мо́ра, ‑а, н.

1. Частка акіяна, больш-менш адасобленая сушай, з гаркавата-салёнай вадой. Чорнае мора. Балтыйскае мора. □ Над морам займаецца ясная раніца, і падаюць промні наўскос у ваду. А. Вольскі. Паўночнае мора сустрэла нас штормам. Панчанка. // Умоўная назва некаторых вялікіх азёр ці вялікіх штучных вадаёмаў. Аральскае мора. Мінскае мора.

2. перан. Вялікая прастора чаго‑н. Мора лясоў. □ Рэчкі, купіны, чароты, Мора траў і хмызняку. Колас. І зноў пачыналіся палі, далёка забягаючы жаўтаватым морам жытоў. Скрыган.

3. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Мора людзей. Мора кветак. Мора слёз. Мора агню. □ Над морам людскіх галоў узлятае чырвоны сцяг. «Маладосць». / Аб адцягненых з’явах, прадметах, аб пачуццях. Цямней .. становяцца вочы твае, і душа мая тоне ў глыбокім моры іх ззяння. Бядуля.

•••

Адкрытае мора — мора, якое знаходзіцца ў агульным карыстанні ўсіх дзяржаў.

Закрытае мора — мора, усе берагі якога належаць адной дзяржаве.

Капля (кропля) у моры гл. капля.

Мора па калена — усё ніпачым, нічога не цяжка, нічога не страшна.

На дне мора знайсці гл. знайсці.

Чакаць з мора пагоды гл. чакаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыяра́ма

(ад дыя- + гр. horama = карціна, відовішча)

1) карціна вялікіх памераў з аб’ёмным пярэднім планам — макетамі будынкаў, дрэў, фігур і інш.;

2) карціна, напісаная з абодвух бакоў празрыстага матэрыялу і спецыяльна асветленая для стварэння ўражання аб’ёмнасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фо́рум

(лац. forum = плошча)

1) плошча ў Стараж. Рыме, дзе збіраўся народ, адбываліся сходы, суды і інш., а таксама народны сход, суд на гэтай плошчы;

2) масавы прадстаўнічы сход, з’езд;

3) перан. месца выступленняў, вялікіх сходаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БРЫТА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ, «Брытаніка» (Encyclopaedia Britannica); універсальнае энцыклапедычнае выданне. Упершыню выйшла ў Эдынбургу (Вялікабрытанія; т. 1—3, 1768—71; скл. У.​Смелі), потым у Лондане. З 1929 выходзіць у Чыкага (ЗША); з пач. 1940-х г. выдаецца фірмай «Брытанская энцыклапедыя»), у Лондане захавалася рэдакцыя Брытанскай энцыклапедыі, якая папаўняе яе новымі звесткамі аб Вялікабрытаніі. Брытанская энцыклапедыя выходзіць у 32 т., складаецца з 4 частак: Індэкса, Мікрапедыі, Макрапедыі і Прапедыі. Індэкс (2 тамы) уключае 500 тыс. спасылак, па розных пытаннях. У 12 тамах Мікрапедыі — 86 тыс. кароткіх (каля 300 слоў кожны) артыкулаў, якія ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі, малюнкамі. У 17 тамах Макрапедыі — мноства вялікіх (па некалькі дзесяткаў старонак) артыкулаў пра найб. агульныя паняцці з рэестра Мікрапедыі. У канцы кожнага артыкула — падрабязная анатаваная міжнар. бібліяграфія. Аднатомная Прапедыя мае тэматычны прынцып будовы і дае магчымасць з дапамогай падрабязных планаў і шматлікіх спасылак вывучыць па тамах Брытанскай энцыклапедыі любую тэму. Поўны камплект Брытанскай энцыклапедыі кожны год перавыдаецца. З 1938 у дадатак да Брытанскай энцыклапедыі выдаецца Штогоднік, які змяшчае навіны навукі, культуры, самую апошнюю статыстыку (у амер. і англ. варыянтах). Да кожнага камплекта Беларускай энцыклапедыі дадаецца камп’ютэрны варыянт на кампакт-дыску.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЯТРЫ́ (Acipenser),

