адкало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.

1. Колючы, аддзяліць; адламаць, адшчапаць. Хвалі крыгу адкалолі, Вір пад крыгай забурліў. Лодку ўзяць Сымон не здолеў, Так на крызе і паплыў. А. Александровіч. [Максім] секануў другі раз на вяршок вышэй і адкалоў тоўстую трэску. Шамякін.

2. перан. Разлучыць з кім‑н., аддзяліць ад каго‑, чаго‑н.

3. Разм. Зрабіць, сказаць што‑н. нечаканае, недарэчнае. Адкалоць штуку. □ Пры сустрэчы з Шаманскім Якуб Малашчыцкі адкалоў той жа завучаны рэверанс са словамі: «Ваша чэсць». Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́валіць 1, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

1. Пераварочваючы, прымусіць выпасці, упасці. Вываліць седакоў з саней.

2. што. Разм. Выйсці, выехаць натоўпам. Тры суседнія вёскі: Некрашы, Баркі і Міцькі, як згаварыўшыся, вывалілі ў лес. Лобан.

3. што. Вылажыць, высылаць што‑н. адкуль‑н. Вываліць на стол усё, што было ў кішэнях. // перан. Расказаць пра што‑н. з усімі падрабязнасцямі.

4. што. Разм. Высунуць. Вываліць язык.

вы́валіць 2, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Зрабіць шляхам валення (пра сукно).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́сечы і (радзей) вы́секчы, ‑секу, ‑сечаш, ‑сеча; ‑сечам, ‑сечаце, ‑секуць; пр. высек, ‑ла; зак., што.

1. Ссячы ўсё, знішчыць. У час вайны тут высеклі ўвесь лес, але за апошнія гады дзялянка зарасла маладым бярэзнікам. Шуцько. // Ссячы, выбраўшы што‑н. патрэбнае. Высечы жардзіну.

2. Секучы, дастаць, выняць што‑н. Высечы кавалак лёду.

3. Зрабіць, стварыць высечкай. Высечы паз. Высечы надпіс. Высечы помнік з граніту.

4. Выбіць, выкрасіць. Куля высекла іскру на валуне і са свістам зрыкашэціла. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радыка́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да радыкала ​2 (у 1 знач.). Радыкальная партыя.

2. Рашучы, найбольш дзейсны; карэнны. Радыкальныя меры. Радыкальныя змены. □ Урад СССР прапанаваў зрабіць самы радыкальны крок: вырашыць праблему раззбраення цалкам, раз і назаўсёды, для цяперашніх і будучых пакаленняў. «Звязда». // Які прытрымліваецца крайніх, рашучых поглядаў. «Мужыцкая праўда» — .. самае радыкальнае з усіх выданняў, якія выходзілі напярэдадні і ў час паўстання 1863 года. С. Александровіч. Радыкальная моладзь зачытвалася тварамі Вальтэра, Русо, Нямцэвіча і Карпінскага. Мальдзіс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

растапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.

1. Топчучы або наступіўшы, расціснуць. — Грыб вунь растаптала, — з жалем сказаў Андрэй і паказаў на збіты нагой чорны баравічок. Скрыпка. Лёня кінуў так і не дакураны бычок, растаптаў яго, плюнуў і моўчкі ўзяў з рук Хоміча павады. Брыль. // перан. Зняважыць чые‑н. пачуцці, унізіць чыю‑н. годнасць. [Сяргей:] — Вы растапталі маю веру ў чалавечую шчырасць! А я лічыў вас сапраўднымі людзьмі... Шамякін.

2. Разм. Доўга носячы, зрабіць залішне прасторным, разнасіць (абутак). Растаптаць туфлі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расшы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Зрабіць больш шырокім. Расшырыць вуліцу. Расшырыць праход. Расшырыць зрэнкі. □ Саўка прылёг, адгарнуў ад каменя зямлі і памаленьку выкаціў яго з-пад падрубы, а дзірку пракапаў, расшырыў і нырнуў у яе. Колас. // Спец. Павялічыць у аб’ёме. Расшырыць шляхам награвання.

2. Павялічыць колькасна, у аб’ёме. Расшырыць завод. Расшырыць сетку кінаў становак. Расшырыць сетку медыцынскіх устаноў.

3. Распаўсюдзіць на што‑н. (кола дзеяння чаго‑н.); узмацніць. Расшырыць дэмакратызм. Расшырыць сферу ўплыву. Расшырыць правы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

руплі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які імкнецца зрабіць як мага больш і лепш; дбайны. Быў .. [бацька Сушкевіча] чалавек руплівы, дбайны, любіў усюды бачыць парадак, любіў, каб усё было зроблена ў свой час і акуратна. Дуброўскі. [Лукашу], рупліваму і гаспадарліваму, хацелася хутчэй пачынаць уборку [у калгасе]. Кавалёў. // Клапатлівы, старанны. Дзеду хацелася есці. Зняў з-за плячэй стрэльбу, паляўнічую торбу, куды бабка Наста рупліваю рукою палажыла паўбахана хлеба і кавалак .. сала. Колас. Даніла Платонавіч спыніўся непадалёку і з любоўю сачыў за руплівай працай дзяцей. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страві́ць 1, страўлю, стравіш, стравіць; зак., што.

1. Зрабіць патраву. Стравіць пасевы. □ Міхал Стальмаховіч прыходзіў у тыя дні ў сельсавет да Кастуся і Мікалая скардзіцца, што Мікуць хацеў стравіць яму сенажаць. Чорны.

2. Перавесці, не па-гаспадарску скарміць. — Мае бабы канюшыну за зіму стравілі, зусім мала асталося, — паведаміў Ладымер. Чарнышэвіч. [Дзед:] — Малака не дасць: запусцілася, якое ўжо там малако. Сена страўлю, а хто яго мне верне?.. М. Стральцоў.

страві́ць 2, страўлю, стравіш, стравіць; зак., што.

Засвоіць у працэсе стрававання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таргану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Рэзкім рухам крануцца з месца. Самалёт таргануўся і яшчэ больш заваліўся ўлева — шасі загразла. Хомчанка. Гулка страляючы круглымі колцамі шызага дыму, трактар шалёна зароў, таргануўся, як у ліхаманцы, наструніўся і асеў назад. Б. Стральцоў. // Зрабіць сутаргавы рух. — Даша! — У Загурскага раз-другі тарганулася шчака. — Ты жартуеш, Даша? Асіпенка. У маці нервова таргануліся вусны, яна памкнулася была сказаць ужо нешта злоснае... «ЛіМ». — Дачка... — Ігнатавы губы горка таргануліся. — П-памірае!.. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

устро́іць, устрою, устроіш, устроіць; зак.

1. што. Наладзіць, зрабіць што‑н. Устроіць ілюмінацыю. Устроіць аблаву. □ [Маці:] — І на табе — вечарынку зноў хлопцы ўстроілі. Масарэнка. // Арганізаваць. [Вера:] — Хлопцы будуць выяўляць параненых. Лазарэт устроім. Паправяцца чырвонаармейцы — хтосьці павядзе за лінію фронту. Асіпенка.

2. што. Учыніць, справіць. Устроіць скандал. □ Гэта Цімох Будзік, спец па часці падпалаў, устроіў такую ілюмінацыю. Колас.

3. каго. Уладкаваць на работу, на якое‑н. месца. Устроіць хлопца на службу.

•••

Устроіць штуку — тое, што і адпаліць штуку (гл. адпаліць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)