ГА́ЗЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,

сукупнасць газавых кампанентаў, якія трапляюцца ў прыродных аб’ектах у свабодным, раствораным або сарбіраваным стане. Прадстаўлены і асобнымі атамамі, і складанымі хім. злучэннямі. Адрозніваюць газы прыродныя атмасферы (сумесь газаў рознага паходжання), зямной паверхні (глебавыя і падглебавыя, балотныя, тарфяныя), асадкавых, магматычных і метамарфічных парод (у нафце, вугалі і інш.), акіянаў і мораў, вулканічныя, касмічныя. Колькасць газаў прыродных у геасферах Зямлі павялічваецца з паглыбленнем унутр. планеты. Паводле паходжання адрозніваюць газы прыродныя вулканічныя (паступаюць з глыбінь Зямлі і звязаны з дэгазацыяй магмы), біяхімічныя (утвараюцца пры бактэрыяльным раскладанні арган. рэчыва або аднаўленні мінер. солей), катагенетычныя (узнікаюць у выніку пераўтварэння рассеянага арган. рэчыва асадкавых парод пры іх апусканні на глыбіні і павелічэнні т-ры да 250—300 °C, а ціску да 245 МПа, або 2500 ат), метамарфічныя радыеактыўныя (утвараюцца ў працэсе распаду радыеактыўных элементаў), метамарфічныя паветраныя (вынік пранікнення газаў з атмасферы ў глыбіню зямной кары — у форме водных раствораў і інш.). Паводле складу вылучаюць газы прыродныя вуглевадародныя, вуглекіслотныя, серавадародныя. Здольнасць газаў прыродных актыўна мігрыраваць у свабодным і раствораным стане абумоўлівае змешванне газаў рознага саставу і паходжання і вял. іх пашырэнне ў прыродзе. На Беларусі вядомы ўсе тыпы газаў прыродных, але практычнае значэнне маюць толькі вуглевадародныя, намнажэнні якіх з’яўляюцца аб’ектамі здабычы (як спадарожныя з нафтай).

У.​Я.​Бардон.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ПРАБЛЕ́М ВЫКАРЫСТА́ННЯ ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ І ЭКАЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1932 у Мінску як Ін-т торфу АН Беларусі, з 1990 сучасная назва. Лабараторыі (1998): кліматалогіі, аптымізацыі геасістэм, інфарм. забеспячэння прыродакарыстання, мадэліравання геаэкасістэм, трансфармацыі рэчыва і энергіі ў геаэкасістэмах, фіз.-хім. механікі прыродных дысперсных сістэм, калоіднахім. асноў эколагабяспечных тэхналогій, хіміі і хім. тэхналогій цвёрдага паліва, фіз.-хім. метадаў даследаванняў, выкарыстання і аховы тарфяных радовішчаў, сапрапеляў, біягеахіміі ландшафтаў, аграэкалогіі; навук.-тэматычная група «Масларастваральныя паверхнева-актыўныя рэчывы»; аддзелы: канструктарска-тэхналагічны, замежных сувязей і навук-тэхн. інфармацыі; эксперым. база «Дукора». Аспірантура (з 1957), дактарантура (з 1989).

Асн. кірункі даследаванняў: ацэнка, прагназаванне і аптымізацыя антрапагенных уздзеянняў на навакольнае асяроддзе; навук. абгрунтаванне стварэння рэсурсазберагальных тэхналогій, здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў. Вынікі даследаванняў: вывучаны генезіс, фіз.-хім. ўласцівасці торфу і сапрапеляў, распрацаваны эколагабяспечныя і рэсурсазберагальныя тэхналогіі іх выкарыстання ў нар. гаспадарцы; вывучаны механізмы ўтварэння гумусу; зроблена ацэнка прыродна-рэсурснага патэнцыялу Беларусі; вызначаны заканамернасці ўздзеяння прыродных антрапагенных фактараў на геахімію і геафізіку ландшафтаў, распрацаваны матэм. мадэлі для вывучэння функцыянавання прыродных сістэм. У Ін-це працавалі акад. АН Беларусі Б.В.Ерафееў, чл.-кар. Ф.А.Апейка, П.І.Бялькевіч, І.Р.Блох, В.Г.Гарачкін, Б.К.Клімаў, У.Я.Ракоўскі; працуюць акад. Нац. АН Беларусі М.М.Бамбалаў, І.І.Ліштван (ганаровы дырэктар), чл.-кар. У.Ф.Логінаў (дырэктар з 1997), А.А.Цярэнцьеў, 13 дактароў навук.

В.​Ф.​Іконнікаў.

т. 7, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІЎНАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ

На Беларусі паліўная прамысловасць прадстаўлена нафтаздабыўной, нафтаперапрацоўчай і тарфяной падгалінамі. Здабывае нафту і спадарожны газ, перапрацоўвае нафту на светлыя нафтапрадукты, топачны мазут, бітумы і інш., здабывае торф. У аб’ёме вырабляемай прамысл. прадукцыі ў 2000 доля галін паліўна-энергет. комплексу складае 14,2%.

