ПІВАВА́РАЎ (Зяма Раманавіч) (Залман Рувімавіч; 5.6.1910, г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. — 29.10.1937),

бел. паэт. Скончыў Бел. вышэйшы пед. ін-т (1934). З 1929 працаваў у Ленінградзе. З 1934 у газ. «Чырвоная змена». У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Лірыка двух нараджэнняў» (1934), у якім услаўленне працоўнага гераізму народа. Выступаў як тэатральны рэцэнзент. Перакладаў на бел. мову паасобныя творы А.​Пушкіна, З.​Аксельрода і інш.

т. 12, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙКО́Ў (Яўген Ціханавіч) (н. 25.3.1937, Масква),

расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1982). Скончыў Муз.-пед. вучылішча імя Гнесіных (1962). З 1961 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Радамес («Аіда» Дж.​Вердзі), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), П’ер Бязухаў («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева) і інш.

т. 13, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШЫ́ДАЎ (Рашыд Меджыдавіч) (н. 1.5.1928, Ванашы-Махі, Дагестан),

даргінскі паэт. Нар. паэт Дагестана (1978). Скончыў Дагестанскі пед. ін-т (1949). Друкуецца з 1945. Аўтар зб-каў вершаў для дзяцей «Маё шчасце» (1948), «Кураняты» (1956), «Водар сонца» (1963), «Калі заснулі пчолы» (1968), «Суседзі смяюцца» (1969), «Ранняй восені колеры» (1972), «Свой лёс» (1975), «Яснее дзень» (1980), «Іней» (1985). Перакладае А.​Пушкіна, М.​Лермантава, М.​Горкага і інш. Дзярж. прэмія Дагестана 1970.

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛЯЧО́К (Янка) (сапр. Гаеўскі Іван Яфімавіч; 1888, в. Замужанне Барысаўскага р-на Мінскай вобл. 28.11.1957),

бел. пісьменнік. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1912), Мінскі пед. ін-т (1930). Настаўнічаў. Збіраў фальклор на Барысаўшчыне і Лагойшчыне. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». У карэспандэнцыях расказваў пра цяжкое жыццё сялянства, асаблівасці мясцовага побыту. У вершаваным творы «З заработкаў» адлюстраваў жыццё плытагонаў.

Літ.:

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 14, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРО́ЦІН (Яўхім Ерамеевіч) (13.10.1888, с. Салёнае Займішча Чарнаярскага р-на Астраханскай вобл., Расія — 1947),

рускі і бел. фізік і матэматык. Праф. (1918). Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). Працаваў у ВНУ Масквы і Кастрамы. З 1922 у БДУ. У 1925 у Кембрыджскім ун-це пад кіраўніцтвам Э.​Рэзерфарда вывучаў метады радыеактыўных вымярэнняў. З 1937 у Калінінскім пед. ін-це. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўн., матэм. метадах у фізіцы.

А.​А.​Гусак.

т. 14, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХАТКО́Ў (Антон Стафанавіч) (н. 17.1.1917, в. Шчаглоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940; пед. М.​Крымаў і П.​Пятровічаў), вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це імя В.​Сурыкава (1944—48, пед. С.​Герасімаў, П.​Пакаржэўскі, Д.​Мачальскі), працаваў у майстэрні В.​Бялыніцкага-Бірулі (1945—47). Бархаткоў — майстар рэаліст. жывапісу. У пейзажных і тэматычных палотнах адчуваецца ўплыў мастацтва перадзвіжнікаў. У работах — яркасць уражання ад прыроды, маляўнічае бачанне свету, жыццесцвярджальная гама фарбаў — простая філасофія быцця. Працуе ў жанры лірычнага пейзажа, партрэта і тэматычнай карціны. Асн. творы: «Раніца на беразе ракі» (1943), «Партрэт В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі» (1946), «Вясна на Нёмане», «Поўдзень на сенажаці» (абодва 1960), «Статак» (1962), «Вечар на Бярэзіне» (1969), «Бэз» (1970), «Дарога ў Вязынку» (1972), «Перад Новым годам. Снежань» (1976), «Стажок», «Позняя восень» (абодва 1978), «Зямля беларуская» (1980), «Возера» (1983), «Апошні прамень» (1985), «Залатая восень» (1986), «Восеньскі нацюрморт» (1992), «Восень. Лісце плыве» (1993), «Канец сакавіка. Алея» (1994) і інш.

