навуковая дысцыпліна, якая вывучае напружана-дэфармаваныя станы грунтоў, умовы іх трываласці і ўстойлівасці, змены іх уласцівасцей пад уплывам знешніх (пераважна механічных) уздзеянняў. Даследуе ўсе горныя пароды, што з’яўляюцца аб’ектам інж.-буд. дзейнасці.
У аснове М.г. — залежнасці і рашэнні пругкасці тэорыі, пластычнасці тэорыі, паўзучасці тэорыі, грунтазнаўства, гідрагеалогіі, інжынернай геалогіі, механікі суцэльных асяроддзяў і інш. У М.г. разглядаюцца залежнасці мех. уласцівасцей грунтоў ад іх будовы і фіз. стану, іх структурна-фазавая дэфармавальнасць, агульная сціскальнасць, кантактная супраціўляльнасць зруху. Вывадамі М.г. карыстаюцца пры праектаванні асноў і фундаментаў будынкаў, прамысл. і гідратэхн. збудаванняў, у дарожным і аэрадромным буд-ве, пры адкрытых горных работах, пракладцы падземных камунікацый і інш. На Беларусі даследаванні па М.г. праводзяцца ў БПА, БДУ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМІНІ́РАВАННЕ,
разведка (выяўленне) міннаўзрыўных загарод, выняцце або знішчэнне мін, зарадаў, боепрыпасаў і інш. выбухованебяспечных устройстваў, а таксама ачыстка ад іх мясцовасці, акваторыі, збудаванняў і інш. Р. бывае частковае, суцэльнае або кантрольнае, у т. л. ў выпадку т.зв. «несапраўднага (падманнага) мініравання»; праводзяць з дапамогай спецтэхнікі і прыстасаванняў (гл.Мінашукальнік) або ўручную (на вадзе выкарыстоўваюць тральшчыкі). У Беларусі выяўленнем і знішчэннем выбухованебяспечных рэчываў займаюцца інж. войскі і спецпадраздзяленні інш. відаў і родаў войск, а таксама МУС, мін-ва па надзвычайных сітуацыях і інш. У пасляваен. час знойдзена і абясшкоджана каля 27 млн.мін і інш. выбуховых рэчываў (штогод гэты паказчык складае 7—12 тыс. адзінак). Воіны, якія паказалі мужнасць, смеласць, высокі прафесіяналізм, з 1995 узнагароджваюцца нагрудным знакам «За размініраванне». Значнасць Р. павялічваецца ў ходзе вядзення мінных войнаў і барацьбы з тэрарызмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
збудаванні для рэгулявання ўзроўняў і расходаў грунтавых або паверхневых вод, змены напрамку, паскарэння ці запавольвання іх руху з мэтай паляпшэння воднага рэжыму глеб і грунтоў у неспрыяльных прыродных умовах. Бываюць: рачныя, вадасховішчныя (азёрныя) і сеткавыя (на каналах); грунтавыя (земляныя), бетонныя, жалезабетонныя, керамічныя, метал., з сінт. матэрыялаў.
Паводле мэтавага прызначэння падзяляюцца: на гідрамеліярацыйныя збудаванні для забору вады (фільтры- і калодзежы-паглынальнікі, трубчастыя дрэны, каптажы, вертыкальныя свідравіны, шахтавыя калодзежы, асушальнікі, вадазборныя і лоўчыя каналы, водазаборы); адводу і падачы вады (калектары, праводныя, магістральныя, разгрузачныя, адводныя, перахапляльныя і нагорныя каналы, водапрыёмнікі, трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, вадавыпускі, вадаспускі, паліўныя барозны і палосы, латакі, помпавыя станцыі); рэгулявання расходаў і ўзроўняў вады ў каналах (шлюзы- і трубы-рэгулятары, калодзежы-рэгулятары, вадавыпускі); спалучэнні па вышыні розных узроўняў дна канала (вусці калектараў, быстратокі, перапады, перападныя калодзежы); аховы тэрыторыі ад высокіх вод адкрытых вадатокаў (дамбы, канцавыя скіды арашальных каналаў); збору, назапашвання і захоўвання паверхневых вод (вадасховішчы, рыбаводныя сажалкі, сажалкі-накапляльнікі, проціпажарныя вадаёмы, кальматажныя басейны, чэкі, грунтавыя дамбы і плаціны з бетоннымі вадазлівамі, вежавымі вадаскідамі, вадаспускамі, вадавыпускамі, быстратокамі, ступеньчатымі перападамі); вымярэння ўзроўняў і расходаў (назіральныя і аглядныя калодзежы, свідравіны, вадазлівы-вадамеры); пераходу праз вадатокі і глыбокія даліны (дзюкеры, акведукі, ліўнепрапускныя трубы); засцярогі каналаў ад заглейвання (адстойнікі); пераезду (пераходу) праз адкрытыя каналы (трубы-пераезды, масты, жывёлапрагоны, пешаходныя мосцікі); аховы водазабораў ад пападання рыбы (рыбазагараджальнікі) і інш.
