Перш ’раней, некалі, уперад’, ’спачатку’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Вяр., Шат., ТС, Растарг., Бяльк.; астрав., смарг., глыб., швянч., Сл. ПЗБ; докш., Янк. Мат.; Хрэст. дыял.), ’перш-наперш’ (сміл., Станк.; паст., ваўк., воран., Сл. ПЗБ), пэрш ’тс’ (кобр., кам., Сл. ПЗБ) — прыслоўе ў форме вышэйшай ступені (ад пе́ршы 1 — гл.) утворана па ўзору суплетыўных форм менш, лепш, больш, горш. Сюды ж перш‑на́перш ’перш за ўсё’ (ашм., Стан.), перш‑напершу, перш‑на́пярш ’тс’ (віл., пух., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пляска́ты ’без звычайнай пукатасці, прыплюснуты’, ’які мае невялікую вышыню або таўшчыню пры прамой і роўнай паверхні’ (ТСБМ; слонім., КЭС; пух., Сл. ПЗБ; Шат.; беласт., Стан.), плеска́ты ’пляскаты’ (ТС), плыска́ты ’прыплюснуты, плоскі’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), плеска́тая ’нізкая, пакатая (страха)’ (стаўб., карэліц., ЛА, 4). Хаця не выключана ўтварэнне ад пляска́ць (гл.), аднак больш імаверна, што лексема запазычана з польск. plaskaty ’плоскі’ (з XVI ст.). Параўн., аднак, пляска́ны ’пляскаты (пра авёс)’, пля́сканькі ’пляскаценькі’ (швянч., трак., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прабо́й ’металічная дужка, на якую навешваецца замок’ (ТСБМ, Гарэц., Касп.; шчуч., Сл. ПЗБ), пробо́й верхняя частка вулля-калоды’ (Анох.). Рус. пробо́й, укр. пробій, польск. przebój, серб.-харв. пробо́ј, славен. probój, балг. пробой у розных значэннях — ’прабоіна, прарыў (куды-небудзь)’ і г. д. У значэнні ’металічная дужка, на якую навешваецца замок’ з’яўляецца бел.-рус. семантычнай ізаглосай. Прасл. *probojь — аблаўтны дэрыват ад *probiti < *biti ’біць’. Не выключаны аднак, што гэта больш позняя аналагічная форма па тыпу *bojь < *biti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прасціна́ 1 ’прадмет пасцельнай бялізны’ (ТСБМ, Сцяшк.), прасціня́, прастаня́ ’тс’ (Сл. ПЗБ), прасці́нка ’тс’ (Нас.). Рус. простыня́, дыял. про́стынь, ц.-слав. простыни ’тс’. Прасл. *prostyni ад просты, г. зн. ’прамое палатно, не сшытае і не падшыванае’ (Фасмер, 3, 381, з літ-рай). Аб суфіксе *‑yni гл. Слаўскі, SP, 1, 139–141. У бел. словах адбылося, відаць, больш позняе набліжэнне да прадуктыўнага словаўтваральнага тыпу на ‑ін‑.

Прасціна́ 2 ’няўдобіца’ (воран., Сл. ПЗБ). Ад просты з суф. ‑іна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыня́ць, зак. тр. прыня́цца ў розных значэннях ’прыняць’ (ТСБМ), ’з глыбокай уразлівасцю ўспрыняць што-небудзь’ (Жд. 2), сюды ж аддзеяслоўнае ўтварэнне прыня́тае ’аплодненае яйцо’ (воран., ЛА, 1). Ст.-бел. приняти ’атрымаць; узяць; авалодаць, заваяваць; прызнаць’, укр. приня́ти ’прыняць; прыняць, палічыць за што-небудзь; атрымаць, узяць; узяцца; зазнаць, перанесці, вытрымаць’, рус. приня́ть, параўн. з вялікім шэрагам значэнняў у гаворках. Узыходзіць да прасл. *prinęti, прэфіксальнага ўтварэння ад прасл. *ęti з больш познім n‑, якое лічаць прэфіксальным, гл. няць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страхава́ць ‘забяспечваць, засцерагаць’, ‘заключаць дамову пра выплату кампенсацыі’ (ТСБМ), стрыхава́ць ‘тс’ (Янк. 1), страхо́ўка ‘плацеж паводле дамовы аб кампенсацыі страт’ (Сержп., Бяльк.), стрыхо́ўка ‘тс’ (Янк. 1). З рус. страхова́ть ‘тс’, страхо́вка ‘тс’, якое ад страх, гл. (Фасмер, 3, 772). Магчыма, на падставе эліпсіса ўстойлівых спалучэнняў тыпу на свой страх, параўн. у Даля: “страховать… отдавать кому на страх, на ответ, ручательство”, аналагічна ням. Sorge ‘клопат’ (з больш ранняга ‘страх перад пагрозай’), Versorgen ‘забяспечваць’, гл. Новое в рус. этим., 222.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ГЛЕБ,

