РАКУ́ШАЧНІК, ракушняк,
разнавіднасць вапняку, складзенага пераважна з ракавін марскіх жывёл і іх абломкаў. Утвараецца ў літаральнай і сублітаральнай зонах мораў і акіянаў. Паводле саставу падзяляецца на брахіяподавы, гастраподавы, нумулітавы і інш. Характарызуецца макрапорыстасцю (21—60%); аб’ёмная маса 1,1—2,24 г/см³; цеплаправоднасць 0,29—0,99 Вт/(м∙К); мяжа трываласці пры сцісканні 0,4—28 мН/м². Лёгка апрацоўваецца (распілоўваецца, абчэсваецца). Выкарыстоўваецца ў буд-ве (сценавы і дэкаратыўны матэрыял, пясок, друз, запаўняльнік для лёгкіх бетонаў), у вытв-сці вапны, цэменту, вапнавай мукі.
т. 13, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНА́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,
разнавіднасць піратэхнічных саставаў у патронах, факелах, ракетах і інш. для падачы ноччу і днём бачных на адлегласці сігналаў.
Бываюць агнявыя (гл. Асвятляльныя саставы) і дымавыя; складаюцца з акісляльніку, гаручага і дамешкаў, якія афарбоўваюць полымя ці ўтвараюць каляровы дым (солі натрыю — жоўты, барыю — зялёны, стронцыю — чырвоны і інш.). Гаручае, што забяспечвае большую яркасць полымя — магній. С.с. выкарыстоўваюцца ў піратэхн. боепрыпасах, у сігнальных вырабах мірнага прызначэння (на водным і чыг. транспарце), а таксама пры вырабе сродкаў для феерверкаў. Гл. таксама Піратэхніка.
т. 14, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУ́РНАЯ ІЗАМЕРЫ́Я,
тып ізамерыі, абумоўлены рознай хім. будовай малекул.
Асн. віды С.і.: ізамерыя вугляроднага шкілета, абумоўленая розным парадкам сувязі атамаў вугляроду ў малекуле, напр., бутаны — н-бутан CH3CH2CH2CH3 і ізабутан CH3CH(CH3)CH3; ізамерыя становішча, абумоўленая розным становішчам функцыян. груп або кратных сувязей у малекуле з аднолькавым вугляродным шкілетам, напр., 1-прапанол CH3CH2CH2OH і 2-прапанол CH3CH(OH)CH3. Разнавіднасць ізамерыі становішча — т.зв. ізамерыя ўзаемнага размяшчэння функцыян. груп ці кратных сувязей, напр., м-дыгідраксібензол (рэзарцын) і n-дыгідраксібензол (гідрахінон), амінакіслоты. Гл. таксама Таўтамерыя.
т. 15, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТРАПЯТУ́ХА»,
бел. нар. танец, разнавіднасць полькі. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. Выконваецца парамі, якія кружацца то ўправа, то ўлева вальсападобнай полькай з прытупам. Пасля выкрыку «крут» выканаўцы мяняюцца парамі — дзяўчына пераходзіць «пляцёнкай» да юнака, які стаіць побач. Партнёры кланяюцца адзін аднаму і падаюць руку. Пасля таго, як юнак перакруціць дзяўчыну, яны становяцца тварам адзін да аднаго і дробна патрэсваюць плячыма, рукамі і нагамі. Потым фігуры паўтараюцца. Танец суправаджаецца прыпеўкамі. Зафіксаваны ў Чэрвеньскім і Бярэзінскім р-нах.
Л.К.Алексютовіч.
т. 15, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАКАПІ́РАВАННЕ,
капіравальны працэс, заснаваны на метадах і сродках фатаграфіі. Бывае без змены і са зменай маштабу ўзноўленага відарыса.
Праводзіцца па звычайнай фатагр. тэхналогіі (для атрымання высакаякасных фотакопій з тонавых і каляровых арыгіналаў і вырабу афсетных друкарскіх форм), а таксама са спрошчаным тэхнал. цыклам (для атрымання фотакопій тэкстаў, табліц, чарцяжоў і інш. з 1- і 2-баковых непразрыстых арыгіналаў) — тэхн. Ф. Для Ф. выкарыстоўваюць фатаграфічныя і фотакапіравальныя апараты, капіравальныя станкі і інш. (гл. Капіравальна-размнажальная тэхніка). Разнавіднасць Ф. — мікрафільмаванне. Замяняецца больш дасканалымі спосабамі святлокапіравання.
т. 16, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫ ЗАХО́П,
працэс, пры якім ядро спантанна захоплівае электрон з якой-н. унутранай абалонкі атама; разнавіднасць бэта-распаду ядраў. Абумоўлены слабымі ўзаемадзеяннямі.
У кожным акце Э.з. 1 пратон ядра пераўтвараецца ў нейтрон з адначасовым выпрамяненнем электроннага нейтрына. Працэс суправаджаецца вылучэннем аднаго ці больш квантаў характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення, утворанага пры запаўненні вакансій у электроннай абалонцы атама. Некаторыя нукліды (напр., жалеза-55, кадмій-109), дзе назіраецца Э.з., выкарыстоўваюцца як крыніцы монахраматычнага рэнтгенаўскага выпрамянення ў даследаваннях у біямедыцыне. матэрыялазнаўстве, дэфектаскапіі і інш.
т. 18, кн. 1, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сорт
(фр. sorte, ад лац. sors, -rtis = частка, разнавіднасць)
1) тое, што і гатунак 1;
2) разнавіднасць якой-н. культурнай расліны, якая адрозніваецца ад іншых раслін гэтага ж віду каштоўнымі якасцямі (напр. высокаўраджайны с. пшаніцы).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
гату́нак, ‑нку. м.
Разрад, катэгорыя якога‑н. тавару па якасці, расцэнцы і пад.; сорт. Мука першага гатунку. Чай вышэйшага гатунку. □ У.. [Алтара] ёсць дарагое сукно лепшага гатунку, тоненькае, як шоўк. Чарнышэвіч. // Разнавіднасць якога‑н. тавару. Цукеркі розных гатункаў. □ Стол, як ёсць, быў завален пірагамі, бабкамі, мясам розных гатункаў і рознага прыгатавання. Колас.
[Польск. gatunek з ням.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
канфе́сія
(лац. confessio)
разнавіднасць якога-н. веравучэння ў спалучэнні з уласцівай яму абраднасцю; веравызнанне.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
парты́та
(іт. partita)
1) разнавіднасць арганных варыяцый на харальную мелодыю ў музыцы 17—18 ст. (гл. харал);
2) разнавіднасць сюіты ў сучаснай музыцы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)