БАРО́ ((Barrault) Жан Луі) (8.9.1910, Ле-Везінэ, дэп. Івелін, Францыя — 22.1.1994),
французскі акцёр і рэжысёр. Вучыўся на курсах жывапісу ў Луўрскай школе (Парыж). З 1931 у драм. т-ры «Атэлье», адначасова вывучаў мастацтва пантамімы. Працаваў у т-ры «Камеды Франсэз» (1940—46). Разам з жонкай актрысай М.Рэно стварыў сваю трупу (1946), з якой паставіў «Гамлета» У.Шэкспіра, «Працэс» Ф.Кафкі, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (і выканаў ролю Трафімава). У 1959—68 узначальваў «Тэатр дэ Франс» (Парыж), дзе паставіў «Насарогаў» Э.Іанеска, «Маленькую пані Мальер» Ж.Ануя і інш. З 1935 здымаўся ў кіно («Дзеці райка», «Вялікае каханне Бетховена», «Фантастычная сімфонія», «Завяшчанне доктара Кардэлье»). Развіваў традыцыі мастацтва пантамімы. Аўтар успамінаў «Роздум пра тэатр» (1949).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДО́Р ((Widor) Шарль Мары) (21.2.1844, г. Ліён, Францыя — 12.3.1937),
французскі арганіст, кампазітар, музыказнавец, педагог. Чл. Акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). Праф. Парыжскай кансерваторыі (1891—1905). У 1870—1934 арганіст царквы Сен-Сюльпіс у Парыжы. Арганіст-віртуоз, імправізатар, канцэртаваў у многіх краінах. Па яго рэкамендацыі і пад яго наглядам устаноўлены арган фірмы «Кавае-Коль» у Вял. зале Маскоўскай кансерваторыі (у 1901 даў першы арганны канцэрт). Сярод твораў: 3 оперы, балет, творы для аркестра, 10 сімфоній і інш. творы для аргана, месы, камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы. Апублікаваў (разам з А.Швейцэрам) арганныя творы І.С.Баха (т. 1—5, 1912—14). Сярод вучняў: арганісты Л.Б’ёрн, М.Дзюпрэ, Швейцэр, кампазітары Д.Міё, К.Анегер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ЎСКІ ((Orłowski) Аляксандр Восіпавіч) (9.3.1777, Варшава — 13.3.1832),
польскі і рускі жывапісец і графік. Прадстаўнік рамантызму. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1809). Каля 1793—1802 вучыўся і працаваў у Варшаве ў Я.П.Норбліна. З 1802 у Пецярбургу. Аўтар жанравых («Сцэна ў карчме», 1795—96) і батальных («Бітва пад Рацлавіцамі», 1798 або каля 1801) твораў, партрэтаў герояў вайны 1812 (М.І.Платава, Д.Давыдава), «Аўтапартрэта», пейзажаў, малюнкаў. Арлоўскі — адзін з заснавальнікаў шаржа («Ш.Л.Дзідро», каля 1810) і паліт. карыкатуры («Французскі эмігрант Дзю-Селон», 1806) у рус. графіцы. Адзін з першых пачаў працаваць у тэхніцы літаграфіі («Рамізніцкая біржа», 1820).
Літ.:
Ацаркина Э.Н. А.О.Орловский, 1777—1832. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЮЯ́Р ((Vuillard) Жан Эдуар) (11.11.1868, г. Кюізо, Францыя — 21.6.1940),
французскі жывапісец, графік і дэкаратар. З 1886 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Удзельнік групы «Набі» (1892). Зведаў уплыў П.Гагена, А.Тулуз-Латрэка, яп. гравюры. У партрэтах, пейзажах, бытавых карцінах, дэкар. пано спалучаў сімвалізм з падкрэсленай дэкаратыўнасцю формаў, плоскаснай трактоўкай прасторы, вытанчанай эмацыянальнасцю і гармоніяй фарбаў, імкненнем да інтымнасці вобразаў. Асн. творы: аўтапартрэт (тры пано, 1809), «У ложку» (1891), «У пакоі» (1893), «Сады Парыжа» (тры пано, 1894), «На канапе», «У садзе», партрэт мадам Бенар (1930).
Літ.:
Крючкова В.А. Символизм в изобразительном искусстве: Франция и Бельгия, 1870—1900. М., 1994. С. 190—219.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЕ́НДЗІ ((Gassendi) П’ер) (22.1.1592, Шантэрсье, каля г. Дзінь, Францыя — 24.10.1655),
французскі філосаф. Займаўся таксама астр. і матэм. даследаваннямі. Святар, праф. тэалогіі ў Дзіне (з 1613), філасофіі ў каледжы Экс-ан-Праванса (1616—23), матэматыкі ў Каралеўскім каледжы ў Парыжы (з 1645). Крытыкаваў схаластычны псеўдаарыстацелізм і вучэнне Р.Дэкарта аб прыроджаных ідэях. Адрадзіў атамістычныя ўяўленні, адстойваў ідэю матэрыяльнага адзінства свету і прынцыпы матэрыяльнага сенсуалізму ў гнасеалогіі. Лічыў, што творцам атамаў з’яўляецца Бог, а ісціна дасягаецца не толькі шляхам доказаў, заснаваных на вопыце і розуме, але і праз адкрыццё, заснаванае на боскім аўтарытэце. Этычныя погляды Гасендзі скіраваны супраць аскетычнай царк. маралі і ў многім развіваюць традыцыю Эпікура.
