённая, з 1954, да 1962 «Социалистический путь»), «Вечерний Брест» (з 1992), «Брестский курьер» (з 1990) і інш.

Гарадзішча стараж. Бярэсця размяшчалася на мысе, утвораным р. Зах. Буг і левым рукавом р. Мухавец. У 12 ст. тут пабудаваны драўляны замак (у 15 ст. пастаўлены мураваны), у 13 ст. — мураваная царква св. Пятра. У 1276—88 на дзядзінцы пабудавана вежа. Паводле інвентара 1566, Брэст складаўся з 3 асн. частак: замка (на востраве), «места» (асн. тэр. горада) і Замухавечча (мела 2 вуліцы, на якіх пабудаваны касцёл Дароты, Спаса-Праабражэнская царква, манастыры Сімяонаўскі і Нараджэння Багародзіцы з 2 цэрквамі). У 16—17 ст. існаваў кальвінскі збор. У 17—18 ст. пабудаваны Брэсцкі манетны двор (1659), кляштар аўгусцінцаў, бернардзінцаў, брыгітак, дамініканцаў, калегіум езуітаў (гл. адпаведныя арт.). У 2-й пал. 17—18 ст. Брэст перажываў эканам. заняпад, тэрытарыяльна амаль не развіваўся. У 19 ст. ў сувязі з буд-вам на тэр. горада крэпасці жылая забудова перамешчана за 2 км на У ад яе.

Рэгулярная планіровачная сетка вуліц утварала дробныя прамавугольныя або трапецападобныя кварталы. Цэнтр горада забудаваны мураванымі 1—3-павярховымі дамамі, якія ставіліся шчыльна адзін да аднаго, утвараючы суцэльны фронт вулічных фасадаў. Будаваліся і асабнякі. У 1846 на гар. плошчы пабудаваны гандл. рады, у 1856 — кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (разбураны ў Вял. Айч. вайну, у 1950—57 адноўлены і прыстасаваны пад абл. краязнаўчы музей), у 1865 — Брэсцкая Сімяонаўская царква, на пач. 20 ст. — Брэсцкай мужчынскай гімназіі будынак, Брэсцкая брацкая царква, Мікалаеўская царква і інш. У 1866 узведзены Брэсцкі чыгуначны вакзал. Пабудовам 1-й пал. 20 ст. ўласцівыя рысы стылю «мадэрн», неакласіцызму (Брэсцкага банка будынак), канструктывізму (будынак ваяводскага ўпраўлення).

У пасляваенны час забудова Брэста ажыццяўлялася ў адпаведнасці з генпланам 1951 (Белдзяржпраект, арх. А.​Хегай, Л.​Федчанка), які прадугледжваў захаванне рэгулярнай сістэмы планіроўкі. Горад развіваўся ва ўсх. (раёны Кіеўка і Усходні), паўн. (Адамкава—Рэчыца—Граеўка) і часткова паўд. напрамках. У 1970-я г. пабудаваны гандл. цэнтр (арх. С.​Неўмывакін, (Г.​Кісялёва, А.​Фядорчанка), тэлецэнтр, кінатэатр «Беларусь» (арх. Р.​Шылай), Палац культуры прафсаюзаў (арх. Г.​Чысцякоў), гасцініцы «Інтурыст» (арх. Г.​Бенядзіктаў) і «Беларусь» (арх. З.​Леўчанка), створаны ансамблі жылых дамоў на бульвары Касманаўтаў і вул. Набярэжнай. У 1967 ва ўсх. частцы горада пачалося буд-ва буйнога прамысл. комплексу (арх. І.​Боўт, Э.​Бацян і інш.) і прылеглага да яго жылога раёна (арх. В.​Анікін, А.​Кудзенка, П.​Лагуноўская). На тэр. крэпасці створаны мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. У 1980-я г. пабудаваны паўд. прамысл. вузел і новы паўд.-ўсх. раён горада (арх. І.​Карват, М.​Козік), Брэсцкі аэравакзал. У прасторавай кампазіцыі горада важнае значэнне мае водна-зялёны дыяметр, яго фарміраванне звязана з рэканструкцыяй Мухаўца як часткі Дняпроўска-Бугскага канала. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі водна-зялёнага дыяметра 1980 (БелНДІПгорадабудаўніцтва; арх. І.​Шпіт, Э.​Басава) на тэр. больш за 1000 га прадугледжана стварэнне сістэмы паркаў, штучных вадаёмаў, каналаў. У Брэсце брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (1856), Сімяонаўская (1862) і Брацкая (1906) цэрквы, чыг. вакзал (1886), будынкі пошты (19 ст.), мужчынскай гімназіі (1905), банка (1926), гар. асабнякі (1-я пал. 19 ст.), жылыя дамы (19 і пач. 20 ст.), бюст двойчы Героя Сав. Саюза лётчыка-касманаўта П.І.Клімука.

Звесткі пра тэатр. жыццё ў Брэсце вядомыя з 17 ст., калі пры езуіцкім калегіуме дзейнічаў школьны тэатр (да 1760). У 19 ст. ў горадзе гастралявалі муз.-драм. трупы К.​Камінскага, Я.​Хелмікоўскага, П.​Ратаевіча і інш., антрэпрызы Т.​Іконнікавай-Самаравай, П.​Дзмітроўскага, П.​Карніцава, М.​Барысава, Северавай, С.​Сямёнава-Самарскага, т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.​Ахаліна, П.​Блахіна, М.​Петыпа, П.​Мядзведзева і інш. У пач. 20 ст. і ў 1920—30-я г. тэатр. жыццё Брэста вызначалі аматарскія і гастрольныя тэатр. калектывы. У кастр. 1939 са спектаклем «Цудоўная дудка» В.​Вольскага выступаў Т-р юнага гледача Беларусі. У 1940 адкрыўся Брэсцкі абласны рускі драматычны тэатр. У 1944 створаны Брэсцкі абл. драм. т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі (гл. Брэсцкі тэатр драмы і музыкі), у 1968 — Брэсцкі абласны тэатр лялек. З 1946 дзейнічае Брэсцкі т-р Дома культуры чыгуначнікаў.

З Брэстам звязаны пачатак нотадрукавання на Беларусі, у 1558 тут надрукаваны канцыянал «Песні хвал боскіх» (друкар Ян Зарэмба). У школе, адкрытай у 1591 пры правасл. брацтве, выкладалася музыка, практыкаваліся харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. У спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (17—18 ст.) выкарыстоўвалася інстр. і вак. музыка. У 19 ст. дзейнічалі прыватныя навуч. ўстановы (пансіён Т.​Шастакоўскай, 1858) і муз. т-вы (муз.-драм. т-ва аматараў, 1885, муз.-драм. гурток, 1891) з муз. класамі, дзе вучні атрымлівалі навыкі ігры на розных муз. інструментах і муз.-тэарэт. веды. З 1924 тут існавала муз. т-ва (старшыня Каліноўскі), пры навуч. установах — аматарскія калектывы (хор гандл. вучылішча на чале з К.​Ціолекам, мандалінавы аркестр чыг. тэхнікума на чале з М.​Дземчанкам). У 1930-я г. сіламі мясц. аматараў і ўдзельнікаў царк. хору пад кіраўніцтвам адваката Панцылевіча паст. оперы «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага і «Галька» С.​Манюшкі. З 1935 працавала прыватная муз. школа Малечака, з 1938 — дзярж. муз. школа імя К.​Шыманоўскага (дырэктар кларнетыст і дырыжор С.​Часноўскі). У 1939 арганізаваны муз. вучылішча і школа; пры вучылішчы дзейнічалі хор, духавы, сімф. і нар. аркестры. У наш час (1996) муз. жыццё канцэнтруецца вакол створанай у 1986 Брэсцкай абласной філармоніі, муз. каледжа (да 1993 муз. вучылішча). Існуюць 2 муз. школы. У Брэсце развіта маст. самадзейнасць; больш за 35 муз. і харэагр. калектываў маюць званні народных і ўзорных.

Літ.:

Науменко В.Я. Брест: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1977;

Лысенко П.Ф. Открытие Берестья. Мн., 1989;

Брест: Энцикл. справ. Мн., 1987;

Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.

Брэст. Вуліца Маскоўская.
Брэст. Выгляд з боку р. Мухавец.
Брэст. Гандлёвы цэнтр на вуліцы Маскоўскай.
Брэст. Жылая забудова па бульвары Касманаўтаў.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВІЯ, Сацыялістычная Народная Лівійская Арабская Джамахірыя (араб. Аль-Джамахірыя аль-Арабія аль-Лібія аш-Шаабія аль-Іштыракія),

дзяржава на Пн Афрыкі, на паўд. узбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на З з Тунісам і Алжырам, на Пд з Нігерам і Чадам, на У з Суданам і Егіптам. Пл. 1759 тыс. км². Нас. 5648,4 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку. Сталіца — г. Трыпалі. Краіна падзяляецца на 25 муніцыпалітэтаў. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (1 верасня).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1977 заканадаўчая ўлада належыць 178 мясц. сходам і нар. к там. Вышэйшы заканадаўчы орган — Усеагульны нар. кангрэс (УНК, 1112 чл.). Функцыі кіраўніка дзяржавы выконвае Ген. сакратарыят УНК (5 чл.), урада — Генеральны нар. к-т УНК (ген. сакратар — прэм’ер-міністр). Фактычна ўлада належыць М.Кадафі, які мае тытул «лідэр лівійскай рэвалюцыі».

Прырода. 98% тэр. займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На ПнЗ і ПнУ уздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў. На З — вапняковае плато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на Пд — адгор’і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на У — Лівійская пустыня, на ПнУ — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Л. вял. запасы нафты (каля 5,9 млрд. т, 9-е месца ў свеце, 1-е — у Афрыцы), ёсць прыродны газ (1296 млрд. м³, 16-е месца ў свеце), фасфарыты, калійная соль, жал. руда. Клімат пустынны трапічны, на Пн пераходны да міжземнаморскага, сухі. Сярэдняя т-ра студз. на Пн 11—12 °C, на Пд 15—18 °C, ліп. адпаведна 27—29 і 32—35 °C. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм. Рэк няма. У асобных раёнах ёсць запасы падземных і артэзіянскіх вод. 91% тэрыторыі займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты. Месцамі сухалюбныя хмызнякі і злакі. Жывёльны свет бедны, прадстаўлены пераважна паўзунамі (змеі, яшчаркі), з млекакормячых — грызунамі, драпежнікамі (шакалы, гіены, ліс-фенек), парнакапытнымі (антылопы); шматлікія насякомыя і павукападобныя. Нац. парк Куф, некалькі прыродных паркаў.

