упарадкаванне і прывядзенне ў пэўную сістэму нарматыўных актаў, якое заключаецца ў іх удасканаленні, вызваленні ад устарэлых і супярэчных паміж сабой норм, стварэнні новых актаў, зборнікаў, збораў законаў. Мае на мэце забяспечыць узгадненне прававых норм, выключыць раздробненасць і мноства актаў, якія назапашваюцца ў працэсе праватворчасці, аблегчыць іх выкарыстанне ў практыцы прымянення закону, павысіць прававую культуру грамадзян. С.з. рэалізуецца ў формах кадыфікацыі заканадаўства і яго інкарпарацыі. Пад тэрмінам «С.з.» разумеецца таксама дзейнасць органаў улады, кіравання, юстыцыі, суда і пракуратуры па бягучым уліку дзеючых нарматыўных актаў. Усе дзеючыя заканад. акты Рэспублікі Беларусь падлягаюць уключэнню ў Звод законаў, які з’яўляецца афіц. выданнем і падтрымліваецца ў кантрольным стане. Падрыхтоўка і падтрыманне Зводу ў кантрольным стане ажыццяўляюцца Нац. цэнтрам законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДАВО́ДСТВА,
устаноўлены законам парадак узбуджэння, расследавання, судовага разгляду і вырашэння крымін., цывільных 1 адм. спраў. С. Рэспублікі Беларусь будуецца на дэмакр. прынцыпах: непасрэднасць, вуснасць і бесперапыннасць суд. разбору, галоснасць судаводства, нязменнасць складу суда (суддзі) пры суд. разборы, спаборнасць у форме суд. спрэчак, роўнасць правоў бакоў, забеспячэнне правоў абвінавачаных на абарону, вядзенне разбору на бел. або рус. мове (для тых, хто не валодае гэтымі мовамі, павінен быць прадастаўлены перакладчык). Адрозніваюць С. па цывільных і гасп. справах, што адбываецца непасрэдна ў адпаведных судах, і крымін. С., якое ўключае ў сябе не толькі суд. дзейнасць, але і парадак вядзення папярэдняга следства і дазнання. Працэсуальнае заканадаўства вызначае паўнамоцтвы судоў, органаў пракуратуры, папярэдняга следства і дазнання, рэгламентуе правы і абавязкі ўдзельнікаў працэсу. Гл. таксама Падследнасць, Падсуднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІДАРЫЯ́НСКІ ПЕРАВАРО́Т,
палітычны пераварот 27—28.7.1794 (паводле рэсп. календара 9—10 тэрмідора 2-га года рэспублікі) у Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99, у выніку якога скінута дыктатура групоўкі якабінцаў на чале з М.Рабеспёрам. Летам 1794 незадаволеныя палітыкай рабесп’ерыстаў (жорсткі тэрор, няздольнасць выйсці з эканам. крызісу і інш.) правыя і левыя дэпутаты Канвента пры кіруючай ролі прадстаўнікоў «новай» буржуазіі («правых тэрмідарыянцаў» Ж.Л.Тальена, П.Бараса і Ж.Фушэ) і падтрымцы астатніх дэпутатаў («балота») арганізавалі змову. 9 тэрмідора Рабесп’ер разам з прыхільнікамі (Л.Сен-Жуст, Ж.Кутон і інш.) арыштаваны Канвентам, але быў вызвалены нацыянальнай гвардыяй і падтрыманы Парыжскай камунай. У ноч на 10 тэрмідора ён зноў арыштаваны і раніцай разам з прыхільнікамі без суда пакараны смерцю (абезгалоўлены). Уся ўлада фармальна перайшла да Канвента, фактычна — да кіраўнікоў тэрмідарыянскай змовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́НЗЫ ВЫ́БАРЧЫЯ,
устаноўленыя канстытуцыямі дзяржаў або выбарчым законам умовы для атрымання або ажыццяўлення выбарчага права. Існуюць Ц.в.: узроставы, грамадзянства, пісьменства, маёмасны, адукац., аселасці, палавы, нац., расавы, службовы, моўны. Маёмасныя, палавыя, нац., расавыя, моўныя Ц.в. маюць дыскрымінацыйны характар і несумяшчальныя з дэмакр. прынцыпамі выбарчага права. Некаторыя Ц.в. самі не з’яўляюцца дыскрымінацыйнымі, але могуць быць выкарыстаны ў дыскрымінацыйных мэтах (напр., пры празмерным завышэнні цэнзу аселасці). На Беларусі грамадзяне карыстаюцца ўсеагульным, роўным і прамым выбарчым правам. Выключэнні; грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі; асобы, якія ўтрымліваюцца паводле прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волі; асобы, у адносінах да якіх у адпаведнасці з крымін.-працэсуальным заканадаўствам выбрана мера стрымання — утрыманне пад вартай. Ц.в. ўзроставы, грамадзянства, службовы дзейнічаюць у пэўных выпадках для асоб, якія выбіраюцца ў выбарныя дзярж. органы. Гл. таксама Пасіўнае выбарчае права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
судм.
