НЕЙТРЫ́НА (італьян. neutrino памяншальнае ад neutrone нейтрон),

незараджаная элементарная часціца з групы лептонаў. Мае спін ​1/2 і масу, намнога меншую за масу электрона. Па стат. уласцівасцях адносіцца да ферміёнаў. Удзельнічае ў слабых і гравітацыйных узаемадзеяннях (гл. Узаемадзеянні элементарных часціц, з-за вельмі малой масы слаба ўзаемадзейнічае з рэчывам, характарызуецца вял. пранікальнай здольнасцю, напр., свабодна праходзіць праз Зямлю і Сонца.

Вядома 3 тыпы Н.: электроннае Н. νe, мюоннае Н. νµ, таоннае Н. ντ і адпаведныя ім антычасціцы ν—e, ν—µ, ν—τ (звесткі аб ντ і ν—τ ускосныя і магчыма, што ντ ≡ ν—τ ). Кожны з тыпаў Н. пры ўзаемадзеянні з інш. часціцамі можа пераўтварыцца ў адпаведны зараджаны лептон, а калі масы спакою Н. адрозныя ад 0 і лептонныя зарады не захоўваюцца, магчымы асцыляцыі Н. — пераўтварэнні аднаго тыпу Н. ў другі (прапанавана Б.М.Пантэкорва ў 1957). Існаванне электроннага Н. прадказана В.Паўлі (1930—33) на падставе законаў захавання энергіі і імпульсу ў рэакцыях β-распаду, эксперыментальна ν—e зарэгістравана амер. фізікамі Ф.​Райнесам і К.​Коўэнам у 1953—56. Выпрамяняюцца Н. пры пераўтварэннях атамных ядраў (β-распадзе, захопе электронаў і мюонаў), распадах элементарных часціц і інш. Працэсы, якія вядуць да ўтварэння Н., адбываюцца ў рэчыве Зямлі і яе атмасферы за кошт касм. выпрамянення, у нетрах Сонца, зорак і інш. (гл. Нейтрынная астраномія, Нейтрынная астрафізіка). Штучна Н. атрымліваюць з дапамогай магутных ядз. выпрамяняльнікаў, ядз. рэактараў, паскаральнікаў зараджаных часціц.

Літ.:

Марков М.А. Нейтрино. М., 1964;

Понтекорво Б.М. Нейтрино. М., 1966;

Рекало М.П. Нейтрино. Киев, 1986.

С.​Сацункевіч.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁАСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які вывучае нябесныя целы па іх радыёвыпрамяненні. Узнікненне Р. звязана з адкрыццём радыёвыпрамянення нашай Галактыкі на хвалі 14,7 м (1931, амер. радыёінж. К.​Янскі). Паводле аб’ектаў даследавання Р. падзяляюць на галактычную (вывучае аб’екты нашай Галактыкі) і пазагалактычную. Аб’ектамі даследавання з’яўляюцца Сонца (гл. Радыёвыпрамяненне Сонца), міжпланетнае асяроддзе, міжзорнае асяроддзе. Метадамі Р. адкрыты новыя віды крыніц касм. эл.-магн. выпрамянення: у нашай Галактыцы — рэшткі звышновых зорак (напр., Крабападобная туманнасць), пульсары, вобласці вадароду HII і інш., пазагалактычныя — радыёгалактыкі, квазары, а таксама рэліктавае выпрамяненне.