Насельніцтва. Лівійскія арабы і блізкія да іх невял. групы бербераў складаюць 97%. Жывуць таксама грэкі, мальтыйцы, італьянцы, егіпцяне і інш. У краіне працуе больш за 300 тыс. замежных грамадзян. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,6%. Сярэдняя шчыльн. 3,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы жыве 90% насельніцтва, у асобных аазісах шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж.,1997); Трыпалі — 1681, Бенгазі — каля 1000, Місурата — каля 500. Каля 25% насельніцтва качэўнікі і паўкачэўнікі. У прам-сці заняты 31% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 18%, у кіраванні — 24%, у абслуговых галінах — 27%.

Гісторыя. Л. — адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі. Гісторыя лівійцаў, продкаў сучасных бербераў, цесна звязана з гісторыяй Стараж. Егіпта. У пач. 1-га тыс. да н.э. фінікійцы заснавалі на ўзбярэжжы Л. шэраг калоній, з 6 ст. да н.э. ў складзе Карфагена. У 7 ст. да н.э. ў Кірэнаіцы ўзніклі грэч. калоніі. З 2 ст. да н.э. Л. — рым. ўладанне. У 5 ст. н.э. яе заваявалі вандалы, потым візантыйцы. У 7 ст. ў выніку арабскіх заваяванняў Л. ўключана ў Араб. халіфат, пазней яна пад уладай мусульм. дынастый Аглабідаў, Фатымідаў, Альмахадаў, мамлюкоў і інш. У 16 ст. — 1912 у складзе Асманскай імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Л. стала калоніяй Італіі. Барацьбу супраць італьян. акупацыі ўзначаліла секта сенусітаў (узнікла ў 19 ст.).

У час 2-й сусв. вайны Л. стала тэатрам ваен. дзеянняў. Пасля выгнання ў 1943 ням.-італьян. войск на тэр. Л. захавалася англ.-франц. ваен. прысутнасць, ваен. база ЗША Паводле рашэння Ген. асамблеі ААН ад 21.11.1949 Л. атрымала незалежнасць.

24.12.1951 абвешчана Злучанае каралеўства Л. на чале з каралём Ідрысам I [1951—69]. У лют. 1952 адбыліся першыя парламенцкія выбары. 1.9.1969 група армейскіх афіцэраў на чале з М.​Кадафі скінула манархію, абвясціла Лівійскую Араб. Рэспубліку і ўзяла курс на ўзмацненне незалежнасці, пашырэнне ролі Л. на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы. У 1970 ЗША і Вялікабрытанія эвакуіравалі свае ваен. базы. Былі нацыяналізаваны замежныя банкі і кампаніі, усталяваны кантроль над нафтавай прам-сцю. Мэта Кадафі — аднаўленне адзінства араб. свету (няўдалыя спробы стварэння ў 1971 федэрацыі Егіпта, Сірыі і Л., Туніса і Л. ў 1974). У 1973 Кадафі абвясціў сваю грамадска-паліт. праграму, т.зв. трэцюю сусв. тэорыю (апубл. ў 1976—79 у т.зв. «Зялёнай кнізе»), паводле якой узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу. У сак. 1977 абвешчана Сацыяліст. Нар. Лівійская Араб. Джамахірыя (літар. — араб. ўлада мас). У 1979 Кадафі фармальна адмовіўся ад усіх дзярж. пасад, але захаваў рэальную ўладу як «лідэр лівійскай рэвалюцыі». У знешняй палітыцы ажыццяўлялася актыўная дапамога рэв. рухам і рэжымам. Краіны Захаду абвінавачвалі Л. ў падтрымцы міжнар. тэрарызму. Урад ЗША неаднаразова выкарыстоўваў супраць Л. ваен. акцыі; у выніку ракетна-бомбавых атак (1986) краіне прычынены вял. матэрыяльныя страты. З 1988 пачалася паступовая рэалізацыя ліберальных паліт. і эканам. рэформ. У 1989 Л. ўступіла ў саюз араб. Магрыба. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 яна заняла памяркоўную пазіцыю: асудзіла як агрэсію Ірака супраць Кувейта, так і выкарыстанне ваен. сілы супраць Ірака. Л. — чл. ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1953). Дыпламат. зносіны паміж Л. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1996.

Гаспадарка. Л. ўваходзіць у лік дзяржаў з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 6570 дол. (1995), адзін з найб. у Афрыцы. У прам-сці ствараецца 55% валавога нац. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 40%. Аснова эканомікі — нафтавая і газавая прам-сць. Дзяржава кантралюе больш за 80% здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Асн. промыслы на Пд і ПдУ ад зал. Сідра, эксплуатуецца больш за 70 нафтаных радовішчаў, найб. з іх — Серыр, Зельтэн, Джалу, Амаль. У 1994 здабыта 66,9 млн. т нафты (2,2% сусв. здабычы). Прыродны газ здабываецца на 26 радовішчах, штогод каля 10 млрд. м³ газу (0,3% сусв. здабычы). Здабываюцца таксама кухонная соль, гіпс, вапняк, мел, жал. руда, азбест. Вытв-сць электраэнергіі 16,7 млрд. кВт∙гадз. (1994). Усе электрастанцыі цеплавыя. Гал. галіна апрацоўчай прам-сці — перапрацоўка нафты. На 8 нафтаперапр. з-дах і нафтахім. прадпрыемствах штогод перапрацоўваюць каля 15 млн. т нафты. Акрамя паліўна-змазачных прадуктаў яны выпускаюць аміяк, мачавіну, пластмасы, каўстычную соду і інш. Гал. цэнтры перапрацоўкі нафты: Рас-эль-Ануф, Эз-Завія, Марса-эль-Бурэйка, Трыпалі, Табрук, Эз-Зувайтына. Прадпрыемствы па звадкаванні газу ў Эз-Завіі, Марса-эль-Бурэйцы, Эз-Зувайтыне. Працуюць сталеплавільны і сталепракатны з-д у г. Трыпалі, металургічны комплекс у г. Місурата (1,5 млн. т сталі і пракату, 1995), алюмініевы з-д у г. Зувара, прадпрыемствы па вытв-сці стальных труб у гарадах Бенгазі і Эль-Каварыша. Ёсць з-ды па зборцы трактароў і аўтобусаў (Таджура), аўтазборачны (Трыпалі). Вырабляюцца электраправады і кабелі (Бенгазі), акумулятары (Трыпалі і Таджура), трансфарматары, электрарухавікі і сухія батарэі (Трыпалі). Есць прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, цэменту (штогод 5—7 млн. т), шкла, цэглы; домабуд. камбінаты. Харч. прам-сць прадстаўлена малочнымі, рыбакансервавымі з-дамі, макароннымі і мукамольнымі ф-камі, прадпрыемствамі па перапрацоўцы агародніны і садавіны, з прадпрыемстваў лёгкай прам-сці — тэкст. камбінат (Трыпалі), воўнапрадзільная (Бенгазі) і ткацка-прадзільная (Эль-Мардж) ф-кі, швейныя і гарбарныя прадпрыемствы (Дэрна). Рамёствы (выраб прадметаў побыту, адзення, тканін, абутку, посуду, упрыгожанняў). Сельская гаспадарка дае 25% неабходных харч. прадуктаў; выкарыстоўваецца каля 9% тэрыторыі, у т. л. для земляробства каля 1% (1,8 млн. га). 470 тыс. га арашаецца. Земляробства развіта на ўзбярэжжы Міжземнага м. і ў аазісах. Ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі, кааператывы, дзяржгасы. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, бабовыя, бульбу, памідоры, цыбулю, бахчавыя, тытунь, арахіс. Пашыраны фінікі, аліўкі, вінаград, цытрусавыя, міндаль і інш. Асн. традыцыйны занятак качавога і паўкачавога насельніцтва — жывёлагадоўля. Выкарыстоўваецца каля 15 млн. га пустынь і паўпустынь на Пн краіны. Пагалоўе (млн. галоў): авечак — каля 3,5, коз — каля 1,5, буйн. раг. жывёлы — каля 1, вярблюдаў — каля 0,1. Збор травы альфа. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 19,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 10,7 тыс. км. У краіне 4,4 тыс. км нафтаправодаў, 0,4 тыс. км прадуктаправодаў, 1,9 тыс. км газаправодаў. Знешнегандл. сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Трыпалі і Бенгазі (разнастайныя грузы), Табрук, Эс-Сідэр, Рас-эль-Ануф, Марса-эль-Бурэйка (экспарт нафты і звадкаванага газу). Л. мае гандл. флот грузападымальнасцю 690 тыс. бруга-рэг. т. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 131 аэрапорт, у т. л. міжнар. аэрапорты ў Трыпалі і Бенгазі. Гандл. баланс дадатны. У 1995 экспарт 8,4 млрд. дол., імпарт 7,3 млрд. дол. Больш за 95% экспарту складаюць нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, харч. і прамысл. тавары. Гал. гандл. партнёры: Італія, Германія, Іспанія, Францыя. Л. ўваходзіць у лік краін экспарцёраў капіталу. Яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рэгіянальных міжарабскіх банкаў і фондаў, практыкуе вываз дзярж. капіталу ў форме прадастаўлення крэдытаў і пазык, набыцця акцый буйных канцэрнаў. Грашовая адзінка — лівійскі дынар.