Літ.:

А.​С.​Бархаткоў: [Альбом]. Мн., 1983;

Дробаў Л.М. Антон Бархаткоў. Мн., 1988.

Г.​А.​Фатыхава.

А.Бархаткоў. Апошні прамень. 1985.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФЕКТАЛО́ГІЯ (ад дэфект + ...логія),

навука пра заканамернасці псіхічнага развіцця, выхавання і навучання дзяцей, якія патрабуюць асаблівай увагі: глухіх, сляпых, са слабым зрокам ці слыхам, разумова адсталых, з затрымкай псіхічнага развіцця, цяжкімі парушэннямі маўлення, вынікамі дзіцячага цэрэбральнага паралічу, комплекснымі парушэннямі (слепаглухіх, глухіх з разумовай адсталасцю, сляпых з затрымкай псіхічнага развіцця і інш. камбінацыямі). Як самаст. галіна навукі склалася ў пач. 19 ст. Сучасная Д. апіраецца на дасягненні псіхалогіі, педагогікі, у т. л. народнай, прыродазнаўства, медыцыны, тэхнікі, радыёэлектронікі. Вызначае структуру і сістэму метадаў і методык дыягностыкі і дыферэнцыяльнай дыягностыкі стану своеасаблівага псіхічнага развіцця дзяцей з парушэннямі ў сістэме аналізатараў, ц. н. с., маўленчай дзейнасці; распрацоўвае прынцыпы, абгрунтоўвае змест, метады і сродкі карэкцыйна накіраванага навучання і выхавання; даследуе праблемы абілітацыі (стварэнне механізмаў кампенсацыі ў дзяцей з прыроджаным дэфектам), рэабілітацыі (сістэма мер па рэадаптацыі асоб з набытым дэфектам), сац. адаптацыі, прафарыентацыі. У Беларусі праблемы Д. распрацоўваюцца на кафедрах дэфекталагічнага ф-та Бел. пед. ун-та, у сектарах аддзялення Д. Нац. ін-та адукацыі, на кафедры Д. Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Спецыялістаў для спец. дзіцячых устаноў рыхтуе Бел. пед. ун-т і педвучылішча № 2 у Мінску.

Т.​А.​Грыгор’ева.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПЮ́К (Аляксей Нічыпаравіч) (14.4.1920, в. Страшава Беластоцкага ваяв., Польшча — 14.7.1992),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1949), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1961). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1949—59 на пед. і журналісцкай рабоце, у 1977—81 дырэктар Рэсп. музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродне. У 1978—92 сакратар Гродзенскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першы твор — аповесць «У адным інстытуце» (1953). Асн. тэматыка творчасці — жыццё працоўных Зах. Беларусі, змены, што адбыліся ў іх свядомасці і псіхалогіі, падзеі вайны, маральна-этычныя праблемы сучаснасці: аповесці «Данута» (1959), «Пушчанская адысея» (1964), «Сучасны канфлікт» (1983), «Рэквіем» і «Белая Дама» (абедзве 1991). Аўтар рамана-былі «Вершалінскі рай» (1972), зб-каў аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), кніг нарысаў «Мая Гродзеншчына» (1960), «Чаго мы варты» (1970), «След на зямлі» (1972), «Вольга Корбут» (1977; у сааўт.). Для яго твораў характэрна насычанасць рэальнымі фактамі, абвостранасць канфліктаў, публіцыстычнасць, рамантычнасць. За кн. прозы «Сучасны канфлікт» (1985) Літ. прэмія імя І.​Мележа 1986.