У пач. 20 ст. ў Беларусі на паліва выкарыстоўвалі пераважна дровы. У паліўным балансе 1913 іх удзельная вага складала 86,6%. Торф здабываўся ў невял. колькасці. Тарфяная прамысловасць створана ў 1920—30-я г. Доля торфу ў паліўным балансе 1940 вырасла амаль да ​2/3, значнае месца займаў ён і ў пасляваен. перыяд. З 1960 патрэба рэспублікі ў паліве задавальнялася пераважна прывазнымі вугалем і топачным мазутам. Каменны вугаль завозілі з Данбаса, невял. колькасць — з Львоўска-Валынскага басейна. У сярэдзіне 1960-х г. узнікла нафтаздабыўная і нафтаперапрацоўчая прамысловасць Развіццё газіфікацыі, наяўнасць уласных нафтапрадуктаў прывялі да змены структуры паліўнага балансу. Рэзка скарацілася ўдзельная вага цвёрдага паліва, павялічылася доля топачнага мазуту і газу (з 4,9% у 1960 да 67,1% у 1975). Выкарыстанне дроў за 1961—75 скарацілася ў 2,7 раза.

Тарфяная прамысловасць на Беларусі спецыялізавалася на здабычы фрэзернага і кускавога торфу на паліва, для сельскай гаспадаркі, хім. перапрацоўкі, медыцыны, на выпуску торфабрыкетаў.

Прамысловая здабыча торфу пачалася ў 1896 пры шклозаводзе ў в. Серкавіца (Талачынскі р-н), у 1899 — каля Гомеля на патрэбы цагельняў. У 1900 на торфараспрацоўцы каля в. Шэбрын (Брэсцкі р-н) вырабляліся торфабрыкеты. Да 1913 арганізаваны торфараспрацоўкі «Дымаўшчына» (каля Віцебска), «Гразкі» (Гомельскі р-н), «Котуш» (каля Магілёва), пры шклозаводах у Полацкім і Віцебскім р-нах, пад Мінскам (для патрэб камунальных прадпрыемстваў). У 1913 здабыта 14 тыс. т кускавога торфу разным і элеватарным спосабамі, пераважна ўручную. З 1931 пачаў укараняцца фрэзерны спосаб. У 1920—30-я г створана больш як 200 торфапрадпрыемстваў, а ў зах. абласцях пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР — 20 прадпрыемстваў. У 1940 здабыта 3,4 млн. т торфу, яго ўдзельная вага ў паліўным балансе рэспублікі склала 63,5%. У Вял. Айч. вайну тарфяная прамысловасць разбурана, даваенны ўзровень торфаздабычы перасягнуты ў 1949.

Да 1960 торф заставаўся асн. відам паліва, на ім працавала больш як палавіна ДРЭС і ЦЭЦ, яго ўдзельная вага ў паліўным балансе складала 39,5%. У 1950—60-я г. пабудавана больш за 10 буйных торфапрадпрыемстваў. Фрэзерным спосабам здабывалася амаль 100% торфу. У сувязі з павелічэннем выкарыстання больш эфектыўных відаў паліва (нафтапрадуктаў, прыроднага газу) з канца 1970 здабыча торфу змяншалася, яго ўдзельная вага ў паліўным балансе ў 1975 склала 10,5%, у 1985—0,8%. На пач. 2001 тарфяная прамысловасць Беларусі ўключала 37 прадпрыемстваў па здабычы і перапрацоўцы торфу пераважна на камунальна-быт. патрэбы. Найб. значныя прадпрыемствы: «Каўпеніца», «Бярозаўскае», «Кобрынскае» ў Брэсцкай, «Асвейскае», «1 Мая», «Усвіж-Бук» у Віцебскай, «Луцкі», «Хойніцкі» ў Гомельскай, «Дзітва», «Лідскі», «Ашмянскі» ў Гродзенскай, «Рэдкі Рог», «Татарка», «Ганчанскае» ў Магілёўскай, «Усвіж», «Сяргеевіцкае», «Слуцкае» ў Мінскай абласцях.

Тарфяныя машыны і іх комплексы для распрацоўкі радовішчаў, здабычы, сушкі і ўборкі торфу ў 1960—80-я г. выпускаў пераважна Гомельскі завод тарфянога машынабудавання (фрэзеры-валкавальнікі, штабелявальныя машыны, тарфяныя гідраўлічныя пагрузчыкі і інш.).