На Беларусі канструкцыі гідрамеліярацыйных збудаванняў распрацоўваюцца і даследуюцца ў Бел.дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац.буд-ва, БПА, БСГА, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў і інш.Буд-ва гідрамеліярацыйных збудаванняў вядуць перасоўныя механізаваныя калоны канцэрна Белмеліявадгас.
Літ.:
Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 3. Осушение. М., 1985;
Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 6. Орошение. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАІЗАЛЯ́ЦЫЯ (ад гідра... + ізаляцыя),
ахова канструкцый, будынкаў і збудаванняў ад пранікнення і шкоднага ўздзеяння вады і хімічна агрэсіўных вадкасцей. Для гідраізаляцыі выкарыстоўваюць гідраізаляцыйныя матэрыялы, ахоўныя пакрыцці, спец. канструктыўныя элементы або воданепранікальныя слаі паверхні збудаванняў, ушчыльненні дэфармацыйных швоў, стыкаў у зборных збудаваннях і інш. Адрозніваюць гідраізаляцыю проціфільтрацыйную (герметызавальную) і процікаразійную; у залежнасці ад віду асн. матэрыялу — бітумную, палімерную, металічную, армацэментную і інш.; ад віду ахоўнага пакрыцця — цвёрдую, абмазачную, пластычную, абклеечную, камбінаваную.
Проціфільтрацыйнай гідраізаляцыяй папярэджваюць пранікненне вады ў падземныя і падводныя збудаванні (падвалы, рэзервуары, шахты, тунэлі і інш.), прасочванне праз падпорныя гідратэхн. збудаванні (бетонныя плаціны), выцяканне яе (з рэзервуараў, адстойнікаў) і г.д.Процікаразійнай гідраізаляцыяй ахоўваюць канструкцыі ад грунтавых і сцёкавых вод, атм. вільгаці, а таксама ад блукальных токаў, што выклікаюць карозію (трубаправодаў, апор ЛЭП, падземных канструкцый і інш.). Цвёрдая гідраізаляцыя робіцца: пакрыццём ізалюемай паверхні слоем шчыльнага бетону або тынку, прыгатаваных з рознымі дабаўкамі-ўшчыльняльнікамі; жалязненнем (уціранне сухога цэменту ва ўвільготненыя або ў толькі што ўкладзеныя і змочаныя вадой бетонныя паверхні); таркрэтаваннем (нанясенне слоя цэментнага раствору або дробназярністага бетону на паверхню збудавання цэмент-пушкай, а на ўнутр. паверхню труб — цэнтрыфугаваннем). Абмазачная гідраізаляцыя ў выглядзе тонкага пакрыцця наносіцца на паверхню ў халодным або гарачым стане фарбавальнымі апаратамі (электрафарбапульты, распыляльнікі і інш.) ці пэндзлем. Бывае адна- і мнагаслойная, нармальнага і ўзмоцненага тыпу. Абклеечную гідраізаляцыю ствараюць у выглядзе воданепранікальнай масы з бітуму або асфальтавай масцікі, арміраванай слаямі шклотканіны, руберойду, мешкавіны, тканіны з узмацняльнай абгорткай і без яе, ліпкіх палімерных стужак і інш.Камбінаваная гідраізаляцыя — камбінацыя пералічаных тыпаў. Ужываецца таксама гідраізаляцыя, якая манціруецца (да канструкцый прымацоўваюць зваркай і склейваннем метал. або пластмасавыя лісты, сегменты і да т.п.), абліцовачная (воданепранікальнымі пліткамі, керамічнымі блокамі і інш. вырабамі, якія наклейваюцца з дапамогай масцік), насычальная (канструкцыі з порыстых матэрыялаў насычаюць вяжучымі рэчывамі), засыпная (у воданепранікальныя слаі і пустоты канструкцый засыпаюць гідрафобныя сыпкія матэрыялы). Тып гідраізаляцыі і неабходныя для яе гідраізаляцыйныя матэрыялы выбіраюць з улікам уласцівасцей гэтых матэрыялаў (старэнне, цеплаўстойлівасць, дэфармацыйная здольнасць і інш.), а таксама спецыфікі работы збудавання. Для забеспячэння нармальнай эксплуатацыі гідраізаляцыі ажыццяўляюць кантроль якасці пакрыцця знешнім аглядам, таўшчынямерамі, дэфектаскопамі, адгезіметрамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПАЛ (італьян. cupola купал, скляпенне ад лац. cupula бочачка) у архітэктуры, прасторавая апорная канструкцыя пакрыццяў (або само пакрыццё), форма якой блізкая да паўсферы ці іншай паверхні вярчэння. Перакрывае без апор значныя па памерах памяшканні пераважна круглыя, шматвугольныя, эліптычныя ў плане.