Касм. радыёвыпрамяненне даследуюць пры дапамозе радыётэлескопаў, высокая адчувальнасць і раздзяляльная здольнасць якіх перавышаюць магчымасці аптычных тэлескопаў. На аснове буйных радыётэлескопаў створана глабальная радыёінтэрферэнцыйная сетка (раздзяленне вышэй за 0,001"). Дыяпазон наземных радыёастр. назіранняў вызначаецца празрыстасцю зямной атмасферы (даўж. хваль ад 1 мм да 30 м); для радыётэлескопаў на ШСЗ гэты дыяпазон значна шырэйшы. Вымяральнай велічынёй у Р. з’яўляецца прырашчэнне колькасці выпрамянення пры навядзенні радыётэлескопа на аб’ект. Радыёвыпрамяненне касм. аб’ектаў вызначаецца механізмам выпрамянення, умовамі генерацыі і распаўсюджвання радыёхваль, энергіяй выпраменьвальных часціц і магн. поля. Неперарыўнае выпрамяненне касм. крыніц абумоўлена сінхратронным і цеплавым механізмам (гл. Сінхратроннае выпрамяненне, Цеплавое выпрамяненне), выпрамяненне ў вузкіх лініях — пераходамі паміж узроўнямі энергіі атамаў і малекул. Устаноўлена, што працяглыя кампаненты крыніц радыёвыпрамянення, звязанага з радыёгалактыкамі, — гэта намагнічаныя воблакі разрэджанага газу, напоўненыя касмічнымі прамянямі. Р. мае практычнае дастасаванне ў навігацыі, пасіўнай лакацыі, антэннай тэхніцы і інш. Гл. таксама Радыёлакацыйная астраномія.

Літ.:

Галактическая и внегалактическая радиоастрономия: Пер. с англ. М., 1976;

Матвеенко Л.И. Радиоастрономия. М., 1977 (Астрономия. Т. 13);

Апушкинский Г.П. Методы радиоастрономии. Л., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады і прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца для раскладання эл.-магн. выпрамяненняў (ваганняў) у спектр, яго рэгістрацыі і даследавання, а таксама для правядзення спектральнага аналізу.

С.п. бываюць: залежна ад дыспергавальнага элемента — прызмавыя і з дыфракцыйнай рашоткай; ад віду аптычнай сістэмы — лінзавыя і люстраныя; ад рабочай часткі спектра — для ультрафіялетавага выпрамянення, бачнага (святла) і інфрачырвонага выпрамянення; ад спосабу рэгістрацыі спектра — з візуальнай (спектраскопы), фатаграфічнай (спектрографы) і фотаэл. (спектрометры, спектрафатометры) рэгістрацыяй. С.п. ў радыёспектраскапіі (радыёспектраскопы) працуюць з радыёвыпрамяненнем у галіне міліметровых і сантыметровых хваль. С.п. з выхадной шчылінай, якая вылучае вузкі спектральны інтэрвал, наз. монахраматарамі. Аптычныя С.п. характарызуюцца: вуглавой і лінейнай дысперсіяй (вызначаюць памеры спектра); раздзяляльнай здольнасцю (вызначае найменшую адлегласць паміж 2 спектральнымі лініямі, якія ўспрымаюцца раздзельна), святласілай (характарызуе долю светлавой энергіі, якая даходзіць да прыёмніка выпрамянення). Найб. раздзяляльная здольнасць у інтэрферэнцыйных С.п. (эталон Фабры-Перо, пласцінка Люмера-Герке, эталон Майкельсана і інш.); з-за невялікай вобласці дысперсіі яны выкарыстоўваюцца звычайна ў спалучэнні з прызмавымі і дыфракцыйнымі монахраматарамі. С.п. выкарыстоўваюцца для вывучэння будовы рэчыва, вызначэння спектральных характарыстык выпраменьвальнікаў і аб’ектаў, якія ўзаемадзейнічаюць з выпрамяненнем, даследавання спектраў свячэння зорак, дыстанцыйнай дыягностыкі аб’ектаў навакольнага асяроддзя і інш.

Літ.:

Тарасов К.И. Спектральные приборы. 2 изд. Л., 1977;

Зайдель А.Н., Островская Г.В., Островский Ю.И. Техника и практика спектроскопии. 2 изд. М., 1976;

Нагибина И.М., Михайловский Ю.К. Фотографические и фотоэлектрические спектральные приборы и техника эмиссионной спектроскопии. Л., 1981;

Скоков И.В. Оптические спектральные приборы. М., 1984.