род прахадных, паўпрахадных і прэснаводных рыб сям. асятровых. 17 відаў, водзяцца ў морах і рэках басейнаў Атлантычнага, Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў. Да роду асятроў адносяцца сцерлядзь, сяўруга, шып, асетр рускі (Acipenser güldenstädti), якія жывуць у басейнах Азоўскага, Каспійскага і Чорнага мораў, асетр сібірскі (Acipenser baeri) — у рэках Сібіры, азёрах Байкал і Зайсан, асетр амурскі (Acipenser schrencki) — у бас. Амура, рэдкі від асетр атлантычны, або асетр балтыйскі (Acipenser sturio), — у басейнах Балтыйскага, Міжземнага і Чорнага мораў. Іншыя віды асятра жывуць у прыбярэжных водах Атлантычнага і Ціхага акіянаў Паўн. Амерыкі, у Вялікіх азёрах, Кітаі (р. Янцзы), у водах паўд. ч. Японскага м., у Адрыятычным м. У рэкі Беларусі раней заходзілі асетр атлантычны і асетр рускі. З пабудовай плацін на рэках міграцыі іх спыніліся.

Даўж. да 3 м, маса да 200 кг. Асятры — вельмі каштоўныя прамысл. рыбы, маюць чорную ікру (далікатэсны прадукт). Найб. колькасць асятроў вылоўліваецца ў Каспійскім м. Асётр рускі і сяўруга — аб’екты штучнага развядзення. 3 паўночнаамерыканскія віды асятра занесены ў Чырв. кнігу МСАП, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі (раней у ёй былі таксама асетр атлантычны і асетр рускі, выключаныя з кнігі з прычыны поўнага знікнення з іхтыяфауны Беларусі).

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКРЫ́Н (Ягор Францавіч) (сапр. Георг Людвіг; 27.11.1774, г. Ганаў, Германія — 21.9.1845),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч, вучоны. Ген. ад інфантэрыі (1828), граф (1829), ганаровы чл. Пецярбургскай (1824) і Парыжскай (1844) АН, д-р права (1794). Скончыў Гесенскі і Магдэбургскі (Германія) ун-ты. З 1797 у Расіі: саветнік пры экспедыцыі дзярж. эканоміі ў МУС (з 1803), інспектар замежных калоній Пецярбургскай губ. (з 1809), памочнік ген.-правіянтмайстра Ваен. мін-валют. 1811). Удзельнік вайны 1812 (ген.-інтэндант 1-й Зах. арміі) і замежнага паходу 1813—14 (з 29.4.1813 ген.-інтэндант). У 1816—20 пры Гал. кватэры ў Магілёўскай губ.; адзін з першых даследчыкаў Барысавых камянёў. У 1823—44 міністр фінансаў; правёў гільдзейскую (1824), грашовую (увядзенне сярэбранага монаметалізму, 1839—43) і інш. рэформы. Аўтар прац (пераважна на ням. мове) «Фрагменты аб ваенным майстэрстве з пункту гледжання ваеннай філасофіі» (1809, 2-е выд 1815), «Аб сродках забеспячэння харчаваннем вялікіх армій» (нап. 1809—10), «Аб ваеннай эканоміі ў час вайны і міру і яе сувязі з ваеннымі аперацыямі» (т. 1—3, 1820—23), «Сусветнае багацце, нацыянальнае багацце і дзяржаўная гаспадарка» (1821), маст. твора «Дагабер, раман з сапраўднай вайны за вызваленне» (1797—98), артыкулаў пра ням. тэатр і інш.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАВІКО́РД (позналац. clavichordium ад лац. clavis ключ + грэч. chordē струна),

струнны ўдарны клавішны муз. інструмент. Клавіятура размешчана ўнутры плоскай прамавугольнай скрынкі розных памераў ад малых (актаўных) да параўнальна вялікіх (даўж. да 1,5 м). На канцы кожнай клавішы прымацаваны метал. штыфт з плоскай галоўкай — тангент, які пры націсканні клавішы ўдарае па струне. Гук К. пяшчотны, цёплы, ціхі, але выразны, дыяпазон 1—5 актаў. Выкарыстоўваўся звычайна для камернага музіцыравання. Быў пашыраны ва ўсіх еўрап. краінах. У л-ры ўпамінаецца з 15 ст. На пач. 19 ст. К. выцеснены фартэпіяна.

