КІТАЕ́НКА Дзмітрый Георгіевіч (н. 18.8.1940, С.-Пецярбург),
расійскі дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1966). З 1969 дырыжор, з 1970 гал. дырыжор Муз.т-ра імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі, з 1976 маст. кіраўнік і гал. дырыжор сімф. аркестра Маскоўскай філармоніі. З 1969 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1986 праф.). Пры яго ўдзеле ў Муз. т-ры адноўлены пастаноўкі опер «Кармэн» Ж.Бізэ (1969), «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (1972), «Багема» Дж.Пучыні (1973), балета «Папялушка» С.Пракоф’ева (1971), пастаўлены оперы «Алека» С.Рахманінава і «Маўра» І.Стравінскага (1973). Кіраваў пастаноўкай опер «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (1982) і «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1983) у Венскай оперы і інш. 2-я прэмія на 1-м Міжнар. конкурсе маладых дырыжораў Фонду Г.Караяна (Зах. Берлін, 1969). Дзярж. прэмія Расіі 1988. З 1990 жыве за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЛЫЯ ЧЭ́РВІ, нематоды (Nematoda),
клас чарвей тыпу першаснаполасцевых. Вядомы з верхняга карбону. 3 падкласы. Апісана каля 20 тыс. відаў, агульная колькасць відаў па розных ацэнках ад 100 тыс. да 1 млн. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца аскарыды, вастрыцы, воласагаловы, трыхіна, нематода бульбяная, нематоды галавыя, трыхацэфаліды і інш. Жывуць у морах і прэснай вадзе, у глебе.
Даўж. ад 0,05 мм да 8,4 м. Цела цыліндрычнае, верацёна- ці ніткападобнае. нерасчлянёнае, на папярочным разрэзе круглае, укрытае шчыльнай кутыкулай. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма. Свабоднажывучыя формы кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Некаторыя здольныя да анаэрабіёзу і анабіёзу. Большасць раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Многія — паразіты раслін, жывёл і чалавека, выклікаюць хваробы: аскарыдоз, гельмінтозы, нематадозы, нематодныя хваробы раслін, трыхінелёз і інш.
Да арт.Круглыя чэрві: 1 — воласагалоў чалавечы; 2 — нематода бурачная разнаскурая (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН Уладзімір Акімавіч (н. 7.5.1922, г. Астрахань, Расія),
расійскі акцёр, рэжысёр аперэты, педагог. Нар.арт.СССР (1978). Скончыў Уральскі ун-т (1951), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1962). З 1946 акцёр, з 1963 гал.рэж. Свярдлоўскага т-рамуз. камедыі, у 1986—88 — Маскоўскага т-ра аперэты, у 1990—97 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Пермскага опернага т-ра. У 1964—74 выкладаў ва Уральскай кансерваторыі, з 1988 праф. Маскоўскага ун-та культуры. Сярод пастановак: у Свярдлоўскім т-ры — опера «Арабела» Р.Штрауса, аперэты «Севастопальскі вальс» К.Лістова, «Белая ноч» Ц.Хрэннікава, «Дзяўчына з блакітнымі вачамі» В.Мурадэлі, «Гары, гары, мая зорка» С.Пажлакова, «Цудоўная Алена» Ж.Афенбаха, «Хэло, Долі!» Дж.Германа, «Учора скончылася вайна» В.Ільіна (залаты медаль імя А.Папова, 1986); у Пермскім т-ры — опера «Скупы рыцар» С.Рахманінава (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЗЯНО́К Зінаіда Валянцінаўна (21.3.1915, г. Віцебск — 1.9.1985),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Бел. т-ры юнага гледача (1937—41), Брэсцкім абл.драм. т-ры (1944—76). Выконвала ролі травесці, драм. і вострахарактарныя. Яе работы вызначаліся дэталёвай распрацоўкай сцэн. характараў, падкрэсленай тэатральнасцю формы. Сярод лепшых роляў: у Бел. т-ры юнага гледача — Маруся Гарбацэвіч («Блакітнае і ружовае» А.Бруштэйн), Першы сын караля («Цудоўная дудка» В.Вольскага); у Брэсцкім драм. т-ры — Марыя Васілеўна («Усяго адно жыццё» А.Маўзона), Круціцкая («Не было ні граша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), мадам Абломак («Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава), Старухна («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.Карастылёва), Баба Яга («Два клёны» Я.Шварца), місіс Пэдзі («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́УЗІК (Kuusik) Ційт (Дзітрых; 11.9.1911, г. Пярну Эстонія — 15.8.1990),
эстонскі спявак (барытон), педагог. Нар.арт.СССР (1954). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1938). Да 1940 саліст Венскай оперы. У 1944—88 (з перапынкам) саліст т-ра оперы і балета «Эстонія» (Талін). З 1940 выкладаў у Талінскай кансерваторыі (з 1947 праф.). Валодаў голасам вял. дыяпазону з багатай тэмбравай афарбоўкай. Выконваў партыі высокага баса і лірычнага барытона: Раю і Вамба («Пясняр свабоды» і «Агні помсты» Э.Капа), Яўген Анегін (аднайм. опера П.Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь Ігар (аднайм. опера А.Барадзіна), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў у Вене (1938). Сярод вучняў Г.Отс. Дзярж. прэміі Эстоніі 1949, 1959, 1967. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ Валерый Аляксандравіч (н. 23.2.1947, г. Мікалаеў, Украіна),
бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1970). З 1967 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1970—73 і 1976—79 — Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, у 1973—76 у Бел. філармоніі, у 1979—82 у Ансамблі песні і танца Паўн. групы войск (Польшча), з 1983 саліст Белтэлерадыёкампаніі. Сярод оперных партый: Максім («Зорка Венера» Ю.Семянякі), Ад аўтара («Джардана Бруна» С.Картэса), Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Малатэста («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Жэрмон («Травіята» Дж.Вердзі). У канцэртным рэпертуары камерная лірыка, песні бел. кампазітараў. Лаўрэат IV Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1968), IV Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1970), Усесаюзнага конкурсу сав. песні (Мінск, 1972), IV Міжнар. конкурсу артыстаў эстрады (1974). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1925, Лакарнскі пакт. Парафіраваны 16.10. 1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) пасля абмеркавання на Лакарнскай канферэнцыі 1925, падпісаны 1.12.1925 у Лондане. Асн. дакумент — т.зв. Рэйнскі гарантыйны пакт паміж Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Італіяй і Францыяй, які прадугледжваў непарушнасць герм.-бельг. і герм.-франц. межаў, вызначаных паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, і захаванне дэмілітарызацыі Рэйнскай зоны. Гарантамі пакта выступалі Вялікабрытанія і Італія. Рэйнскі пакт дапоўнілі пагадненні пра арбітражы, заключаныя Германіяй асобна з Бельгіяй, Францыяй, Польшчай і Чэхаславакіяй, а таксама дагаворы аб гарантыях, заключаныя Францыяй асобна з Польшчай і Чэхаславакіяй (Францыя абавязалася аказваць дапамогу гэтым краінам у выпадку нападу на іх Германіі). Вынікам Л.д. было прыняцце Германіі ў вер. 1926 у Лігу нацый са статусам вял. дзяржавы. У 1936 Германія ў аднабаковым парадку скасавала Л.д. і ўвяла свае войскі ў Рэйнскую зону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПІН Васіль Піліпавіч (12.2.1902, с. Новы Валавай Пачалмскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 11.1.1991),
бел. і расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў вак. аддзяленне Вучэбна-тэатр. камбіната (1933; цяпер Рас. акадэмія тэатр. мастацтва). З 1933 саліст Вял.т-ра ў Маскве. У 1938—49 (з перапынкам) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1949—63 у канцэртных арг-цыях Масквы. Валодаў сакавітым голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай і артыстызмам, што дазваляла яму ствараць выразныя, эмацыянальна насычаныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Міхась («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Андрэй («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.Луранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).
малдаўскі пісьменнік, рэжысёр, сцэнарыст. Засл. дз. маст. Малдовы (1968). Нар.арт. Расіі (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1964). Аўтар зб-каў вершаў «Збянтэжанасць» (1956), «Рытмы» (1965), «Душа жаўрука» (1974), «Двайная спіраль» (1976), аповесці «Буколіка» (1966), кн. апавяданняў «Белая скрыпка» (1963) і інш. У кіно дэбютаваў героіка-рэв. стужкай «Чакайце нас на світанні» (1964). Зняў фільмы па ранніх творах М.Горкага — «Табар адыходзіць у неба» (1976, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне) і А.Чэхава «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978). Сярод інш. фільмаў «Гэта імгненне» (1970), «Лаугары» (1973), «Ганна Паўлава» (1983, з Вялікабрытаніяй) і інш. Яго работы вылучаюцца рамант. светаадчуваннем, эмацыянальнасцю, імкненнем да адухоўленасці вобразаў. Піша сцэнарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕЎ Яўген Аляксеевіч (15.1.1917, г. Балакова Саратаўскай вобл., Расія —9.6.1997),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1968). Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Цэнтр.тэатр. вучылішча ў Маскве (1940). Працаваў у тэатрах Тбілісі, Ленінграда. З 1956 у Санкт-Пецярбургскім Вял.драм. т-ры. Акцёру быў уласцівы глыбокі псіхалагізм, эмацыянальная прыўзнятасць, схільнасць да вострай характарнасці, трансфармацыі і гратэску. Сярод найб. значных роляў: Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Манахаў і Бяссеменаў («Варвары» і «Мяшчане» М.Горкага), Артура Уі («Кар’ера Артура Уі» Б.Брэхта), Халстамер («Гісторыя каня» паводле Л.Талстога), Круціцкі («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага) і інш. Здымаўся ў кіно: «У агні броду няма» (1968), «Дзіўныя людзі» (1970), «Блакада» (1975, 1978; Дзярж. прэмія Расіі 1980), «Кентаўры» (1979) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1950, 1968. Ленінская прэмія 1986 за тэатр. работы.