ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ХІМІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Створаны ў 1962 як з-д дахавых матэрыялаў. З 1968 з-д хім. вырабаў. З 1992 Гомельскае калектыўнае вытв.-камерц. прадпрыемства «Завод хімічных вырабаў». Асн. Прадукцыя (1997): гумавыя галёшы, швейныя, пухова-пер’евыя вырабы (коўдры, падушкі, матрацы), штучная скура і плёнка, цырата, пенаплен, масціка будаўнічая і антыкаразійная, шлангі паліўныя і інш.
т. 5, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЯРЦІ́НСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВОД.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1828—1914 у Альбярціне. У 1830 пабудаваны мураваны будынак для плаўкі чыгуну. З 1845 вырабляў сячкарні і млынавыя машыны, у 1895 — сячкарні, веялкі і інш. с.-г. прылады, у 1900 — сячкарні, турбіны для вадзяных млыноў. У 1890 меў чыгуналіцейную печ і 3 такарныя станкі. З 1903 наз. машынабудаўнічы з-д. Вырабляў посуд для вінакурняў і піваварняў, у 1908—10 — драцяныя і шавецкія цвікі, шпількі, у 1913 — вадзяныя турбіны, малатарні, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак; працавалі 50 рабочых.
т. 1, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ АЎТААГРЭГА́ТНЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1944 у г. Баранавічы як маторарамонтны з-д. У 1946 пабудаваны ліцейны і механазборачны цэхі. Рэканструяваны ў 1959—64 і ў 1986. У 1960—66 з-д аўтамаб. агрэгатаў, з 1966 сучасная назва. У 1960-я г. асвоіў выпуск аўтамаб. агрэгатаў: гідраўлічных дамкратаў, рулявых механізмаў, рычажных і тэлескапічных амартызатараў да аўтамабіляў МАЗ, прыводных шківаў да трактароў «Беларусь». З 1975 у ВА «БелаўтаМАЗ». Асн. прадукцыя (1995): вузлы і дэталі да велікагрузных і запасныя часткі да легкавых аўтамабіляў, тавары шырокага ўжытку.
І.І.Ясевіч.
т. 2, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎШЧЫНСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1854—81 у маёнтку Барысаўшчына паблізу в. Чарняўка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Працаваў на пакладах мясц. балотных рудаў. У 1863 дзейнічалі 4 паравыя машыны, домна, у 1868 — 3 домны, пудлінгавая печ, вагранка, 2 крычныя горны. Вырабляў чыгун, жалеза (пудлінгавае, паласавое, шыннае, круглае, квадратнае), у 1863—72 — адліўкі, машыны, у т. л. паравыя. Працавала 437 чал., выплаўлялася да 120 тыс. пудоў чыгуну (1867), штогод выраблялася па 20—72 тыс. пудоў сталі і жалеза. На Усерасійскай выстаўцы (Масква, 1870) прадукцыя адзначана бронзавым медалём.
т. 2, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЛЁЎСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д,
адно з буйнейшых у Расіі прадпрыемстваў па вырабе быт. і маст. фарфору. Засн. 1832 у пусташы Дулёва (з 1937 — г. Лікіно-Дулёва Маскоўскай вобл.) Т.Я.Кузняцовым. У 1889—1917 належаў таварыству М.С.Кузняцова. Вырабы гэтага перыяду выконваліся ў стылі мадэрн і адрозніваліся выдатнымі маст. якасцямі. З 1930-х г. пераважае размалёўка буйнымі колеравымі плямамі, пышная пазалота (сталовыя і чайныя сервізы, вазы, блюды)., З сярэдзіны 1960-х г. уводзяцца новыя, больш стрыманыя формы пасудзін. Вырабляюцца таксама дэкар. скульпт. кампазіцыі і фігуркі.
т. 6, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ЛАКАФА́РБАВЫ ЗАВО́Д.