Тв.:

Выбр. творы, Т. 1—2. Мн., 1980;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1991.

А.Н.Карпюк.

т. 8, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЧАР (Алесь) (Айзік Евелевіч; 27.6.1910, в. Прудзішча Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 9.7.1996),

бел. крытык і драматург. Вучыўся ў БДУ і Бел. вышэйшым пед. ін-це (1929—32), Маскоўскім ін-це гісторыі, філасофіі і л-ры. У 1938—40 выкладчык Мінскага пед. ін-та. З 1945 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкай газеце», у Дзярж. выдавецтве БССР. У 1960—68 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1927. У яго працах 1930—40-х г. вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі творчасці Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, М.​Багдановіча, К.​Чорнага, У.​Хадыкі і інш., прыпісванне ім бурж.-нацыяналіст. ідэалогіі, эстэцтва. У пазнейшых артыкулах і нарысах пра класікаў бел. л-ры, творчасць пісьменнікаў Беларусі (зб. «Літаратурна-крытычныя артыкулы», 1953; «Аб мастацкай прозе», 1961) пазбавіўся спрошчанай трактоўкі твораў. Аўтар п’ес пра партыз. рух («Заложнікі», паст. 1944), мінскіх падпольшчыкаў («Гэта было ў Мінску», паст. 1949), пасляваеннае буд-ва («Неспакойныя сэрцы», паст. 1952), сцэнарыяў маст. фільмаў «Чырвонае лісце» (з А.​Куляшовым, 1958), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (з М.​Фігуроўскім, 1958), «Лісты да жывых» (1965), «Усходні калідор» (з В.​Вінаградавым, 1968).

Тв.:

Над Дзвіной, Нямігай, Віліяй: П’есы і кінасцэнарыі. Мн., 1962;

Аблічча часу. Мн., 1971;

Літаратурна-крытычныя артыкулы: Выбранае. Мн., 1980.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАГАГІ́ЧНЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ,

грамадскія арг-цыі асветнага, навук., дабрачыннага, місіянерскага характару. Узніклі ў Расіі ў канцы 18 — пач. 19 ст. Мелі на мэце пашырэнне пісьменнасці і асветы, удзел у распрацоўцы актуальных праблем тэорыі і практыкі, навучання і выхавання, садзейнічанне розным відам пазашкольнай, жаночай і прафесійнай адукацыі. На Беларусі П.т. ўзніклі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску (1897), Мінску (1901), Магілёве (1901), Брэсце і Гродне (1907). Магілёўскае П.т. мела філіялы ў Быхаве, Гомелі, Горках, Калінкавічах, Мсціславе, Оршы, Рагачове, Чавусах і Чэрыкаве (1909—10). Т-вы займаліся распаўсюджваннем метадаў і прыёмаў навучання і выхавання, перадавых пед. ідэй, абменам вопытам выкладчыцкай працы, папулярызацыяй падручнікаў і дапаможнікаў, павышэннем кваліфікацыі настаўнікаў. У пач. 20 ст. некат. т-вы выдавалі часопісы: «Педагогическое дело», «Белорусский учитель» і «Белорусский учительский вестник». У 1972 створана рэсп. П.т. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. узніклі новыя т-вы, якія займаюцца пытаннямі беларускамоўнага навучання і выхавання, рознымі аспектамі пед. дзейнасці: Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны (з 1989), Гарадскі бацькоўскі к-т беларускамоўных школ і класаў Мінска (з 1988), Бел. асацыяцыя дырэктараў школ (з 1989), Асацыяцыя бел. настаўнікаў (з 1991), Т-ва бел. школы (з 1996) і інш.

А.​Ю.​Лозка, М.​Р.​Марчанка.

т. 12, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)