Літаратура. Пасля араб. заваяванняў у 7 — пач. 9 ст. л-ра развівалася ў агульным рэчышчы арабскай культуры/. У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Нац.-вызв. ўздым 1-й пал. 20 ст. выклікаў рух за яе адраджэнне. У пач. 20 ст. ў паэзіі вызначальнымі сталі антыкалан., асветніцкія і сац. матывы (касыды А. аш-Шарыфа, М.​Бен Зікры, С. аль-Баруні). Перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) — час росквіту патрыят. і вызв. л-ры (паэзія А.Р. аль-Махдаўі, I. аль-Уста Умара). Пасля атрымання незалежнасці (1951) вядучае месца ў л-ры занялі маладыя паэты (А.​С.​Абд аль-Кадзер, А. ар-Рукейн). У 1940—50-я г. зарадзілася проза. Асн. літ. жанр — навела, гал. тэмы — барацьба за сац. роўнасць, асуджэнне прымхаў і забабонаў. Найб. вядомыя навелісты — А.К Абу Харус, М. аль-Місураці, X. ат-Цікбалі, А.М. аль-Кувейры, А.І. аль-Факіх, 1 аль-Куні, Б. аль-Бахі. У 1959 створана Асацыяцыя дзеячаў культуры і мастацтва. У 1977 засн. Саюз пісьменнікаў Л.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Л. выяўлены неалітычныя наскальныя размалёўкі са сцэнамі палявання на сланоў, бізонаў і інш. (г. Эль-Увейнат). У 1-м тыс. да н.э. створаны помнікі фінікійскага мастацтва: скульптура з гліны, размаляваная чарналакавая кераміка, шкляныя пасудзіны, каралі. Захаваліся руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. пабудоў з мазаікамі і скульптурай (т-р у Лептыс-Магна, 1 ст.), творы візант. часу (мазаічная падлога базілікі Юсцініяна ў Сабраце). Пасля араб. заваявання на тэр. Л. фарміравалася араба-берберская культура. Умацаваныя сярэдневяковыя гарады (медыны) з вузкімі вуліцамі забудоўвалі 1—2-павярховымі дамамі з унутр. дварамі, мячэцямі з мінарэтамі. У 18—19 ст. узводзілі шматкупальныя мячэці, якія ўнутры аздаблялі арнаментальнай разьбой, размалёўкай, паліхромнай маёлікай (мячэць у г. Дэрна), у аддаленых раёнах мячэці — глінабітныя, прамавугольныя ў плане пабудовы крапаснога тыпу. У перыяд італьян. каланізацыі (1912—43) ствараліся еўрап. кварталы ў Трыпалі, Бенгазі. З 2-й пал. 20 ст. ў Л. вядзецца жыллёвае і грамадскае буд-ва з выкарыстаннем сучасных канструкцый і матэрыялаў, рэстаўрыруюцца рым. акведукі, цыстэрны, плаціны. Развіваецца выяўл. мастацтва, пераважна жывапіс і графіка. Нар. майстры ствараюць дываны са стракатымі ўзорамі, вырабы са скуры з ціснёным ці вышываным арнаментам, медныя пасудзіны з чаканкай, ювелірныя ўпрыгожанні і інш. Комплекс археал. запаведнікаў Лептыс-Магна, Сабрата і Кірэна, наскальныя малюнкі Тадрарт і вузел караванных шляхоў г. Гадамес уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), В.​Я.​Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Лівіі.
Да арт. Лівія. Лівійская пустыня.
Да арт. Лівія. Руіны рымскага тэатра ў Лептыс Магна. 1 ст.

т. 9, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЬІ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1933 у Мінску як Дзярж. т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 — Вялікі, з 1964 — акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыты ў будынку БДТ-1 спектаклем «Кармэн» Ж Бізэ (гал. ролю выконвала Л.​Александроўская). Напачатку дзейнасць т-ра была скіравана на асваенне класічнага, найперш рус. рэпертуару: «Яўген Анегін» (1933) і «Пікавая дама» (1934) П.​Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава (1933), «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1934), «Русалка» А.​Даргамыжскага (1938). Значнымі падзеямі ў гісторыі т-ра сталі пастаноўкі бел. нац. опер «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага (лібр. П.​Броўкі), «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (лібр. Я.​Рамановіча паводле аповесці Я.​Коласа «Дрыгва»; абедзве 1939), «Кветка шчасця» А.​Туранкова (1940, лібр. В.​Барысевіч, Броўкі і П.​Глебкі паводле драмы М.​Чарота «На Купалле»), Яны адметныя пошукамі нац. спецыфічных сродкаў муз. стылістыкі, заснаванай на нар.-песенным меласе, сцэн. выразнасцю і арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй.

Сталенню маст. калектыву т-ра садзейнічалі дырыжоры І.​Гітгарц, Н.​Грубін, М.​Шнейдэрман, рэжысёры Барысевіч, П.​Златагораў, М.​Смоліч, Б.​Чарняўскі, І.​Шляпянаў; мастакі М.​Бобышаў, П.​Вільямс, Б.​Волкаў, Н.​Каровін, С.​Нікалаеў; хормайстры А.​Бельскі, Г.​Пятроў; спевакі Александроўская, Л.​Аляксеева, А.​Арсенка, І.​Балоцін, Т.​Баначыч, В.​Валчанецкая, М.​Дзянісаў, С.​Друкер, П.​Засецкі, В.​Каліноўскі, Д.​Кроз, М.​Лазараў, В.​Лапін, В.​Малькова, Р.​Млодак, І.​Мурамцаў, У.​Таланкін, Г.​Цэпава, Я.​Шаціхін.

У Вял. Айч. вайну значная частка калектыву працавала ў г. Горкі, потым у г. Каўроў (Уладзімірская вобл., Расія), дзе ў канцэртным выкананні паказаны оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні (1943), «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні і новая бел. опера «Алеся» Цікоцкага (лібр. Броўкі; абедзве 1944). Пастаноўкай «Алесі» (у гал. ролі Александроўская) у канцы 1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у вызваленым Мінску. У пасляваен. гады разам з рэпертуарным узбагачэннем удасканальваліся рэжысура і сцэн. вырашэнне спектакляў. Плённа працавалі рэжысёры Б.​Пакроўскі («Алеся», «Кармэн», 1945) і Б.​Мардвінаў («Пікавая дама»; «Рыгалета» Дж.​Вердзі, абедзве 1948; «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны і «Князь Ігар», 1949; «Іван Сусанін» М.​Глінкі, 1950), сцэнограф Нікалаеў. Нац. рэпертуар папоўніла опера «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса (1947, лібр. М.​Клімковіча), дзе ў гал. партыі выступіў М.​Сярдобаў. У 1950-я г. асн. лінію дзейнасці т-ра вызначала фарміраванне нац. рэпертуару пад кіраўніцтвам Александроўскай. Пастаўлены оперы «Дзяўчына з Палесся» Цікоцкага (новы варыянт оперы «Алеся», 1953), «Надзея Дурава» Багатырова (1956, лібр. І.​Келера), у якой рэалізаваны выканальніцкія магчымасці К.​Кудрашовай, Л.​Галушкінай, М.​Ворвулева, паўторна паказана опера «Міхась Падгорны» (1957), дзе акцёрскім дасягненнем стаў вобраз Бабы-Лапатухі, створаны Т.​Ніжнікавай. Народнасцю меласу і значнай драматургічнай роляй хароў вылучалася опера «Яснае світанне» Туранкова (1958, лібр. А.​Бачылы). Створаны першы нац. оперны спектакль для дзяцей «Марынка» Р.​Пукста (1955, лібр. Э.​Агняцвет). Класічны рэпертуар узбагацілі «Мазепа» і «Іаланта» Чайкоўскага (абедзве 1952; у гал. ролі Т Шымко), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1954), «Трубадур» Вердзі (1955), «Садко» М.​Рымскага-Корсакава (1957). Лепшай рэжысёрскай работай Александроўскай стала «Аіда» (1953) Вердзі, якую вызначалі прадуманасць рэжысуры і выдатны акцёрскі ансамбль (Друкер, Кудрашова, Ворвулеў, М.​Зюванаў, Лазараў). Падзеяй стала першая ў СССР пастаноўка камічнай оперы С.​Манюшкі «Страшны двор» (1952, лібр. ў перакладзе на бел. мову М.​Танка).

У 1950—60-я г. пастаўлены шэраг муз. камедый і аперэт: «Карневільскія званы» Р.​Планкета (1959), «Цыганскі барон» (1960) і «Лятучая мыш» (1961) І.​Штрауса. У 1960-я г. вызначальная роля належала маст. кіраўніку і гал. рэжысёру т-ра Дз.​Смолічу. Яго пастаноўку оперы Вердзі «Атэла» (1963) вылучае бліскучае муз. (дырыжор І.​Абраміс) і акцёрскае ўвасабленне (З.​Бабій, Н.​Ткачэнка, І.​Сарокін). Дасягненнем калектыву стала пастаноўка оперы С.​Танеева «Арэстэя» (1963) пад кіраўніцтвам дырыжора Т.​Каламійцавай. Сярод інш. пастановак тых гадоў оперы «Чыо-Чыо-сан» Пучыні (1953), «Пікавая дама» Чайкоўскага (1960), «Баль-маскарад» (1961) і «Трубадур» (1964) Вердзі, «Джаконда» А.​Панк’елі (1962), «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці (1965), «Багема» Пучыні (1968), а таксама, складаная ў адносінах драматургіі опера С.​Пракоф’ева «Заручыны ў манастыры» (1962). Героіка Вял. Айч. вайны ўвасоблена ў пастаноўцы «Брэсцкай крэпасці» К.​Малчанава (1967). Бел. оперны рэпертуар папоўнілі камедыйныя творы Ю.​Семянякі «Калючая ружа» (1960), з эфектнымі муз. фрагментамі і яскравымі сцэн. знаходкамі, і «Калі ападае лісце (1968; лібр. абедзвюх Бачылы). У 1945—60 у трупе працавалі спевакі Р.​Асіпенка, Л.​Бражнік, Ворвулеў, Галушкіна, А.​Генералаў, У.​Глазаў, Н.​Гусельнікава, Г.​Дзмітрыеў, Зюванаў, Кудрашова, Ніжнікава, Н.​Нікеева, Б.​Нікольскі, Т.​Пастуніна, І.​Сайкоў, Сярдобаў, Шымко, Р.​Яўраеў; дырыжоры Абраміс, А.​Брон, Каламійцава, Л.​Любімаў, У.​Пірадаў; рэжысёры Александроўская, А.​Маралёў, Мардвінаў, Ю.​Ужанцаў, У.​Шахрай; мастакі Нікалаеў, П.​Масленікаў, хормайстар М.​Прысёлкаў.

