пара́да, ‑ы, ДМ ‑радзе, ж.

1. Прапанова як дзейнічаць, рада. Людзі з суседніх вёсак часамі ішлі да .. [настаўніка] за нарадай, чым вывесці вусень .. або якія гатункі садавіны лепей да чаго прышчэпліваць. Васілевіч. — Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэліш! — дапамагаў Міколка сваімі парадамі. Лынькоў.

2. Сумеснае абмеркаванне чаго‑н., кароткая нарада. Ідучы дружнаю параю, [а. Мадэст і Нішкевіч] часамі прыпыняліся на вуліцы і рабілі кароткую параду, куды зайсці? Колас. І тады пастух Арцём аратых Склікаў разам для парады. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прада́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да продажу (у 1 знач.). Прадажная цана.

2. Прызначаны для продажу. — А браток, а галубок, прадай нам свайго звярка! — Не, — кажа падарожны, — звярок гэты не прадажны. Якімовіч.

3. Такі, які прадае сябе і свае пачуцці за грошы. У Парыжы.. [пан] захапляўся рэстаранамі і сувязямі з прадажнымі жанчынамі. Казека.

4. Такі, якога можна падкупіць, здольны за грошы да ганебных учынкаў. Не! Не кароткая ў людзей савецкіх памяць, Каб так вітаць прадажны зброд! Маеўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАГІЛЁЎСКАЯ ДРУКА́РНЯ, Магілёўская кансісторская друкарня,

Магілёўская прыдворная друкарня. Існавала ў 1774—1844 у Магілёве. Засн. біскупам С.І.Богушам-Сестранцэвічам пры рымска-каталіцкай кансісторыі. Напачатку размяшчалася ў Магілёўскім касцёле кармелітаў, потым у прыгарадным палацы Богуша-Сестранцэвіча ў Пячэрску. У 1776 М.д. атрымала дазвол на выданне кніг на рус. мове, што паклала пачатак кнігадрукаванню грамадзянскім шрыфтам на Беларусі. Паводле ўказа Кацярыны II 1780 друкарня была абавязана публікаваць афіц. матэрыялы, т.ч. яна выконвала функцыі губ. друкарні да адкрыцця ў 1833 Магілёўскай губернскай друкарні. Вядома больш за 60 назваў выданняў М.д., у т. л. 43 на польск., 12 на лац., 8 на рус., па 1 на ням. і франц. мовах. Сярод іх: «Кароткая французская граматыка» (1784, 1796); даведачная л-ра — «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783» (1782), «Беларускія календары» (1784—95), «Дырэкторыумы» (царк. календары, якія змяшчалі спісы парафій і духавенства Магілёўскай рымска-каталіцкай епархіі за 1807—44); афіц. выданні — «Трактат Вечнага міру і сяброўства» (1792), «Установы для кіравання губерняй» (1774, 1777, 1795); навук. працы — «Аб Заходняй Русі» (1793) і «Аб паходжанні сарматаў і славян» (1810) Богуша-Сестранцэвіча, трактат «Тры кнігі аб паэтычным мастацтве» (1786) Ф.​Пракаповіча; маст. творы — трагедыя «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783) Богуша-Сестранцэвіча, яго вершы і прамовы, «Вандроўны турак» (1789, польскі пераклад «Гісторыі Сіндбада-Марахода»).

Літ.:

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.

І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́Н (Racine) Жан (21.12.1639, г. Ла-Фертэ-Мілон, Францыя — 21.4.1699),

французскі паэт і драматург, прадстаўнік класіцызму. Чл. Франц. акадэміі (з 1673). Вучыўся ў янсенісцкіх школах і калежах (1649—59). З 1677 каралеўскі гістарыёграф. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (ода «Німфа Сены», 1660). Зблізіўся з Ж.Лафантэнам, Мальерам, Н.Буало. Раннія трагедыі «Фіваіда, або Браты-ворагі» (1664), «Аляксандр Вялікі» (паст. 1665, выд. 1666) напісаны пад уплывам П.Карнеля. У вершаваных драмах «Андрамаха» (паст. 1667, выд. 1668), «Брытанік» (паст. 1669, выд. 1670), «Берэніка» (паст. 1670, выд. 1671), «Баязет» (1672), «Мітрыдат» (1673), «Іфігенія ў Аўлідзе» (паст. 1674, выд. 1675), «Федра» (1677) складаны і шматбаковы ўнутр. свет чалавека, праблемы маральнага выбару, барацьба герояў з самімі сабой у вострых калізіях супярэчнасці паміж пачуццём і абавязкам, розумам і страсцю. У позніх трагедыях на біблейскія сюжэты «Эсфір» (1689) і «Гафалія» (паст. 1690, выд. 1691) праблемы адносін жорсткага тырана і падуладнага яму народа, які належыць да інш. веравызнання і імкнецца адстаяць сваю веру. Аўтар камедыі «Суцягі» (паст. 1668, выд. 1669), зб. «Духоўныя песні» (1694), кн. «Кароткая гісторыя Пор-Раяля» (выд. 1742) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—2. М., 1984.