працэс насычэння глебы забруджвальнікамі ў колькасцях і канцэнтрацыях, якія перавышаюць здольнасць глебавых экасістэм да іх уключэння ў біял. кругаварот. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.г. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае выклікаецца стыхійнымі сіламі і мае рэгіянальны або лакальны характар (напр., у выніку рассейвання вулканічнага попелу, пры пылавых бурах, паводках і інш.). Найб. пашырана антрапагеннае З.г., выкліканае гасп. дзейнасцю чалавека.

Асн. забруджвальнікі глебы — патагенныя мікраарганізмы (узбуджальнікі сібірскай язвы, батулізму, дызентэрыі, тыфу і інш.), металы (жалеза, медзь, цынк, ртуць і інш.) і іх злучэнні, сродкі хімізацыі сельскай гаспадаркі (гербіцыды, пестыцыды. мінер. ўгнаенні), радыеактыўныя элементы, дэтэргенты, дэфаліянты, нафтапрадукты і інш. Паступленне забруджвальнікаў у глебу з быт. адходамі, выкідамі прам-сці, транспарту, сельскай гаспадаркі мяняе ход глебаўтваральнага працэсу (часцей у бок тармажэння), уплывае на фіз,хім. ўласцівасці глебы, здольнасць яе да самаачышчэння, вядзе да назапашвання забруджвальнікаў у раслінах: небяспечныя хім. элементы і прадукты іх пераўтварэння могуць трапляць у арганізм жывёл і чалавека. Большая ч. ўсіх адходаў акумуліруецца ў паверхневым (3—5 см) пласце глебы, больш за ўсё шкодных рэчываў намнажаецца ў паніжаных месцах, на ўзгорыстых і горных мясцінах, у поймах рэк таксічных рэчываў застаецца менш (вымываюцца патокамі вады). Маштабы З.г. у наш час набылі глабальны характар: тэхнагеннае паступленне жалеза на паверхню Зямлі перавышае натуральнае больш як у 10 разоў, медзі ў 26, цынку ў 15; для аховы ўраджаю с.-г. культур выкарыстоўваецца больш за 900 хім. злучэнняў; штогод у свеце назапашваецца каля 20 млрд. т аргана-мінер. і мінер. адходаў, з мінер. ўгнаеннямі на палі ў глебу ўносіцца каля 60 млн. т азоту, фосфару і калію, каля 4—5 млн. т пестыцыдаў.

На Беларусі найб. колькасць вытв. забруджванняў прыпадае на прадпрыемствы хім. прам-сці. У глебавым покрыве вакол гарадоў Гомель, Гродна, Магілёў, Мазыр, Наваполацк адзначаны павышаныя колькасці сярністага ангідрыду, вокіслаў вугляроду, азоту, цяжкіх металаў. У р-не г. Салігорск назіраецца засаленне глебы адходамі калійнай вытв-сці. Папярэджанне З.г. — адна з асн. задач аховы глебаў.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 6, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЦЬМЕ́ННІ,

астранамічныя з’явы, пры якіх нябесныя свяцілы часткова або поўнасцю робяцца нябачнымі. Адбываюцца з-за таго, што больш далёкае ад Зямлі нябеснае цела закрываецца больш блізкім, ці таму, што на адно нябеснае цела падае цень другога. Да З. адносяць сонечныя і месяцовыя З., а таксама закрыцці зорак і планет (Месяц пры руху закрывае зорку ці планету), праходжанні планет па дыску Сонца (назіраюцца ў Меркурыя і Венеры), З. спадарожнікаў іншых планет, праходжанні ценю спадарожніка па дыску планеты і інш. Звесткі аб момантах З. і ўмовах іх бачнасці прыводзяцца ў астр. штогодніках.