У 1960-я г. вылучыліся спевакі новага пакалення В.​Бруй, Л.​Ганестава, В.​Ганчарэнка, В.​Глушакоў, В.​Гур’еў, С.​Данілюк, М. і П.​Дружыны, Л.​Златава, В.​Кірычэнка, Сарокін, А.​Саўчанка, В.​Чарнабаеў, І.​Шыкунова; дырыжоры Г.​Дугашаў, К.​Ціханаў, мастак Я.​Чамадураў; хормайстры Т.​Арлова, А.​Кагадзееў; гал. канцэртмайстар С.​Талкачоў. У 1970—80-я г., побач з узбагачэннем рэпертуару творамі опернай класікі і бел. кампазітараў, адбывалася актуалізацыя традыц. школы опернага мастацтва. Пачатак гэтага перыяду азнаменавала пастаноўка А.​Дадышкіліяні «Хаваншчыны» М.​Мусаргскага (1970; вобраз Марфы выканала Данілюк). Вял. роля ў абнаўленні тэатр. традыцый належыць рэж. С.​Штэйну. які паставіў шэраг яскравых спектакляў. Маштабнасцю і глыбінёй муз. і рэж. інтэрпрэтацыі вызначалася яго сумесная з Я.​Вашчаком работа над пастаноўкай «Барыса Гадунова» Мусаргскага (1974; у гал. партыі М.​Зданевіч і Я.​Пятроў). Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» (1971) і «Снягурачка» (1981) Рымскага-Корсакава, 2 новыя інтэрпрэтацыі «Пікавай дамы» Чайкоўскага (1972, 1983), «Дон Жуан» (1973) і «Вяселле Фігара» (1980) В.​А.​Моцарта, дзе выразна раскрыліся вак. майстэрства і сцэн. абаяльнасць Саўчанкі. Творчай удачай т-ра стала пастаноўка «Лаэнгрына» Р.​Вагнера (1977, рэж. К.​Г.​Фіртэль, ГДР; у гал. ролях Данілюк, А.​Дзедзік, Л.​Шамчук, Сарокін). У нац. традыцыях увасоблена польск. рэж. Б.​Янкоўскім «Галька» Манюшкі (1975). Выявілася цікавасць т-ра да італьян. оперы: «Сельскі гонар» П.​Масканьі (1973), «Дон Паскуале» Даніцэці (1977; у гал. ролі Чарнабаеў), «Дон Карлас» (1979) і «Рыгалета» (1981) Вердзі, «Служанка-пані» Дж.​Пергалезі (1981). Пастаноўка М.​Ізворска-Елізар’евай «Дона Карласа» вызначалася ансамблевасцю, высокай сцэн. і пеўчай культурай (Пятроў, Н.​Казлова, Н.​Губская, Данілюк і Н.​Галеева). Нац. рэпертуар папоўнілі оперы «Андрэй Касценя» М.​Аладава (лібр. Глебкі), «Зорка Венера» Семянякі (лібр. Бачылы; абедзве 1970). Філас.-абагульненае ўвасабленне рэчаіснасці, паказ падзей мінулага ў жывой сувязі з нашым часам уласцівы спектаклю «Джардана Бруна» С.​Картэса (1977, лібр. У.​Халіпа; дырыжор Вашчак, рэж. Штэйн, мастак Я.​Лысік). Асн. рысы кампазіцыі і стылістыкі оперы «Сівая легенда» Дз.​Смольскага (1978, лібр. У.​Караткевіча) характарызаваў псіхалагізм вак. партый (Дзедзік, Шыкунова, Сарокін). Драм. экспрэсіяй адметная пастаноўка оперы «Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера (1980, лібр. А.​Вярцінскага і Штэйна паводле аповесці В.​Быкава «Воўчая зграя»), У 1970-я г. калектыў т-ра папоўнілі салісты Ю.​Бастрыкаў, А.​Кеда, Л.​Колас, Пятроў, А.​Рудкоўскі, В.​Скорабагатаў, В.​Цішына, У.​Экнадыёсаў; дырыжор У.​Машэнскі; мастакі Я.​Ждан, В.​Левенталь. 1980-я г. т-р адзначыў шэрагам прэм’ер. Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.​Коласа пастаўлена опера «Новая зямля» Семянякі (1982, лібр. А.​Петрашкевіча паводле аднайм. паэмы Я.​Коласа) — спроба сінтэзу фалькл. т-ра і класічнай оперы. У 1989 пастаўлены адзін з лепшых нац. твораў — «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана (лібр. С.​Клімковіч паводле аднайм. аповесці Караткевіча; дырыжоры Вашчак і А.​Анісімаў, рэж. В.​Цюпа, мастак Э.​Гейдэбрэхт; у гал. партыях Н.​Кастэнка, Скорабагатаў, Экнадыёсаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. оперных прэм’ер «Вайна і мір» (1985, дырыжор Г.​Праватораў, рэж. Штэйн, мастак Гейдэбрэхт) і першая ў СССР пастаноўка оперы «Мадалена» (1989) Пракоф’ева.

Музыкальнасцю і дынамізмам адзначаны спектакль «Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха (1980, дырыжор Каламійцава; у гал. ролях Экнадыёсаў, Бастрыкаў, Колас, Кастэнка). Упершыню на Беларусі пастаўлены оперы «Кавалер руж» Р.​Штрауса і «Чароўная флейта» Моцарта (1987), адноўлены оперы «Баль-маскарад» (1981), «Пікавая дама» (1983), «Іван Сусанін» (1984), «Севільскі цырульнік» (1986), «Яўген Анегін» (1986). У складзе трупы: спевакі Т.​Глаголева, М.​Гулегіна, М.​Жылюк, Н.​Залатарова, Л.​Златава, Т.​Кучынская, Г.​Лукомская, М.​Майсеенка, Э.​Пелагейчанка, Пятроў, Н.​Руднева, М.​Рысаў, Цішына, мастакі Л.​Ганчарова, Гейдэбрэхт, хормайстар Кагадзееў. У 1990-я г. рэпертуар т-ра ўзбагацілі нац. оперы «Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі (1992, лібр. В.​Іпатавай паводле п’есы Л.​Пракопчыка; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава (1992, лібр. аўтара і Л.​Глебавай паводле аднайм. рамана М.​Булгакава) і «Візіт дамы» Картэса (1995, лібр. Халіпа паводле п’есы «Візіт старой дамы» Ф.​Дзюрэнмата; дырыжор Праватораў, рэж. М.​Пінігін, мастак З.​Марголін; у гал. партыях Руднева і Пелагейчанка). У 1994 адбылася прэм’ера оперы Дз.​Шастаковіча «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (лібр. А.​Прэйса паводле аднайм. аповесці М.​Ляскова), пастаноўка якой вылучалася экспрэсіўнай муз. стылістыкай у спалучэнні з дзейснай рэжысурай і сцэнаграфіяй (дырыжор Анісімаў, рэж. Ізворска-Елізар’ева, мастак В.​Окунеў; у гал. партыях Залатарова і Т.​Цівунова, В.​Кавальчук). Сярод новых пастановак таксама камічная опера «Шлюбны вэксаль» Расіні (1998). Асаблівасць дзейнасці т-ра гэтага часу — выкананне зах.-еўрап. опер на мове арыгінала. Створаны новыя версіі спектакляў «Тоска» Пучыні (1991), «Іаланта» Чайкоўскага (1993), «Рыгалета» (1994), «Травіята» Вердзі (1997), «Паяцы» Р.​Леанкавала (1999), «Кармэн» Бізэ (1995), «Князь Ігар» Барадзіна (1996). Т-р практыкуе форму канцэртна-сцэн. паказу: оперы «Барыс Гадуноў» Мусаргскага (1998), «Лючыя ды Ламермур» Даніцэці (у гал. партыі В.​Курбацкая) і «Набука» Вердзі (1999; Бастрыкаў, Глаголева, А.​Мельнікаў у гал. партыях), «Турандот» Пучыні (2000). Калектыў т-ра неаднаразова выступаў у Вял. т-ры ў Маскве і за мяжой. З 1990 г. на базе т-ра працуе Дзіцячы муз. тэатр-студыя, дзе пастаўлены шэраг спектакляў для дзяцей. У т-ры працавалі: гал. дырыжоры Гітгарц (1933—36), Грубін (1938—41), Брон (1944—48), Пірадаў (з 1948), Любімаў (1951—64), Дугашаў (1966—68), Ціханаў (з 1969), Вашчак (1972—80), Г.​Праватораў (з 1984), А.​Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. рэжысёры Златагораў (1939—40), Мардвінаў (з 1947), Александроўская (1951—60), Смоліч (1962—69), Дадышкіліяні (1972—76); гал. хормайстры Г.​Пятроў (1933—37, 1945—50), А.​Сцяпанаў (1937—41), М.​Прысёлкаў (1951—59), Кагадзееў (1960—93); гал. мастакі Нікалаеў (з 1938), Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Э.​Гейдэбрэхт (1984—90).

У складзе трупы (на 2000): нар. арт. СССР Саўчанка, нар. артысты Беларусі Бастрыкаў, Я.​Пятроў, Руднева, Чарнабаеў, нар. арт. Расіі Пелагейчанка, засл. арт. Расіі М.​Майсеенка, засл. артысты Беларусі Галеева, Губская, М.​Дружына, Жылюк, Казлова, Мельнікаў, У.​Пятроў, Скорабагатаў, В.​Стральчэня, майстры сцэны Т.​Варапай, А.​Гардынец, Глаголева, М.​Грыгорчык, Кавальчук, Курбацкая, С.​Франкоўскі; канцэртмайстры засл. артысты Беларусі Г.​Карант, Л.​Талкачова, засл. арт. Бураціі Ж.​Габа, артысты аркестра — засл. артысты Беларусі М.​Баркоўскі, У.​Тарашкевіч; дырэктар — маст. кіраўнік т-ра нар. арт. Беларусі Картэс, гал. дырыжор — засл. дз. маст. Расіі Анісімаў, дырыжоры засл. дзеячы маст. Беларусі М.​Калядка, Л.​Лях; рэж. С.​Цырук, гал. хормайстар — засл. дз. маст. Беларусі Ламановіч, мастак Ганчарова, мастак па касцюмах Э.​Грыгарук. Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам балета Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Смольский, Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;

Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;

Мастацтва Беларусі. 1983. № 10;

Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2—3]. Мн., 1993—96.

Б.​С.​Смольскі, А.​В.​Казлоўская.

Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Тоска» Дж.​Пучыні. 1991.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна з оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ. 1945.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага. 1974.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана. 1989.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Візіт дамы» С.​Картэса. 1995.

