караце́ць, ‑ее; незак.

Станавіцца карацейшым, менш працяглым у прасторы або ў часе. Блізілася восень, карацелі дні. Адамчык. Калі набліжаўся .. [настаўнік] да лямпы або адыходзіў ад яе, цень яго то падаўжаўся, то карацеў, а ў стыках сцяны і столі борздзенька пераломваўся і забягаў на столь. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыле́ма, ‑ы, ж.

1. Суджэнне, вывад з двума процілеглымі палажэннямі, з якіх неабходна выбраць адно, паколькі трэцяе немагчыма.

2. Становішча, пры якім выбар адной з дзвюх процілеглых магчымасцей аднолькава цяжкі. — А калі б перад табою паставілі такую дылему: салдат ці арыштант? Што выбраў бы? Колас.

[Грэч. dilēmma.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыфіра́мб, ‑а, м.

1. У Старажытнай Грэцыі — урачыстая харавая песня ў гонар бога Дыяніса. // Хвалебны лірычны верш.

2. перан. Перабольшаная пахвала; усхваленне. Табе складаю дыфірамб, Пяро маё — таварыш верны, Калі сягоння ў час вячэрні Звіняць лісты, як гулкі ямб. Танк.

•••

Пець дыфірамбы гл. пець.

[Грэч. dithyrambos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

невыме́рны, ‑ая, ‑ае.

Які не паддаецца вымярэнню, вельмі вялікі. Я пераводжу позірк на акно. За ім — невымерная глыбіня чыстага неба, ажно ўваччу балюча робіцца ад яго яркай блакітнасці. Шамякін. Калі Дзямід Сыч вярнуўся па папялішча роднай вёскі, сэрца яго ўздрыганулася ад невымернай жальбы. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няпро́шаны, ‑ая, ‑ае.

Які з’явіўся куды‑н. без запрашэння; нечаканы, нежаданы. Хлопчык ведаў: стары не любіць, калі ў садзе з’яўляюцца няпрошаныя госці. Сіняўскі. Слухаючы камандзіраў, Бярозка хваляваўся, яго часам нават апаноўваў няпрошаны страх. Шахавец. «Вось і схадзілі ў кіно», — падумала жонка, выціраючы няпрошаныя слёзы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падфа́рнік, ‑а, м.

Невялікі дапаможны ліхтар пад фарамі ці побач з імі. Прыглушыўшы матор, Юхневіч пераключыў святло на падфарнікі і ступіў на мокрую зямлю. Савіцкі. Змяркалася. Была тая шарая гадзінка, калі электрычныя ліхтары яшчэ не гараць, але аўтамашыны едуць ужо з запаленымі падфарнікамі. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ншчына, ‑ы, ж.

Гіст.

1. Пры прыгонным праве — дармавая прымусовая праца сялян на пана. Адбываць паншчыну. □ [Пытляваны:] Мы вас за краты не пасадзім і на паншчыну не пагонім. Крапіва.

2. Разм. Прыгоннае права. Пад сялян гэтыя горшыя кавалкі зямлі пайшлі тады, калі была скасавана паншчына. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папамясі́ць, ‑мяшу, ‑месіш, ‑месіць; зак., што і чаго.

Разм. Мясіць доўга, неаднаразова; памясіць многа чаго‑н. Папамясіць цеста. □ Яшчэ зімою, як замерзне [грэбля], ці ўлетку, калі спёка, сюды-туды, можна па ёй перабрацца на другі бок. Але восенню і вясною... Ого! Тут папамесім гразі. Каліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўцяка́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Уцячы — пра ўсіх, многіх. [Дзедавы] ўнукі, як толькі бацьку павезлі ў бальніцу, паўцякалі да маткі. Колас. У той дзень, калі ўступілі немцы, у бальніцы заставаўся ён, Сцяпан Андрэевіч, ды я. Усе разбегліся. Нават хворыя паўцякалі, хто мог хадзіць. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́хкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае моцны пах; пахучы. Мяне чакае цёплы сырадой у меднай конаўцы, луста пахкага, спечанага на дубовых лістах хлеба. Сачанка. Калі ўжо ехалі дрогкім бальшаком у фурманцы, набітай пахкім сенам, Паўлік засмяяўся: — А я цябе і павіншаваць забыўся. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)