Нафтаздабыўная прамысловасць уключае комплекс прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць разведку, здабычу, першапачатковую ачыстку і транспарціроўку нафты і спадарожных газаў. Адкрытыя на Беларусі радовішчы нафты прымеркаваны да паўн. часткі Прыпяцкага прагіну (пераважна Рэчыцкі і Светлагорскі р-ны). Першы фантанны прыток нафты атрыманы ў 1953 на Ельскай структуры, першы прамысл. — на Рэчыцкім радовішчы ў 1964 (прамысл. распрацоўка яго пачалася ў 1965, за год было здабыта 39 тыс. т). У 1966—70 здадзены ў эксплуатацыю Асташкавіцкае, Вішанскае і Давыдаўскае радовішчы (Светлагорскі р-н). Да канца 1970-х г. разведана 18 радовішчаў, усяго на Беларусі да пач. 2000 адкрыты 62 радовішчы. Дэбіт свідравін на іх невялікі. Для інтэнсіфікацыі здабычы нафты на бел. радовішчах выкарыстоўваецца прагрэс. тэхналогія — падтрыманне пластавога ціску запампоўваннем вады, апрацоўка свідравін паверхнева-актыўнымі растворамі. Пераважае помпавы спосаб здабычы з дапамогай глыбінных помпаў. З усіх радовішчаў па нафтаправодах нафта ідзе да Рэчыцкага і Асташкавіцкага радовішчаў, дзе праходзіць прамысл. падрыхтоўку, пасля чаго падаецца ў магістральны нафтаправод і на нафтаперапр. заводы. У 1965—90 здабыта каля 90 млн. т нафты (гл. таксама табл.). Штогадовая здабыча бел. нафты складае больш як 1,8 млн. т (для патрэб Беларусі яе не хапае, таму частку нафты атрымліваюць з Расіі). Эксплуатуецца 37 радовішчаў (каля 500 дзеючых свідравін). Усе прадпрыемствы нафтаздабыўной прамысловасці ўваходзяць у ВА «Беларусьнафта». Разведка нафты вядзецца ВА «Белгеалогія» і «Беларусьнафта», перапрацоўка — Наваполацкім ВА «Нафтан» і Мазырскім нафтаперапр. заводам. Каардынацыйную дзейнасць па пошуку, разведцы, здабычы, транспарціроўцы, перапрацоўцы нафты і забеспячэнне нар. гаспадаркі краіны нафтапрадуктамі ажыццяўляе Бел. дзярж. канцэрн па нафце і хіміі «Белнафтахім».

Нафтаперапрацоўчая прамысловасць Беларусі спецыялізавана на выпуску маторнага і кацельна-пячнога паліва, маслаў, прадуктаў для хім. і нафтахім. прамысловасці і інш. Развіваецца з 1963, калі быў здадзены ў эксплуатацыю Полацкі нафтаперапр. завод (з 1992 Наваполацкае ААТ «Нафтан»). У 1975 прадукцыю пачаў даваць Мазырскі нафтаперапр. завод (з 1994 адкрытае акц. т-ва — ААТ). Устаноўленая магутнасць ААТ «Нафтан» складае 25 млн. т за год, глыбіня перапрацоўкі нафты дасягае 64—65%, выпускаецца прадукцыі больш за 75 найменняў, у т. л. аўтамабільныя бензіны, рэактыўнае, дызельнае і пячное паліва, мазут, нафтавыя бітумы, вакуумны газойль, звадкаваны газ, тэхнічная сера. ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» арыентаваны на вытворчасць маторнага і кацельнага паліва, яго ўстаноўленая магутнасць 16,5 млн. т за год. У 2000 першасная перапрацоўка нафты склала 13 528 тыс. т, у выніку атрымана (тыс. т.): бензіну — 2124, дызельнага паліва — 3847, топачнага мазуту — 4627 (гл. таксама табл.). У 2002 першасная перапрацоўка нафты склала 15 247 тыс. т, у 2003—15 774 тыс. т. Нафта для перапрацоўкі на гэтыя заводы паступае ў асноўным па адгалінаваннях магістральнага нафтаправода з Рас. Федэрацыі.

Агульная працягласць магістральных нафтаправодаў на тэр. Беларусі ў аднаніткавым вылічэнні складае 2,9 тыс. км. Па іх расійская нафта транспартуецца ў Літву і Латвію (порт Вентспілс), ва Украіну, Польшчу, Германію, Венгрыю, Чэхію, Славакію, Сербію і Чарнагорыю. Па мясц. нафтаправодах нафта ад усіх радовішчаў перапампоўваецца да ўстаноўкі прамысл. падрыхтоўкі нафты, дзе праходзіць абяссольванне, сепарацыю і падаецца ў магістральны нафтаправод.

Газавая прамысловасць уключае разведку, распрацоўку і эксплуатацыю радовішчаў прыродных газаў, вытворчасць штучных газаў, комплексную перапрацоўку, транспарціроўку па газаправодах і захоўванне. Газіфікацыя забяспечвае выкарыстанне гаручых газаў у нар. гаспадарцы і на быт. патрэбы. На Беларусі шырокая газіфікацыя гарадоў, вёсак і прадпрыемстваў пачалася ў 1960, калі было закончана будаўніцтва 1 -й чаргі газаправода Дашава—Мінск і адгалінавання на Гомель ад магістральнага газаправода Кіеў—Масква. У 1961—65 прыродны газ атрымалі Брэст, Баранавічы, Гродна, Слонім, Ліда і інш. гарады, Бярозаўская ДРЭС і Ваўкавыскі цэментны завод, на пач. 1971—52 гарады Беларусі. З 1967 на нафтапромыслах Беларусі вядзецца адбор спадарожнага газу. З 1974 дзейнічае газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы—Кобрын (другая яго нітка дзейнічае з 1978), па якім прыродны газ паступае з Рас. Федэрацыі. У 1976 пабудавана першае на Беларусі Асіповіцкае падземнае газасховішча. З развіццём нафтаздабычы больш выкарыстоўваецца спадарожны газ на нафтавых промыслах. Для яго перапрацоўкі пабудаваны і ў 1976 уведзены ў дзеянне Бел. газаперапрацоўчы завод (г. Рэчыца), які дае звадкаваныя газы, бензін, вуглевадародныя прапеленты, адбензаваны газ; забяспечвае палівам Светлагорскую ЦЭЦ і кватэры Рэчыцы і Светлагорска. У 1995 даўжыня магістральных газаправодаў склала 5534 км, імпартавана 14 млрд. м³ газу. Прыродны газ выкарыстоўваецца для атрымання электраэнергіі, як паліва і хім. сыравіна.