т. 11, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЯ, Рэспубліка Карэлія,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Мяжуе на З з Фінляндыяй, на У абмываецца Белым м., на Пд Ладажскім і Анежскім азёрамі. Пл. 172,4 тыс. км². Нас. 795 тыс. чал. (1997), гарадскога 75%. Сярэдняя шчыльн. 4,6 чал. на 1 км². Жывуць карэлы (10%), рускія (74,3%), беларусы (7%), украінцы (3,6%), фіны (2,3%), вепсы (0,8%) і інш. Сталіца — г. Петразаводск. Найб. гарады: Кондапага, Сегежа, Костамукша, Сортавала, Беламорск, Кем, Мядзведжагорск.

Прырода. Размешчана на ПнЗ еўрап. ч. Расіі. Паверхня К. — узгорыстая раўніна, якая сфарміравалася ў выніку дзейнасці ледавіка; прымеркавана Да Балтыйскага шчыта. Шматлікія грады і ўзгоркі чаргуюцца з нізінамі і западзінамі. На ПнЗ хрыбет Манселькя (выш. да 576 м), з Пн на Пд цягнецца Заходне-Карэльскае ўзв. (да 417 м), на Пд — Алонецкае ўзв. (да 313 м). Узбярэжжы Белага м., Ладажскага і Анежскага азёр заняты нізінамі. Карысныя выкапні: тытанамагнетытавыя і жал. руды, граніт, мармур, слюда, кварцыты, пегматыты, даламіты, палявы шпат, торф. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага: мяккая працяглая зіма, халаднаватае кароткае лета. Сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C да -13 °C, ліп. 14—16 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з Пн на Пд ад 400 да 600 мм за год. Рэкі парожыстыя, кароткія, з быстрым цячэннем, багатыя гідраэнергіяй. Гал. рэкі — Кем, Водла, Выг, Суна, Шуя. На р. Суна — вадаспад Ківач. Больш за 40 тыс. азёр (18% тэрыторыі). Буйныя азёры: Ладажскае, Анежскае, Тапвозера, Сегвозера, Пявозера, Выгвозера і інш. Беламорска-Балтыйскі канал. Шмат балот. Пераважаюць падзолістыя, падзоліста-глеевыя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лесам каля 53% тэрыторыі. Запасы драўніны 849 млн. м³ (1996). На Пн і ў цэнтры пашыраны хваёвыя лясы, на Пд — яловыя і лісцевыя (карэльская бяроза, вольха, асіна). Разнастайны жывёльны свет. Водзяцца буры мядзведзь, лось, паўн. алень, воўк, ліс, заяц-бяляк і інш. На азёрах, рэках і ўзбярэжжы Белага м. шмат вадаплаўных птушак. Запаведнікі: Костамукшскі і Ківач.

Гісторыя. Тэр. К. заселена ў 7—6-м тыс. да н.э. У 3—2-м тыс. да н.э. гал. заняткамі жыхароў былі рыбалоўства і паляванне. Першыя пісьмовыя звесткі пра плямёны карэлаў (гл. Карэла) адносяцца да канца 1-га тыс. н.э. У 9 — пач. 12 ст. К. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, пасля яе распаду падпарадкавана Ноўгараду. З 12 ст. ў К. зараджаюцца феад. адносіны, у 12—15 ст. складваецца карэльская народнасць. З 13 ст. К. — аб’ект агрэсіі шведаў, якія ў пач. 17 ст. захапілі Прыладажжа (вернута Расіі паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721). У Паўночную вайну 1700—21 на тэр. К. пабудаваны Алонецкі і Пятроўскі металург. з-ды, якія забяспечвалі рас. армію і флот гарматамі. У 1769—71 адбылося буйное выступленне горназаводскіх сялян (Кіжскае паўстанне). У 1811 зах. К. ўключана ў склад Вял. княства Фінляндскага. Пасля адмены прыгоннага права (1861) з’явіліся лесапільныя заводы з паравымі рухавікамі, павялічылася колькасць прамысл. і сезонных рабочых, пашырыліся нарыхтоўкі і сплаў лесу; па Анежскім воз. і Белым м. пачаўся рух параходаў.

У 1917—18 у К. ўстаноўлена сав. ўлада. Зах. К. ў 1917—40 была ў складзе Фінляндыі. 8.6.1920 з населеных карэламі мясцовасцей Алонецкай і Архангельскай губ. утворана аўт. вобласць — Карэльская прац. камуна, ператворана 25.7.1923 у Карэльскую АССР у складзе РСФСР. У выніку савецка-фінляндскай вайны 1939—40 зах. К. ўключана ў СССР. 31.3.1940 утворана Карэла-Фінская ССР. У Вял. Айч. вайну б.ч. К. акупіравана ням. і фін. войскамі. 16.6.1956 Карэла-Фінская ССР ператворана ў Карэльскую АССР. З ліст. 1991 наз. Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лясная, дрэваапр. (лесанарыхтоўкі, лесапілаванне, вытв-сць мэблі, буд. дэталей, лыж) і цэлюлозна-папяровая. На долю ляснога комплексу прыпадае каля 43% агульнага аб’ёму. прамысл. прадукцыі. У 1996 нарыхтавана 3,2 млн. шчыльных м³ дзелавой драўніны, выпрацавана 428 тыс. м² піламатэрыялаў, 242 тыс. т цэлюлозы, 552 тыс. т паперы. Асн. цэнтры дрэваапр. прам-сці: Петразаводск, Сортавала, Мядзведжагорск, Беламорск, Сегежа, Кем. Цэлюлознапапяровыя прадпрыемствы ў гарадах Кондапага, Сегежа, Піткяранта. Вял. значэнне мае здабыча жал. руды (6,1 млн. т, 1996, Костамукшскі горнаабагачальны камбінат), мармуру, граніту, пегматытаў, кварцытаў, слюды. Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд. кВт∙гадз (1995). ГЭС на рэках Суна, Выг, Кем і інш.; Петразаводская ЦЭЦ. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць абсталявання для лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, трактароў, суднаў, станкоў, радыё- і выліч. тэхнікі, рамонт суднаў і інш. трансп. сродкаў) у гарадах Петразаводск, Беламорск, Мядзведжагорск, Вяртсіля. Каляровая металургія прадстаўлена Надвоіцкім алюмініевым з-дам. Прадпрыемствы прам-сці буд. матэрыялаў у гарадах Кондапага, Петразаводск, Піткяранта, Сортавала. З галін харч. прам-сці найб. развіты рыбная, мясная, малочная, хлебабулачная. Ёсць прадпрыемствы лёгкай прам-сці (швейная, трыкат., абутковая, валюшна-лямцавая ф-кі). Саматужныя промыслы (вырабы з карэльскай бярозы, вышыўкі). Пад с.-г. ўгоддзямі 207 тыс. га (1,2% тэрыторыі), у т. л. пад ворывам 79 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Збор (тыс. т. 1995) збожжавых — 4, бульбы — 154,4, агародніны — 19,1. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 82,1, свіней — 37,9. Авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пушны промысел. Рыбалоўства (селядзец, навага, сігавыя). Даўж. чыгунак 2,1 тыс. км, аўтадарог 13,4 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7,5 тыс. км. Па тэр. К. праходзяць чыгункі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Суаярві—Костамукша; аўтадарогі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Костамукша. Суднаходства па Белым м., Ладажскім і Анежскім азёрах, Беламорска-Балтыйскім канале. Даўж. ўнутр. суднаходных шляхоў 3,6 тыс. км. Порт — г. Беламорск. Курорты: Марцыяльныя Воды, Сортавала. Турызм (Кіжы, Валаамскія а-вы і інш.).

Літаратура. Развіваецца з пач. 1920-х г. на фінскай і рускай мовах. Фарміравалася на своеасаблівым спалучэнні вусна-паэт. традыцый спевакоў рунаў і казачнікаў, карэла-фін. эпасу «Калевала» і рус. фальклору. У яе станаўленні ўдзельнічалі карэльскія, рус. і фін. пісьменнікі. У 1926 засн. Карэльская асацыяцыя пралет. пісьменнікаў з рус., фін. і карэльскай секцыямі. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К. Адзін з заснавальнікаў л-ры К. — паэт Я.Віртанен. У 1930-я г. адбывалася інтэнсіўнае станаўленне розных літ. жанраў: лірычнай паэзіі [Л.​Хело (Т.​Гутары), М.​Рутанен, І.​Кутасаў], драмы [Р.​Руска (Нюстрэм)], рамана (О.​Іагансан), аповесці (В.​Чэхаў), нарыса і апавядання (С.​Норын). Маст. асэнсаванне гіст. мінулага, падзей рэвалюцыі і грамадз. вайны — асн. змест даваен, і пасляваен. л-ры К. Шматграннасць жыцця сучаснікаў, непаўторнасць і самабытнасць карэльскага краю ў творах пісьменнікаў-фінаў У.​Вікстрэма (раманы «Уперад, працоўны народ», 1954; новая рэд., кн. 1—3, 1957—65; «Суомі ў полымі», 1968), І.​Саарынена (зб. паэзіі «Мая Карэлія», 1965; «Лісткі памяці», 1969), Т.​Суманена (кн. паэзіі «Простыя словы», 1968; «Сэрца чалавечае», 1980), пісьменнікаў-карэлаў Я.Ругоева, М.​Якала (тэтралогія «Водападзел», 1949—66), М.​Лайне (зб-кі вершаў «З пакалення ў пакаленне», 1974; «Ветраны вечар», 1981), А.Тыманена, рус. пісьменнікаў А.​Лінеўскага (гіст. тэтралогія «Беламор’е», 1952—65), А.​Сцяпанава (раманы «Сваякі», 1969; «Яака Саку — чалавек з народа», 1973; «Удовы», 1983), Дз.​Гусарава («За мяжой міласэрнасці», 1977), А.​Аўдышава (зб-кі вершаў «Край азёрны, край лясны», 1964; «Заанежжа», 1984) і інш. Л-ра апошніх дзесяцігоддзяў скіравана на раскрыццё сац.-этычных праблем, ёй уласцівы эпічнасць, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць, нац. каларыт: паэзія І.​Сіманенкава, В.​Сергіна, Ю.​Лінніка, проза П.​Перту, Сцяпанава, драматургія П.​Барыскова, А.​Іванова, Сцяпанава, Тыманена, публіцыстыка У.​Усланава. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Ю.​Ніканава, У.​Данілаў), фалькларыстыка, літ.-знаўства, перакладчыцкая дзейнасць.

