АПТЭ́КА (ад грэч. apothēkē склад, кладоўка),
медыцынская ўстанова, дзе рыхтуюць, захоўваюць і адпускаюць лякарствы, прадметы санітарыі, гігіены і інш. тавары мед. прызначэння. Папярэднічалі аптэцы лабараторыі для прыгатавання лекаў у краінах стараж. свету (Кітай, Егіпет, Рым). Як установы з дзярж. рэгламентацыяй дзейнасці аптэкі ўзніклі ў Багдадзе ў 8 ст., у Расіі — у 16 ст. (падпарадкоўваліся Аптэкарскаму прыказу). На Беларусі першыя аптэкі з’явіліся ў Пінску (1561), Брэсце (1566). У 16—18 ст. іх было больш за 30, у 1-й пал. 19 ст. — каля 70 прыватных і 15 казённых, у 1913 — 297. На пач. 1994 дзейнічалі каля 1200 аптэк, пачала фарміравацца сетка аптэк недзярж. формаў уласнасці. Пераважная іх большасць — дзярж. гасп.-разліковыя аптэкі (у зах. краінах пераважаюць прыватна-прадпрымальніцкія); існуюць аптэкі самастойныя (у т. л. цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілакт. установах, бальнічных стацыянарах і г.д.
Асн. функцыя аптэкі — забеспячэнне насельніцтва лек. сродкамі і мед. таварамі — спалучаецца з вытв. (выраб, прыгатаванне і расфасоўка лекаў непасрэдна ў аптэцы, арганізацыя нарыхтовак і закупак лек. сыравіны ў насельніцтва), інфарм.-асветнай (звесткі аб наяўнасці прэпаратаў і іх заменнікаў, пашырэнне ведаў па санітарыі, гігіене, фармацыі, умовах захоўвання лекаў і інш.), фін. і гасп. дзейнасцю. Усім аптэкам устанаўліваецца адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лек. сродкаў, даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр. наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва.
Л.П.Ражкіна.
т. 1, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІ́ЦКАЕ (БЕЛАРУ́СКАЕ) НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА імя Пранціша Скарыны
(КНТ). Існавала ў 1946—49 у Германіі, у 1949—76 у ЗША. Засн. 23.6.1946 у лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург (Германія). Яго старшынямі ў розны час былі Я Станкевіч, А.Адамовіч і А.Махноўскі. Кіруючы орган — штогадовы з’езд. Мела на мэце аб’яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навук. працы ў галіне беларусазнаўства. 5.5.1949 цэнтр т-ва перанесены ў г. Нью-Йорк, 23.11.1959 яно атрымала правы культ. і навук. установы, створаны аддзелы ў г. Чыкага (ЗША) і Аўстраліі. Пры т-ве дзейнічалі секцыі: літ. (з 26.8.1950),
мовазнаўчая (з 28.4.1951), гіст. і пед. (з 25.1.1953). 27.4.1952 пры ім засн. Ін-т найноўшай гісторыі Беларусі (кіраўнік М.Чатырка) і Прэсавае бюро (кіраўнік Ю.Віцьбіч). Т-ва займалася зборам дакументаў, рукапісаў, бел. выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Бел. архіве (дырэктар А.Шукелойць). З 1957 уваходзіла ў Бел.-амер. дапамогу (Нью-Йорк) і Задзіночанне слав. навук. арг-цый ЗША. Т-вам выдадзены «Паказальнік беларускіх выданняў на чужыне за 1945—50 гг.» М.Панькова (1952), «Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразеалагічны і прыказак, а таксама прывітанняў, зычэнняў і інш.» Станкевіча (2-е выд. 1953), кнігі «Лявон Вітан-Дубейкаўскі» К.Вітан (1954), «Ул. Жылка. Творы: Да 20-х угодкаў смерці» (1953, усе ў Нью-Йорку). Выдавала навукова-літ. час. «Веда». Спыніла дзейнасць у 1976 у сувязі са смерцю Станкевіча.
А.С.Ляднёва.
т. 8, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ДРУКА́РНЯ, Магілёўская кансісторская друкарня,
Магілёўская прыдворная друкарня. Існавала ў 1774—1844 у Магілёве. Засн. біскупам С.І.Богушам-Сестранцэвічам пры рымска-каталіцкай кансісторыі. Напачатку размяшчалася ў Магілёўскім касцёле кармелітаў, потым у прыгарадным палацы Богуша-Сестранцэвіча ў Пячэрску. У 1776 М.д. атрымала дазвол на выданне кніг на рус. мове, што паклала пачатак кнігадрукаванню грамадзянскім шрыфтам на Беларусі. Паводле ўказа Кацярыны II 1780 друкарня была абавязана публікаваць афіц. матэрыялы, т.ч. яна выконвала функцыі губ. друкарні да адкрыцця ў 1833 Магілёўскай губернскай друкарні. Вядома больш за 60 назваў выданняў М.д., у т. л. 43 на польск., 12 на лац., 8 на рус., па 1 на ням. і франц. мовах. Сярод іх: «Кароткая французская граматыка» (1784, 1796); даведачная л-ра — «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783» (1782), «Беларускія календары» (1784—95), «Дырэкторыумы» (царк. календары, якія змяшчалі спісы парафій і духавенства Магілёўскай рымска-каталіцкай епархіі за 1807—44); афіц. выданні — «Трактат Вечнага міру і сяброўства» (1792), «Установы для кіравання губерняй» (1774, 1777, 1795); навук. працы — «Аб Заходняй Русі» (1793) і «Аб паходжанні сарматаў і славян» (1810) Богуша-Сестранцэвіча, трактат «Тры кнігі аб паэтычным мастацтве» (1786) Ф.Пракаповіча; маст. творы — трагедыя «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783) Богуша-Сестранцэвіча, яго вершы і прамовы, «Вандроўны турак» (1789, польскі пераклад «Гісторыі Сіндбада-Марахода»).