Сланцавая прамысловасць займаецца здабычай і перапрацоўкай гаручых сланцаў для атрымання з іх газу і паліва на быт. і энергетычныя патрэбы. На Беларусі буйны сланцаносны раён знаходзіцца ў межах Прыпяцкага прагіну. Прагнозныя запасы 11 млрд. т. Найб. разведаныя Любанскае і Тураўскае радовішчы гаручых сланцаў. Гл. таксама Паліўная прамысловасць і арт. пра яе асобныя галіны ў алфавітных тамах БелЭн.

Металургічная прамысловасць. Галіна цяжкай прамысловасці, якая спецыялізавана на атрыманні металаў з руды і інш. матэрыялаў, на змене хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў. Уключае чорную і каляровую металургію.

Прадпрыемствы чорнай металургіі вырабляюць чыгун, сталь, пракат, стальныя і чыгунныя трубы, ферасплавы, метал. вырабы прамысл. прызначэння. Да чорнай металургіі адносяцца таксама падгаліны па здабычы жал., марганцавай руд і па вытв-сці іх канцэнтратаў, агламерату, акатышаў, флюсавых вапнякоў, прамысловасць вогнетрывалых матэрыялаў і інш.

На Беларусі прамысловы выпуск чыгуну і жалеза пачаўся з канца 18 ст. на з-дах Тызенгаўза ў Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., Вішнеўскім і Налібоцкім з-дах у Ашмянскім пав. Віленскай губ., Уладзімірскім з-дзе ў Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ., якія былі абсталяваны вадзянымі і паравымі рухавікамі і выкарыстоўвалі мясц. балотныя руды і драўняны вугаль. Развіццё ў 2-й пал. 19 ст. чорнай металургіі на Украіне і ў Расіі на базе мінер. паліва прывяло да спынення металург. вытв-сці на Беларусі. Адраджэнне пачалося ў 1920-я г., калі ў Магілёве быў пабудаваны трубаліцейны з-д, які з 1937 пачаў выпускаць і ліставую сталь. У 1940 вытв-сць сталі ў рэспубліцы склала 5,2 тыс. т, пракату — 4,1 тыс. т. У 2003 працавала 15 прадпрыемстваў, на якіх было занята 17 тыс. чал. Найбуйнейшае з іх — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, які працуе на металаломе і чыгунных чушках (выпускае трубныя стальныя загатоўкі, буд. арматуру, стальныя катанкі, вугалкі і дрот, швелеры і інш.). У 2003 на ім працавала 12,5 тыс. чал., выпушчана 1572,9 тыс. т сталі, гатовага пракату 1453,1 тыс. т, металакардону 66,3 тыс. т. На Магілёўскім металургічным заводзе вырабляюць стальныя і чыгунныя трубы. Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт» спецыялізуецца на вытв-сці адлівак з чыгуну, каналізацыйных люкаў, Рэчыцкі метызны завод — дроту, цвікоў; Маладзечанскі завод лёгкіх метал. канструкцый — стальных труб. Вытв-сць сталі і пракату ёсць на буйных маш.-буд. з-дах Мінска, Гомеля, Мазыра, Бабруйска, Оршы; чыгуннага і стальнога ліцця — на прадпрыемствах Баранавічаў, Бярозы, Навагрудка, Пінска, Полацка і інш. У 2003 выраблена чыг. ліцця 225 тыс. т, сталі 1694 тыс. т, гатовага пракату 1451 тыс. т, стальных труб 95,9 тыс. т, металакардону 66,3 тыс. т (гл. табл.). Прадукцыя чорнай металургіі Беларусі экспартуецца ў Расію, ЗША, Германію, Вялікабрытанію, Кітай і інш.

Каляровая металургія — найбольш энергаёмістая галіна цяжкай прам-сці, якая ажыццяўляе здабычу і абагачэнне руд, вытв-сць і апрацоўку каляровых, высакародных і рэдкіх металаў, у т. л. сплаваў, перапрацоўку другаснай сыравіны, а таксама здабычу алмазаў. Спадарожная прадукцыя галіны — хім. злучэнні, мінер. ўгнаенні, буд. матэрыялы і інш. У залежнасці ад віду прадукцыі, якую вырабляюць, у складзе галіны вылучаюцца медная, свінцова-цынкавая, нікель-кобальтавая, алюмініевая, тытана-магніевая, вальфрама-малібдэнавая, высакародных металаў, цвёрдых сплаваў, рэдкіх металаў прам-сць. Роля каляровай металургіі ў сучаснай эканоміцы хутка расце ў сувязі з развіццём новых галін прам-сці: атамнай, ракетнай, касмічнай, электроннай, прыладабудавання і інш.

На Беларусі з канца 19 ст. існавалі невял. медзеплавільныя прадпрыемствы саматужнага тыпу, якія выкарыстоўвалі металалом. Цяпер у Мінску існуе завод другаснай перапрацоўкі каляровых металаў, ёсць невял. ліцейная вытв-сць у Гомелі і Мазыры.