Творчыя сувязі л-р Беларусі і К. зарадзіліся ў 1930-я г.: асабістыя кантакты Купалы і Віртанена, публікацыі твораў Купалы на фін. мове ў перыяд, друку. Адзін з першых перакладчыкаў эпасу «Калевала» — бел. пісьменнік М.​Машара. На фін. мову перакладзены асобныя творы Я.​Коласа, В.​Быкава (перакладчык У.​Руханен). На бел. мове выдадзены кніга карэльскіх нар. казак «Чаму вада ў моры салёная» (1984), асобныя творы Вікстрэма, Лайне, Ругоева, Суманена, А.​Хійры і інш. у перакладах Я.​Лапаткі, У.​Правасуда, Я.​Сіпакова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі неаліту і бронз. веку на тэр. К. захаваліся наскальныя малюнкі з выявамі жывёл, чалавека, антрапаморфных істот, сцэн палявання і бітваў выразаныя з рогу галовы ласёў і схематычныя фігуркі чалавека. Пасля ўваходу ў склад Стараж. Русі маст. культура К. развівалася ў рэчышчы агульнарасійскай. У культавым і жыллёвым буд-ве дамінавала драўлянае дойлідства: клецепадобныя цэрквы з гарыз. кампазіцыйнай воссю (Лазараўская Мурамскага манастыра, канец 14 ст.), вертыкальна арыентаваныя шатровыя (Успенская ў Кондапазе, 1774), маляўнічыя шматкупальныя (цэрквы комплексу Кіжы) і інш. Жылыя дамы будаваліся «брусам» (прамавугольны ў плане дом-двор пад агульным дахам) і «кашалём» (квадратны ў плане дом-двор з 2-схільным рознай даўжыні дахам). Пабудовы багата аздабляліся разьбою. З 14 ст. вядомы іканапіс, які развіваўся як архаізаваная галіна наўгародскай школы іканапісу («Апостал Пётр»). У 15—16 ст. вызначыліся мясц. асаблівасці: стрыманасць манеры пісьма і колеравай гамы, спрошчанасць малюнка і кампазіцыі, абагульненасць і лаканізм трактоўкі формы, эмацыянальная адухоўленасць вобразаў («Пётр і Павел», 15 ст.; «Вогненнае ўзыходжанне прарока Ільі», 16 ст.). У 16—19 ст. пад уплывам растова-суздальскай і маск. іканапісных школ склалася некалькі кірункаў іканапісу К. ад манументальна-лапідарных да вытанчаных па малюнку. У 18 ст. пачалося мураванае буд-ва, якому ўласцівы ўплывы барока, пазней класіцызму (ансамбль Круглай плошчы ў г. Петразаводск, 1775, арх. Е.​С.​Назараў; перабудовы 1787—89 і 1839). У архітэктуры канца 1930—50-х г. выкарыстоўваліся ордэрныя элементы (Рус. муз.-драм. т-р К. ў Петразаводску, арх. С.​Бродскі і інш., скульпт. С.​Канёнкаў) і дэкар. матывы нар. архітэктуры. У 1960—80-я г. ўзводзіліся простыя па кампазіцыі прамысл. і грамадскія будынкі. У 1920—30-я г. пачало фарміравацца прафес. выяўл. мастацтва. У жывапісе 1950—80-х г. найб. пашыраны пейзаж, часта з жанравымі матывамі (В.​Аўдышава, Б.​Паморцаў, С.​Юнтунен), партрэт (Г.​Стронк, Ф.​Ніемінен), нацюрморт (Л.​Ланкінен). З 1950-х г. развіваецца графіка (Стронк, Т.​Юфа і інш.), з 1960-х г. — партрэтная і жанравая скульптура (Л. і Г.​Ланкінены, Э.​Акулаў і інш.). У дэкар.-прыкладным і нар. мастацтве здаўна развіта выемчастая і ажурная разьба па дрэве, што ўпрыгожвае дамы, гасп. пабудовы, храмы, мэблю, посуд і інш. Пашырана вышыўка.

Музыка. Адзін з найб. стараж. пластоў муз. фальклору К. — рунічны (песні-руны; сямейна-быт., эпічныя, гіст. песні, балады, галашэнні, песні-імправізацыі іойку і інш.). Вядомы таксама лірычныя песні, прыпеўкі. Сярод гар. жанраў — піірылейкі (кругавыя песні), рытмаінтанацыйнай асновай блізкія да еўрап. танцаў (вальс, полька, мазурка). Сярод інструментаў — струнна-смычковыя ёўхіка, версіканель; струнна-шчыпковы кантэле; духавыя торві (пастухоўская труба з бяросты), ліру; званочкі. Прафес. муз. культура развіваецца з пач. 1920-х г. Сярод кампазітараў: Г.​Вавілаў, Л.​Вішкароў, А.​Голанд, Р.​Зялінскі, П.​Казінскі, В.​Канчакоў, В.​Кошалеў, Б.​Напрэеў, Э.​Патлаенка, Р.​Пергамент (аўтар першай нац. камічнай оперы «Кумоха», 1959), К.​Раўтыо, Г.-Р.Сінісала (аўтар першага нац. балета «Сампо», 1959), кампазітар і фалькларыст В.​Гудкоў. У К. працуюць: Муз. т-р (з 1955), сімф. аркестр Карэльскага радыё і тэлебачання (з 1933), ансамбль песні і танца «Кантэле» (з 1936), Карэльская філармонія (з 1939), філіял С.-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1967), муз. вучылішча (з 1938). У 1937 засн. Саюз кампазітараў.

Тэатр У 1918—22 у Петразаводску працаваў рус. т-р (Нац. т-р драмы). У 1920—30-я г. паявіліся шматлікія самадз. рус., фін. і карэльскія драм. гурткі, аматарскія т-ры («Карэльская сцэна і інш.). У 1929 створаны т-р рус. драмы, у 1932 — фін. драм. т-р (заснавальнік Р.​Нюстрэм), які ставіць спектаклі сусв., у т. л. фін. і рус., класікі, творы сучасных драматургаў. Працуюць таксама драм. т-р Карэліі, Рус. драм. т-р, Т-р лялек і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Л.​Томберг, Д.​Карпава, Т.​Ланкінен, Т.​Ромпайнен, В.​Суні, В.​Тамашэўская, С.​Туарыла, В.​Фінагеева, Ю.​Хумпі, П.​Чаплыгін, А.​Шыбуева.

Літ.:

Плотников В.И. Изобразительное искусство Советской Карелии. Л., 1961;

Смирнова Э.С. Живопись Обонежья XIV—XVI вв. М., 1967;

Савватеев Ю.А. Рисунки на скалах. Петрозаводск, 1967;

Орфинский В.П. Деревянное зодчество Карелии. Л., 1972;

Православные храмы Карелии. М., 1998;

Музыкальное искусство Карелии: Сб. науч. тр. Л., 1983.

С.​І.​Сідор (прырода, гаспадарка).

Да арт. Карэлія. Востраў у Белым моры.
Да арт. Карэлія. Рака Поньгама.

т. 8, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

что​I мест.

1. што (род. чаго́, дат. чаму́, вин. што, твор., предл. чым);

2. (в знач. «как», «какой») як, які́, што;

что, твоя́ голова́ лу́чше? што (як), твая́ галава́ лепш?;

ну что, как у вас на да́че? ну што, як у вас на ле́цішчы?;

3. (в знач. «почему», «зачем») чаго́, што;

что ты так кричи́шь? чаго́ (што) ты так крычы́ш?;

4. (в знач. «сколько») ко́лькі, што;

что сто́ит э́та кни́жка? ко́лькі кашту́е гэ́та кні́жка?;

что возьмёшь за рабо́ту? ко́лькі (што) во́зьмеш за рабо́ту (пра́цу)?;

что бы́ло ду́ху, пусти́лся бежа́ть ко́лькі было́ ду́ху, пусці́ўся бе́гчы;

5. (в относительном употреблении) што, які́;

де́рево, что тут росло́ дрэ́ва, што (яко́е) тут расло́;

6. (при сопоставлении нескольких предложений); (одно-другое-третье) разг. адно́-друго́е-трэ́цяе, што-што-што;

что вспо́мнил, что забы́л, что перепу́тал што ўспо́мніў, што забы́ў, што пераблы́таў (адно́ ўспо́мніў, друго́е забы́ў, трэ́цяе пераблы́таў);

7. (в риторических вопросах и восклицательных предложениях: как) як; (изредка) што; (какой) які́;

до чего́ он испуга́лся! як ён спало́хаўся (спужа́ўся)!;

до чего́ холо́дный (хо́лодно)! які́ хало́дны! (як хо́ладна!);

(уж) на что разг. ужо́ ж. які́ (да чаго́) (перед сущ. или прил.), ужо́ ж як (да чаго́) (перед нареч. или глаг.);

что кому́ (за де́ло) до кого́, до чего́? яка́я каму́ спра́ва да каго́, да чаго́?;

что за ве́чер! які́ (што за) ве́чар!;

что за нужда́? што за кло́пат?, яка́я патрэ́ба?;

что по́льзы? яка́я (што) за кары́сць?;

что то́лку? што то́лку?, яка́я ра́цыя?, які́ сэнс?;

8. (в знач.: что я говорю?, даже не) ды што там;

доста́точно одного́ сло́ва, намёка… что намёка! — взгля́да до́сыць (дастатко́ва) аднаго́ сло́ва, намёку… ды што там намёку! — по́зірку;

◊

ма́ло ли что! ма́ла што!;

за чем де́ло ста́ло? у чым затры́мка?;

не́ за чем няма́ чаго́;

не́ на что няма́ на што;

ни за что, ни про что без дай прычы́ны;

ни к чему́ няма́ чаго́, няма́ патрэ́бы, без патрэ́бы, не трэ́ба;

прийти́ (верну́ться) ни с чем прыйсці́ (вярну́цца) ні з чым;

хоть бы что хоць бы што;

чуть что чуць што;

оста́ться ни при чём заста́цца ні пры чым;

ни во что не ста́вить лічы́ць за нішто́, не лічы́цца;

ни за что счита́ть лічы́ць за нішто́;

в слу́чае чего́ калі́ што яко́е;

не́ о чем говори́ть няма́ пра што гавары́ць;

что и говори́ть што і каза́ць;

хоть ты что хоць ты што;

что к чему́ што да чаго́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вось ​1, ‑і, ж.

