БУРДЭ́ЛЬ ((Bourdelle) Эміль Антуан) (30.10.1861, г. Мантабан, Францыя — 1.10.1929),
французскі скульптар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Тулузе (1876—84) і Парыжы (1884—86). Працаваў у майстэрнях Ж.Далу і А.Радэна (1893—1908). Выкладаў у студыі Гранд-Шам’ер (1909—29). Ад прасякнутых бурнай экспрэсіяй ранніх твораў («Помнік тым, хто загінуў», 1893—1902) перайшоў да больш ураўнаважаных кампазіцый, дзе творча пераасэнсаваў традыцыі стараж.-грэч. архаікі і ранняй класікі, імкнуўся да гераізацыі і манументалізацыі вобразаў («Геракл, які страляе з лука», 1909; «Пенелопа», 1909—12; «Сафо», 1924—25). Аўтар помнікаў А.Міцкевічу ў Парыжы (1909—29), К.Альвеару ў Буэнас-Айрэсе (1914—17), партрэтаў А.Радэна (1909), А.Франса (1919) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛЮ́К (Давід Давідавіч) (21.7.1882, хутар Семіратоўшчына Лебядзінскага пав. Харкаўскай губ. — 15.1.1967),
рускі паэт і мастак. Адзін з першых рус. футурыстаў (гл.Футурызм), арганізатар групы кубафутурыстаў. У 1902—03 вучыўся ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі (мастацтваў), у 1910—14 — у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1913—14 разам з У.У.Маякоўскім і В.В.Каменскім удзельнічаў у турнэ футурыстаў па Расіі. З 1920 жыў у Японіі, з 1922 — у ЗША, дзе займаўся пераважна мастацтвам. Пачаў друкавацца ў 1899. Аўтар зб-каў вершаў «Хвост, які лысее» (1919), «Вершы і біяграфія. Да 25-годдзя маст.-літ. дзейнасці (1898—1923)» (1924), «1/2 стагоддзя» (1932), «Талстой. Горкі. Паэмы» (1929) і інш., кн. прозы «Па Ціхім акіяне» (1927) і ўспамінаў «Маякоўскі і яго сучаснікі» (1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКЧЭ́ЕЎ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 19.4.1926, в. Турбанава Брэйтаўскага р-на Яраслаўскай вобл.),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў станковым жывапісе. Яго творчасці ўласцівы жыццесцвярджальнасць, экспрэсіўная жывапісна-пластычная мова, кампазіцыйная завершанасць. Асн. работы: «Этапы вялікага шляху» (1959), серыя «Брэсцкая крэпасць» (1961—70), «Хлеб» (1969), «Гродзенскія гусары каля Полацка» (1995) і інш. Аўтар пейзажных кампазіцый: «Сакавік» (1964), «На сплаве» (1973), «Стары млын у Манькавічах» (1981), «Народныя песні» (1982), «Зямля заслаўская» (1985), «Ф.Скарына» (1990), «З думкай аб родных нівах. М.Багдановіч» (1991), «Вечар у Жыровічах» (1993). Адзін з аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» (1971, Бел.дзярж. музей гісторыі Вял.Айч. Вайны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРДО́ (Bordeaux),
горад на ПдЗ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Жыронда і гал. горад гіст. вобласці Гіень і Гасконь, на р. Гарона, за 97 км ад Біскайскага зал. Вядомы яшчэ да рымскага заваявання Галіі ў 1 ст. да нашай эры. 213 тыс.ж., з прыгарадамі 686 тыс.ж. (1990). Буйны порт, даступны для марскіх суднаў (аванпарты Паяк, Вердон і інш.), Міжнар. аэрапорт. Нафтаперапрацоўка, судна- і авіябудаванне, агульнае машынабудаванне, металург., хім., тэкст., дрэваапр.прам-сць, харч. прадпрыемствы (цукр., шакаладныя, кансервавыя і інш.). Вінаробства. Ун-ты (старэйшы з 1441), вышэйшыя школы выяўл. мастацтва (1712) і марская (1613). Музей выяўл.мастацтваў і інш. Шматлікія арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. раманска-гатычны сабор Сент-Андрэ (12—14 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАК ((Braque) Жорж) (13.5.1882, г. Аржанцёй, Францыя — 31.8.1963),
французскі жывапісец, графік, скульптар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Гаўры і Парыжы (1902—04). З 1905 пісаў пейзажы ў духу фавізму; у 1908 разам з П.Пікаса стаў заснавальнікам кубізму. У амаль манахромных кубістычных кампазіцыях («Кларнет і бутэлька рому на каміне», 1911, «Жанчына з гітарай», 1913) імкнуўся да абстрагавання формаў і разнастайнасці фактуры, шырока выкарыстаў калаж. У 1920-я г. паступова адышоў ад кубізму, пісаў разнастайныя па колеры, дэкар. па характары творы («Чорныя рыбы», 1942). Выканаў цыкл каляровых літаграфій («Сшыткі Жоржа Брака», 1947), размалёўку царквы ў Асі (1945), плафоны залаў у Луўры (1953). У апошнія гады галоўнай тэмай творчасці стала прырода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАС ((Grass) Гюнтэр) (н. 16.10.1927, г. Данцыг, цяпер г. Гданьск, Польшча),