Сонечныя З. адбываюцца, калі Месяц (у фазе маладзіка), праходзячы паміж Зямлёю і Сонцам, поўнасцю ці часткова засланяе Сонца. Поўнае З. Сонца назіраецца там, дзе на Зямлю падае цень Месяца. Дыяметр ценю звычайна не перавышае 250—270 км. Месяц рухаецца, і яго цень перамяшчаецца і вычэрчвае паслядоўна вузкую паласу поўнага З. Фаза поўнага З. доўжыцца да 7 мін 30 с, найчасцей 2—3 мін. Па-за паласой, куды падае паўцень Месяца, назіраецца частковае З.

Сонца Калі бачны вуглавы дыяметр Месяца меншы за сонечны, назіральнік бачыць кольцападобнае З. У час сонечнага З. даследуюць дынаміку і спектральны састаў атмасферы Сонца, сонечную карону, праводзяць эксперыменты для праверкі эфектаў тэорыі адноснасці па адхіленні прамянёў святла, што ідуць ад далёкіх зорак паблізу Сонца ў полі яго прыцягнення. Месяцовыя З. адбываюцца, калі Месяц (у поўню) і Сонца знаходзяцца з процілеглых бакоў ад Зямлі і Месяц часткова ці поўнасцю трапляе ў цень Зямлі. Назіраюцца адначасова на ўсім паўшар’і Зямлі, павернутым да Месяца. Працягласць поўнага З. Месяца 1 гадз 4 мін, а ўсяго З. ад пачатку да канца — больш за 3 гадз. Месяц поўнасцю не знікае ў час З., а слаба бачны з прычыны сонечнага святла, што пераламляецца ў зямной атмасферы.

Літ.:

Дагаев М.М. Солнечные и лунные затмения. М., 1978.

Н.​А.​Ушакова.

Схема сонечнага зацьмення: 1 — зона поўнага зацьмення; 2 — зона частковага зацьмення; а, б, в — поўнае, частковае, кольцападобнае зацьменні.
Схема зацьмення Месяца.
Да арт. Зацьменні. Сонечная карона, сфатаграфаваная ў час сонечнага зацьмення.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКУНА́БУЛЫ (ад лац. incunabula калыска, пачатак),

друкаваныя выданні, выпушчаныя ў ранні перыяд кнігадрукавання; умоўна — кнігі, выдадзеныя ад першых спроб І.Гутэнберга (1440-я г.) да 1.1.1501.

У гэты перыяд у Зах. і Цэнтр. Еўропе дзейнічала 1099 друкарняў у 246 гарадах, якія выдалі каля 12 млн. экз. кніг (больш за 40 тыс. назваў). Сярэдні іх тыраж — 300, асобных — 1000 і больш экз. Першапачаткова І. вонкавым выглядам нагадвалі рукапісныя кнігі (адсутнасць тытульнага ліста, выхадныя звесткі ў канцы тэксту ў калафоне, рукапіснае афармленне ініцыялаў, рубрык-заставак). Паступова яны набылі рысы друкаванай кнігі. Друкавалі І. пераважна гатычным шрыфтам. Пры наборы выданняў ант. аўтараў і пісьменнікаў-гуманістаў карысталіся шрыфтам лац. алфавітнай сістэмы, у 1480—90-я г — глаголіцай і кірыліцай.