Літ.:

Болбас М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1861 гг.). Мн., 1966;

Яго ж. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;

Киреенко М.Г. Индустриальный комплекс республики. Мн., 1977;

Энергетика Белоруссии Мн., 1968;

Белорусская энергетическая система (1931—1991). Мн., 1992;

Белорусская энергетическая система, 1988—2000. Мн., 2001;

Эканамічная гісторыя Беларусі. 2 выд. Мн., 1966;

Наука и техника Советской Белоруссии в 1917—1990 гг.: Хроника важнейших событий. Мн., 1991.

Я.​П.​Забела.


Здабыча асноўных відаў паліва ў Рэспубліцы Беларусь
Гады 1940 1950 1960 1970 1980 1985 1990 1995 2000 2003
Нафта (з газавым кандэнсатам), тыс. т — — — 4234 2551 2019 2054 1932 1851 1826
Натуральны (спадарожны) газ, млн. м³ — — — 185 281 244 297 266 257 254
Торф паліўны (умоўнай вільготнасці), тыс. т 3400 3900 8300 9200 4486 4532 3438 3145 2002 1803
Торфабрыкеты паліўныя, тыс. т — 17 403 1878 2013 2102 2017 1535 1257

Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі нафтаперапрацоўчай прамысловасці Рэспублікі Беларусь (тыс. т)
Гады 1965 1970 1980 1985 1990 1995 2000 2003
Першасная перапрацоўка нафты 7031 18431 41096 39015 39442 13118 13528 15774
у выніку атрымана: бензіну 591 1432 4718 5036 5064 2004 2124 2366
дызельнага паліва 886 2778 8331 7877 7659 3465 3847 4913
топачнага мазуту 1597 6020 18189 18189 16849 5592 4627 4790

Асноўныя паказчыкі вытворчасці чорнай металургіі ў Рэспубліцы Беларусь
Прадукцыя 1990 1995 2000 2002 2003
Сталь, тыс. т 1112 744 1624 1607 1694
Гатовы пракат чорных металаў, тыс. т 686 614 1397 1458 1451
Стальныя трубы:
тыс. т 90,0 12,3 37,9 76,7 95,9
тыс. м 33 915 5732 18 979 33 805 42 212
Металакардон, тыс. т 20,1 25,6 49,2 48,8 66,3
Чыгуннае ліццё, тыс. т 859 193 213 221 225
Торфабрыкетны завод «Бярэзінскі» (Маладзечанскі раён).
Буравая вышка для будаўніцтва нафтавай і газавай свідравін.
Эксплуатацыйная свідравіна для здабычы нафты з дапамогай глыбіннай помпы на Рэчыцкім радовішчы.
Асноўныя прадпрыемствы нафтаперапрацоўчай прамысловасці: 1 — перапрацоўчы комплекс Наваполацкага ААТ «Нафтан»; 2 — Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.
Беларускі газаперапрацоўчы завод.

т. 18, кн. 2, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАЛО́ЎСТВА,

здабыўная галіна рыбнай прамысловасці. Сыравінная база — прыродныя рэсурсы акіянаў, мораў, азёр, рэк, вадасховішчаў і сажалак (рыба, малюскі, марскія млекакормячыя, ракападобныя і інш.). Падзяляецца на прамысл. і аматарскае, а па месцы здабычы рыбы і морапрадуктаў — на марское, далёкае ад берагоў, марское прыбярэжнае і азёрна-рачное. Прамысл. Р. грунтуецца на вывучэнні рыбных запасаў, біял. асаблівасцях аб’ектаў промыслу, раёнаў лоўлі, міграцыі рыб і марскіх жывёл. Адзін з найстарэйшых відаў чалавечай дзейнасці. Да эпохі палеаліту і неаліту адносяцца вынаходствы рыбалоўных прылад (кручкі, гарпуны, восці і інш.). З развіццём сельскай гаспадаркі Р. ператварылася ў дапаможную галіну. Формы, спосабы і прылады стараж. Р. амаль усе вядомы і ў наш час. Развіццё прадукцыйных сіл паступова ператварыла здабычу рыбы і морапрадуктаў у промысел, а потым і ў прамысловае Р. Асн. частку ўлову дае акіянскае і марское Р. ў межах кантынент. шэльфа. Да сярэдзіны 20 ст. прыкладна 75% улову прыпадала на паўн. ч. Сусв. акіяна, але ўжо ў 1970-я г. цэнтр Р. перамясціўся ў трапічныя раёны і Паўд. паўшар’е. Матэрыяльна-тэхн. базу складае рыбапрамысл. флот, рыбалоўныя парты, прадпрыемствы па вытв-сці прылад, сродкаў вытв-сці і іх рамонце. Гал. месца належыць тралаваму лову. Выкарыстоўваюцца таксама кашальковы, дрыфтэрны і ярусны лоў. Для павышэння эфектыўнасці распрацаваны метады ўздзеяння на рыбу святлом, электрычнасцю, хім. прэпаратамі і інш. Спалучэнне рыбных помпаў з тралам і нератам прывяло да распрацоўкі гідрамеханізаванай лоўлі бесперапыннага дзеяння. Касм. назіранні дазволілі пашырыць лоўлю ва ўсіх морах і акіянах. У марскім Р. існуюць аўтаномныя і экспедыцыйная формы арганізацыі лоўлі. Неабмежаваная лоўля рыбы і здабыча морапрадуктаў адмоўна адбіваецца на стане сыравінных рэсурсаў, таму парадак лоўлі і здабычы ў адкрытым моры вызначаецца міжнар. пагадненнямі, а ў тэр. водах — нац. заканадаўствам. Значныя страты наносяць браканьерская лоўля рыбы і здабыча марской жывёлы.