нямецкі пісьменнік. У 1948—49 вучыўся ў Маст. акадэміі ў Дзюсельдорфе, у 1953 — у Ін-це выяўл.мастацтваў (Зах. Берлін). У раманах «Бляшаны барабан» (1959, экранізаваны ў 1979), «Сабачыя гады» (1963), «Пад мясцовым наркозам» (1969), «З дзённіка смаўжа» (1972), «Камбала» (1977), «Пацучыха» (1986), аповесцях «Кошка і мыш» (1961), «Сустрэча ў Тэльгце» (1979) разглядае праблемы пасляваен. рэчаіснасці ў Германіі, асэнсоўвае паходжанне фашызму і інш. таталітарных рэжымаў. Яго творам уласцівы прытчавасць, насычанасць гіст. і міфалагічнымі алюзіямі, спалучэнне сатыры і гратэску з паэтычнасцю. Пісаў п’есы, вершы, літ.-крытычныя артыкулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́СНЕЙ ((Disney) Уолт) (Эліяс Уолтэр; 15.12.1901, г. Чыкага, ЗША — 15.12.1966),
амерыканскі кінарэжысёр, мастак, прадзюсер. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Чыкага. У 1919—22 працаваў мастаком, з 1923 у Галівудзе. Здымаў кароткаметражныя мультфільмы з пастаяннымі персанажамі Алісай (1923—26) і Освальдам (1926—28), гукавыя (з 1928) пра мышаня Мікі Маўса і качаня Дональда Дака, поўнаметражныя фільмы «Беласнежка і сем гномаў» (1938), «Пінокіо» (1939), «Бэмбі» (1942), «Аліса ў краіне цудаў» (1951), «Спячая прыгажуня» (1958), «Мэры Попінс» (1965, засн. на сумяшчэнні акцёра і мультыплікацыі). З 1950 таксама прадзюсер дакумент. і маст. фільмаў, у т. л. для тэлебачання. Атрымаў 29 прэмій «Оскар». У 1955 у г.
Анахайм (Каліфорнія) адкрыў буйны тэматычны забаўляльны дзіцячы парк «Дыснейленд», дзе шэраг атракцыёнаў узнаўляе вобразы яго фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ ДЗЮЎ ((De Duve) Крысціян Рэнэ) (н. 2.10.1917, Тэмс-Дытан, каля Лондана),
бельгійскі біяхімік. Чл. Каралеўскай бельг.АН, літаратуры і выяўл. мастацтва, Каралеўскай мед. акадэміі Бельгіі, Нац.АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Парыжскай АН, Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Скончыў ун-т у Лувене (Бельгія, 1941). З 1947 працаваў у ім (з 1951 праф.), з 1962 у Ракфелераўскім ун-це ў Нью-Йорку. Заснавальнік і прэзідэнт Міжнар. ін-та клетачнай і малекулярнай паталогіі ў Бруселі. Навук. працы па біяхіміі інсуліну, глюкагону, распрацаваў метад дыферэнц. цэнтрыфугавання і адкрыў з яго дапамогай субклетачныя структуры — лізасомы (1963), выявіў іх прыроду, развіў канцэпцыю пра функцыі (1964) і ўдзел лізасом у фізіял. працэсах у клетках. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з А.Клодам і Дж.Э.Паладэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНЬ БЕЛАРУ́СКАГА ПІСЬМЕ́НСТВА І ДРУ́КУ,
нацыянальнае бел. свята. Адзначаецца з 1994 у першую нядзелю верасня. Праводзіцца з мэтай ушанавання гісторыі нац. культуры, цяснейшага далучэння беларусаў да сваіх духоўных святыняў. Цэнтрам свята становіцца пэўны горад: Полацк (1994), Тураў (1995), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997). Праводзяцца ўшанаванні святых мясцін Беларусі, адкрыццё помнікаў, бюстаў, ганаровых дошак беларусам, што працавалі на ніве асветніцтва (бюст першаму консулу Расіі ў Японіі І.Гашкевічу ў г.п. Астравец Гродзенскай вобл., 1994; помнік св. Елісею Лаўрышаўскаму ў в. Лаўрышава Навагрудскага р-на, 1996, і інш.), выстаўкі кнігі, «круглыя сталы» па пытаннях бел. кнігадрукавання, фестывалі бел. прэсы і інш.; канцэрты, маст. прадстаўленні, малебны. У свяце ўдзельнічаюць грамадскія дзеячы, майстры мастацтваў, прадстаўнікі духавенства, шырокая грамадскасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЛУ́СКІ Баляслаў (Баляслаў-Раман) Францавіч [19.8.1826, Віленскі (паводле інш. звестак Вількамірскі) пав. — 10.5.1905], удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Маскоўскі ун-Т (1861). У 1843 у час вучобы ў Віленскай гімназіі ўдзельнічаў у патрыят. руху, сасланы на Каўказ у салдаты, даслужыўся да падпаручніка. З 1852 у адстаўцы. У 1850-я г. вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных», удзельнік падрыхтоўкі паўстання, з 1862 чл. Літоўскага правінцыяльнага к-та. У 1863 ваен. начальнік Ковенскага ваяв. 10.6.1863 каля мяст. Папяляны Шавельскага пав. паўстанцы на чале з Д. разбілі атрад урадавых войск. З кастр. 1863 ваен. камісар Літвы і Беларусі за мяжой. З 1873 у Галіцыі, працаваў доктарам, мастаком. Аўтар успамінаў пра паўстанне.