прыродныя і сінт. рэчывы, пад уздзеяннем якіх працякаюць і рэгулююцца розныя працэсы ў жывых арганізмах (хім. рэгулятары біял. працэсаў). Разнастайныя па сваёй прыродзе, функцыях, характары дзеяння, месцы ўтварэння і інш. Сістэматычнае вывучэнне біялагічна актыўных рэчываў пачалося ў канцы 19 ст. Узнікла некалькі раздзелаў біялогіі і медыцыны, што займаюцца іх пошукам, вывучэннем механізмаў дзеяння і магчымасцяў практычнага выкарыстання. Да прыродных біялагічна актыўных рэчываў належаць гармоны, вітаміны, ферменты, біястымулятары, інш.хім. злучэнні, вылучаныя з прыродных крыніц з мэтай увядзення ў арганізм чалавека, жывёлы, расліны ці мікроба для рэгулявання ходу нармальных ці паталагічных працэсаў (лек. прэпараты, напр., антыбіётыкі, алкалоіды, некаторыя фенолы). Сярод штучных біялагічна актыўных рэчываў многія сінт. злучэнні, прэпараты якіх выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, эксперым. біялогіі і медыцыне (штучныя рэгулятары росту, фунгіцыды, гербіцыды, мутагены і інш.). У шэрагу выпадкаў яны дзейнічаюць больш моцна і выбіральна, чым прыродныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНА-ЯСЯНЕ́ЦКІ (Валянцін Феліксавіч) (у манастве Лука; 27.4.1877, г. Керч, Крым — 11.6.1961),
вучоны-медык, рэліг. дзеяч. З бел. шляхецкага роду Войнаў-Ясянецкіх. Д-рмедыцыны (1916). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). Працаваў хірургам, земскім урачом у Чыце, Сімбірскай, Курскай і Саратаўскай губ. У 1917—30 гал. ўрач і хірург Ташкенцкай гар. бальніцы, адзін з арганізатараў Ташкенцкага ун-та. У 1923 прыняў манаства, за рэліг. дзейнасць тройчы цярпеў рэпрэсіі. У Вял.Айч. вайну хірург-кансультант эвакашпіталяў. Епіскап туркестанскі, архіепіскап краснаярскі, тамбоўскі і мічурынскі (1944), сімферопальскі і крымскі (1946). Да 1954 працягваў займацца медыцынай. Аўтар больш як 40 навук.прац. За распрацоўку пытанняў гнойнай хірургіі Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
Поздние резекции при инфицированных огнестрельных ранениях суставов. М., 1944;
Очерки гнойной хирургии. 3 изд. Л., 1956.
Літ.:
Поповский М. Жизнь и житие Войно-Ясенецкого, архиепископа и хирурга: [Док. повесть] // Октябрь. 1990. № 2—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЫЯТРЫ́Я [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + iatreia лячэнне],
навука пра лячэнне людзей пажылога і старэчага ўзросту; клінічны раздзел геранталогіі. Распрацоўвае метады лячэння і прафілактыкі хвароб з мэтай захавання фізічнага і псіхічнага здароўя чалавека да глыбокай старасці. Вырашае праблемы ўзаемасувязі атэрасклерозу і ўзросту, механізма ўзнікнення т.зв. склератычнай артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукр. дыябету, механізмы ўзроставых змен апорна-рухальнага апарату, ролю ўзроставых змен у развіцці анкалагічных захворванняў. У розных галінах медыцыны ёсць свае навук. і практычныя праблемы, звязаныя з герыятрыяй. Герыятрычная фармакатэрапія вывучае асаблівасці ўздзеяння лек. сродкаў на стары арганізм. Даказана, што ў пажылым і старэчым узросце значна павышаецца небяспека неспрыяльнага ўздзеяння медыкаментаў. Таму важнае правіла ў герыятрыі — назначэнне строга індывід. паменшаных доз тых лякарстваў, адчувальнасць да якіх пры старэнні павышана (сардэчныя гліказіды, наркатычныя, гіпатэнзіўныя і нейраплегічныя рэчывы). Часцей рэкамендуюцца прэпараты агульнай стымуляцыі (вітаміны, мікраэлементы, біястымулятары), накіраваныя на падтрымку і нармалізацыю метабалічных працэсаў і функцый чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛЕ́КТ ШТУ́ЧНЫ,
раздзел інфарматыкі, які вывучае метады, спосабы і прыёмы мадэліравання і ўзнаўлення з дапамогай ЭВМ разумовай дзейнасці чалавека, звязанай з рашэннем розных задач. Асн. дастасаванні адносяцца да робататэхнікі і стварэння метадаў, сродкаў і тэхналогій праектавання камп’ютэрных сістэм спец. класа — інтэлектуальных сістэм (ІС).