У 1998 у свеце вылаўлена 117,2 млн. т рыбы, ракападобных і малюскаў, у т. л. 30,9 млн. т у сажалках і пры выкарыстанні інш. метадаў штучнага развядзення. 10 краін, дзе найб. развіта Р., вылавілі 78,1 млн. т, у т. л. Кітай 38 млн. т, Японія 6 млн. т, Індыя і ЗША па 5,2 млн. т, Расія 4,5 млн. т, Інданезія і Перу па 4,4 млн. т, Чылі 3,6 млн. т, Тайланд 3,5 млн. т, Нарвегія 3,3 млн. т. Ад 1 да 2 млн. т штогод вылоўліваюць Паўд. Карэя, Ісландыя, Філіпіны, Данія, Мексіка, Малайзія, Іспанія, Аргенціна, Бангладэш, Вялікабрытанія, В’етнам, Канада, Тайвань. Значная здабыча (ад 0,5 да 1 млн. т) у Бразіліі, Эквадоры, Францыі, Італіі, Марока, Нідэрландах, Новай Зеландыі. Пакістане, Сенегале, ПАР, Венесуэле і Турцыі. Унутрыкантынент. дзяржавы арганізуюць Р. (акрамя ўнутр. вадаёмаў) у моры на зафрахтаваных або сваіх суднах. У спарт. і рэкрэацыйных мэтах з дапамогай ручных прылад (вуды, спінінгі, перамёты, дарожкі і інш.) развіваецца аматарскае Р.

На Беларусі Р. ажыццяўляюць рыбакамбінаты, сажалкавыя рыбгасы, азёрна-таварныя гаспадаркі, рыбзаводы і інш. Ва ўнутраных вадаёмах Беларусі ўлоў рыбы склаў 13,6 тыс. т (1998). Абмежавана лоўля рыб, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі (сцерлядзь, ручаёвая стронга, звычайны харыус, рыбец, вусач).

Г.​С.​Смалякоў.

т. 13, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫЗО́НТ [ад грэч. horizōn (horizontos) літар. які абмяжоўвае],

1) уяўная лінія, па якой здаецца, што неба мяжуе з зямной паверхняй (бачны гарызонт). Павялічваецца з вышынёй месца назірання. На вышыні вока дарослага чалавека ва ўмовах раўніны складае 4,5—5 км. Гарызонт таксама наз. частка зямной паверхні, якая назіраецца на адкрытай мясцовасці. Сапраўдны (матэматычны) гарызонт — вял. круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да адвеснай лініі ў месцы назірання.

2) У геалогіі рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне, якое аб’ядноўвае на пэўнай плошчы аднаўзроставыя слаі і світы. Вылучаецца паводле пастаянства палеанталагічнай характарыстыкі з улікам літалагічных, фацыяльных і інш. асаблівасцей. Мае прыкладна аднолькавую магутнасць у межах пашырэння (ад дзесяткаў да соцень і больш метраў). Адпавядае звычайна ярусу або яго частцы агульнай стратыграфічнай шкалы. Мае геагр. назву, якую атрымлівае ад наймення найб. поўнай і вывучанай світы або апорнага (стрататыповага) разрэзу. У чацвярцічнай геалогіі гарызонт ахоплівае адклады ледавіковай (напр., у Беларусі бярэзінскі, нараўскі) або міжледавіковай (александрыйскі, белавежскі) эпох.

3) У горнай справе гарызонт — сукупнасць горных вырабатак на адным узроўні, у якіх вядуцца горныя работы. У шахтах вылучаюць гарызонт адкатачны (для перамяшчэння грузаў і людзей), вентыляцыйны выпуску (выпуск адбітай пароды), падсечкі (агаленне і абрушэнне горнага масіву) і скрэперавання (дастаўка карыснага выкапня на пагрузку). Пры адкрытай здабычы карысных выкапняў на гарызонт устанаўліваюць асн. горнае абсталяванне для распрацоўкі аднаго ўступа. Гл. таксама Ваданосны гарызонт, Маркіроўны гарызонт.

Да арт. Гарызонт. Расшырэнне бачнага гарызонту з павышэннем пункта назірання.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ КАМБА́ЙН,

камбінаваная машына для адначасовага аддзялення ад масіву карыснага выкапня, здрабнення і пагрузкі яго на трансп. сродкі (канвееры, ваганеткі, самаходныя вагоны). Горныя камбайны для здабычы карысных выкапняў наз. здабыўнымі, для правядзення горных вырабатак — праходчымі.