Літ.:
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.
І.А.Пушкін.
т. 9, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАЎЁЎ (Карскі) Мікалай Мікалаевіч
(25.7.1794, С.-Пецярбург — 30.10.1866),
расійскі ваен. дзеяч, дыпламат. Ген.-ад’ютант (1833, 1854). Ген. ад інфантэрыі (1853). Сын марскога афіцэра і грамадскага дзеяча М.М.Мураўёва, заснавальніка Маскоўскай установы для калонаважатых (у далейшым Акадэмія Генштаба). Брат М.М.Мураўёва (Віленскага). У арміі з 1811. Арганізатар пераддзекабрысцкіх гурткоў «Юнацкае сабрацтва» (1811—12) і «Свяшчэнная арцель» (1814—18), потым адышоў ад дзекабрыстаў. У 1812 служыў пры штабе 1-й арміі, праводзіў тапагр. здымкі наваколля Вільні. Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рускай арміі 1813—14, ваен.-дыпламат. місій у Іран (1816), Хіву і Бухару (1819—20), Егіпет і Турцыю (1832—33), рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў, задушэння паўстання 1830—31. У 1834—35 в.а. нач. гал. штаба 1-й арміі, камандзір 5-га пяхотнага корпуса. Быў прыхільнікам скасавання прыгоннага права, крытыкаваў рас. ваен. парадкі, апякаў сасланых дзекабрыстаў, за што ў 1837 звольнены ў адстаўку. У 1848 вернуты на службу, чл. Ваен. савета (1848). На чале Грэнадзёрскага корпуса ўдзельнічаў у задушэнні Венгерскай рэвалюцыі 1848—49. У 1854—56 намеснік на Каўказе і камандуючы Каўказскім асобным корпусам. У час Крымскай вайны 1853—56 кіраваў аблогай і ўзяццем тур. крэпасці Карс (1855), за што атрымаў ганаровае прозвішча Карскі. З 1856 чл. Дзярж. савета. Аўтар мемуараў і ваен.-гіст. прац.
Літ.:
Задонский Н.А. Жизнь Муравьева. [3 изд. Воронеж, 1970].
А.М.Лукашэвіч.
т. 11, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дзе́йнасць, ‑і, ж.
1. Праца, занятак у якой‑н. галіне. Грамадская дзейнасць. Гаспадарчая дзейнасць. □ Карыстаючыся вольным днём, Сцёпка падчытаў сёе-тое з таго, што ўваходзіла ў праграму яго дзейнасці на вёсцы. Колас.
2. Сукупнасць дзеянняў, мерапрыемстваў якога‑н. прадпрыемства, установы, арганізацыі. З кожным годам актывізуецца дзейнасць бібліятэк. «Звязда». Вераб’ёў вырашыў накіраваць усе сілы, усю дзейнасць Саветаў на выкананне ленінскага дэкрэта аб зямлі. Дуброўскі.
3. Работа, функцыяніраванне якіх‑н. органаў, арганізма. Сардэчная дзейнасць. Дзейнасць кары вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга. // Дзеянне сіл прыроды. Разбуральная дзейнасць ветру.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
станда́ртны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адпавядае стандарту (у 1 і 2 знач.); тыпавы. Стандартныя дэталі. Стандартная мэбля. □ Раніцай я атрымаў пісьмо, шэры стандартны канверт з грыфам той установы, у якую з месяц назад пісаў просьбу. Асіпенка. За якога паўкіламетра ад стандартнай хаты пуцявога абходчыка спыняемся. С. Александровіч.
2. перан. Пазбаўлены арыгінальнасці; шаблонны, трафарэтны. Стандартныя словы. □ «Але чаму ж ты, сакратар райкома, быў да гэтага часу там толькі наездамі?» — крытыкаваў ён сам сябе і, акрамя стандартнага адказу: «Рукі не даходзілі. Часу не хапала», нічога не знаходзіў. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бакала́ўр
(с.-лац. baccalaureus)
першая вучоная ступень, якая прысвойваецца выпускнікам вышэйшай навучальнай установы пасля заканчэння бакалаўрыята, а таксама асоба, якая мае гэту ступень.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
дацэ́нт
(лац. docens,-ntis = той, хто вучыць)
вучонае званне выкладчыка вышэйшай навучальнай установы (ніжэйшае за прафесара), а таксама асоба, якая мае гэта званне.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
дэпарта́мент
(фр. département)
1) асноўная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Францыі;
2) аддзел вышэйшай адміністрацыйнай або судовай установы ў Расійскай імперыі і шэрагу іншых краін;
3) назва ведамства, міністэрства ў некаторых дзяржавах;
дзяржаўны д. — міністэрства замежных спраў ЗША.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
грыф
(фр. griffe)
афіцыйны надпіс або штамп на дакуменце, бланку, які вызначае спецыфіку іх выкарыстання (напр. бланк з грыфам установы, дакумент з грыфам «Сакрэтна»).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)