І. зберагаюцца ў буйнейшых навук. кнігазборах свету, у дзярж., акад., універсітэцкіх б-ках. Вядзецца іх міжнар. ўлік і апісанне; выдадзены «Зводны каталог інкунабулаў» (т. 1—8, 1925—76), выходзяць нац. каталогі І. І. бел. паходжання няма, але яны вядомы на Беларусі з 15—16 ст. Найчасцей іх прывозіла з інш. краін моладзь, якая вучылася ў Кракаве, Лейпцыгу, Падуі, Балонні і інш. Паводле каталогаў 16—18 ст. І. меліся ў б-ках манастыроў, навуч. устаноў, кнігазборах прыватных асоб. Захаваліся І. з б-кі Радзівілаў (11 з іх у б-цы Рас. АН), з б-кі Храптовічаў у Шчорсах (3). У б-ках Вільнюса захоўваецца больш за 100 І. з розных гарадоў Беларусі, у т. л. з Гродна (з б-к кляштараў дамініканцаў і кармелітаў, езуіцкага калегіума), з Нясвіжа, Слоніма, в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на, Жыровіцкага манастыра базыльян (Слонімскі р-н), з манастыроў Полацка, Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі і інш. Шмат І. зберагалася ў прыватных калекцыях магнатаў. 42 экз. І. зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, 4 — у Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Люблинский В.С. Научное значение инкунабулов // Каталог инкунабулов. М.; Л., 1963;

Инвентарь инкунабулов. Вып. 1—5. М., 1939—85.

Л.​І.​Збралевіч.

т. 7, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛО́ВІЧ ((Karłowicz) Ян) (28.5.1836, в. Субартоніс Варэнскага р-на, Літва — 14.6.1903),

польскі лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнавец. Акад. Акадэміі ведаў у Кракаве (1887, чл.-кар. 1877). Скончыў Маскоўскі ун-т (1857). Вучыўся ў Парыжы і Гайдэльбергу (1857—59), у Брусельскай кансерваторыі (1859—60). У 1871—82 жыў і працаваў на Беларусі ў маёнтках Подзітва (Воранаўскі р-н) і Вішнеў (Смаргонскі р-н). З 1882 у Гайдэльбергу, Дрэздэне, Празе, з 1887 у Варшаве. Аўтар лінгвістычных прац «Слоўнік польскай мовы» (т. 1—8, 1900—27, у сааўт.), «Слоўнік польскіх гаворак» (т. 1—6, 1900—11; закончыў Ян Лось), «Слоўнік выразаў замежнага і малавядомага паходжання...» (А—К, 1894—97). Важнейшыя гіст., філас. і музыказнаўчыя працы: «Дон Карлас, каралевіч іспанскі» (1867), «Нарыс жыцця і творчасці Станіслава Манюшкі» (1884—85), «Міфалогія і філасофія» (1899). З 1868 збіраў і запісваў бел. нар. казкі і інш. фальклорна-этнагр. матэрыялы. Распрацаваў «Дапаможнік для збіральнікаў народных твораў» (1871). Аўтар прац «Найноўшыя даследаванні паданняў і іх зборы» (1883), «Польская хата» (1884), «Сістэматыка песень польскага народа» (1889—95). У кн. «Народныя паданні і казкі, сабраныя ў Літве» (1887—88) змясціў у перакладзе на польск. мову больш за 80 бел. легенд, паданняў і казак, якія запісаў у Свянцянскім, Лідскім і Навагрудскім паветах. У 1889 і 1891 запісаў для М.​Федароўскага больш за 500 мелодый бел. нар. песень (больш за 300 апубл. ў працы Федароўскага «Люд беларускі», т. 5—6, 1958—60). Заснавальнік (1887) і рэдактар (1888—99) час. «Вісла», у якім друкаваў бел. фальклорна-этнагр. матэрыял. Прызнаваў за беларусамі права на самаст. развіццё, заклікаў вучоных даследаваць бел. мову, фальклор, нар. побыт. Перапісваўся з бел. вучонымі А.​Гурыновічам, М.​Янчуком, У.​Вярыгам, Федароўскім і інш. Сябраваў з Ф.​Багушэвічам. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы бел. вучоных.

Літ.:

Кісялёў Г. Францішак Багушэвіч і Ян Карловіч // Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв). Мн., 1997.

І.​У.​Саламевіч.

Я.Карловіч.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)