Здабыўныя горныя камбайны выкарыстоўваюць у доўгіх (100—400 м) ачышчальных забоях пры выемцы вугалю, калійнай солі і інш. Ёсць іх разнавіднасці для работы на пакатых (0—25°), нахіленых (25—45°) і крутых (45—90°) пластах; па глыбіні захопу падзяляюцца на вузказахопныя (0,5—1 м) і шыроказахопныя (1,5—2 м). Маюць рабочыя органы ў выглядзе бараў (разбураюць забой ланцугамі з разцамі), барабанаў і шнэкаў (з разцамі на перыферыі), буравых каронак (праразаюць у забоі шчыліны з далейшым іх сколваннем ламальнікамі). Пагружаюць горную масу шнэкамі, пагрузчыкамі, лемяшамі. Уздоўж лавы камбайн перасоўваецца спец. механізмам. Праходчыя горныя камбайны працуюць у кароткіх забоях горных вырабатак па пародзе (палявыя вырабаткі), па карысным выкапні (пластавыя вырабаткі) і па змешаным масіве. Іх рабочыя органы: паваротная страла з рэжучай каронкай, ротар са знешнім і ўнутраным бурамі, планетарныя разцовыя дыскі. Горную масу загружаюць шнэкамі і скрабалкавымі канвеерамі.

Літ.:

Машины и оборудование для угольных шахт: Справ. 4 изд. М., 1987;

Солод В.И., Зайков В.И., Первов К.М. Горные машины и автоматизированные комплексы. М., 1981.

П.​Я.​Антонаў.

Горныя камбайны: а — праходчы (1 — пагрузачны стол, 2 — фрэзерная каронка, 3 — выканаўчы орган; 4 — перагружальнік, 5 — хадавая частка); б — здабычны (выкарыстоўваецца на рудніках ВА «Беларуськалій»).

т. 5, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ЗДАБЫ́ЧА карысных выкапняў,

распрацоўка радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў з дна рэк, азёр, мораў і акіянаў. Ажыццяўляецца многачарпаковымі драгамі, фрэзерна-ўсмоктвальнымі земснарадамі, грэйферамі, драглайнамі, эрліфтамі, якія ўстанаўліваюцца на пантонах ці суднах.

Здабытая горная маса транспартуецца да берага ў трумах суднаў, на баржах, гідратранспартам па плывучым пульпаправодзе. Пры П.з. на часткова або цалкам абводненых пакладах на кар’ерным полі праводзяць траншэі-проразі, якія злучаюць тэхнал. абсталяванне з крыніцай валы, надводную ч. ўскрыцця распрацоўваюць экскаватарам з мех. лапатай, выкапні здабываюць з-пад вады драглайнам і ўкладваюць у штабель, потым транспартуюць на з-д. Пры П.з. істотна скарачаюцца горнакапітальныя работы, траты на транспартаванне выкапняў, не патрэбныя аднаўляльна-рэкультывацыйныя работы. П.з. вядома з II ст. да н.э., калі фінікійцы здабывалі ў моры сыравіну для фарбы. У 6 ст. да н.э. ў Палінезіі распрацоўвалі каралавыя рыфы для атрымання буд. матэрыялаў. У 3 ст. да н.э. ў праліве Басфор нырцы здабывалі медную руду. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалі здабываць рассыпное золата і інш. на ўзбярэжжы Аўстраліі, Бразіліі, Індыі. У 1920-я г. пачата П.з. волава з марскіх россыпаў у Інданезіі, у пач. 1960-х г. — жал. руды ў Японіі.

На Беларусі выкарыстоўваецца П.з. пяску, пясчана-жвіровых матэрыялаў і даламітаў земснарадамі і драглайнамі ў рэчышчах і поймах рэк, у забоях моцна абводненых кар’ераў.

Б.​А.​Багатаў.

Тэхнічныя сродкі падводнай здабычы карысных выкапняў.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́РСКІ КАНФЛІ́КТ 1922—23,

міжнародны канфлікт у сувязі з франка-бельг. акупацыяй Рурскай вобл. Германіі. Выкліканы праблемай спагнання з Германіі рэпарацый пасля 1-й сусв. вайны і прэтэнзіямі Францыі на гегемонію ў тагачаснай Еўропе. Яшчэ ў 1921 франц. і бельг. войскі акупіравалі рурскія гарады Дзюсельдорф і Дуйсбург, каб прымусіць герм. ўрад прыняць Лонданскі ультыматум ад 5.5.1921, які ўстанавіў суму рэпарацый у 132 млрд. залатых марак. Германія прыняла ультыматум, але выконвала яго толькі год. 11.12.1922 апублікавана заява ням. магната Г.​Стынеса, з якой вынікала, што герм. ўрад не павінен плаціць рэпарацыі. У адказ на невыкананне Германіяй яе рэпарацыйных абавязацельстваў франц. ўрад на чале з Р.​Пуанкарэ вырашыў завалодаць т.зв. прадуктыўнымі закладамі — шахтамі Рурскага вугальнага басейна і сталеліцейнай прам-сцю Рура; 11.1.1923 франц. і бельг. войскі акупіравалі ўвесь Рур. Гэта акупацыя пазбавіла Германію больш як 70% здабычы каменнага вугалю і звыш 50% вытв-сці чыгуну, прывяла да паглыблення крызісу яе гаспадаркі (інфляцыя, развал вытв-сці, масавае беспрацоўе, галеча насельніцтва). Герм. ўрад на чале з В.​Кунам заклікаў жыхароў Рура да «пасіўнага супраціўлення» і сабатажу. Акупац. ўлады выселілі з Рура ў Германію каля 130 тыс. чал., штрафавалі, каралі смерцю. Восенню 1923 новы герм. ўрад Г.​Штрэземана спыніў кампанію «пасіўнага супраціўлення», у канфлікт умяшаліся Вялікабрытанія і ЗША. Пасля прыняцця Даўэса плана франц. і бельг. войскі ў жн. 1924 — жн. 1925 выведзены з Рура.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 13, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСФАРМА́ТАРНАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,