Літ.:

Обломиевский Д. Расин // Обломиевский Д. Французский классицизм. М., 1968;

Мориак Ф. Жизнь Жана Расина;

Нерваль Ж. де. Исповедь Никола: Пер. с фр. М., 1988;

Кадышев В.С. Расин. М., 1990.

Г.​В.​Сініла.

Ж.Расін.

т. 13, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ ПРА́ЎДА,

помнік стараж. права часоў Кіеўскай Русі і феад. раздробленасці. Вядома больш за 100 яе спісаў, якія зберагліся ў летапісных і інш. зб-ках 13—17 ст. Тэксты Р.П. падзяляюцца на 3 рэдакцыі — Кароткую, Падрабязную і Скарочаную. Кароткая праўда (11 ст.) складаецца з Праўды Яраслава і Праўды Яраславічаў. Ў 1-ю ўключаны нормы звычаёвага права 9—10 ст., дзе яшчэ захавалася роўная адказнасць за злачынствы супраць усіх вольных людзей; у 2-й выкладзены нормы права 11 ст., у якіх адлюстроўвалася класавае расслаенне грамадства, правы і прывілеі феадалаў, вызначалася, што мера пакарання залежыць ад сац. становішча пацярпелага. У Падрабязную праўду ўвайшлі перапрацаваныя нормы Кароткай і некат. законы і суд. пастановы 12—13 ст. Яна рэгулявала праваадносіны развітога феад. грамадства, вызначала прывілеі пануючага класа, абмяжоўвала правы залежных катэгорый насельніцтва, адлюстроўвала паступовае заняволенне закупаў і смердаў, замацоўвала бяспраўнае становішча халопаў; змяшчала шмат норм крымінальнага, цывільнага і працэсуальнага права. Скарочаная праўда перапрацавана з аднаго са спісаў Падрабязнай у 15 ст. для патрэб Маскоўскай дзяржавы, шырокага ўжытку не мела. Р.П. зрабіла значны ўплыў на развіццё рас., укр., бел. і літ. права (Судзебнік 1468).

Публ.:

Правда Русская. Т. 1—3. М.; Л., 1940—63.

Літ.:

Тихомиров М.Н. Исследование о «Русской Правде»: Происхождение текстов. М.; Л., 1941;

Яго ж. Пособие для изучения Русской Правды. М., 1953.

І.​А.​Юхо.

т. 13, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙ (Rej) Мікалай (4.2.1505, мяст. Жураўна каля г. Галіч, Украіна — паміж 8.9. і 4.10.1569),

польскі пісьменнік, першы з вядучых прадстаўнікоў рэнесансавай л-ры ў Польшчы. Вучыўся ў Скальбмежы, Львове, Кракаўскім ун-це (1517—19). Служыў сакратаром пры двары ваяводы А.​Тэнчынскага (1525—30), дзе пазнаёміўся з ідэямі Рэфармацыі і стаў кальвіністам. Асеў на вёсцы, але актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, выступаў на сеймах 1540—42, 1558—59, 1569. Большасць твораў напісаў на ўзор сучаснай яму замежнай л-ры, але запазычаную форму насычаў актуальным польскім зместам. Першы з буйных твораў Р. — сатыр. дыялог «Кароткая гутарка паміж трыма асобамі: Панам, Войтам і Плябанам» (1543) — звязаны з праграмай паліт. шляхецкага руху «Экзекуцыя» за ўраўнаванне шляхты ў правах з магнатамі. Пратэстанцкія перакананні Р., антыкаталіцкія і антыцаркоўныя матывы ў драме «Купец» (1549), зб. пропаведзей «Пастыла» (1557). Спробы адлюстраваць вобраз ідэальнага чалавека — у вял. (10 тыс. вершаў) дыдактычна-алегарычнай паэме «Сапраўдны паказ жыцця пачцівага чалавека» (1558) і празаічнай кнізе «Зярцала» (1568). Гэта ідэал не толькі добрага сем’яніна, ветлівага гаспадара, але і шляхціца-грамадзяніна. Аўтар зб-каў сатыр. эпіграм «Звярынец» і жартоўных вершаў, анекдотаў, баек «Забаўныя гісторыі» (абодва 1562). Мова яго твораў жывая, багатая, крыху грубаватая, блізкая да народнай.

