эстака́да

(фр. estacade, ад îm. steccata = загарода)

надземнае збудаванне маставога тыпу ў месцы перасячэння шляхоў для пропуску транспарту, пешаходаў, пракладвання інжынерных камунікацый і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С, забалочванне,

прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.

На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.

Да арт. Балотаўтваральны працэс. Утварэнне балота на месцы вадаёма: А — адкрытая водная прастора; Б — прыбярэжна-водная расліннасць; В — асаковае нізіннае балота; Г — хваёвы лес на сфагнавым балоце.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́П,

адкрытае фартыфікацыйнае збудаванне, прызначанае для вядзення агню і ўкрыцця жывой сілы і ваен. тэхнікі. Стралковы акоп (адзіночны, парны, на аддзяленне) мае роў, бруствер, берму і пляцоўкі для ўстаноўкі зброі; на аддзяленне абсталёўваецца і запаснымі кулямётнымі і гранатамётнымі пляцоўкамі, шчылінай або бліндажом, нішамі для боепрыпасаў, зброі і інш. Артыл. і мінамётны акопы маюць пляцоўкі з прымкнутымі да іх раўкамі, у якіх робяцца нішы і шчыліны (бліндажы). Акопы для танкаў, БТР і інш. тэхнікі складаюцца з катлавана з апарэллю, шчыліны і зрэдку нішы для боепрыпасаў. Акоп маскіруюць пад фон навакольнай мясцовасці. У слабых грунтах іх умацоўваюць дзёрнам, галлём і інш. На забалочанай мясцовасці ствараюцца насыпныя акопы, зімой — снежныя.

Акоп на аддзяленне: 1 — ячэйкі для стралка; 2 — ніша; 3 — пляцоўкі для кулямёта; 4 — прыбіральня; 5 — бліндаж (шчыліна); 6 — ход зносін; 7 — ячэйкі для стралка.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАДЗІ́РНЯ (ад ням. gradieren згушчаць саляны раствор; першапачаткова градзірні выкарыстоўваліся для здабычы солі выпарваннем),

збудаванне для ахаладжэння вады атм. паветрам. У градзірні вада, якая сцякае па арашальніку, ахалоджваецца ў выніку частковага выпарэння і цеплааддачы ў паветра.

Адрозніваюць градзірні: паводле спосабу падачы паветра — вежавыя, вентылятарныя і адкрытыя (атмасферныя); паводле тыпу арашальніка — пырскальныя, плёначныя, кропельныя і камбінаваныя. Выкарыстоўваюцца пераважна ў сістэмах зваротнага водазабеспячэння і кандыцыянавання паветра (зніжаюць т-ру вады, якая адводзіць цяпло ад кампрэсараў, цеплаабменных апаратаў, трансфарматараў і да т.п.). На цеплавых электрастанцыях і ў хім. прам-сці выкарыстоўваюць пераважна вежавыя (у іх ствараецца цяга паветра знізу ўверх насустрач сцякаючай вадзе) і шматсекцыйныя вентылятарныя (вада ахалоджваецца паветрам, якое падаецца вентылятарамі).

Градзірні: а — вежавая; б — вентылятарная; в — адкрытая; 1 — водападвадны канал; 2 — вежа; 3 — водаразмеркавальнік; 4 — арашальнік; 5 — вадазборны рэзервуар; 6 — водаадводны канал; 7 — вентылятар.

т. 5, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1870—89 у Гомелі паводле праекта арх. Я.​Чарвінскага. Дэкар. работы выкананы мясц. майстрамі пад кіраўніцтвам мастака С.​Садзікава. Рэстаўрыравана ў 1971—75. Размешчана ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Квадратнае ў плане мураванае збудаванне (пл. каля 30 м²) накрытае высокім 8-гранным шатром з люкарнамі і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 18 м). Падобныя галоўкі завяршаюць вуглы асн. аб’ёму. Фасады абліцаваны светлай цэглай, аздоблены керамічнымі дэталямі і каляровай маёлікай. На паўд. фасадзе ўваход з лесвіцай і арачным парталам. Побач з капліцай уваход у фамільную пахавальню Паскевічаў. Пахавальня складаецца з надземнай часткі (невял. мураваная пабудова, увянчаная маленькім барабанам з галоўкай), якая звязана лесвіцай са склепам — падземнай часткай (даўж. 28 м). Сцены склепа абліцаваны колатым каменем, пакрытым палівай, каля іх — мемар. пліты, на тарцовай — мазаічнае пано.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельская капліца.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПТА́Ж (франц. captage ад лац. capto лаўлю, хапаю),

