біясацыяло́гія

(ад бія- + сацыялогія)

1) сінонім біяцэналогіі ў многіх еўрапейскіх краінах;

2) канцэпцыя, якая тлумачыць сацыяльныя і палітычныя працэсы зыходзячы з біялагічных і фактараў, зведзеных да паняцця аб расе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

арганіцы́зм

(ад арганічны)

вучэнне, якое растлумачвае прыродныя і сацыяльныя з’явы (працэсы) па аналогіі з біялагічнай будовай арганізма; атрымала развіццё ў агульнай тэорыі сістэм, у кібернетыцы, тэорыі інфармацыі і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

геатэхні́я

(ад геа- + гр. techne = мастацтва, майстэрства, уменне)

прыродазнаўча-тэхнічная дысцыпліна, якая распрацоўвае прынцыпы і метады рацыянальнага ўмяшання ў прыродныя працэсы для наладжвання аптымальнага ўзаемадзеяння паміж грамадствам і прыродай.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ятрахі́мія

(ад гр. iatros = урач + хімія)

кірунак у медыцыне 16—18 ст., прадстаўнікі якога разглядалі працэсы, што адбываюцца ў арганізме, як хімічныя з’явы, хваробы — як вынік парушэння хімічнай раўнавагі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНТЫВІТАМІ́НЫ (ад анты... + вітаміны),

рэчывы з ліку антыметабалітаў, якім уласціва біял. дзеянне, процілеглае дзеянню вітамінаў. Хім. будовай звычайна блізкія да вітамінаў або з’яўляюцца іх вытворнымі (напр., антывітамін вітаміну B1 — пірытыямін), таму канкурэнтна лёгка замяшчаюць вітаміны ў біяхім. рэакцыях і парушаюць працэсы абмену рэчываў. Да антывітамінаў належаць таксама інш. рэчывы, што ў жывых клетках звязваюць вітаміны, пераводзяць у неактыўную форму або разбураюць іх (напр., тыяміназа, авідзін, некаторыя лекавыя сродкі — антыбіётыкі, сульфаніламіды). Вынікам насычэння арганізма антывітамінамі можа быць вітамінная недастатковасць, якая развіваецца нават пры дастатковым паступленні вітамінаў з ежай або ўтварэнні іх у арганізме.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С у тэрмадынаміцы,

працэс пераходу сістэмы з аднаго стану ў другі, які магчыма ажыццявіць у адваротным напрамку з паўтарэннем усіх яго прамежкавых станаў. Складаецца з паслядоўнасці станаў раўнавагі, якія вельмі мала розняцца паміж сабою, таму яго наз. квазістатычным, квазіраўнаважным. Крытэрыем абарачальнасці з’яўляюцца паводзіны энтрапіі: яна застаецца пастаяннай у абарачальным працэсе, які працякае ў ізаляванай сістэме значна павольней, чым устанаўліваецца тэрмадынамічная раўнавага ў дадзенай сістэме. Сістэма пры абарачальным працэсе выконвае найб. магчымую работу. Абарачальны працэс ляжыць у аснове тэорыі цеплавых рухавікоў (гл. Карно цыкл). Усе рэальныя працэсы з-за трэння, дыфузіі, выпрамянення і інш. неабарачальныя.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРАЎТВАРЭ́ННЕ, арагенез,

сукупнасць рэльефаўтваральных працэсаў, у выніку якіх узнікаюць горныя ўзняцці зямной паверхні. Выклікаецца тэктанічнымі рухамі пад уплывам эндагенных (унутраных) сіл Зямлі. Абумоўлена энергіяй, што выдзяляецца ў працэсе развіцця ўнутрызямных рэчываў пры ўплыве сілы цяжару і сіл, якія ўзнікаюць пры вярчэнні Зямлі. Гораўтварэнне можа быць тэктанічным, вулканічным і складаным. Гораўтварэнню супрацьстаяць экзагенныя (знешнія) працэсы. Сучасныя горы — вынік працяглага сумеснага дзеяння эндагенных і экзагенных з’яў з чаргаваннем перавагі ўзыходных працэсаў над дэнудацыяй. Гіпотэзы гораўтварэння розныя. Найноўшыя звязваюць з рухамі буйных літасферных пліт Зямлі. З працэсамі гораўтварэння звязана ўзнікненне пэўных карысных выкапняў.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСТРУ́КЦЫЯ ЛАНДША́ФТАЎ,

парушэнне структуры і стабільнасці ландшафту пад уплывам прыродных або антрапагенных фактараў. Узнікае пры адмоўных зменах балансу ландшафтаўтваральных кампанентаў (напр., у выніку эрозіі і дэградацыі глеб, рэкрэацыйнай дыгрэсіі мясцовасці, нерацыянальнага выкарыстання расліннага покрыва, рэзкіх змен воднага рэжыму і інш.), можа завяршыцца дэградацыяй ландшафтаў. З’явы Д.л. назіраюцца пры парушэнні тэхналогіі меліярацыйнага буд-ва, у месцах інтэнсіўнай распрацоўкі мінер. рэсурсаў, у наваколлі вял. прамысл. прадпрыемстваў. Вакол нас. пунктаў, у зялёных зонах, зонах адпачынку працэсы Д.л. развіваюцца ад празмерных і нерэгуляваных рэкрэацыйных нагрузак. Захаванне прынцыпу рац. прыродакарыстання і аховы прыроды, дакладны разлік параметраў магчымых шкодных уплываў і папярэджанне іх прадухіляюць Д.л.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАГА́РАЎ (Барыс Міхайлавіч) (н. 21.11.1943, в. Чырвоны Бераг Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1989). Скончыў БДУ (1965). З 1968 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі і фотахіміі біямалекул, у т. л. хларафілу і гему крыві. Даследаваў фотафіз. і фотахім. працэсы з удзелам малекулярнага кіслароду, механізм і дынаміку аксігенацыі гемаглабіну.

Тв.:

Пикосекундная динамика размена энергии электронного возбуждения в металлопорфиринах (разам з У.​С.​Чырвоным, Г.​П.​Гурыновічам) // Лазерная пикосекундная спектроскопия и фотохимия биомолекул. М., 1987.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБІ́ННАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ (ням. Tiefenpsychologie),

абагульненая назва шэрагу кірункаў замежнай псіхалогіі 19 — 20 ст. Вывучае т.зв. глыбінныя падсвядомыя псіхічныя працэсы асобы, яе схільнасці і тэндэнцыі, якія супрацьпастаўляюцца працэсам, што адбываюцца на «паверхні» свядомасці. Глыбінная псіхалогія не мае дакладных меж, ахоплівае розныя плыні і школы (псіхааналіз З.Фрэйда, «аналітычная псіхалогія» К.Г.Юнга, «індывідуальная псіхалогія» А.Адлера, эгапсіхалогія, неафрэйдызм і інш.). У трактоўцы матываў паводзін чалавека глыбінная псіхалогія адводзіць актыўную дынамічную ролю бессвядомым матывацыям, якія вывучаюцца спецыфічнымі метадамі (прыёмы псіхааналізу, метады свабодных асацыяцый, псіхадрамы, пражэктыўныя тэсты). Узнікла для патрэб псіхатэрапіі, стымулявала развіццё новай галіны медыцыны, якая разглядае значэнне псіхал. фактараў у саматычных захворваннях (т.зв. псіхасаматыка).

т. 5, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)