ПАДАЛІ́НСКІ (Міхал) (1783, Мінск — 1856),

бел. гравёр, педагог. У 1802—08 вучыўся ў Пецярбургскай АМ (у 1806 атрымаў 2-і, у 1808 — 1-ы сярэбраныя медалі). Пасля сканчэння Віленскага ун-та (1825) выкладаў малюнак у гімназіях Вільні, Маладзечна, пазней працаваў настаўнікам малявання ў Мінску. Аўтар серыі партрэтаў прафесараў Віленскага ун-та (В.​Герберскага, І.​Франка і інш.), партрэта канцлера ВКЛ Л.​Сапегі (паводле жывапіснага арыгінала 17 ст.), ілюстрацый да кнігі «Гісторыя царавання Жыгімонта III» і інш.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Газні́к газні̑ца ’газоўка’ (БРС), газні́ца (Шат., Бяльк., Касп., Др.-Падб., Яруш., Гарэц., Інстр. I), газу́лька (Шат.). Утварэнне ад газа (гл.), але дэталі гісторыі гэтых слоў пакуль што не зусім ясныя. Можна меркаваць, што гісторыя іх узнікнення і пашырэння на ўсх.-слав. тэрыторыі досыць складаная. Аб гэтым сведчыць тое, што падобныя словы ёсць ва ўкр. мове. Так у Грынчанкі з розных месц Украіны адзначаецца: газни́к, газни́ця, га́сни́к, га́сни́ця ’газоўка’. Вельмі цікавым з’яўляецца і тое, што падобных слоў няма ў польск. гаворках (гл. у Карловіча), але ў рус. ёсць га́сник, га́сни́ца ’газоўка’ (гл. СРНГ, 6, 151–152), га́зник ’тс’ (там жа, 94), як і гас > газ ’газа’ (там жа, 93–94, 150).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастры́чнік ’кастрычнік’ (назва месяца). Гісторыя гэтага слова цесна звязана з іншай назвай 10‑га месяца ва ўсходніх славян — паздерник, у бел. крыніцах таксама паздзерник. Апошнія назвы з’яўляюцца запазычаннем з польск. październik. Польскае слова, таксама серб.-харв. дыял. паздерник ’тс’, відавочна, з’яўляюцца вытворнымі ад pazderьje ’адходы ільну, які апрацоўваецца восенню’ (прэфікс *paz‑ і дзеяслоў *dьrati *derǫ). Уплывы польскай мовы на бел. і ўкр. былі значнымі і праяўляліся не толькі ў прамым запазычанні, а і ў калькаванні. Такой калькай можна лічыць бел. кастры́чнік (< кастрыца ’кастрыца’; слав. *kostrica), які калькуе паланізм паздзернік. Гл. Шаур В. К вопросу о реконструкции праславянских названий меcяцев. — Этимология–1971., М., 1973, с. 97–98.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кат ’кат’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат. і інш.). Параўн. рус. кат ’тс’, укр. кат. У бел. мове лексема зафіксавана ў помніках XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 143). Слова вядома ў іншых славянскіх мовах. Параўн. яшчэ польск. kat, чэш. kat ’тс’. Паводле Фасмера, 2, 208 (з некаторымі сумненнямі), слова запазычана праз польск. мову з ням. дыял. (бавар.) kat(e), ням. Gatte ’падручны ката’. Не пераконваюць некаторыя старыя этымалагічныя версіі, якія прапанавалі раней (напр., тлумачэнне слова як вытворнага ад дзеяслова тыпу рус. ка́яться). Гісторыя лексемы патрабуе далейшых этымалагічных даследаванняў. Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 63, які з польск. katować выводзіць бел. катава́ць. Гл. таксама агляд у Шанскага, 2, К, 88.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́ртус ‘гул, шум; жах’ (Касп.), ‘клопат’ (Сцяшк. Сл.), tertes ‘спрэчка, блытаніна, непаразуменне’: u ich byŭ tertes za lon (Арх. Федар.). Параўн. укр. тарта́с ‘шум, галас’, турту́с ‘стук, грукат’, польск. tertas, tartas ‘шум, галас, мітусня, неразбярыха’, чэш. tartas ‘тс’, славац. tartas ‘тс’. Лічыцца словам гукапераймальнага паходжання, гл. Брукнер, 566 (параўноўвае з славен. tertranje ‘галас’), Махэк₂, 636 (аналагічна да чэш. экспр. varvas, tarvas, harvas з канцавым ‑s, як у halas), ЕСУМ, 5, 525 (пранікненне з польскай мовы). Паводле Чэкмана (Гісторыя, 115), па фанетычных прычынах паходзіць з мовы ідыш як мэтлух, вэрхал і пад. Да апошняга параўн. ід. tertl‑mertl ‘від гульні ў карты’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), відаць, імітатыўнага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЛХАВІ́ЦІНАЎ (Яўфімій Аляксеевіч) (у манастве Яўгеній; 29.12.1767, Варонеж — 7.3.1837),

