якабі́нства, ‑а, н.

1. Гіст. Прынцыпы і палітычны рух якабінцаў (у 1 знач.).

2. Уст. Характар думак і дзеянняў, уласцівы якабінцу (у 2 знач.). Загорскі адышоў ад спраў. Дэманстратыўна заняўся пакланеннем таму, што ён разумеў пад екацярынінскім духам і што на самай справе было якабінствам. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апо́на, ‑ы, ж.

Тое, чым накрываюць (апінаюць) што‑н. Алесь не спяшаўся. Ён пасадзіў Майку ў чацвёртыя сані, захутаў яе ногі мядзведжай апонай і працягнуў лейцы на вольнае месца. Караткевіч. // Тое, што ахутвае, ахінае з усіх бакоў. Праз шараватую апону вільготнай смугі прабіваецца сонца, асвятляючы абрысы вялікага горада. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аперэ́тачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да аперэты, звязаны з аперэтай. Аперэтачны акцёр. Аперэтачнае амплуа.

2. Які нагадвае тое, што бывае ў аперэце; такі, да якога нельга ставіцца сур’ёзна. Аперэтачныя прыгоды. Аперэтачнае адзенне. □ Шэравокія, светлавалосыя, іканапісныя, з вішнёвымі вуснамі і ненатуральна ружовымі шчокамі, ..[студэнты] вельмі нагадвалі аперэтачных пастушкоў. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неафі́т, ‑а, М ‑фіце, м.

1. Той, хто нядаўна прыняў якую‑н. рэлігію.

2. перан. Новы прыхільнік якога‑н. вучэння або грамадскага руху. Віктар з Эдмундам Вярыгам і Кастусём сядзелі ля дзвярэй пры цёплай грубцы. Гаварылі вельмі ціха аб неафітах, нядаўна прынятых у.. [арганізацыю]. Караткевіч. // Навічок у якой‑н. справе.

[Грэч. neophytos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паго́йдваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, чым.

Гайдаць злёгку або час ад часу. Пагойдваць нагой. □ Вада пагойдвае лодку, асабліва калі набліжаецца наш цеплаход. Сачанка. Фурман спяваў нешта сумнае і шырокае, пагойдваў у такт спевам галавою. Караткевіч. / у безас. ужыв. Аўтобус пагойдвала, ручка скакала па паперы, выводзячы каракулі. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабрадзі́ць, ‑бродзіць; зак.

1. Перастаўшы брадзіць, стаць гатовым для ўжывання. Перабрадзіла рошчына. Перабрадзіла піва. // перан. Разм. Стаць больш ураўнаважаным пасля бурнага жыцця. Я маўчаў. Мабыць, не перабрадзілі яшчэ мае пачуцці, не выспела трывога. Шамякін.

2. Сапсавацца ў выніку празмернага браджэння. Стаяць слоікі, а ў іх мёд, які перабрадзіў. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Штурхаць адзін аднаго. Людзі.. кудысьці спяшаліся, пхаліся, таўкліся. Колас.

2. Адштурхвацца, упіраючыся ў што‑н. [Кандрат:] — Я з ворыва каня павёў паіць. Аж гляджу, Звончыкава старая выходзіць з хаты проста ў човен і пачынае пхацца да хмызоў. Караткевіч.

3. Зал. да пхаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сплю́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што. Выплюнуць. Рыбнік сплюнуў пахмельную сліну. Караткевіч. Разам з дымам Ходас суха сплюнуў з языка крошку горкага тытуню і пайшоў да дзвярэй. Адамчык.

2. Плюнуць. [Быстроў] паварушыў засмяглымі патрэсканымі губамі і сплюнуў на дарогу. Мележ. — Цьфу ты! — сплюнуў [дзядзька Рыгор]. — Ды тут няйначай звер які! Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фаво́р, ‑у, м.

Кніжн. Прыхільныя адносіны знатнай асобы да каго‑н. Усіх дзівіла, што .. [Загорскі] нічога не атрымаў за той фавор. Гэта было дзіўна, бо ўсе памяталі вочы імператрыцы, якімі яна глядзела на яго пры развітанні. Караткевіч.

•••

У фаворы ў каго — пад апекай, заступніцтвам каго‑н. (быць, аказацца і пад.).

[Лац. favor — прыхільнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хало́пства, ‑а, н.

1. У Старажытнай феадальнай Русі — форма феадальнай залежнасць, блізкая да рабства. Аддаць у халопства.

2. зб. Халопы. Халопства ўсхадзілася не на жарты.

3. перан. Паводзіны, уласцівыя халопу (у 2 знач.). Халімон паспрабаваў пагаліцца ў ногі. — Вось яно. Думкі — думкамі, а з халопства не вырас. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)