Тв.:

Pisma wierszem. Wroclaw, 1954;

Wybór pism. 2 wyd. Warszawa. 1979.

Літ.:

Witczak T. Studia nad twórczością Mikołaja Reja. Poznań, 1975;

Podgórska T. Komizm w twórczości Micołaja Reja. Wrocław, 1981.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 13, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вато́ўка ’ватнік, ватоўка’ (БРС); ’адзежына на ваце’ (Бяльк., Нас., Касп.); ’кароткая вопратка на ваце’ (Жд., Шат.); ’верхняя жаночая вопратка кароткага памеру з купленага матэрыялу’ (Інстр. I, 76). Рус. дыял. (смал.; у рус. гаворках Літвы; гл. СРНГ) вато́вка. Зыходзячы з геаграфіі, рус. слова ўзята з бел. У бел. мове або ўтварэнне ад вато́вы ’з ваты’ (гл. БРС), або прамое запазычанне з польск. watówka ’тс’. Гэту апошнюю версію падтрымлівае і тое, што націск прыметніка вато́вы дакладна адпавядае польскаму watowy. Гл. Кюнэ, Poln., 113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пасярэ́браны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пасерабрыць.

2. у знач. прым. Пакрыты тонкім слоем серабра. Моўчкі [Віцінг] прайшоў у куток да шафы, адчыніў дзверцы, дастаў чорную пляшку і дзве пасярэбраныя чаркі. Асіпенка.

3. перан.; у знач. прым. Серабрысты, сівы. Твар худы, а густая кароткая пасярэбраная барада і глыбока схаваныя вочы робяць [бацьку] яшчэ худзейшым. Галавач. Галава [гаспадара] з шырокім ілбом акаймавана з бакоў і ззаду кучаравымі пасярэбранымі валасамі. В. Вольскі. Увайшоў Готфрыд Габер, з пасярэбранымі скронямі, прыгожы, з пранізлівымі вачыма. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэві́з

(фр. devise)

1) кароткая фраза, у якой выражаецца кіроўная ідэя паводзін або дзейнасці (напр. наш д. — клопат аб чалавеку);

2) слова або выраз, якія аўтар ставіць на творы замест свайго імя на закрытым конкурсе.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

КО́НЕВЫЯ (Equidae), коні,

сямейства няпарнакапытных млекакормячых. Вядомы з эацэну Паўн. Амерыкі. Эвалюцыя К. вывучана У.А.Кавалеўскім. З падсям., 20 родаў. Сучасны 1 род (Equus), 8 відаў дзікіх К.: асёл, зебры (бурчэлава, горная, Грэві), квага, конь Пржавальскага, кулан (анагр), тарпан. Квага і тарпан знішчаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. К. пашыраны ў Азіі і Афрыцы (у Еўропе знішчаны да канца 19 ст.). Жывуць у стэпах, саваннах, пустынях і паўпустынях, на пласкагор’ях. Трымаюцца невял. табунамі. 5 відаў і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі на тэр. Гродзенскага, Калінкавіцкага, Касцюковіцкага, Крычаўскага, Лельчыцкага, Чачэрскага р-наў, гарадоў Мінск, Смаргонь, Чэрыкаў знойдзены рэшткі 3 выкапнёвых відаў К.: каня выкапнёвага (E. caballus), каня Стэнана (E. stenonis) і каня хазарскага (E. chosaricus). Знешне нагадвалі сучасных К., але драбнейшыя памерамі. Па іх рэштках вызначаюць узрост геал. адкладаў.

Даўж. цела дзікіх К. 200—280 см, хваста 40—60 см, выш. ў карку 110—146 см, маса 120—350 кг. Колер аднатонны, жоўта-шэры або светла-шэры з чорнымі палосамі (зебры). Склад цела лёгкі і стройны. Ногі высокія і тонкія, заканчваюцца найб. развітым 3-м пальцам (капыт), 2-і і 4-ы рудыментарныя («грыфельныя» костачкі). Валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. На шыі кароткая прамастаячая грыва з падоўжаных валасоў. Здольныя да працяглага і хуткага бегу (50—60 км/гадз, кулан — да 75 км/гадз). Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1, зрэдку 2 жарабят. Гл. таксама Гіпарыён, Конегадоўля, Коні свойскія.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)