расійскі царк. дзеяч, гісторык, бібліёграф. Вучыўся ў Славяна-грэка-лацінскай акадэміі (Масква) і наведваў лекцыі ў Маскоўскім ун-це (1784—88). У 1800 прыняў манаства; з 1822 мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі, чл. Сінода. Аўтар гіст., гіст.-краязнаўчых і біябібліяграфічных прац «Гістарычнае, геаграфічнае і эканамічнае апісанне Варонежскай губерні» (1800), «Гісторыя княства Пскоўскага» (ч. 1—4, 1831), фундаментальнага «Слоўніка рускіх свецкіх пісьменнікаў, суайчыннікаў і чужаземцаў, што пісалі пра Расію» (т. 1—2, 1845) і інш.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛО́Г (грэч. apologos літар. апавяданне),

у старажытнагрэчаскай і ўсх. л-ры кароткі павучальны апавядальны твор, пабудаваны на алегарычным паказе жывёл і раслін. Блізкі да байкі, але вобразы ў апалогу менш канкрэтныя, большае месца займае дыдактычны элемент. Найб. вядомы збор апалога — у стараж.-інд. кнізе на санскрыце «Панчатантра» (3—4 ст.; у араб. і перс. перапрацоўках «Каліла і Дзімна», каля 750). Апалогі ўключаліся ў рэліг. і дыдактычныя аповесці («Гісторыя пра Варлаама і Іасафа»), Традыцыі гэтага жанру выкарыстаў Я.​Колас у паэме «Сымон-музыка».

т. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎГІНЫ, Боэн (Bauhin),

швейцарскія батанікі, браты. Нарадзіліся ў г. Базель (Швейцарыя).

Іаган (12.2.1541—27.10.1613), апісаў 5000 відаў раслін («Новая універсальная гісторыя раслін», т. 1—3, 1650—61). Каспар (17.1.1560—15.12.1624) упершыню выкарыстаў бінарную наменклатуру ў сістэматыцы раслін (1620). Спрабаваў аб’яднаць усе віды па прыкметах агульнага падабенства ў пэўныя групы. Падзяліў расліны на 12 «кніг», кожную з якіх — на секцыі (адпавядаюць сямейству па сучаснай сістэматыцы), роды і віды. Дыягнаставаў некат. расліны да разнавіднасці. Апісаў засланку (клапан) у кішэчніку, якая названа яго імем (баўгінава засланка).

т. 2, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОКЛЬ ((Buckle) Генры Томас) (24.11.1821, Лі, графства Кент, Вялікабрытанія — 29.5.1862),

англійскі гісторык, сацыёлаг-пазітывіст. Прадстаўнік геагр. школы ў сацыялогіі. У асн. працы «Гісторыя цывілізацыі ў Англіі» (т. 1—2, 1857—61) крытыкаваў тэалагічную трактоўку гісторыі. Ставіў сваёй задачай адкрыць заканамернасці гіст. працэсу і паказаць іх дзеянне на прыкладзе шэрагу краін. Гал. фактарам гіст. развіцця лічыў разумовы прагрэс; асаблівасці гіст. развіцця розных народаў, тлумачыў уплывам геагр. асяроддзя, пераважна ландшафту.

Тв.:

Рус. пер. — Этюды. СПб., 1867;

Влияние женщин на успехи знания. 4 изд. СПб., 1900.

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТАМІ́РА-І-КРЭВЕ́А ((Altamira y Crevea) Рафаэль) (10.2.1866, г. Алікантэ, Іспанія — 1.6.1951),

іспанскі гісторык. Скончыў Валенсійскі і Мадрыдскі ун-ты. З 1888 сакратар Пед. музея (Мадрыд). У 1897—1910 узначальваў кафедру гісторыі ісп. права ў г. Аўеда, пазней праф. Мадрыдскага ун-та. У асноўнай працы «Гісторыя Іспаніі і іспанская цывілізацыя» (т. 1—4, 1900—11) даследаваў эканам. і сац. гісторыю краіны, падкрэсліў узаемасувязь эканам. і паліт. заняпаду Іспаніі ў 16—17 ст. Пасля ўстанаўлення фаш. дыктатуры Ф.​Франка (1939) у эміграцыі.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)