інжынерна-тэхнічныя збудаванні і мерапрыемствы, што забяспечваюць забор паверхневых вод, ускрыццё падземных вод, нафты, газу і вывад іх на паверхню, ізаляцыю эксплуатацыйных гарызонтаў і магчымасць іх эксплуатацыі. Пры гэтым захоўваюцца зададзеныя паказчыкі хім. саставу, дэбіту, т-ры і інш. К. крыніц — паверхневае збудаванне з адвядзеннем вады для карыстання або проста замацаванне крыніцы. К. паверхневых вод можа быць у выглядзе вадазборнай перфараванай трубы або галерэі, заглыбленай у прыбярэжнай ч. або ў рэчышчы ніжэй узроўню вады ў рацэ; у горных раёнах — плаціны, з замацаваным у ёй трубаправодам. Найб. пашыраны К. падземных вод у выглядзе калодзежа і буравой свідравіны. На радовішчах мінер. падземных вод над свідравінамі будуюць бюветы, павільёны, галерэі. К. нафты і газу вядзецца таксама буравымі свідравінамі. У залежнасці ад спосабу эксплуатацыі адрозніваюць К. фантанных, кампрэсарных, газліфтных і помпавых свідравін.

В.​І.​Бучурын.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЧТА (ад галанд. mast),

1) збудаванне, якое складаецца з вертыкальнага, абапёртага на фундамент ствала (металічнага, жалезабетоннага, драўлянага) і адцяжак (звычайна метал. канатаў), замацаваных у анкерных прыстасаваннях. Пашыраны метал. крацістыя М. з трубчастых або вугалковых профіляў. Выкарыстоўваюцца ў антэнных збудаваннях (вышыня да 350 м), падымальных кранах і інш. 2) М. суднаваяметал. або драўляная, устанаўліваецца ў падоўжнай плоскасці сіметрыі судна.

Да яе мацуюць грузавыя стрэлы і антэны, назіральныя пляцоўкі і навігацыйныя агні (на ваен. караблях — баявыя, дальнамерныя, пражэктарныя, радыёлакацыйныя і інш, пасты). На ветразевых суднах М. служаць для пастаноўкі ветразяў і з’яўляюцца асновай рангоўта (насавая М. наз. фок-М., наступная — грот-М., кармавая — бізань-М.).

Да арт. Мачта: а — мачта-антэна (1 — адцяжка, 2 — ізалятар, 3 — мачта з высоўным стрыжнем для настройкі, 4 — узгадняльнае прыстасаванне), б — сігнальная суднавая мачта (1 — ванты, 2 — тапенанты, 3 — антэнны і сігнальны рэй).

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ГАДА (партуг. pagoda ад санскр. свяшчэнны),

будыйскае мемар. збудаванне і сховішча рэліквій. Узніклі ў пач. н.э. ў Кітаі (П. Сун’юэсы на гары Суншань, 520; Даяньта, 652, і Сяаяньта, 707—709, каля г. Сіянь), вядомы ў Карэі (П. Ханмётхап храма Папчонса, 1085; мармуровая П. храма Вангакса, 1464, абедзве ў Сеуле), Японіі (П. храмавых ансамбляў Сітэнодзі ў Наніве, цяпер г. Осака, 593; Харудзі, канец 6 — пач. 7 ст., і Хакедзі, каля 685, абодва каля г. Нара), краінах Паўд.-Усх. Азіі. Маюць форму павільёна ці вежы (часта шмат’яруснай) з квадратным ці 6—8—12-вугольным планам. У якасці буд. матэрыялаў пры ўзвядзенні П. выкарыстоўваюць дрэва (П. манастыра Кафукудзі ў г. Нара), цэглу, камень, метал, фарфор (П. ў Летнім палацы імператара ў Пекіне).

Пагады: фарфоравая ў Летнім палацы імператара ў Пекіне (уверсе) і манастыра Кафукудзі ў г. Нара (Японія).

т. 11, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́М,

плывучае збудаванне (судна, плыт і інш.) для рэгулярнай перавозкі сухапутных транспартных сродкаў (аўтамабіляў, чыг. вагонаў), грузаў і пасажыраў цераз водную перашкоду паміж пэўнымі берагавымі пунктамі. Бываюць самаходныя і несамаходныя.

Па вял. суднаходных рэках П. перамяшчаецца па кабелі, пракладзеным па дне, або буксірным суднам; на невял. рэках перацягваецца з дапамогай троса, замацаванага на процілеглых берагах; для паромнай пераправы праз пралівы, азёры звычайна выкарыстоўваюць спец. абсталяваныя судны. Водазмяшчэнне іх да 20 тыс. т і больш, умяшчальнасць каля 100 чыг. вагонаў, пасажыраўмяшчальнасць да 2000 чал. Паромныя зносіны найб. развіты ў Японіі, Зах. Еўропе (праз Ла-Манш). У ваен. мэтах П. выкарыстоўваюцца пры фарсіраванні водных перашкод; робяцца з штатных пантонных паркаў (гл. Пантон) і мясц. плывучых сродкаў (баржы, лодкі і інш., на якіх замацоўваецца грузавая платформа).

Пасажырскі паром для зносін паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй (мае вароты для аўтамабіляў на носе і карме).

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

а́рка

(іт. arco, ад лац. arcus = дуга)

1) перакрыцце ў форме дугі паміж дзвюма апорамі збудавання (напр. а. моста);

2) збудаванне ў выглядзе варот з дугападобным перакрыццем.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)