П.​А.​Апанасевіч.

Блок-схема аднаканальнай спектральнай прылады: К — крыніца выпрамянення; М — мадулятар аптычны; Ф — фільтр сканіруючы (монахраматар); П — прыёмнік выпрамянення фотаэлектрычны; У — узмацняльнік сігналаў; Р — рэгістратар; БК — блок кіравання.

т. 15, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ЧАЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Зах. Палессі. Быў пашыраны ў ваколіцах г.п. Дамачава, паўд.-зах. частцы Брэсцкага і Маларыцкага р-наў (уздоўж р. Буг), на тэр. Польшчы (ваколіцы г. Уладава) і ў паўн.-зах. раёнах Валынскай вобл. Украіны.

Жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы-рабака, фартуха, гарсэта, галаўнога ўбору. Кашуля мела шырокі адкладны каўнер, вышыты па краях. Аздаблялася малінавым з украпаннямі чорнага арнаментам гладкіх і пункцірных палос на плечавой устаўцы, верхняй і ніжняй частцы рукава. Ніжні ўзорысты шляк рукава дамінаваў над верхнімі палосамі арнаментам зорак, крыжыкаў, зігзагаў і інш. Спадніца і фартух (1-полкавы) шыліся з аднолькавай па якасці і каларыстычна-арнаментальным вырашэнні даматканай паўшарсцяной ці льняной тканіны, прасаваліся ў буйныя складкі. Усё поле спадніцы запаўнялі чырвоныя, зялёныя, белыя, блакітныя, чорныя падоўжныя ці папярочныя палосы. Неад’емнай часткай касцюма дзяцей, дзяўчат і падлеткаў быў гарсэт (гарсэт-безрукаўка і гарсэт з рукавамі — кабат). Жаночыя гарсэты шылі з блакітнай тонкай шэрсці фабрычнага вырабу, спераду багата аздаблялі рознакаляровымі тасёмкамі, стужкамі, гузікамі, дэкар. строчкай. Прасцей былі гарсэты з валенага (лямцаванага) даматканага сукна цёмна-карычневага колеру. Галаўным уборам замужніх жанчын быў чырвоны каптур (з бакавымі вушкамі і зубцом над ілбом), бачны край якога аздабляўся карункамі, залацістай тасьмой. Паверх каптура накладалі згорнутую ў валік накрухмаленую пярэстую крамную хустку. Мужчыны насілі белую кашулю з стаяча-адкладным каўняром, падперазаную вузкім тканым поясам, карычнева-шэрыя нагавіцы і гарсэт з рукавамі ці без рукавоў (аздабляўся вітым і плеценым коскай рознакаляровым шнурам і тасьмой). На галаву надзявалі саламяныя капелюшы з чорнай стужкай.

М.​Ф.​Раманюк.

Дамачаўскі строй. Святочныя ўборы дзяўчат і маладых жанчын. 1910-я г. Вёска Чэрск Брэсцкага раёна.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРФЕРО́МЕТР [ад лац. inter паміж + ferens (ferentis) які нясе, пераносіць + ... метр],

вымяральная прылада, дзеянне якой заснавана на інтэрферэнцыі хваль. Існуюць аптычныя і радыёінтэрферометры для эл.-магн. хваль і акустычныя І. для гукавых.

