устрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Стрымаць сябе ад якіх‑н. дзеянняў, адмовіцца ад чаго‑н. [Крыскавец] памкнуўся быў выключыць тэлевізар, але ўстрымаўся. Хадановіч. Акінуўшы вокам кампанію і тую гарэлку, якая стаяла на стале, Лабановіч цвёрда пастанавіў не піць, бо нейкае пачуванне засцярогі падказвала яму ўстрымацца. Колас.
2. Ухіліцца, не прыняць удзелу (у галасаванні). Колькі ўстрымалася пры галасаванні — не падлічвалі, важна было,.. што ніхто не галасаваў супроць. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фанабэ́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Разм. Трымацца з фанабэрыяй; задавацца. — Ды ты ж [Віктар] сам вінаваты, — агрызнуўся Мірон. — Перад кім было фанабэрыцца, што спрытна спраўляешся з гэтай праклятай душагубкай? Маўр. — Хопіць вам, — умяшалася маці Рыгоркі. — Ты, сынок, не пярэч бацьку. Калі голад за спінай стаіць, фанабэрыцца няма чаго. Курто. [Высеўка] ж, як вып’е чарку ў суседзяў на радзінах ці на вяселлі чужым, таксама фанабэрыцца: — Пражыву! Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
халадне́ць, ‑ее; незак.
Станавіцца халодным, халаднейшым (пра паветра, надвор’е). Было ўжо за поўнач, але паветра не толькі не халаднела, а, здавалася, нават цяплела. Маўр. Маці выбягае на ганак, пакінуўшы адчыненыя дзверы, і адразу ў хаце халаднее ад ядранага паветра. Кудравец. // перан. Траціць душэўную цеплыню, станавіцца абыякавым. [Маладая жанчына] глядзела ў акно, і вочы яе, жывыя, разумныя, увесь час мяняліся. То рабіліся вясёлыя і нібы смяяліся, то халаднелі, цямнелі. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чайна́я, ‑ой, ж.
1. Грамадская сталовая, дзе наведвальнікі могуць выпіць чаю і паесці. Шафёр спыніў машыну каля чайной. Тут можна было выпіць шклянку чаю, перакусіць. Ермаловіч. Яўген вылез з аўтобуса, забег у чайную, выпіў шклянку гарбаты і весела паджгаў у вёску. С. Александровіч.
2. Уст. Пакой, у якім п’юць чай. Талерка стаіць на століку ў чайной (так завецца маленькі пакой, дзе гатуюць чай). Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чмялі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чмяля, уласцівы яму. Чмяліны мёд. □ Маленькіх пчаляроў у Пуцілкавічах было многа. У час сенакосу яны збіралі чмяліныя гнёзды і пераносілі іх у свае берасцяныя вуллі. С. Александровіч. // Такі, як у чмяля (пра гул, голас). Струн гітарных гул чмяліны, Кастаньет бусліны клёкат. Дзве ружовых гітарысткі Абарвалі дзве струны. Панчанка. Манатонны, нудны постук колаў чмяліным гудам поўз у вушы. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыні́цца, чыніцца; незак.
1. Рабіцца, дзеяцца. Палякі загадалі праз войта сабраць па дзесяць пудоў сена і саломы з двара. А перад гэтым збіралі розную жыўнасць: кур[эй], парасят, сала. Колькі калатні і ляманту было па вёсцы. А ўсякае супраціўленне каралася жорстка, і расправа чынілася на месцы. Колас. Допыты чыніліся [гестапаўцамі] кожную ноч. Спачатку толькі вялі допыт — абразліва, груба. Потым пачалі біць. «Маладосць».
2. Зал. да чыніць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шасцёра, шасцярых, ліч. зб.
Шэсць. Ужываецца: а) з назоўнікамі агульнага роду, якія абазначаюць асоб. Шасцёра сірот; б) без назоўнікаў, калі абазначаюць асоб мужч. і жан. ролу. Тыя шасцёра пайшлі ўжо; в) з назоўнікамі, якія абазначаюць маладых істот. Прыгледзеліся, а ў .. [гняздзе] шасцёра маленькіх звяркоў сядзяць. Ігнаценка; г) з назоўнікамі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку. Шасцёра сутак; д) з асабовымі займеннікамі ў множным ліку. Іх было шасцёра.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
1. Рабіць больш шырокім па тэрыторыі, расшыраць. Некалькі дзён запар непадалёк ад кузні ўсё кланяўся экскаватар — выкідваў балотную твань, шырыў азярцо для птушак. Даніленка. // Павялічваць у аб’ёме. Халоднае паветра было такое салодкае, што ледзь не да разрыву шырыла магутныя грудзі бацькі. Караткевіч.
2. перан. Ахопліваць вялікую колькасць людзей, рабіць масавым. [Букрэй:] — А ваш, таварышы, абавязак — шырыць, развіваць паўстанне. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экску́рсія, ‑і, ж.
1. Наведванне (звычайна калектыўнае) чаго‑н., паездка, прагулка куды‑н. з навуковай, адукацыйнай ці іншай мэтай. Экскурсія ў музей. □ Экскурсія закончылася, але нікому з вучняў не хацелася пакідаць завод — так тут усё было цікава, захапляюча. Рунец.
2. Разм. Група ўдзельнікаў такой паездкі, прагулкі, наведвання. І вось аднойчы, ужо сярод лета, на Манін агарод прыйшла цэлая экскурсія: старшыня калгаса, брыгадзіры і Іван Навумавіч. Якімовіч.
[Ад лац. excursus — вылазка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
этало́н, ‑а, м.
1. Дакладны ўзор устаноўленай адзінкі вымярэння. Эталон метра. // Вельмі дакладны вымяральны прыбор, прызначаны для праверкі іншых такіх прыбораў.
2. перан. Кніжн. Узор, стандарт для параўнання з чым‑н. «Ляўкоўскія» вершы Купалы сталі для творчай моладзі эталонам. Ярош. Было боязна разбурыць новай сустрэчай тое хвалюючае дзіцячае ўяўленне аб чалавеку, які ў сэрцы працягваў жыць эталонам хараства, розуму, душэўнай тонкасці і абаяльнасці. Хадановіч.
[Фр. étalon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)