Вужо́ўнік ’расліна, Ophioglossum L.’ (БРС, Кіс.); ’вераніка шчытковая, Veronica scutellata’ (Касп.). Рус. ужо́вник ’тс’. Ад вуж. Назва ўтворана на базе перакладу грэч. назвы: ophis ’змяя’, glossa ’язык’ (Аненкаў, 232). Параўн. серб. гадји језик, змијски језик, ням. Natterzunge (Сіманавіч, 325). Але не выключана і самастойнае ўтварэнне на слав. глебе ад вуж(овы), таму што расліна ўжываецца пры ўкусе змей (параўн. вужака ’змяя’). Семантычная мадэль ’назва хваробы’ — ’назва лекавай расліны’ сустракаецца даволі часта; гл. вогнік 2.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гняздо́ ’гняздо’ (БРС, Шат., Касп.). Рус. гнездо́, укр. гніздо́, польск. gniazdo, чэш. hnízdo, серб.-харв. гнијѐздо, балг. гнездо́, ст.-слав. гнѣздо і г. д. Прасл. *gnezdo. Этымалогія слова вельмі няпэўная. Звычайна думаюць пра сувязь з і.-е. *ni‑sdo ’гняздо’ (параўн. ст.-в.-ням. nēst, лац. nīdus, ст.-інд. nīd̥á і г. д.), але няясна, як атрымалася слав. форма (агляд версій гл. Фасмер, 1, 420; Слаўскі, 1, 302; Трубачоў, Эт. сл., 6, 171–173).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Арыфме́тыка. Сучасная форма з 1933 г. (Шакун, Гісторыя, 292) пад рускім уплывам. Ст.-бел. аритметика з 1517 (Гіст. лекс., 125, 213; Гіст. мовы, 1, 146; Хрэст. гіст., 1, 107) (у польскай з 1564). Старабеларускае слова хутчэй з лац. arithmetika ’тс’. Але ўжо ў Бярынды ариѳметика. Гэта форма, адлюстраваная і ў сучаснай рус. арифметика, — запазычанне з грэч. ἀριθμητική ’тс’ праз стараславянскую. На грэч. першакрыніцу беларускага слова ўказвалі Курс суч., 163; Юргелевіч, Курс, 128.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аска́рак ’цвёрды засушаны агрызак хлеба’ (кліч., вусн. паведамл. Выхоты). Утворана паводле мадэлі а‑ + корань назоўніка + ‑ак (о‑ + корань + ‑ъkъ), як і апёнак са значэннем ’тое, што знаходзіцца побач з прадметам, пазначаемым коранем’. Корань ‑скар‑ адцягнуты, напэўна, ад скарынка (гл.), дзе, аднак, адлюстроўвае корань скор‑ і а пад націскам павінна было ператварыцца ў о, але дээтымалагізацыя кораня ў скарынка і падобных утварэннях прывяла да ўспрыняцця кораня з а‑ незалежна ад націску. Параўн. яшчэ аскор.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бзы́каць ’гудзець’, таксама бзыча́ць, бзыя́ць (БРС, Сцяшк. МГ, Сцяц.). Гукапераймальнае ўтварэнне. Параўн. укр. бзича́ти, польск. bzikać, чэш. bzikati, bzučeti і г. д. Гл. Фасмер, 1, 164; Слаўскі, 53; падрабязна Махэк₂, 79. Сюды з іншай семантыкай бзы́каць ’злавацца, хвалявацца і бегаць’ (Шат.), бзды́каць ’бегаць з месца на месца’ (Бяльк.). Але бел. бзік (БРС), бзікава́ты ’з норавам, з дзівацтвамі’ (БРС, Бяльк.), рус. бзик ’дзівацтва’ запазычаны прама з польск. bzik, bzikowaty. Гл. Шанскі, 1, Б, 113.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Авяру́шкі ’вясеннія апенькі’ (Інстр. II) да вавярушкі ад вавёрка (параўн. назву грыба: лісічкі). Аднак больш верагодна, балтызм, тады з літ. voveruškà грыб Cantharellus’ (Чэкман, вусн. паведамл.). Параўн. вавярушкі, гаварушкі (гл.), літ. voveruškà ў сваю чаргу ад voverė̃, vėverìs ’вавёрка’. Назва вавёркі балта-славянская (Фрэнкель, 1233–1234), але назва грыба абмежавана вузкім арэалам, а яе суфіксацыя не адпавядае балтыйскай як спрадвечна роднасная (мы б чакалі ‑ъšьka: *авярошка, *вавярошка). Усё гэта сведчыць у карысць запазычання з літоўскай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Адо́лець ’асіліць’ (Шат.), адалець ’тс’ (Яруш.), ст.-рус. одолѣти, ст.-чэш. odolati, ст.-слав. одолѣти, серб.-харв. одо̀љети, славен. odoleti ’тс’ да дол (гл.). Не трэба змешваць са здолець, здольны (гл.) (< доля). Апошняя група лексем толькі беларуска-ўкраінска-польская (гл. Мартынаў, Лекс. балтызмы, 26). Гэтыя дзве групы традыцыйна ўзводзяць да адной. Бернекер (1, 206) праз рус. одолить ’выдзеліць’ намагаецца іх звязаць, але не пераканаўча. Ст.-бел. одолѣти ’задаволіць’ (1595) (Нас. гіст.), магчыма, вынік семантычнай кантамінацыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Анагды́сь, ана́дысь, анагдай, анодысь, анада́сь, ано́гды, анадо́е ’пазаўчора, гэтымі днямі’ (Яруш., Шпіл., Касп., Жд., Бяльк.). Гэтыя прыслоўі ўтвораны з займеннікавага элемента *он‑ (*оно‑) ’той’, каранёвага элемента ‑(г)д‑, які мае часавае значэнне, элемента канчатка, што цяпер успрымаецца (як, дарэчы, і ‑гд‑) як суфіксальны элемент (гл. Шуба, Прыслоўе, 60), часціцы -сь. Сюды ж паводле першых дзвюх частак адносіцца і анагдо́вень, анагдо́вінь ’тс’ (Касп.), але апошняя частка гэтых прыслоўяў няясная, магчыма, ад займенніка овъ.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дыя́мент ’дыямент’ (Нас., Касп.), дыяме́нт ’тс’ (БРС). Кюнэ (Poln., 52) мяркуе, што націск і фанетыка слова ўказваюць на запазычанне з польск. diament (< лац. diamantum, с.-лац. diamentum). Адносна польск. слова гл. Брукнер, 89. З польск. мовы запазычана і бел. дыяме́нт ’тс’ (БРС): націск тут з ускосных склонаў (польск. diáment, але diaméntu). У ст.-бел. мове слова вядома з XVI ст. у формах диаментъ, дияментъ, дыяментъ (гл. Булыка, Запазыч., 95). Параўн. дыяме́нтавы (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кады́к ’выгнутая храстковая частка гартані ў мужчын’ (БРС, ТСБМ). Паводле даных КЭС, слова ведаюць у розных раёнах Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцей, але статус яго ў гаворках няясны. Вядомае рус. мове, дзе лічыцца запазычаннем з тат. kadyk ’моцны, цвёрды, які выступае’, гэта этымалогія часоў Бернекера і Праабражэнскага з’яўляецца прымальнай з-за адсутнасці больш абгрунтаванай. Бел., як можна меркаваць па розных значэннях слова кадык у рус. гаворках ’рот, горла, чэрава і інш.’, з’яўляецца запазычаннем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)