У аптычных I. (найб. пашыраны) зыходны пучок святла раздзяляецца на 2 ці больш узаемна кагерэнтных (гл. Кагерэнтнасць) прамянёў, якія праходзяць розныя аптычныя шляхі, а потым зводзяцца разам і ствараюць інтэрферэнцыйную карціну. Аналіз яе дае неабходную інфармацыю. Шматпрамянёвыя І. выкарыстоўваюцца ў асн. як спектрометры, двухпрамянёвыя — як тэхн. прылады. Імі вымяраюць даўжыні хваль спектральных ліній, паказчыкі пераламлення празрыстых асяроддзяў, памеры і перамяшчэнні цел, вуглавыя памеры зорак, кантралююць форму, мікрарэльеф і дэфармацыю паверхняў аптычных дэталей, чысціню метал. паверхні і інш. У лазерных І. у параўнанні са звычайнымі аптычнымі дасягаецца павышаная дакладнасць вымярэння адлегласцей, скарасцей руху, розных фіз. характарыстык аб’ектаў, высокаскарасных працэсаў і з’яў. Ёсць таксама валаконна-аптычныя і галаграфічныя І. Акустычнымі I. вызначаюць скорасці распаўсюджвання гуку ў розных асяроддзях, адлегласці да выпраменьвальнікаў гуку, напрамкі прыходу хваль (напр., пры гідралакацыі) і інш. У залежнасці ад вугла паміж напрамкам на крыніцу гуку і нармаллю да базы І. зменьваецца рознасць фаз сігналаў, што прымаюцца 2 акустычнымі прыёмнікамі, і магутнасць сумарнага сігналу, па якіх ацэньваюць гэты вугал і інш. характарыстыкі крыніцы выпрамянення. Радыёінтэрферометры паводле прынцыпу дзеяння падобныя на акустычныя і найчасцей выкарыстоўваюцца для астр. назіранняў. Базы іх бываюць вельмі значныя (напр., пры антэнах, размешчаных на процілеглых баках Зямлі). Сігналы ад касм. крыніцы радыёвыпрамянення, прынятыя антэнамі, перадаюцца па лініях сувязі на агульны аналізатар, з дапамогай якога вызначаюць вуглавое становішча і памеры крыніцы, размеркаванне яе радыёяркасці.

Літ.:

Коломийцов Ю.В. Интерферометры Л., 1976;

Тарасов К.И. Спектральные приборы. 2 изд. Л., 1977;

Колесников А.Е. Ультразвуковые измерения. 2 изд. М., 1982.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць нябесных цел, якія рухаюцца ў вобласці пераважнага ўздзеяння гравітацыйнага поля Сонца. Складаецца з цэнтр. цела — Сонца, 9 вял. планет (Меркурый, Венера, Зямля, Марс, Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун, Плутон), больш за 60 спадарожнікаў планет, мноства малых планет (астэроідаў), камет, метэорных патокаў, міжпланетнага пылу і газу і інш. Больш за 99% масы С.с. складае маса Сонца.

С.с. знаходзіцца паблізу цэнтр. плоскасці Галактыкі на адлегласці каля 10 кпк ад яе цэнтра, лінейная скорасць вярчэння С.с. вакол яго 250—300 км/с. Разам з Сонцам рухаецца адносна бліжэйшых зорак у напрамку да сузор’я Геркулес са скорасцю 20 км/с. Вял. планеты рухаюцца вакол Сонца ў напрамку восевага вярчэння Сонца па эліптычных арбітах, у адным з фокусаў якіх знаходзіцца Сонца (самая выцягнутая арбіта ў Плутона, найб. блізкія да кругавых арбіты Венеры і Нептуна); плоскасці арбіт мала нахілены адна да адной і да сонечнага экватара. Планеты-гіганты маюць кольцы; у 7 планет ёсць спадарожнікі. Малыя планеты таксама абарачаюцца вакол Сонца ў тым жа напрамку; іх арбіты значна выцягнутыя і нахіленыя да плоскасці экліптыкі. Паміж арбітамі Марса і Юпітэра ёсць пояс астэроідаў, у які ўваходзяць тысячы малых планет; за арбітай Нептуна існуе астэроідны пояс Койпера, які складаецца з мноства малых ледзяных планет, падобных да Плутона. Некалькі мільярдаў камет складаюць сферычнае каметнае воблака Аорта (каля 50 тыс. а.а. ад Сонца). С.с. знаходзіцца ў магн. полі Сонца. Яе пранізвае сонечны вецер. Паходжанне і развіццё С.с. вывучае планетная касмагонія.