французскі пісьменнік. У 1874 дэбютаваў зб. вершаў у прозе «Ваза з вострымі прыправамі», вытрыманым у дэкадэнцкай стылістыцы. З цягам часу стаў адным з буйнейшых прадстаўнікоў натуралізму (раманы «Марта. Гісторыя дзяўчыны», 1876, «Сёстры Ватар», 1879, «Каля хатняга ачага», 1881, «Па плыні», 1882). У пач. 1880-х г. парваў з натуралізмам і стварыў свой найб. значны раман — «Наадварот» (1884) — маст. маніфест ідэй дэкадэнцтва. Аўтар раманаў «Там, унізе» (1891), «У дарозе» (1895), «Сабор» (1898), шматлікіх артыкулаў (зб. «Сучаснае мастацтва», 1883), напісаных ў рэчышчы дэкадэнцкай паэтыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБЕРВА́ЛЬ (Dauberval, D’Auberval; сапр.Бершэ; Bercher) Жан (19.8.1742, г. Манпелье, Францыя — 14.2.1806), французскі артыст балета, балетмайстар. Вучань і паслядоўнік рэфарматара танца Ж.Ж.Навера. Дэбютаваў у Парыжскай оперы ў 1761, у 1770—83 яе саліст. Віртуозны танцоўшчык паўхарактарнага жанру. Сярод партый: Паляк («Галантная Індыя» Ф.Рамо), антрэ Зямлі («Стыхіі» А.Дэтуша), Крэон («Медэя і Ясон» Ж.Ж.Радольфа). У 1789—92 выступаў і ставіў балеты ў Бардо (Францыя) і Лондане. Яго лепшы балет «Марная перасцярога» на зборную музыку (1789) захаваўся ў рэпертуары да нашага часу. Сярод інш. пастановак: «Пігмаліён» Ж.Ж.Русо, «Дэзерцір» на муз. П.А.Мансіньі, «Легкадумны паж», «Тэлемак на востраве Каліпса». У творчасці спалучаў танец з пантамімай, шырока выкарыстоўваў нар. і быт. танец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІ́Д Д’АНЖЭ́ ((David d’Angers) Пьер Жан) (12.3.1788, г. Анжэ, Францыя — 5.1.1856),
французскі скульптар і медальер. З 1808 вучыўся ў Ж.Л.Давіда і Ф.Л.Ралана ў Парыжы, у 1811—16 — у Франц. акадэміі ў Рыме. Пад уздзеяннем А.Кановы ў творчасці ранняга перыяду адчуваецца ўплыў класіцызму, потым — рамантызму. Бронзавыя медалі (больш за 500, у т. л. «Напалеон», «Беранжэ», «Паганіні», «Жорж Санд», «Адам Міцкевіч», «А.Чартарыйскі») і партрэтныя бюсты («І.В.Гётэ», 1831) адметныя ўнутр. усхваляванасцю і яскравай індывідуальнасцю вобразаў; чаканнасць формаў спалучаецца з жывапіснай лепкай дэталей. Аўтар манум. скульптуры: статуя Л. дэ Кандэ ў Версалі (1816—27), рэльефы франтона Пантэона ў Парыжы (1830—37) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЗО́ ((Guizot) Франсуа П’ер Гіём) (4.10.1787, г. Нім, Францыя — 12.9.1874),
французскіпаліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1832), чл.Франц. акадэміі (1836). З 1812 праф. Сарбоны. Міністр унутр. спраў (1830), нар. Асветы (1832—36, 1836—37), замежных спраў (1840—48), прэм’ер-міністр (1847—48). З 1840 фактычна кіраваў усёй палітыкай Ліпеньскай манархіі. Як канстытуцыйны манархіст заснаваў кансерватыўную і парт. групоўку дактрынёраў, змагаўся з рэакц. рэжымам Карла X. Выступаў супраць сац. рэформаў і пашырэння выбарчага права. Аўтар твораў «Гісторыя Англійскай рэвалюцыі» (поўн. выд.т. 1—6, 1854—56), «Гісторыя цывілізацыі ў Еўропе» (1828), «Гісторыя цывілізацыі ў Францыі» (т. 1—5, 1829—32), мемуараў (т. 1—8, 1858—67) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЗЫ (Guise) дэ, французскі арыстакратычны род, адгалінаванне Латарынгскага герцагскага дома; у перыяд Рэлігійных войнаў 16 ст. ўзначальвалі католікаў. Заснавальнік роду — Клод (1496—1550), сын герцага Латарынгіі Рэнэ II, у 1506 натуралізаваўся ў Францыі, герцаг Гізы з 1528. Франсуа (1519—63), сын Клода, праславіўся абаронай Меца ад войск імператара Карла V (1552) і ўзяццем у англічан Кале (1558). Разам з братам Шарлем (1525—74), кардыналам Латарынгскім, фактычна кіраваў краінай пры Францыску II. Франсуа расправіўся з гугенотамі (1560), арганізаваў крывавую разню іх у Васі (1562). Генрых (1550—88), сын Франсуа, адзін з арганізатараў Варфаламееўскай ночы (1572), узначальваў Каталіцкую лігу 1576. Прэтэндаваў на каралеўскі трон. Забіты паводле загаду караля Генрыха III. З заканчэннем рэліг. войнаў род Гізаў заняпаў.