электрычная ўстаноўка для павышэння ці паніжэння напружання пераменнага току і размеркавання электраэнергіі паміж спажыўцамі. Складаецца з трансфарматараў, размеркавальных устройстваў. апаратуры рэлейнай аховы, аўтаматычнага кіравання, дапаможнага абсталявання.

Бываюць павышальныя (звычайна на электрастанцыях), на якіх генератарнае (ніжэйшае, да 24 кВ) напружанне пераўтвараецца ў больш высокае (110—750 кВ) для перадачы на далёкую адлегласць па лініях электраперадачы, і паніжальныя, на якіх высокае напружанне электрычнай сеткі паніжаецца (да 35, 10, 6 і 0,4 кВ) для размеркавання электраэнергіі паміж спажыўцамі. Паніжальныя Т.п. бываюць раённыя (забяспечваюць электраэнергіяй гал. паніжальныя падстанцыі, буйныя прамысл., гарадскія і с.-г. раёны) і мясцовыя (цэхавыя; служаць для электразабеспячэння асобных прадпрыемстваў, цэхаў, раёнаў горада, вёсак і інш.). Т.п. будуюць адкрытыя (па-за будынкам) і закрытыя (у памяшканнях). Шырока выкарыстоўваюцца адкрытыя і закрытыя камплектныя Т.п., у якіх абсталяванне размешчана ў метал. каркасах або шафах; ад іх сілкуюцца невял. прамысловыя і камунальныя прадпрыемствы, грамадскія і адм. будынкі, буд. пляцоўкі, с.-г. спажыўцы.

На Беларусі Мінскі электратэхн. з-д з 1957 выпускае камплектныя Т.п. для сілкавання с.-г. спажыўцоў, тэрмаапрацоўкі бетону і грунту, сілкавання помпаў і станкоў-качалак пры здабычы нафты і інш.

У.​М.​Сацута.

Схема трансфарматарнай падстанцыі КТП 35/0,4 кВ магутнасцю 400 кВ∙А: 1 — размеркавальны шчыт 0,4 кВ; 2 — паветраны ўвод ЛЭП 0,4 кВ; 3 — засцерагальнік; 4 — увод ЛЭП 35 кВ; 5 — вентыльны разраднік; 6 — сілавы трансфарматар.

т. 15, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУВЕ́ЙЦКІ КРЫ́ЗІС 1990—91.

Выкліканы даўнімі ірака-кувейцкімі супярэчнасцямі. У 1961 Ірак перашкаджаў прыёму Кувейта ў Лігу араб. дзяржаў (ЛАД), сцвярджаючы, што той з’яўляецца часткай Ірака. У 1990 прэзідэнт Ірака С.​Хусейн абвінаваціў Кувейт у перавышэнні квот Арг-цыі экспарцёраў нафты, у штучным паніжэнні цэн на нафту на сусв. рынку і незаконнай здабычы нафты са свідравін, што належалі Іраку. 2 жн. іракская армія ўварвалася ў Кувейт і акупіравала яго; эмір і ўрад Кувейта пакінулі краіну. 8 жн. ўрад Ірака абвясціў пра анексію Кувейта, а 28 жн. ператварыў яго ў іракскую правінцыю. Савет Бяспекі ААН асудзіў дзеянні Ірака, 6 жн. ўвёў супраць яго эканам. санкцыі. Ірак асудзіла і большасць членаў ЛАД. 7 жн. па просьбе караля Фахда ў Саудаўскай Аравіі высадзіліся войскі ЗША. 29 ліст. рэзалюцыяй ААН яны (сумесна з кантынгентамі 27 інш. краін) атрымалі статус Шматнац. сіл (ШС) на чале з амер. ген. Н.​Шварцкопфам. ШС мелі 670 тыс. чал., 3,5 тыс. танкаў, 1,8 тыс. самалётаў супраць 500 тыс. чал., 4,5 тыс. танкаў, 550 самалётаў у Ірака. 17.1.1991 ШС пачалі масіраваныя бамбардзіроўкі тэр. Ірака, 24 лют. — наземную аперацыю «Бура ў пустыні». 26 лют. Ірак абвясціў аб вывадзе войск з тэр. Кувейта, 28 лют. аб перамір’і абвясцілі і ЗША. 6.4.1991 Ірак падпісаў перамір’е і абавязаўся выплачваць Кувейту рэпарацыі, ліквідаваць усю хім. і бактэрыял. зброю, усе прамысл. аб’екты па вытв-сці ядз. зброі. Адбыўся абмен палоннымі, паміж Іракам і Кувейтам створаны «пояс бяспекі». Для назірання за ўмовамі перамір’я створана Спец. Камісія ААН (ЮНСКОМ).

т. 8, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)