Літ.:

Солнечная система: Пер. с англ. М., 1978;

Альвен Х., Аррениус Г. Эволюция солнечной системы: Пер. с англ. М., 1979;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Сонечная сістэма.

т. 15, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАГА ПРЫЦЯГНЕ́ННЯ ЗАКО́Н, Ньютана закон прыцягнення,

закон прыцягнення ў класічнай механіцы. Паводле С.п.з. кожныя матэрыяльныя целы з масамі m1 і m2 прыцягваюцца ў напрамку адно да аднаго з сілай F→(r), модуль якой прама прапарцыянальны здабытку іх мас і адваротна прапарцыянальны квадрату адлегласці r паміж целамі: F = Gm1m2/r​2, дзе G — гравітацыйная пастаянная. Адкрыты І.Ньютанам у 1665—66 на аснове аналізу Кеплера законаў (апублікаваны ў 1687).

С.п.з. апісвае гравітацыйнае ўзаемадзеянне ў выпадку слабых палёў прыцягнення і малых скарасцей руху ўзаемадзейных цел. Справядлівы для цел адвольнай формы, лінейныя памеры якіх значна меншыя за адлегласць паміж імі, а таксама для шаравых цел з аднародным ці канцэнтрычным размеркаваннем шчыльнасці мас унутры цела. Сіла F→(r) з’яўляецца патэнцыяльнай сілай, таму гравітацыйнае поле апісваецца скалярным патэнцыялам φ(r), які задавальняе Пуасона ўраўненне і пры цэнтральна-сіметрычным размеркаванні рэчыва роўны φ = −GM/r, дзе M — поўная маса крыніцы поля. Паколькі сіла прыцягнення, што дзейнічае на пробнае цела, прапарцыянальная яго масе, то набытае целам паскарэнне залежыць толькі ад гравітацыйнага патэнцыялу: g→ (r) = −gradφ . С.п.з. пацверджаны астр. назіраннямі за рухам цел Сонечнай сістэмы, падвойных зорак, прадказаннем планеты Нептун. Мяркуюць, што ў касм. маштабах ён выконваецца да r ~ 10​20 м. На малых адлегласцях праверка С.п.з. ўпершыню праведзена Г.Кавендышам у 1798. Паводле сучасных эксперым. даных (2001), С.п.з. выконваецца да r ~ 2∙10​−4 м. На яго аснове тлумачацца марскія прылівы і адлівы, вызначаюцца рух, будова і эвалюцыя нябесных цел, іх масы і фігуры.

Літ.:

Сретенский Л.Н. Теория ньютоновского потенциала. М.; Л., 1946;

Дубошин Г.Н. Теория притяжения. М., 1961;

Богородский А.Ф. Всемирное тяготение. Киев, 1971;

Экспериментальные тесты теории гравитации. М., 1989.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 15, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБЕ́СНАЯ МЕХА́НІКА,

раздзел астраноміі, які вывучае рух цел Сонечнай сістэмы ў іх агульным гравітацыйным полі. У шэрагу выпадкаў (у тэорыі руху камет, ШСЗ і інш.), акрамя гравітацыйных сіл, улічваюцца рэактыўныя сілы, ціск выпрамянення, супраціўленне асяроддзя, змена масы і інш. фактары. Задачы Н.м.: вывучэнне агульных пытанняў руху нябесных цел і канкрэтных аб’ектаў (планет, ШСЗ і інш.); вылічэнне значэнняў астр. пастаянных, састаўленне эфемерыд і інш. Рух штучных нябесных цел вывучае раздзел Н.м. — астрадынаміка. Н.м. з’яўляецца вынікам дастасавання законаў класічнай механікі да руху нябесных цел. Тэарэт. асновы сучаснай Н.м. закладзены І.Ньютанам. Значны ўклад у развіццё Н.м. зрабілі Ж.Л.Лагранж, П.С.Лаплас, У.Ж.Ж.Левер’е, С.Ньюкам і інш. Адно з дасягненняў Н.м. — адкрыццё планеты Нептун, існаванне якой разлічана па адхіленнях руху планеты Уран.