На Беларусі ўпамінанні пра К. адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю капэл у Гродне (клавікардысты Е.​Баркоўскі, М.​Гжанкоўскі, Б.​Карчміт, Д.​Пташынскі, Б.​Сітанскі, Ю.​Ярмаковіч; навучанне дзяўчынак ігры на К. вялося ў мясц. тэатр. школе) і Слоніме (Д.​Грабенбаўэр, паводле кантракта з М.​К.​Агінскім, абавязваўся арганізаваць «школу сістэматычнага навучання пэўных асоб на клавікордах»). К. выкарыстоўваўся ў аркестры ў Будславе (Мядзельскі р-н; 1837). К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.​Фотха (пач. 19 ст.). У 20 ст. выкарыстоўваецца пры выкананні старадаўняй музыкі.

Літ.:

Гл. пры арт. Клавесін.

І.​Дз.​Назіна.

Клавікорд.

т. 8, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСІ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га агульнадзяржаўнага бел.-літ. летапіснага зводу 1-й, кароткай рэдакцыі. Дайшоў у рукапісе 2-й пал. 16 ст. бел. паходжання, які зберагаўся ў б-цы графаў Красінскіх у Варшаве і загінуў у час 2-й сусв. вайны. Рукапіс без пачатку і канца. Апрача бел.-літ. хронікі ў ім змешчаны «Александрыя», «Хаджэнне ігумена Данііла», бел. пераклады біблейскай кнігі Товіт, «Аповесць пра Таўдала», «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і інш. свецкія і рэліг. творы. К.л. складаецца з 2 частак: легендарнай гісторыі Літвы — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», якая названа «Летапісцам», і «Кройники о великих князех литовских». У 1-й частцы выкладзена легенда пра паходжанне літ. князёў і шляхты ад рымскіх арыстакратаў (абрываецца на княжанні Трайдзена). 2-я частка складам блізкая да арыгінальнай часткі Слуцкага спіса 1-га агульнадзярж. бел.-літ. зводу — Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Яна ўключае «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвалу Вітаўту» і шэраг апавяданняў па гісторыі ВКЛ канца 14—1-й пал. 15 ст. К.л. апісаны Я.​Карскім у працы «Пра мову так званых літоўскіх летапісаў» (Варшава, 1894). Упершыню апубл. А.​Бычковым у 1893.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 8, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕСО́ТА (Minnesota),

штат на Пн ЗША, на З ад Вялікіх азёр. Пл. 218 тыс. км². Нас. 4658 тыс. чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц.г. Сент-Пол. Паверхня — хвалістая раўніна, на ПнУ — узгоркі да 701 м. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -10 °C да -15 °C. Ападкаў да 700 мм за год. Асн. рака — Місісіпі; каля 10 тыс. азёр. Паводле вядомага бел. кліматолага А.​Х.​Шкляра, па прыродных асаблівасцях М. з’яўляецца бліжэйшым. аналагам Беларусі ў Паўн. Амерыцы. На ПнУ захаваліся хваёвыя лясы. Гал. галіна эканомікі — прамысловасць. Здабываюць жал. руду (больш за 50% усёй здабычы ЗША). У апрацоўчай прам-сці вылучаюцца мукамольная, масласыраробная, гарбарная. Развіты таксама маш.-буд., ваенная, металургічная (выплаўка чыгуну і сталі), суднабудаўнічая. Гал. прамысл. цэнтры Мінеапаліс, Сент-Пол, Дулут. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 70% тэрыторыі. Пераважае жывёлагадоўля. Разводзяць малочную і мясную буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па вытв-сці сметанковага масла, сухога малака, сыру, адкорму індыкоў. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, жыта, цукр. буракі, бабовыя, лён-кудраш. Вял. плошчы пад кармавымі культурамі і сеянай травой. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Рачны порт Мінеапаліс, азёрны (на Верхнім воз.) — Дулут.

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

во́лат, ‑а, М ‑лаце, м.

1. Казачны герой незвычайнай сілы, удаласці і мужнасці; асілак. // Чалавек вялікага росту і сілы; велікан, гігант. [Багданёнак] быў волат гадоў трыццаці. Чарнышэвіч. Волатам выглядае цельшынскі дзед Мікіта. Пшыркоў. // перан. Што‑н. надта вялікіх памераў. На зямлі гніюць пакрытыя мохам камлі лясных волатаў. В. Вольскі.

2. перан. Чалавек выдатных здольнасцей, геній; тытан. У гэтай сялянскай хаце адбылася першая сустрэча волатаў нашай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)