1.род.суда́ суд;
Вярхо́ўны С. — Верхо́вный Суд;
с. ідзе́! — суд идёт!;
адда́ць пад с. — отда́ть под суд; преда́ть суду́;
быць пад судо́м — быть под судо́м;
2.род. су́ду (мнение, заключение) суд;
с. гісто́рыі — суд исто́рии;
◊ сваі́м судо́м — свое́й вла́стью;
паку́ль с. ды спра́ва — пока́ суд да де́ло;
чыні́ць с. і распра́ву — твори́ть суд и распра́ву;
на няма́ і су́ду няма́ — посл. на нет и суда́ нет
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
прыцягне́ннен. Heránziehen n -s, Heránziehung f -; Éinbeziehung f -;
прыцягне́нне спецыялі́стаў да пра́цы das Heránziehen von Fáchleuten zur Árbeit;
прыцягне́нне кліе́нтаўкамерц. Kúndenwerbung f -;
юрыд.прыцягне́нне да суда́ das geríchtliche Vórgehen;
прыцягне́нне да адка́знасці Verántwortlichmachen n -s
Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс)
БУРМІ́СТР (польск. bürmistrz ад ням. Bürgermeister),
выбарная асоба ў магістрат — адм. і судовы орган гар. самакіравання ў гарадах Беларусі, якія мелі магдэбургскае права ў 14—18 ст.Войт і прызначаныя ім выбаршчыкі (12—20 чал.) выбіралі на пасаду бурмістра гараджан з заможных гар. вярхоў (мяшчан). У 16 — 1-й пал. 17 ст. пабольшала роля сходу гараджан у працэдуры выбараў гар. рады і яе галавы. Сход прапаноўваў некалькі кандыдатур, з якіх войт зацвярджаў аднаго, часцей 2 бурмістры тэрмінам на 1 год. Пасля сканчэння паўнамоцтваў бурмістр рабіў справаздачу перад радай. З цягам часу ўстанавіўся прынцып справаздачы бурмістра на агульным сходзе гараджан. У абавязак бурмістра ўваходзіла загадванне гар. скарбам, старшынства на пасяджэннях бурмістраўска-радзецкага суда. У канцы 18 ст. царскі ўрад скасаваў на Беларусі магдэбургскае права, а бурмістр замяніў прызначаемы ўладай гарадскі галава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗА-КАРТУ́ЗСКІ КАНЦЭНТРАЦЫ́ЙНЫ ЛА́ГЕР,
месца зняволення паліт. вязняў у Польшчы ў 1934—39. Створаны паводле распараджэння прэзідэнта Польскай рэспублікі ад 17.6.1934 для ізаляцыі «левых элементаў» (камуністаў, рэвалюцыянераў і інш.). Размяшчаўся ў колішніх вайск. казармах мяст. Бяроза-Картузская Палескага ваяв. (г. Бяроза Брэсцкай вобл.). Людзей найчасцей знявольвалі без суда, на падставе даносаў мясц. адміністрацыі, часта на неабмежаваны тэрмін. Вызначаўся жорсткім рэжымам. У канцлагеры былі зняволены актыўныя дзеячы КПЗБ, КПЗУ і КПП, сярод іх А.І.Кароль, Ф.Р.Маркаў, укр. паэт А.Гаўрылюк. Тут закатаваны камуністы А.А.Мазырка, А.В.Германіскі, Ю.Нядзельскі і інш. У канцлагеры дзейнічала заканспіраваная камуніст.арг-цыя. Канцлагер ліквідаваны ў вер. 1939 з прыходам Чырв. Арміі на тэр.Зах. Беларусі. Паводле няпоўных звестак, за гады існавання праз лагер прайшло больш за 10 тыс. вязняў. Помнік вязням Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЯ́ЦІН Яўген Іванавіч (1.2.1884, г. Лебядзянь Ліпецкай вобл., Расія — 10.3.1937),
рускі пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі політэхн.ін-т (1908). У гратэскна-сатыр. аповесці «Павятовае» (1913) паказаў непрыгляднае правінцыяльнае жыццё. За антываен. накіраванасць аповесці «На кулічках» (1914) прыцягваўся да суда. Гал. твор — раман-антыутопія «Мы» [1920, апубл. на англ. (1924) і франц. (1929) мовах, на рус. мове — ў 1988]. У фантаст.-алегарычных казках-прытчах «Пячора» (1920), «Мамай» (1921), п’есе «Агні святога Дамініка» (1923), гіст. трагедыі «Атыла» (1928) праводзіў думку пра рэальную магчымасць дэградацыі чалавецтва да пячорнага стану. У 1931 эмігрыраваў, з 1932 жыў у Парыжы. Аўтар публіцыстычнага даследавання «Масква—Пецярбург» (1933), рамана «Біч Божы» (1938, незакончаны), кнігі артыкулаў і ўспамінаў пра сучаснікаў «Твары» (1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭ́ДА ДЖЭ́КА ПАЎСТА́ННЕ 1450—51,
узброенае выступленне сялян, рамеснікаў, часткі купцоў і дробных дваран супраць самавольства (у т. л. падатковага прыгнёту) улад Англіі. У ліку прычын паўстання была таксама незадаволенасць англічан паражэннямі краіны ў Стогадовай вайне 1337—1453 з Францыяй. Праходзіла пад лозунгамі зніжэння падаткаў, рэформы суда і адміністрацыі, адмены дыскрымінацыйнага «закону аб рабочых». Пачалося ў маі 1450 у раёне Грынвіча (графства Кент), у чэрв. ахапіла графствы Сусекс, Эсекс, Сурэй (каля 20 тыс. паўстанцаў). 18 чэрв. паўстанцы на чале з б. салдатам-ірландцам Джэкам (Джонам) Кэдам разбілі каралеўскія войскі каля Севенакса, 2 ліп. занялі Лондан. Аднак 5 ліп. скліканае заможнымі купцамі апалчэнне цэхаў пры падтрымцы гарнізона Таўэра выцесніла паўстанцаў з Лондана. 12 ліп. ў баі з урадавымі войскамі каля Льюіса (графства Сусекс) смяротна паранены Кэд; паўстанцаў узначаліў У.Пармінтэр (загінуў у пач. 1451). Асобныя паўстанцкія атрады супраціўляліся да 1454.