КА́МЕНЬ ЧО́РТАЎ, камень-шавец,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1987). На паўд.-ўсх. ускраіне в. Камень Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун светла-ружовага граніту.
Даўж. 4 м, шыр. 3,1 м, выш, 2,2 м, у абводзе 11,1 м, аб’ём 14 м³, маса каля 37 т. Формаю нагадвае вял. прас. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі.
В.Ф.Вінакураў.
т. 7, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАРНІЯ́ТЫ,
манетападобныя медныя знакі 4—5 ст. н.э. з партрэтамі рымскіх імператараў (ад Калігулы да Антэмія), Аляксандра Македонскага, знакамітых паэтаў, пісьменнікаў і інш.; на адваротным баку сустракаюцца выявы, скапіраваныя са стараж. манет, міфалагічныя сюжэты, цыркавыя сцэны і г.д. К., як правіла чаканіліся і мелі дыяметр 37—38 мм. Прызначэнне К. дакладна не высветлена, часам яны служылі ўзнагародамі ў спарт. спаборніцтвах, талісманамі і інш.
т. 7, с. 604
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ ((Karle) Джэром) (н. 18.6.1918, г. Нью-Йорк, ЗША),
амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1976). Скончыў Гарвардскі ун-т (1938). У 1943—44 удзельнічаў у стварэнні атамнай бомбы. З 1947 у даследчай лабараторыі Ваенна-марскога флоту ЗША (Вашынгтон). Навук. працы па крышталяграфіі. Адзін са стваральнікаў прамога метаду расшыфроўкі структур крышталёў. Нобелеўская прэмія 1985 (разам з Г.А.Хаўптманам).
Б.В.Корзун.
т. 8, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ТКАВІЧЫ,
вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе, што злучае вёску са Жлобінам. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдЗ ад г. Жлобін, 111 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Мормаль. 856 ж., 360 двароў (1998). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік спаленым вёскам.
т. 8, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯ́НКА,
сакавіты плод раслін з рэзкай дыферэнцыяцыяй слаёў каляплодніка. Мае ў сабе тонкі скурысты пазаплоднік, сакавіты міжплоднік і адраўнелы ўнутрыплоднік (эндакарпій), які ўтварае костачку, дзе знаходзіцца семя. Аднакасцянка ў вішні, слівы, міндаля, шматкасцянка ў малін, ажын, крушыны (іх плод складаецца з многіх дробных К., якія знаходзяцца на агульным кветаложы). Вядомы сухія К. са скурыстым (міндаль, грэцкі арэх) ці валакністым (какосавая пальма) міжплоднікам.
т. 8, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬЦА алгебраічнае,
сукупнасць (непустое мноства) элементаў, для якіх вызначаны аперацыі складання (адымання) і множання са звычайнымі ўласцівасцямі аперацый над лікамі; адно з асн. паняццяў алгебры. Напр., К. ўтвараюць сукупнасці ўсіх цэлых лікаў, лікаў, кратных зададзенаму, камплексных лікаў, паліномаў ад адной ці некалькіх пераменных з рацыянальнымі, сапраўднымі або камплекснымі каэфіцыентамі, вектараў у 3-мернай прасторы (адносна звычайнага складання і вектарнага множання).
т. 8, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НСКІЯ ШЫРО́ТЫ,
вобласці Паўн. і Паўд. паўшар’яў Зямлі (паміж 30—35° паўн. ш. і паўд. ш.) ва ўнутр. ч. субтрапічных антыцыклонаў са слабымі вятрамі і частымі штылямі. Назва звязана з тым, што ў часы паруснага мараплавання з-за штыляў у Атлантычным ак. здараліся працяглыя затрымкі суднаў і з-за недахопу прэснай вады даводзілася выкідаць за борт коней, якіх перавозілі з Еўропы ў Амерыку.
т. 8, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎБІК,
бел. нар. страва; свіны страўнік, начынены мясам. У вычышчаны размяты страўнік шчыльна ўкладвалі папярэдне пасоленыя і прыпраўленыя рэзанае мяса з ашыйка, лапатак, сцёгнаў, сала і зашывалі. Вешалі пад страхой у торбе ці ў кашы. На З Беларусі К. да вясны трымалі ў расоле, потым высушвалі на сонцы. Свіны страўнік начынялі таксама варанымі пасечанымі вантробамі, кашай са скваркамі, дранай бульбай.
т. 8, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ФЕЛЬД (Krefeld),
горад на З Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. 243 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Рэйн. Адзін са значных цэнтраў Рэйнска-Вестфальскага прамысл. раёна. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. цяжкае, тэкст., станкабуд.), вытв-сць якасных сталяў, каляровая металургія, тэкст. (шоўк, аксаміт), швейная, хім., харчовая. Вышэйшая тэхн. школа. Тэкст. музей. Бат. сад. Заасад.
т. 8, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЕЛІ́РАВАННЕ (ад франц. coupelle раздзяляльная печ, літар. кубачак),
купеляцыя, ачыстка высакародных металаў ад свінцу і інш. прымесей акісляльнай плаўкай у капелях (кубачках з вогнетрывалых матэрыялаў) або полымных печах. Заснавана на ўласцівасці свінцу і інш. звычайных металаў (у адрозненне ад высакародных) акісляцца кіслародам паветра. Выкарыстоўваецца ў прабірным аналізе (для ўстанаўлення пробы), металургіі (для вылучэння высакародных металаў, якія знаходзяцца ў сплаве са свінцом).
т. 9, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)