Сфарміраваўся як навук. кірунак у пач. 1970-х г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграміравання, выліч. тэхнікі, стварэння баз ведаў, экспертных сістэм і інш.Асн. праблемы: мадэліраванне разважанняў, фарміраванне паняццяў, распазнаванне вобразаў (у т. л. зрокавых, гукавых), прагназаванне адаптацыі, вылічэнняў, творчасці і інш., а таксама рэалізацыя мадэлей гэтых працэсаў у ІС. Адрозненне ІС ад традыц. камп’ютэрных сістэм: магчымасць навучацца новым відам дзейнасці — знаходзіць рашэнне задачы без папярэдне зададзенага алгарытму, напр., карыстальнік дае патрэбнае заданне, а праграму для яго выканання ІС будуе сама.
Літ.:
Искусственный интеллект: Справ. Кн. 1—3. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЁЎ (Кузьма Венядзіктавіч) (1.11.1903, в. Лабковічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 4.5.1977),
дзяржаўны дзеяч Беларусі, дыпламат.Канд.мед.н. (1936). Скончыў Варонежскі ун-т (1928). З 1928 на навук. рабоце. З 1937 нарком аховы здароўя БССР. У 1938—40 старшыня Савета нар. камісараў БССР. З 1940 нам. дырэктара Ін-та эксперым.медыцыны, дырэктар дзярж.мед.выд-ва (Масква), старшыня Ульянаўскага аблвыканкома. У 1943—58 першы нам. старшыні СНКБССР, з 1944 нарком (з 1946 міністр) замежных спраў БССР. Меў ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. На чале дэлегацыі БССР у 1945 на канферэнцыі ў Сан-Францыска падпісаў Статут ААН, у 1947 па выніках Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946 — мірныя дагаворы БССР з Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй. Узначальваў дэлегацыі БССР на сесіях Ген. Асамблеі ААН 1946—65. Чл.ЦККПБ у 1938—66. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1938—67, Вярх. Савета СССР у 1937—38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙПЦЫГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1409 у г. Лейпцыг. У гады фаш. дыктатуры (1933—45) ун-т быў закрыты. У 1946 аднавіў работу. Ф-ты: права, тэалогіі, гіст., філал., адукацыі, мастацтва і ўсходніх дысцыплін, біял., вет., мед., эканам., сац. навук і філасофіі, матэматыкі і камп’ютэрных дысцыплін, фармацэўтычных дысцыплін і псіхалогіі, хіміі і мінералогіі, фізікі і навук аб Зямлі. У 1995 у Л.у. больш за 18,5 тыс. студэнтаў. Пры ун-це працуюць ін-ты, лабараторыі, н.-д. ўстановы, б-ка (з 1543; больш за 4,2 млн. тамоў), музеі (муз. інструментаў, медыцыны і прыродазнаўства, стараж. свету, егіпталогіі, манет і манускрыптаў), бат. сад, радыёстанцыя. У розны час у ім вучыліся У. фон Гутэн, Т.Мюнцэр, Г.В.Лейбніц, Г.Э.Лесінг, А.М.Радзішчаў, І.В.Гётэ, І.Г.Фіхтэ., Ф.Шлегель, В.Р.Вагнер, Ф.Ніцшэ і інш.; выкладалі К.Людвіг (у яго лабараторыі працаваў І.П.Паўлаў), А.В.Кольбе, В.Вунт, В.Ф.Оствальд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З ТЭАРЭТЫ́ЧНАЙ І ПРЫКЛАДНО́Й ХІ́МІІ (International Union of Pure and Applied Chemistry; ІЮПАК),
міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая ўваходзіць у Міжнар. савет навук. саюзаў. Засн. ў 1919. Членамі саюза з’яўляюцца навук. ўстановы (АН, хім. т-вы, н.-д. саветы) 44 краін, 15 краін маюць статус назіральнікаў. Штаб-кватэра ў г. Оксфард (Вялікабрытанія). Асн. задача саюза — каардынацыя даследаванняў, якія патрабуюць міжнар. ўзгаднення, кантролю і стандартызацыі. Ажыццяўляе распрацоўкі агульных прынцыпаў і правіл наменклатуры рэчываў, тэрміналогіі, сімволікі, адзінак вымярэнняў, якія выкарыстоўваюць у хіміі; займаецца стварэннем эталонаў і стандартных метадаў для навук. даследаванняў, хім. вытв-сцей, сельскай гаспадаркі, медыцыны, зборам, аналізам і публікацыяй дакладных колькасных даных у галіне хіміі і хім. тэхналогіі. Саюз выдае часопісы: «Chemistry International» («Міжнародная хімія»), «Pure and Applied Chemistry» («Тэарэтычная і прыкладная хімія»), «International Newsletter on Chemical Education» («Міжнародныя навіны хімічнай адукацыі»). Праводзіць штогадовыя навук. кангрэсы па актуальных праблемах сучаснай хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОТАРЫНАЛАРЫНГАЛО́ГІЯ [ад грэч. us, ōtos вуха + rhis (rhinos) нос + larynx (laryngos) гартань + ...логія],
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае нармальную функцыю і хваробы вуха, носа, горла; распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. У О. вылучаюць 3 кірункі: аталогія, рыналогія, фарынгаларынгалогія. Асобна вылучаюць сурдалогію (дэфекты слыху, іх лячэнне), фоніятрыю (дэфекты голасу і іх лячэнне) і отанеўралогію.
Агульныя ўяўленні пра будову, функцыі і захворванні вуха і верхніх дыхальных шляхоў вядомы ўжо ў працах Гіпакрата, Цэльса, Галена. У Расіі першая кафедра хвароб вуха, горла і носа адкрыта праф. М.П.Сіманоўскім у 1893 у Пецярбургскай ваенна-мед. акадэміі.
На Беларусі першая кафедра ЛОР-хвароб адкрыта ў Мінскім мед. ін-це (1925), якую ўзначальваў С.М.Бурак; кафедры О. ёсць у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах. Вядучыя спецыялісты: В.Я.Гапановіч, Р.Х.Карпілаў, М.П.Кніга, У.Дз.Мяланын, Г.М.Смердаў, П.А.Цімашэнка, М.Ц.Яўстаф’еў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛЯЦЫ́ЙНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,
раздзел генетыкі, які вывучае заканамернасці генет. структуры папуляцый і яе змены ў працэсе эвалюцыі. Вывучае эфекты антрапагеннага ўздзеяння на генет. структуру папуляцый, распрацоўвае асновы яе захавання і рацыянальнага выкарыстоўвання. Падзяляецца на тэарэт. і эксперыментальную. Станаўленне П.г. звязана з працамі англ. матэматыка Г.Хардзі і ням. ўрача В.Вайнберга (1908), а таксама С.С.Чацверыкова (1926), Р.Фішэра, Дж.Холдэйна, С.Райта (1930) і інш. На Беларусі асобныя кірункі П.г. заклалі П.Ф.Ракіцкі і М.В.Турбін. Даследаванні вядуцца ў Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі (генетыка камбінацыйнай здольнасці с.-г. раслін, уплыў адбору на генет. структуру папуляцый, аналіз генет. структуры прыродных папуляцый жывёл, вывучэнне заканамернасцей дынамікі хім. і радыяцыйнага мутагенезу ў папуляцыях і інш.), Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (генет. полімарфізм насельніцтва Беларусі), Ін-це лесу (генет. структура хваёвых лясоў Беларусі), Віцебскай акадэміі вет.медыцыны і інш.