1. Шпень або тонкі вал, на які насаджваюцца колы, часткі машын або механізмаў. Пярэдняя, задняя вось. Вертыкальная вось. □ Некалькі артылерыстаў цягнулі гармату, якая грузла амаль да восі. Мележ.

2. Спец. Прамая, якая праходзіць праз цэнтр сіметрыі або праз цэнтр цяжару якога‑н. цела. Вось праекцыі. Аптычная вось. Зямная вось.

3. перан. Стрыжань якіх‑н. падзей. Вось палітычнага жыцця.

вось ​2, указальная часціца.

1. Ужываецца для ўказання на прадметы, з’явы, якія знаходзяцца блізка ў дадзены момант, або на ўсё тое, што адбываецца непасрэдна перад вачамі. [Зоська:] Не сядзіцца мне, мамачка, у хаце... Там хадзіла сабе каля рэчкі і кветачкі для цябе вось гэтыя, рвала. Купала. Нарэшце, вось яно, мястэчка Між гор бялее ў паплавах. Колас. [Калгаснікі] стаялі і сачылі за дзіўнай ігрой хмар. Вось тая, што плыла з захаду, закрыла сонца. Шамякін.

2. Ужываецца для ўказання на паслядоўную змену падзей, з’яў і пад., на раптоўнае і нечаканае іх паяўленне. Усё сціхла. Але вось паветра рассякае агністы меч і зіхаціць вясёла. Багдановіч. Вось мы пад гарой ужо, вынырваем з-за гары, ледзь не потырч ляцім уніз. Брыль.

3. Ужываецца пры выказванні якіх‑н. эмоцый (захаплення, радасці, жарту і пад.) у клічных сказах разам з указаннем на прадмет, з’яву. Ага, вось ты якая цаца! Так, так! Шамякін. Вось выпадак, вось здарэнне! Колас.

4. У спалучэнні з указальнымі займеннікамі і прыслоўямі ўжываецца для ўзмацнення і ўдакладнення іх значэння. Анежка ішла і думала, што вось гэта сустрэча з Алесем вырашыць канчаткова яе лёс. Броўка. [Паўлінка:] Вазьміце сабе табурэцікі ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкаў. Купала.

5. У спалучэнні з пытальнымі займеннікамі (хто, што, які, чый, каторы) і прыслоўямі (дзе, куды, адкуль, калі, чаму, як і інш.) надае ім сэнс указання на што‑н. (з націскам на слове «вось»). [Паўлінка:] Не так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як. Купала. Вось дзе можна бавіць час! Колас. [Клім:] — А чытаю я вось што. — Ён узяў з этажэркі кнігу і падаў Шэмету. Лобан. [Леў Раманавіч:] — Дык гэта ж ты і сапраўды даводзішся мне траюрадным братам. Вось як. Асіпенка. Вось калі арганізуемся як след, тады ніякі вораг нам не страшны. Лынькоў.

•••

Вось табе! Вось вам! — атрымай (атрымайце) па заслугах.

Вось табе і... — пра што‑н. такое, што мяняецца не ў патрэбны бок.

Вось табе і на! Вось табе і раз! Вось табе і маеш! — вокліч з выпадку чаго‑н. нечаканага, выказванне здзіўлення, расчаравання.

Вось так — ужываецца ў воклічах пры выказванні пагарды, знявагі.

Вось яно што! Вось яно як! — вокліч здзіўлення аб уразуменні раней незразумелага.

Вось яшчэ! — ужываецца пры адмаўленні чаго‑н., пры нязгодзе з чым‑н. або пры адмоўных адносінах да чаго‑н.

Ну, вось і ўсё! — ужываецца пры падвядзенні вынікаў чаго‑н. або ў канцы размовы ці спыненні гутаркі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыць, жыву, жывеш, жыве; жывём, жывяце; пр. жыў, ‑ла, ‑ло; незак.

1. Быць жывым, існаваць. — Гані ад сябе дрэнныя думкі, Таня, — сказаў Васіль Раманавіч, гледзячы ёй у вочы. — Чалавек будзе жыць, калі ён прагне жыцця. Новікаў. Аб усім утрая Клапаціцца гатоў, Быццам думаю я, Жыць яшчэ сто гадоў. Гілевіч. // Тварыць, дзейнічаць; карыстацца жыццём. Мы шляхам сонечным ідзём Перамагчы — і жыць. Наш кліч запаліцца агнём На новым рубяжы. Багун. Глушко.. не губляе гумару і добрага настрою. Суседзі лічаць — умее жыць, не прападзе ні пры якіх пераменах. Навуменка. // перан. Існаваць (пра нежывыя прадметы). Магутнасць вясны жыла ў лясах і ў полі. Чорны. У фальклоры словы сапраўды жывуць, змяняюцца, узбагачаюцца новым зместам, набываюць адценні, шліфуюцца, перайначваюцца. Шкраба.

2. перан.; чым і без дап. Быць ажыўленым, абуджаным чым‑н., поўным руху. Па мосце ішоў таварняк — чыгунка на Бярозаўскую ДРЭС жыла, дзейнічала. Дадзіёмаў. Ноч жыла ранейшымі гукамі — ні на хвіліну не змаўкалі трактары, заліваліся салаўі ў аддаленні. Хадкевіч.

3. Быць захопленым кім‑, чым‑н.; лічыць што‑н. галоўным у жыцці. Пятра так прывабіла магчымасць перайсці на штампоўку дэталі, якую яны дагэтуль выточвалі, ён так блізка прыняў да сэрца Андрэеву задуму, што і сам пачаў увесь час жыць ёю. Шахавец. Тры гады ён табою адною жыў, Заслужыў на сустрэчу салдацкае права ён. Панчанка.

4. Весці той або іншы спосаб жыцця, знаходзіцца ў пэўных умовах існавання. Жыць багата. □ І ўсе жылі ў згодзе, без сваркі. Колас. // чым, з чаго і на чым. Падтрымліваць сваё існаванне чым‑н. Нам плацілі бульбай, Бульбай мы жылі. Бядуля. Нідзе на службе.. [Іван Пятровіч] цяпер не быў па старасці год, а жыў з пенсіі. Якімовіч.

5. Знаходзіцца, пражываць дзе‑н. Жыць у вёсцы. □ —Тут жыве Гарус? — запытаўся.. госць. Чорны. // Насяляць што‑н., вадзіцца дзе‑н. На тэрыторыі СССР жыве шмат нацыянальнасцей. Зубры жывуць у Белавежскай пушчы.

6. Пражываць сумесна з кім‑н., сярод каго‑н. І не ведаў яшчэ Алёша, што ніколі не зразумее ён гэтага чалавека, — Стронен жыў адзін, Алёша жыў з людзьмі. Чорны. З ваўкамі жыць — па-воўчаму выць. Прыказка. // з кім. Разм. Знаходзіцца з кім‑н. у любоўных сувязях. — Гэта была адзіная жанчына, з якой я жыў да таго, як ажаніўся. Шамякін.

7. перан. Існаваць, мець месца (пра адцягненыя паняцці, вобразы і пад.). Жыць у легендах. □ [Наталля:] Чалавек жа хоча жыць і пасля смерці... у сваім патомстве, у сваіх справах. Крапіва.

•••

Жыць з мазаля — здабываць сродкі для жыцця сваёй уласнай працай.

Жыць можна — нічога сабе, так сабе (пра пасрэдныя, цярпімыя ўмовы).

Жыць сваім розумам — прытрымлівацца сваіх поглядаў, быць самастойным у сваіх дзеяннях, учынках.

Жыць сягонняшнім днём — не клапаціцца пра будучае.

Жыць чужым розумам — прытрымлівацца чужых поглядаў, не маючы самастойнай думкі.

Няхай жыве! — пажаданне поспеху, росквіту.

(Сам) бог жыве гл. бог.

У горы жыць ды з перцам есці — пра жаданне мець што‑н. пры адсутнасці ўмоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусты́, ‑ая, ‑ое.

1. Нічым не запоўнены, не заняты (пра тое, што можа змяшчаць у сабе што‑н.). Пусты карабок. Пустая бутэлька. □ Пастаіць гаспадыня ля свае каровы, пачакае, пакуль тая паранку з’есць, і назад пусты цэбар нясе. Чорны. Па пустым рукаве можна было меркаваць, што чалавек гэты не мае адной рукі. Лынькоў. // Не заняты нікім, нічым; свабодны, вольны. [Ярохін] дастаў чамадан, на пустым сядзенні разаслаў газету, паклаў хлеб, кансервы. Шамякін. К вакзалу падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй. Ермаловіч. // Бязлюдны; нежылы. Двор быў пусты і азызлы, з халодным глянцам размешанай гразі. Скрыган. Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з’явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска. Кудраўцаў. // Вольны ад работы, ад заняткаў. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі. // Без пладоў або з недаспелым плодам. Пусты колас. Пусты арэх. □ Яравыя гарэлі на корані, а жыта, пасмяглае, нізкарослае, было пустое. Чыгрынаў. // Прыгатаваны без тлушчу, мяса. Пусты боршч. □ У стральца дым густы, ды абед пусты. Прыказка. // Нятлусты, неўрадлівы (пра зямлю). Верная зямля ў малінаўцаў была напалову слуцкая — тлустая і ўраджайная, напалову палеская — пустая і пясчаная. Чарнышэвіч.

2. Які мае ўсярэдзіне пустату. Пусты шар. Пустыя сцены.

3. Які нічога не мае, нічога не прыдбаў; без здабычы. Лісічкі, рабіна, баравікі — гэта добра: пойдзеш у лес — пусты не вернешся. Ракітны. На возе — нічога: сена толькі для вачэй, але Апейка паручыцца мог бы — не пусты едзе, вязе нешта. Мележ.

4. перан. Неглыбокі, бяссэнсавы; не сур’ёзны. Пустая гаворка. □ Перакідаючы пустыя словы, .. [Валя і Сашка] апынуліся каля вялікага сквера і ўвайшлі ў яго. Чорны. Міхалка пустых фраз не любіць гаварыць. Яго прамовы цяпер кароткія і моцныя. Бядуля. Пустым становіцца жыццё ў чалавека, калі ў яго адбіраюць любімую працу. Шахавец.