Асн. задача Н.м. — вызначэнне каардынат планет як функцый часу. Пры вял. адлегласцях паміж Сонцам і планетамі іх можна лічыць матэрыяльнымі пунктамі, паміж якімі дзейнічаюць гравітацыйныя сілы паводле сусветнага прыцягнення закону (задача n цел). Агульнае рашэнне гэтай задачы не знойдзена. Строгае рашэнне мае толькі двух цел задача. Агульнае рашэнне трох цел задачы вельмі складанае, таму карыстаюцца толькі яе частковымі рашэннямі. Н.м. вывучае таксама восевае вярчэнне і фігуры нябесных цел, праблему ўстойлівасці Сонечнай сістэмы, рух Месяца, прыліўнае ўзаемадзеянне; развіццё касманаўтыкі патрабуе высокай дакладнасці ў вылічэнні арбіт планет. Н.м., якая грунтуецца на законе прыцягнення Ньютана, дастаткова дакладна апісвае рух цел Сонечнай сістэмы, але некаторыя з’явы, напр. рух перыгеліяў арбіт Меркурыя і інш. планет, поўнасцю растлумачыць не можа. Гэтыя з’явы знаходзяць тлумачэнне ў рэлятывісцкай Н.м., якая ўлічвае ў руху нябесных цел эфекты адноснасці тэорыі. Метадамі Н.м. карыстаюцца пры вывучэнні зорак і зорных сістэм (зорная астраномія), галактык (пазагалактычная астраномія).

Літ.:

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Новые качественные методы в небесной механике. М., 1971;

Брумберг В.А. Релятивистская небесная механика. М., 1972.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЗІКА ПЛА́ЗМЫ,

раздзел фізікі, які вывучае ўласцівасці плазмы і працэсы, што адбываюцца ў ёй.

Даследуе працэсы, якія адбываюцца ў нізка- (т-ра менш за 10​8 К) і высокатэмпературнай плазме. Асн. праблемы ў галіне высокатэмпературнай плазмы звязаны з распрацоўкай эфектыўных метадаў разагравання плазмы да т-р не менш за 10​8 К і ўтрымання яе на час, неабходны для ўзнікнення тэрмаядзернай рэакцыі ў большай частцы рабочага аб’ёму плазмы. Ф.п. зорак і касм. прасторы вывучаецца ў астрафізіцы. Ф.п. даследуе таксама калектыўныя з’явы, што ўзнікаюць пад уздзеяннем самаўзгодненых эл. і магн. палёў, створаных аб’ёмнымі зарадамі і эл. токамі часціц плазмы. Рассейванне часціц на турбулентных флуктуацыях эл. поля абумоўлівае анамальна інтэнсіўныя пераносу з’явы (дыфузію, цеплаправоднасць і інш.), а таксама вядзе да турбулентнага разагрэву (гл. Плазмадынаміка, Плазменныя патокі). Даследаванні Ф.п. звязаны з праблемамі радыёфізікі, фізікі цвёрдага цела, магнітагідрадынамічных і тэрмаэмісійных сродкаў пераўтварэння энергіі, плазменнай тэхналогіі, кіравальнага тэрмаядзернага сінтэзу, а таксама з касм. даследаваннямі.

На Беларусі даследаванні Ф.п. пачаліся ў 1940-я г. ў БДУ і Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі, сістэматычна вядуцца з сярэдзіны 1950-х г. у ін-тах фіз. і фіз.тэхн. профілю Нац. АН, БДУ і інш. Пад кіраўніцтвам М.А.Ельяшэвіча і Л.І.Кісялеўскага прапанаваны метады атрымання нізкатэмпературнай плазмы, вывучаны працэсы ўзаемадзеяння плазмы і плазменных патокаў з цвёрдымі матэрыяламі, развіты спосабы ўнутрырэзананснай спектраскапіі і рэзананснай флуарэсцэнцыі для дыягностыкі плазмы, распрацаваны плазменныя прыстасаванні для атрымання дэкаратыўных і ахоўных пакрыццяў на паверхні розных матэрыялаў, асновы тэхнал. працэсаў металізацыі высоканадзейных токаправодных сістэм электроннай тэхнікі.

