КЕРУЛЕ́Н,

рака ў Манголіі і Кітаі. Даўж. 1264 км (з іх 1090 км у Манголіі), пл. бас. 116,4 тыс. км². Пачынаецца на ПдУ нагор’я Хэнтэй, у вярхоўях цячэ ў вузкай горнай даліне, у сярэднім і ніжнім цячэнні — у шырокай тэрасаванай даліне, рэчышчы са шматлікімі астравамі, старычнымі азёрамі і забалочанымі ўчасткамі. Упадае ў воз. Далайнор, якое ў мнагаводныя гады злучаецца пратокай з р. Аргунь (бас. р. Амур). Летнія паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння. На К. — г. Чайбалсан (Манголія).

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БДА,

рака на З Манголіі. Даўж. 561 км, пл. бас. каля 50 тыс. км². Вытокі на паўд. схілах горнага вузла Табын-Богда-Ола. У вярхоўях цячэ цераз Кабдоскія азёры, перасякае адгор’і паўн. схілу Мангольскага Алтая, ніжняе цячэнне па катлавінах Вял. азёр, дзе К. ўтварае забалочаную дэльту і разыходзіцца на 3 рукавы. Упадае ў воз. Хара-Ус-Нур. Жыўленне снегава-дажджавое, паводкі ў маі—чэрвені. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 100 м³/с. Сплаўная.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́Я,

рака, правы прыток р. Алдан, у Хабараўскім краі і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 1053 км, пл. басейна 171 тыс. км². Пачынаецца 2 вытокамі (Правая і Левая М.) і цячэ пераважна ў межах Юдама-Майскага нагор’я. У верхнім і сярэднім цячэнні даліна шырокая, забалочаная, у нізоўях больш вузкая. Асн. прыток — Юдама (справа). Сярэдні расход вады каля сяла Чабда 1180 м³/с. Ледастаў з 2-й палавіны кастр. да мая. Суднаходная на 547 км ад вусця.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРГА́Б,

рака ў Афганістане і Туркменістане. Даўж. 978 км, пл. бас. 46,9 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Парапаміза, цячэ ў вузкай даліне паміж хр. Банды-Туркестан і Сафедкох. На тэр. Туркменістана даліна пашыраецца, каля г. Мары перасякае Каракумскі канал. Заканчваецца М. ірыгацыйным веерам у пясках Каракумаў. Разводдзе ў сак.—маі, зімой паводкі. Расход вады ў сярэднім цячэнні каля 52 м³/с. Шэраг вадасховішчаў, у т. л. Сарыязінскае. Выкарыстоўваецца для арашэння. На М. — гарады Іалатань, Мары, Байрам-Алі.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ДА, Нарбада,

рака ў Індыі. Даўж. 1250 км (па інш. звестках каля 1400 км), пл. басейна каля 102 тыс. км². Пачынаецца на схілах хр. Майкал, цячэ ў глыбокай даліне па паўн.-зах. частцы Дэканскага пласкагор’я. Упадае ў Камбейскі зал. Аравійскага м., утварае эстуарый. Сярэдні расход вады 1260 м³/с, макс. ў час летніх мусонных дажджоў. У ніжнім цячэнні выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў эстуарыі. У даліне Н. — г. Джабалпур. Н. — «свяшчэнная» рака індусаў, прываблівае шмат паломнікаў.

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРК ((Park) Мунга) (10.9.1771, Фоўлшылс, каля г. Селкерк, Вялікабрытанія — 1806),

брытанскі даследчык Зах. Афрыкі. У 1795—97 прайшоў ад вусця р. Гамбія на У да г. Сегу, на верхнім Нігеры, і каля 50 км уніз па рацэ, сабраў звесткі аб яе цячэнні да г. Тамбукту. У 1805—06 даследаваў сярэдняе цячэнне і ўчастак ніжняга цячэння р. Нігер да парогаў Буса, дзе і загінуў.

Літ.:

Горнунг М.Б., Липец Ю.Г., Олейников И.Н. История открытия и исследования Африки. М., 1973.

т. 12, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«П’Я́НЫ» ЛЕС,

лес з сагнутымі і нахіленымі (у адзін ці розныя бакі) стваламі дрэў, што часцей абумоўлена дэфармацыямі грунту. Найб. вядомы ўчасткі «П.» л. ў раёнах апоўзняў (напр., правабярэжжа р. Волга ў яе сярэднім цячэнні, Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа, паўд. бераг Крыма), абласцях развіцця тэрмакарсту (Цэнтр. Якуція), сходу снегавых лавін, у карставых раёнах са свежымі прасадкамі, праваламі, асяданнямі грунту. На Беларусі сустракаюцца асобныя ўчасткі, прымеркаваныя да зон інтэнсіўнага тэхнагеннага ўздзеяння (напр., паблізу Наваполацкага нафтапрамысл. комплексу).

А.​У.​Суднік.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ТА,

рака ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 424 км². Выцякае з воз. Набіста пад назвай Хараброўка (пасля в. Шчоўна называецца Вята), на невял. працягу цячэ па паўн. ускраіне гідралаг. заказніка Балота Мох. Верхняе цячэнне ў межах Браслаўскай грады, сярэдняе і ніжняе на ПнЗ Полацкай нізіны. На вадазборы шмат азёр (агульная пл. 36 км²). Асн. прыток Голчыца (справа). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, у сярэднім — трапецападобная. Рэчышча ад вытоку на працягу 14 км каналізаванае.

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІНО́ЙС (Illinois),

рака ў ЗША, левы прыток р. Місісіпі. Утвараецца пры зліцці рэк Дэс-Плейнс і Канкакі; ч. Ілінойскага воднага шляху. Даўж. 437 км, ад вытоку р. Канкакі 653 км, пл. бас. каля 75 тыс. км². Цячэ па Цэнтральных раўнінах. Веснавыя паводкі, летне-асенняя межань. Сярэдні гадавы расход вады каля 800 м³/с. У верхнім цячэнні злучана суднаходнымі каналамі з воз. Мічыган (каля г. Чыкага) і р. Місісіпі (каля г. Рок-Айленд). Суднаходная, шлюзаваная, вышэй г. Ла-Сал каналізаваная. На І. — г. Пеорыя.

т. 7, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАША́НКА,

рака ў Мсціслаўскім і Чавускім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Проня (бас. р. Дняпро). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 146 км². Пачынаецца за 1,3 км на Пн ад в. Басценавічы Мсціслаўскага р-на. Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна ў вярхоўі невыразная, ніжэй скрынка- і трапецападобная, шыр. ад 150 м у верхнім цячэнні да 1,3 км у ніжнім. Схілы стромкія і сярэдне стромкія, парэзаныя ярамі і далінамі. Пойма перарывістая, шыр. 100—800 м. Рэчышча каналізаванае на працягу 4,4 км.

т. 8, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)