5. перан. Які не мае сур’ёзнага значэння; беспадстаўны. Пустая пахвальба. Пусты страх. Пусты смех. □ Знікалі турботы, хваляванні, а калі і абуджаліся на хвілінку, дык выглядалі ўжо як нікчэмныя, пустыя. Карпаў. Не гарэў ён [народ] пустым летуценнем. За дармовым не гнаўся рублём. Куляшоў. // Бескарысны, бясплодны, беспаспяховы. [Мікалай Іванавіч] быў расчараваны пустой работай — сваім выступленнем перад выключаным мікрафонам. Шахавец. Дзед Талаш .. ужо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні. Колас.

6. перан. Які не мае сур’ёзных інтарэсаў; духоўна абмежаваны, бедны. [Чыжыку] ўжо вельмі падабаўся Саўчанка, які даў гэтую гранату і які не так даўно здаваўся пустым чалавекам. Лупсякоў.

7. у знач. наз. пусто́е, ‑ога, н. Тое, што не заслугоўвае ўвагі; што‑н. нязначнае. — Ніхто цябе не вінаваціць. Не люблю толькі, калі людзі пустое мелюць. Машара. [Ціхон] не церпіць усяго пустога, легкадумнага — ні ў словах, ні ў справах. Ракітны.

•••

Затычка ад пустой бочкі гл. затычка.

Біцца за пусты мех гл. біцца.

З пустымі рукамі гл. рука.

Пераліваць з пустога ў парожняе гл. пераліваць.

Пустая гаворка гл. гаворка.

Пустое месца гл. месца.

Пусты кашалёк гл. кашалёк.

Пустыя кішэні у каго гл. кішэнь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. развёў, ‑вяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Адвесці кожнага на сваё месца. [Мар’я:] — Усіх [дзяцей] ужо развяла па людзях, адзін вось застаўся, меншанькі самы. Шамякін. Брыгадзір развёў [студэнтаў] па хатах. «Работніца і сялянка». // Расставіць па пастах. Развесці вартавых.

2. Разняць, аддзяліць адно ад другога. — Во гэтакі ахапак вяргінь ды руж прынесла, — солтыс развёў рукі і паказаў, які вялікі пук прынесла Ліпачка. Сабаленка. А Рэкс і зубоў не расшчапіў. Ледзьве .. яму вінтоўкаю развялі. Жук. // Адвесці ў розныя бакі часткі чаго‑н., рассунуць, расставіць што‑н. злучанае, самкнутае. Развесці мост. □ І, сеўшы на пень пад зялёнай бярозай, задорна развёў баяніст свой баян. Машара. // Спец. Адагнуць зубы адзін за адным управа і ўлева (пра пілу). // перан. Разлучыць каго‑н., аддаліць аднаго ад другога. Ты была маёй першай каханай, Толькі лёс навекі нас развёў. Ставер. — Сёння ты прынёс порхаўку замест чалавечага носа, а заўтра прыедзеш без нармальнай сківіцы. Сорак два няшчасці! Я вашу .. кампанію хутка развяду. Паслядовіч. // перан. Рассеяць, развеяць, ліквідаваць (бяду, гора і пад.). Каб знала Яніна — устала б, Ляцела к яму, як магла, Да любага сэрца прыпала б І ласкаю гнеў развяла. Чэрня. Чужую бяду рукамі развяду. Прымаўка.

3. Скасаваць чый‑н. шлюб. — Дык скажыце вы мне, Хіба гэта мужчына?! Я прашу нас развесці, Так жыць немагчыма. Кляўко.

4. Апусціўшы ў ваду або іншую вадкасць, распусціць, растварыць; зрабіць раствор. Развесці чарнільны парашок. □ Гэтыя куханы Гінка пякла хто ведае з якой мукі.. Пасыпаны яны былі но цукрам, а папырсканы салодкай вадой, у якой Гінка, напэўна, развяла драбок сахарыну. Корбан. // Дабавіўшы вады або іншай вадкасці, зрабіць слабейшым раствор чаго‑н.; разбавіць. Развесці спірт. Развесці воцат.

5. Вырасціць або выгадаваць у значнай або вялікай колькасці. Развесці карпаў. Развесці кветкі. □ — Думаем на будучы год вінаградную лазу развесці... Пянкрат. — Калі пашанцуе, то і з адной калодкі можна развесці пчолкі, — гаварыў Сёмка. Колас. // Пакласці пачатак якой‑н. справе па вырошчванню, гадоўлі чаго‑н. Развесці кветнік. □ Перасадзіў [садоўнік] з панскага гадавальніка перарослыя дзічкі — прышчэпліваць іх давялося ўжо вышэй галавы, — развёў і свой гадавальнік. Кірэйчык. // Даць распладзіцца, размножыцца чаму‑н. у выніку бяздзейнасці, неахайнасці і пад. — Бадай ты спрогся, стары пень! — лаяліся мужыкі: гэта ж .. [Анісім] расплодзіць такога бруду, што і не акараскацца — заразу развядзе. Колас. — Тваіх спраў, якія ты развёў тут, я прымаць не буду. Будзеш справаздачу даваць у другім месцы, — не гледзячы ў яго бок, адказаў Лазняк. Дуброўскі.

6. Разбараніць каго‑н. Імкліва падышоў [Рыгор] да рабят, якія ўсё пагражалі адзін аднаму, і, узяўшы іх за каўняры, развёў у бакі. Ваданосаў.

7. Распаліць, раскласці (агонь, вогнішча). Пасля дня блукання сышліся [паляўнічыя] ужо ля дамоўкі, развялі касцёр. Ракітны.

8. Разм. У спалучэнні з абстрактным назоўнікам азначае: пачаць рабіць тое, аб чым гаворыцца ў назоўніку. Развесці плёткі. □ — Каб хто толькі ведаў, якую .. [Наўмыснік] развёў дзейнасць. Грамовіч.

•••

Развесці рукі (рукамі) — рухам рук выказаць цяжкасць, безвыходнасць становішча, бяссілле ў вырашэнні якой‑н. справы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фігу́ра, ‑ы, ж.

1. Форма, абрысы чаго‑н. Ды дарожкі ўсе ў парадку І праведзены пад шнур, Гожы клумбачкі і градкі Розных выглядаў-фігур. Колас. // Форма, малюнак, узор, утвораныя пэўным размяшчэннем прадметаў. Вычварныя фігуры кустоў і дрэў. Мазаікавыя фігуры.

2. Склад цела, знешнія абрысы, формы чалавека. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Уся.. фігура [Арлоўскага] вызначалася сярод партызан строгай афіцэрскай выпраўкай. Машара. Ва ўяўленні [Юркі] паўставаў Лёдзін вобраз — ..з тых, што трапляюць у песню, стройная фігура, якая нечакана і раптам аформілася. Карпаў. // Пра чалавека якога‑н. выгляду, якой‑н. знешнасці. Уся ўвага цяпер пераключана на фігуру запыленага чалавека, чый узмах рукі выклікаў такую небывалую весялосць, такое радаснае захапленне. Перкін. // Разм. Прыгожы склад цела. [Юля] раней ганарылася сваёй фігурай. Грамовіч.

3. Чалавек (звычайна невядомы, незнаёмы ці кепска бачны). Ля абгарэлага пня, скурчыўшыся, сядзелі цёмныя фігуры... Маўр. Падымаю галаву і бачу чужую, незнаёмую фігуру. Скрыган. Нібы з зямлі выраслі непадалёку тры чалавечыя фігуры. Чарот. З боку цёмнай грамадзіны-капліцы падсоўваецца белая здань. Ціха ідзе гэта таемная фігура, як бы плыве. Бядуля. // Разм. пагард. Чалавек, тып. Ідзе — сунецца фігура, Азіраецца панура, Каб ёй хто не перашкодзіў. Колас. // Чалавек як носьбіт якіх‑н. якасцей, уласцівасцей. Буйная палітычная фігура. □ Як тут яшчэ раз не ўспомніць светлую фігуру Анатолія Фёдаравіча Коні, яго сумленныя і мужныя паводзіны на працэсе Веры Засуліч! Мехаў. // Важная асоба, персона. Леў цяжкую пагрузку нёс: Начальнік як-ніяк, фігура немалая. Корбан. [Надзя:] — Захар Пятровіч усё-такі значная фігура ў інстытуце, і справу з ім табе прыдзецца мець яшчэ не аднойчы. Шахавец.

4. Постаць чалавека або жывёлы ў скульптуры, жывапісе. А там з боку дарогі вынырнуў незвычайны фантан з пачварнымі скульптурнымі фігурамі і мудрагелістай лепкай. Б. Стральцоў. На каменных плітах высечаны рэльефныя фігуры людзей — партрэты пахаваных. В. Вольскі. // Вобраз, персанаж твораў мастацкай літаратуры або тэатральных спектакляў. Галоўная фігура твора [«Лявон Бушмар»] — уладальнік хутара.. Бушмар. Луфераў. «Чалавек з масы».. становіцца цэнтральнай фігурай у літаратурных творах. Адамовіч.

5. Комплекс рухаў пры выкананні чаго‑н. (танца, пры катанні на каньках і пад.). Першая фігура кадрылі. □ Група хлапчукоў смела кружылася вакол шырокай палонкі, выпісваючы такія адмысловыя фігуры, што Максім ажно пазайздросціў. Шамякін. // Палёт самалёта з рознымі паваротамі, віражамі. Фігура вышэйшага пілатажу.

6. Спец. Меладычны або рытмічны элемент, які ўскладняе і ўпрыгожвае музычны твор. Аркестравыя фігуры. Рытмічная фігура характэрна для маршавага руху.

7. У геаметрыі — частка плоскасці, абмежаваная замкнутай лініяй, а таксама наогул сукупнасць размешчаных пэўным чынам пунктаў, ліній, паверхней і цел. Геаметрычныя фігуры.

8. У шахматах — кароль, ферзь, ладдзя, слон і конь. Хапаю яе [шахматную дошку], кладу на табурэт, пачынаю расстаўляць фігуры. Жычка.

9. Старшая ігральная карта (туз, кароль, дама, валет).

10. Моўны зварот, стылістычны прыём, які надае мове асаблівую выразнасць. Цэзуры, паўзы і іншыя рытмічныя фігуры робяць разнастайнай рытміку вершаў Багушэвіча. Ларчанка.

11. Спец. Чарцёж, схема, рысунак, якія змяшчаюцца ў тэксце кнігі.

[Лац. figura — вобраз, форма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)