КО́ННІКІ,

у Стараж. Грэцыі (Афіны, Фесалія і інш. гарады-дзяржавы) і Стараж. Рыме прывілеяванае саслоўе (другое пасля зямельнай арыстакратыі — набілітэту). У грэч. дзяржавах К. з’яўляліся ў войска на ўласным кані (адсюль назва) і з уласным узбраеннем. У Рыме да 4 ст. да н. э. К. — вайск. група (на ўтрыманне каня яны атрымлівалі дапамогу ад дзяржавы), пазней — асобае саслоўе, аснову багацця якога складала валоданне грашамі і рухомай маёмасцю. Сапернічалі з набілітэтам за права кіраваць паліт. жыццём. Займалі камандныя пасады ў войску, кіруючыя пасады ў Рыме і правінцыях. Як самаст. саслоўе існавалі да 4 ст. н. э.

т. 8, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на ўзвышаным левым беразе р. Дняпро на месцы гарадзішча летапіснай Копысі. Быў ваен.-адм. цэнтрам стараж. горада. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі і разбурэнні. У час Паўн. вайны 1700—21 рус. войскі ў 1707 спалілі замкавыя ўмацаванні і забралі ўсю зброю з арсенала. Паводле інвентароў Копысі за 1726—73, замак меў 4 бастыёны, драўляныя сцены, уязную вежу-браму з двайнымі варотамі і магутнымі запорамі. Пасля 1772 умацаванні К.з. не аднаўляліся і з цягам часу зніклі.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў у 1777—96, 1802—61 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г. Копысь. Утвораны на частцы тэр. скасаваных Аршанскай і Магілёўскай правінцый паводле імператарскага ўказа ад 22.3.1777. Пл. каля 2,3 тыс. км². Уключаў 115 маёнткаў, мястэчкі Абольцы, Барань, Зубрэвічы, Саколіна, Смаляны, Стараселле, Талачын. У 1794 да К. п. далучана тэр. на З ад р. Друць з мястэчкамі Абчуга, Бобр, Зарэчны Талачын, Крупкі, пасля чаго пл. павета склала каля 3,1 тыс. км². У 1796 К.п. скасаваны, у 1801 адноўлены. Паўторна скасаваны ў 1861, тэр. ўключана ў Аршанскі, Горацкі, Магілёўскі і Сенненскі пав.

В.​Л.​Насевіч.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЦЕРА ((Kotěra) Ян) (18.12.1871, г. Брно, Чэхія — 17.4.1923),

чэшскі архітэктар; заснавальнік чэш. арх. школы 20 ст. Вучыўся ў Прамысл. школе ў г. Пльзень (1887—90) і АМ у Вене (1894—97) у О.​Вагнера. Выкладаў у Празе ў Маст.-прамысл. школе (з 1898) і АМ (з 1911). Раннія работы ў стылі мадэрн, пасля 1906 імкнуўся да функцыян. мэтазгоднасці, прастаты і тэктанічнай выразнасці форм: адм. будынак (1903—04) і музей (1908—12) у Градзец-Кралаве, Нар. дом у Просцеёве (1905—07), будынкі юрыд. ф-та ун-та ў Празе (1907—20), банка «Славія» ў Сараеве (1911—12).

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЕР ((Kruger) Паўлус) (10.10.1825, Ваалбанк каля г. Колсберг, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 14.7.1904),

паўднёваафрыканскі дзярж. дзеяч. З 1864 ген. камендант рэспублікі Трансвааль. Пад яго кіраўніцтвам у 1880 паўсталі афрыканеры (буры) Трансвааля і Аранжавай рэспублікі, якія ў 1881 дамагліся ад англічан прызнання сваёй незалежнасці. У 1883—1902 прэзідэнт Трансвааля. Імкнуўся абараніць бурскую рэспубліку ад калан. экспансіі Вялікабрытаніі. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 пасля акупацыі англічанамі сталіцы Трансвааля г. Прэторыя (чэрв. 1900), намагаўся знайсці падтрымку нац.-вызв. барацьбы бураў у краінах Еўропы. Ініцыятар стварэння нац. парку на У Трансвааля (1898). Аўтар мемуараў (1902).