Пабудаваны ў 1963—65 ў г. Ліда Гродзенскай вобл. У 1966 здадзены ў эксплуатацыю цэхі полівінілацэтатнай эмульсіі і алкідных смол, у 1970 — цэх эмаляў, у 1971 — цэх лакаў на кандэнсацыйных смолах, у 1972 — доследна-прамысл. ўстаноўка па вытв-сці лакаў, у 1973 — цэх лакаў і эмаляў на полімерызацыйных смолах, у 1976 — цэх фталевага ангідрыду. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Лакафарба». Асн. прадукцыя (1999): лакафарбавыя матэрыялы на аснове полімерызацыйных і кандэнсацыйных смол, алкідныя лакі, полівінілацэтатныя эмульсіі, фталевы ангідрыд, водна-дысперсійныя фарбы, клеявая насычальная смала.
т. 9, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ КА́БЕЛЬНЫ ЗАВО́Д, «Гомелькабель». Створаны ў 1958 на базе Гомельскага з-да «Металапракат». Выпускаў неізаляваныя і эмальправады. З 1996 адкрытае акц. т-ва «Гомелькабель». Мае цэх абмотачных правадоў і 3 участкі (неізаляваных правадоў, перамоткі рухавікоў, тавараў нар. ўжытку). Асн. прадукцыя (1997): правады розных марак і метал. саставу для паветр. ліній электраперадач, правады медныя са шкловалакністай ізаляцыяй, дрот алюмініевы і медны, шнуры тэлефонныя і накрыўкі пластмасавыя, шклянкі і куфлі мерныя, падаўжальнікі электрычныя і тэлефонныя і інш. Асн. сыравіна паступае з краін далёкага замежжа і Расіі.
т. 5, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗАВО́Д ШАСЦЕ́РНЯЎ.
Засн. ў 1952 у Мінску. Першую прадукцыю даў у 1956. Асвоены выпуск больш як 1000 найменняў дэталей для гусенічных і колавых трактароў, аўтамашын, с.-г. машын, рухавікоў, помпаў, рэдуктараў і інш. Асн. прадукцыя (1999): цыліндрычныя і канічныя зубчастыя колы і валы (шасцерні і валы-шасцерні) з прамым, касым і спіральным зубам, зорачкі, шківы, чарвячныя перадачы; стальныя і штампаваныя пакоўкі, вырабы з метал. парашкоў, тавары нар. ўжытку, інструмент, спарт. інвентар. З 1994 наладжаны выпуск трактарных плугоў (20 мадэлей, ад 2- да 10-корпусных). Мае філіял у г. Смалявічы.
т. 10, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д «СТРОММАШЫ́НА» Пабудаваны ў 1913 у Магілёве як чыгуна-медналіцейны з-д, з 1922 металаапр. з-д «Адраджэнне», у 1940 з далучэннем аўтарамонтнага з-да — авіяцыйны з-д. Ў Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў Куйбышаў (цяпер Самара), цэхі ў асн. разбураны. Адноўлены ў 1946 з сучаснай назвай. У 1964—75 вырабляў пасажырскія ліфты. Прадукцыя (1999): тэхнал. лініі па вырабе керамічнай цэглы, керамзітавага жвіру, азбестацэментавых шыферу і труб, жалезабетонных шпал для магістральных чыгунак, мяккай дахоўкі (руберойд, шклопалатно); абсталяванне для вытв-сці пясчана-цэментавых вырабаў, рамы лесапільныя і інш.
т. 9, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАНСЕ́РВАВЫ ЗАВО́Д Пабудаваны ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1946 як гар. харчкамбінат. У 1957 уведзены ў эксплуатацыю піўцэх, у 1960 — кансервавы цэх, у 1962 — цэх безалкагольных напіткаў. У 1972—1976 кансервавы камбінат. Уключаў Драгічынскі крухмала-сокавы, Парэцкі крухмальны, Пагост-Загародскі кансервавы з-ды, якія выйшлі з саставу ў 1993—95. З 1976 сучасная назва, з 1997 адкрытае акц. т-ва. З 2000 вядзецца рэканструкцыя. Асн. прадукцыя (2001): пладова-агароднінныя кансервы (сокі, соусы, павідла, салаты і інш.), кісялі, экстракты, безалкагольныя напіткі на натур. аснове, у т. л. квасы.
т. 12, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)