Літ.:

Арцимович Л.А. Элементарная физика плазмы. 3 изд. М., 1969;

Трубников Б.А. Введение в теорию плазмы. Ч. 1—3. М., 1969—78;

Основы физики плазмы. Т. 1—2. М., 1983—84;

Чен Ф.Ф. Введение в физику плазмы: Пер. с англ. М., 1987;

Бураков В.С., Райков С.Н., Шиманович В.Д. Физика плазмы и плазменные технологии в Беларуси. Мн., 2001.

В.​С.​Буракоў.

т. 16, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́НЬКАЎСКІ МУЗЕ́Й ЭМЕРЫ́КА ЧА́ПСКАГА.

Існаваў у маёнтку Станькава (цяпер Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.). Размяшчаўся ў спец. пабудаваным у 1862 2-павярховым павільёне («скарбчыку»). Пл. 130 м². Меў 8 аддзелаў: археал. знаходкі стараж. часоў; нумізматыка, геральдыка, сфрагістыка, рукапісы, старадрукі, кніжная справа; касцельная мэбліроўка і начынне; упрыгожанні жаночага і мужчынскага строяў; стараж. адзенне, зброя, інструменты; хатняя мэбля, фарфор, фаянс, гадзіннікі; габелены, карціны, муз. інструменты; кераміка, творы тагачаснага ўжытковага мастацтва. Нумізматычная калекцыя налічвала каля 11 тыс. манет і медалёў 10—18 ст. (пазначаліся мініяцюрнай кантрамаркай), у іх ліку дэнарый польскага кн. Баляслава Храбрага каля 1000, дукаты Польшчы каля 1330, 1621, 1777 і інш.; медалі ў гонар Чапскага, каралёў польскіх і вял. князёў ВКЛ 16—17 ст.; 69 ордэнаў, ордэнскіх зорак і інш. адзнак заслуг. Меліся партрэты каралевы Боны Сфорца (мастак Н.​Нелі, 1588), каралёў Жыгімонта II Аўгуста, Жыгімонта III Вазы (мастак А.​Годэнберг), Уладзіслава IV Вазы (1624), кн. М.​К.​Радзівіла Рыбанькі, Б.​Хмяльніцкага, Т.​Касцюшкі, А.​Міцкевіча, прадстаўнікоў роду Чапскіх і інш.; гравюры з выявамі бел. гарадоў. Сярод твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва шкляны посуд Урэцкай і Налібоцкай мануфактур, слуцкія паясы, ювелірныя ўпрыгожанні. У калекцыі зброі гусарскія даспехі 17—18 ст., пазалочаны буздыган (булава) 17 ст., аздобленыя серабром скураныя сагайдакі (калчаны) 18 ст., кавалерыйскі рыштунак (сёдлы, страмёны і інш.), стрэльбы, шаблі і інш. У б-цы (каля 20 тыс. тамоў) меліся Брэсцкая Біблія 1563, рукапісы С.​Манюшкі, Ю.​Нямцэвіча, А.​Адынца; зберагалася вял. калекцыя карт канца 15 — сярэдзіны 19 ст. У 1894 асн. частка музея перавезена ў Кракаў, дзе склала аснову музея і б-кі Чапскіх (цяпер у складзе Нац. музея ў Кракаве).

Літ.:

Валаханович А.И., Кулагин А.Н. Дзержинщина: Прошлое и настоящее. Ми., 1986.

А.​Л.​Валахановіч.

т. 18, кн. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)