Вядомы са старажытнасці, першапачаткова ў выглядзе т. зв. несапраўдных К., дзе гарыз. рады муроўкі навісалі адзін над адным і не перадавалі сценам намаганняў распору (будынкі ў г. Эшнуна ў Двухрэччы, цяпер Ірак, пач. 3-га тыс. да н.э.). Удасканалены ў архітэктуры Стараж. Рыма (Пантэон, каля 125), Візантыі, Еўропы, Каўказа (паявіліся знешнія абалонкі, канфігурацыя якіх адрознівалася ад уласна К.). Быў пашыраны ў рус. сярэдневяковай архітэктуры, у збудаваннях Сярэдняй Азіі (маўзалей Гур-Эмір у Самаркандзе, 1404). Сярод выдатных купальных збудаванняў — сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (1420—36, арх. Ф.Брунелескі), царква Сан-Ларэнца ў Турыне (абодва Італія; 1668—87, арх. Г.Гварыні), Казанскі сабор у Санкт-Пецярбургу (1801—11, арх. А.Вараніхін) і інш.
На Беларусі вядомы з 11—12 ст. Ужываліся ў крыжова-купальных храмах (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская царква ў Віцебску). Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, дзе адыгрывалі важную ролю ў інтэр’еры і вонкавым выглядзе збудаванняў. Ставілі К. над сяродкрыжжам крыжова-купальных базілік (касцёлы езуітаў у Нясвіжы і Гродне, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). З канца 18 ст. шырока выкарыстоўваліся ў культавай і грамадз. архітэктуры класіцызму (палац і Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі). Купальныя вярхі былі пашыраны і ў драўляным дойлідстве 18—19 ст. (Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У 20 ст. з развіццём маналітнага і зборнага жалезабетону, танкасценных скляпенняў-абалонак і метал. канструкцый павялічылася разнастайнасць структур і форм К.: рабрыстыя, рабрыста-кальцавыя, сеткавыя, з хвалістай унутр. паверхняй, «геадэзічныя» (утвораныя са стандартных шматвугольных элементаў), зборныя і інш. Жалезабетоннымі К. накрыты будынкі цыркаў у Мінску і Гомелі. Ствараюцца новыя тыпы К. з палімерных матэрыялаў, з падвойнай надзіманай абалонкай і інш.
Літ.:
Кузнецов А.В. Тектоника и конструкция центрических зданий. М., 1951;
Гохарь-Хармандарян И.Г. Большепролетные купольные здания. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НСКІ АКРО́ПАЛЬ,
архітэктурны ансамбль Стараж. Грэцыі; гіст. ядро і культавы цэнтр Афін Старажытных. Створаны пераважна ў эпоху Перыкла (444/443—429 да нашай эры) пад агульным кіраўніцтвам Фідыя. Акропаль — адно з найб. велічных дасягненняў ант. дойлідства, гарманічны па маштабе збудаванняў, прасторавай арганізацыі, арганічна звязаны з натуральным асяроддзем. Ансамбль акропаля складаюць: парадны ўваход Прапілеі (437—432 да нашай эры, арх. Мнесікл), храм Ніке Аптэрас на выступе крапасной сцяны (449—420 да нашай эры, арх. Калікрат), гал. храм — Парфенон (447—438 да нашай эры), храм Афіны і Пасейдона-Эрэхтэя — Эрэхтэён (421—406 да нашай эры). Т.зв. доўгія сцены (каля 455—445) злучалі Афінскі акропаль з портам Пірэй і Фалерскай гаванню. З Пд да акропаля прымыкаюць тэатр Дыяніса (6 ст. — 326 да нашай эры), адэон Перыкла (5 ст. да нашай эры) і інш. Афінскі акропаль уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ,
стараж. прадметы, збудаванні, пахаванні, што захаваліся на зямной паверхні, пад зямлёй або пад вадой і з’яўляюцца аб’ектам археал. даследаванняў. Да археалагічных помнікаў адносяцца: выкапнёвыя прылады працы, зброя, упрыгожанні, паселішчы (стаянкі, селішчы, гарадзішчы), рэшткі жытлаў, гідратэхн. збудаванняў, майстэрні, горныя выпрацоўкі, пячоры, стараж. ўмацаваныя лініі (абарончыя валы, равы), дарогі, пабудовы на па́лях, малюнкі і надпісы, высечаныя на асобных камянях і скалах, стараж.арх. помнікі, пахаванні, надмагільныя і культавыя збудаванні (каменныя бабы, следавікі, ідалы, свяцілішчы і інш.). Археалагічныя помнікі — рэчавыя гіст. крыніцы, па якіх можна аднавіць мінулае чалавечага грамадства. На Беларусі выяўлена каля 900 стаянак каменнага і бронзавага вякоў, каля 1500 гарадзішчаў і селішчаў ранняга жал. веку і інш.
