Набі́рычыць ’насварыцца’ (мінск., Песні сямі вёсак). Параўн. абірычыць ’абстрыгчы, абабраць, абрэзаць’, што, відаць, да бірыч ’зборшчык дані’, адкуль і адпаведная «адмоўная» семантыка (прымус, сварка і да т. п.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трусо́вы: на тым белым камені́ трусова перʼе (маладз., Песні сямі вёсак). Відаць, прыметнік, утвораны ад назвы страуса (гл. страус), параўн. ст.-бел. струсъ ‘страус’ са стратай пачатковага с.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВА́ЛЬТЭР ФОН ДЭР ФО́ГЕЛЬВАЙДЭ (Walther von der Vogelweide; каля 1170 — каля 1230),

нямецкі і аўстрыйскі паэт-мінезінгер. Паводле розных версій, нарадзіўся або ў Ціролі (Аўстрыя), або ў Швейцарыі, або ў Сярэдняй Германіі. Вёў жыццё вандроўнага паэта, жыў пры дварах Філіпа Швабскага, Германа Цюрынгскага, Фрыдрыха II. Пісаў лірычныя песні (у асн. пра каханне, часта з маральна-дыдактычным адценнем) і шпрухі — песні-павучанні. Насуперак традыцыі меланхалічнага мінезангу, што панавала пры Венскім двары, апяваў радасці жыцця і кахання, сцвярджаў права чалавека на зямное шчасце. Пераадольваючы схематызм мінезангу, узбагаціў яго каларытнымі жывапіснымі дэталямі і новымі матывамі (гал. гераіня верша «Каханая, хай Бог...» не высакародная дама, а простая дзяўчына са шчырым сэрцам). Упершыню ўвёў у куртуазную паэзію нар. песенныя структуры («У гаі, пад ліпкай...» — славутая песня з вясёлым нар. рэфрэнам «тандарадай» і інш.). Яго песні адметныя прастадушнасцю, дэмакратычнасцю, шчырасцю інтанацыі і вытанчанасцю.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения М., 1985.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКА́ЛЬСКІ (Пётр Пятровіч) (26.9.1832, г. Харкаў, Украіна — 11.4.1887),

украінскі кампазітар, публіцыст, фалькларыст, муз.-грамадскі дзеяч. Скончыў Харкаўскі ун-т (1852). У 1859 аднавіў дзейнасць адэскага Філарманічнага т-ва, удзельнічаў у стварэнні Т-ва аматараў музыкі (1864, у далейшым Адэскае муз. т-ва) і муз. школы пры ім (1866). Яго оперы — адны з першых прафес. узораў укр. опернага мастацтва. Сярод муз. твораў: оперы «Мазепа» (1859), «Майская ноч» (1863), «Асада Дубна» (1878); кантата «Баль Пятра Вялікага» (1859); балада «Слухай» (1864); фп. (каля 40) і віяланчэльныя п’есы, рамансы (больш за 40), хары, песні і інш. У муз.-крытычных артыкулах адстойваў ідэі народнасці муз. мастацтва. Аўтар працы «Руская народная музыка, велікаруская і маларуская...» (1888). Збіраў і апрацоўваў нар. песні, у т. л. бел., шэраг з іх апублікаваны ў яго зб. «Маларасійскія і беларускія песні» (выд. 1903).

Літ.:

Карышева Т.И. Петр Сокальский: Жизнь и творчество. М., 1984.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зве́рнуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад звярнуць.

2. Накіраваны на каго‑н., адрасаваны каму‑н. Вершы і песні рабочых паэтаў непасрэдна звернуты да народа і падпарадкаваны задачам вызваленчай барацьбы пралетарыяту. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыто́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да прытопнуць.

2. Тое, што і прытупваць. [Лётчыкі] пілі каньяк і спявалі свае песні, якіх Бахман, мабыць, не ведаў. Ён толькі прытопваў нагой ды ківаў галавой. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Надзе́льны ’вясельны’ (светлаг., Мат. Гом.), рус. надельный ’падораны для вянчання’. Да надзяляць (гл. дзяліць), параўн. ілюстрацыю да слова: Як дораць маладым на вяселле, тады надзельныя песні пяюць (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БА́СНЕР (Веніямін Яфімавіч) (н. 1.1.1925, г. Яраслаўль, Расія),

расійскі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1982). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (кл. скрыпкі, 1949). Сярод тв.: балет «Тры мушкецёры» (1964), аперэты «Палярная зорка» (1966), «Патрабуецца гераіня» (1968), «Паўднёвы крыж» (1971), «Сапраўдныя мужчыны» (1983); араторыі «Зямля» (1961), «Вясна. Песні. Хваляванні» (1964); вак.-сімф. цыкл «Вечны агонь»; 2 сімфоніі (1958, 1984), канцэрты; струн. квартэты; рамансы; эстрадныя п’есы; песні; музыка да кінафільмаў (больш за 40, у т. л. «Бессмяротны гарнізон», 1956; «Цішыня», 1964; «Шчыт і меч», 1968; «Блакада», 1979). Дзярж. прэмія Расіі 1980.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРЭ́ЗВЫ, перазовы,

у беларусаў звычай у канцы вяселля, паводле якога сваты, інш. вясельныя чыны або суседзі маладога ці маладой запрашалі маладых і найб. паважаных удзельнікаў вяселля да сябе ў госці. Наладжваліся з мэтай аказання матэрыяльнай дапамогі бацькам маладых у правядзенні вяселля. У час П. выконвалі песні, у якіх усхвалялі сватоў, іх хату, гаспадарку, а таксама жартоўныя песні. П. называлі таксама наведванне маладых родзічамі маладой ці наведванне маладымі і родзічамі маладога бацькоў маладой праз тыдзень пасля вяселля. Характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. раёнаў Беларусі.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 13, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПЕ́Ў,

1) пачатак харавой песні, які выконваецца адным або некалькімі спевакамі (запяваламі).

2) Пачатак быліны, зачын, які падводзіць слухача да асноўнага зместу твора.

т. 6, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)