т. 8, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў 1917—18. Утворана паводле пастановы Усерас. нарады Саветаў (сак. 1917) на з’ездзе Саветаў Мінскай, Віленскай і Магілёўскай губ. у чэрв. 1917 як часовае аб’яднанне губерняў з мэтай цэнтралізаваць кіраўніцтва мясц. Саветамі. Цэнтр — г. Мінск. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 З.в. стала адм.-тэр. адзінкай у складзе Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У сувязі з акупацыяй большай ч. Беларусі ням. войскамі (люты 1918) цэнтр вобласці перанесены ў Смаленск. Паводле пастановы 2-га з’езда Саветаў Зах. вобласці (10—14.4.1918) у склад З.в. ўключана і Смаленская губ. У вер. 1918 перайменавана ў Заходнюю камуну.

т. 7, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМЕРЭЦІ́НСКАЕ ЦА́РСТВА, Імерэты,

феад. дзяржава на тэр. Грузіі ў 15—19 ст. Утворана ў канцы 15 ст. Сталіца — г. Кутаісі. З 1555 падпарадкавана Турцыі, плаціла ёй даніну нявольнікамі або грашамі і натурай. Гісторыя І.ц. характарызавалася міжусобіцамі (асабліва ў 17 ст.) і росквітам гандлю рабамі. Цар Саламон I [1752—84] здолеў умацаваць царскую ўладу. Ён забараніў гандаль рабамі, імкнуўся да аб’яднання Зах. Грузіі. У 1757 пасля шматгадовай вайны з туркамі атрымаў перамогу, у 1758 заключыў ваен. саюз з царом Картлі Іракліем ІІ. Паводле Кючук-Кайнарджыйскага міру 1774 адменена даніна Турцыі. З 1804 пад пратэктаратам Расіі. З 1811 Імерэцінская вобл. Расіі.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЕ́РСКІЯ ГАРАДЫ́, вольныя імперскія гарады,

нямецкія гарады ў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», якія ў межах сваёй акругі валодалі вярх. уладай і падпарадкоўваліся непасрэдна імператару. Найбольш іх было ў Швабіі і Франконіі (Нюрнберг, Рэгенсбург, Аўгсбург, Гейльброн і інш.). У час аслаблення (з 13 ст.) цэнтралізаванай улады ў Германіі яны дамагліся шырокіх правоў самакіравання. З умацаваннем ролі княстваў у 17 ст. пачынаецца заняпад І.г. Да пач. 18 ст. іх засталося каля 50. Пасля ліквідацыі «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (1806) перастаў існаваць статус І.г. З утварэннем Германскага саюза (1815) вольнымі гарадамі засталіся толькі Брэмен, Гамбург, Любек і Франкфурт-на-Майне.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́НІЯ (Iónia),

каланізаваная іанійцамі ў 11—9 ст. да н.э. вобласць у цэнтр. ч. зах. ўзбярэжжа М. Азіі (з прылеглымі астравамі) паміж гарадамі Факея і Мілет. Зручныя гавані садзейнічалі развіццю гандлю і рамяства ў гарадах І., якія знаходзіліся на перакрыжаванні шляхоў паміж Усходам і Захадам. Высокая культура гарадоў І. паўплывала на культ. развіццё ўсёй Грэцыі. У 6 ст. да н.э. тэр. І. заваявана Лідыяй, пасля 546 — персамі, у 4 ст. да н.э. пад уладай Македоніі, з 2 ст. да н.э. — Рыма. Радзіма філосафаў Фалеса, Анаксімандра, Анаксімена, паэтаў Гамера, Анакрэонта, гісторыкаў Герадота, Дыянісія Галікарнаскага.

т. 7, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАКРА́Т (436 да н.э., Афіны — 338 да н.э.),

старажытнагрэчаскі прамоўца, настаўнік рыторыкі і публіцыст. Стваральнік тэорыі класічнай антычнай прозы, увёў падзел на мовы паэтычную і празаічную. Каля 390 да н.э. заснаваў у Афінах школу рыторыкі — прататып агульнаадук. школы; яе праграму выклаў у прамовах супраць сафістаў. Прыхільнік прамакедонскай партыі і прапагандыст яе праграмы («Панегірык», 386; «Арэапагітык», 355; «Панафінейская прамова», 342—339). Лічыў манархію лепшай формай дзярж. кіравання. Пасля разгрому грэкаў у 338 да н.э. каля Херанеі македонцамі на чале з Філіпам II І. скончыў самагубствам. Захавалася 21 яго прамова (у т. л. 6 судовых) і 9 лістоў.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)