Да арт.Археалагічныя помнікі. Умацаванае паселішча бронзавага веку Дун Энгус. Астравы Аран, графства Голуэй, Ірландыя.Да арт.Археалагічныя помнікі. Гарадзішча Індура ў Гродзенскім р-не.Да арт.Археалагічныя помнікі. Курганы каля в. Высачаны Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУ́РА МАЛЫ́Х ФО́РМАЎ, малыя архітэктурныя формы,
розныя па характары і прызначэнні тыпы збудаванняў ці інш. аб’ектаў, якія дапаўняюць і дэталізуюць арх.-будаўнічую ці садова-паркавую кампазіцыю і з’яўляюцца элементам афармлення і добраўпарадкавання (мемарыяльныя стэлы, абеліскі, надмагіллі, фантаны, каскады, басейны, паркавыя павільёны, пандусы, балюстрады, агароджы, пергалы, вазы, дэкар. і прыдарожная скульптура і інш.). Ім належыць важная роля ў фарміраванні аблічча населеных пунктаў, трансп. магістраляў, зон адпачынку.
У адрозненне ад частак будынкаў і арх. дэталяў творы архітэктуры малых формаў адносна самастойныя. Ім належыць важнае месца ў кампазіцыі садова-паркавых ансамбляў, добраўпарадкаванні жылых груп, тэр. школьных і дашкольных устаноў, дзіцячых пляцовак і гарадкоў; яны — неад’емная частка сучасных населеных месцаў (электрасвяцільні, кіёскі, павільёны, гандл. аўтаматы, тэлефонныя будкі, стэнды для афіш і рэклама).
Да арт.Архітэктура малых формаў. Скульптура ў Алімпійскім парку Сеула. 1988.Да арт.Архітэктура малых формаў. Аркада галоўнага ўвахода стадыёна «Дынама» ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕРНАРДО́НІ АЛЬБО́М»,
архіўная калекцыя графічных матэрыялаў 16 ст. з Нясвіжа. Створаны Дж.М.Бернардоні. Уключае 71 графічны аркуш на паперы з вадзянымі знакамі, якая выкарыстоўвалася ў справаводстве і кнігадрукаванні ў ВКЛ у 1560—90-я г. На абодвух баках аркушаў кітайскай тушшу выкананы арх. чарцяжы ў артаганальнай праекцыі і пэўным маштабе. Паводле зместу падзяляецца на 2 групы: праектныя і абмерныя чарцяжы культавых і свецкіх збудаванняў Нясвіжа, Клецка і Гродна і чарцяжы-копіі з выявамі класічных арх. ордэраў з трактатаў тэарэтыкаў архітэктуры Адраджэння Дж.Віньёлы, А.Паладыо, С.Серліо і І.Блюма. У 1989 бел. даследчыкі Т.Габрусь і Г.Галенчанка зрабілі навук. атрыбутацыю рукапіснага помніка, вызначылі яго аўтарства. «Бернардоні альбом» — каштоўная крыніца па гісторыі бел. архітэктуры і буд-ва. Захоўваецца ў рукапісным аддзеле Цэнтр.навук. б-кі АН Украіны (Кіеў) пад назвай «Кніга, якая змяшчае планы, фасады і дэталёвыя чарцяжы розных будынкаў канца XVI ст.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫ́ПАЛЕНАЯ ЗЯМЛЯ́»,
палітыка наўмыснага знішчэння населеных пунктаў, прамысловых, энергетычных, транспартных і інш. прадпрыемстваў, збудаванняў, дарог, запасаў матэрыяльных сродкаў, пасеваў, помнікаў культуры і інш. Вядома са стараж. часоў, асабліва выкарыстоўвалася ў перыяды спусташальных набегаў ваяўнічных качэўнікаў-заваёўнікаў. На Беларусі ў значных маштабах праводзілася ў Вял.Айч. вайну 1941—45. Найб. адкрыта тактыка «выпаленай зямлі» ажыццяўлялася ў час правядзення больш як 140 карных аперацый. За гады вайны акупанты загубілі больш за 2 млн. 200 тыс.чал., спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак (630 з іх спалілі разам з жыхарамі), некаторыя раёны цалкам ператварылі ў пустыні (у Суражскім р-не з 346 вёсак засталося 5, у Асвейскім спалены амаль усе нас. пункты). Палітыку «выпаленай зямлі» выкарыстоўвалі агрэсары ў войнах супраць В’етнама, Лівана і інш.
Літ.:
Загорулько М.М., Юденков А.Ф. Крах плана «Ольденбург». М., 1980;
Бочкарев А. Критика чистого чувства. Ставрополь, 1996.