ЛУСКАЎНІ́ЦА (Pholiota),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. страфарыевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных шыротах, некат. ў тропіках і субтропіках. На Беларусі каля 10 відаў. Найб. вядомыя Л.: вуглялюбная, або агнёўка вуглялюбная (P. carbonaria), звычайная (P. squarrosa), вогненная (P. flammans), залацістая (P. aurivella). Агульная нар. назва іх — воўчы грыб. Паўпаразіты, актыўна разбураюць драўніну, трапляюцца на ствалах мёртвых і жывых дрэў, ламаччы і інш. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 12 см, ад паўшарападобнай да распасцёртай, з лускавінкамі або голая, клейкая ці сухая. Агульнае пакрывала рана знікае. Пласцінкі зыходныя па ножцы або прырослыя. Ножка з лускавінкамі, з кольцам ці без яго. Мякаць мяккая, бураватая, у некат. горкая, мае слабы пах рэдзькі. Споры гладкія, пераважна ржава-жоўтыя. Грыбы неядавітыя, ёсць ядомыя, але не спажываюцца.

Лускаўніца звычайная.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДРЫ́ЛЫ (Mandrillus),

род ніжэйшых вузканосых малпаў падсям. мартышкавых. 2 віды: мандрыл (M. sphinx) і дрыл (M. leucophaeus). Некат. сістэматыкі ўключаюць М. у род павіянаў. Пашыраны ў лясах і гарыстых раёнах Экватарыяльнай Афрыкі. Трымаюцца групамі, пераважна на зямлі; кормяцца і спяць на дрэвах.

Самыя буйныя з мартышкавых. Даўж. больш за 1 м, маса больш за 40 кг, даўж. хваста да 12 см. Самцы ярка афарбаваны: па баках рыжа-чырв. носа мазолістыя грабяні з падоўжанымі жалабкамі сіняга і чырв. колеру; бакенбарды і барада жоўтыя. валасы на галаве ярка-каштанавыя. Сядалішчныя мазалі чырв., сінія або фіялетавыя. Самкі цёмныя. Галава вял., тваравы аддзел шырокі, выступае наперад. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія, першы палец на ступні вялікі. Мускулатура развітая. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Вядомы гібрыды паміж мандрылам і дрылам, а таксама паміж імі і макакамі, мангабеямі, павіянамі.

Э.​Р.​Самусенка.

Мандрыл.

т. 10, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНІ́РУЮЧЫЯ МУ́ШКІ (Agromyzidae),

сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца М.м. (мінёры): шмат’едная (Phytomyza atricornis, або Ph. horticola), капусная (Ph. ruflpes), заразіхавая (Ph. orobanchia), злакавыя (з роду Agromyza), падкорнікі (з роду Phytobia).

Даўж. 0,9—4 мм. Цела і ногі кароткія, грудзі масіўныя, брушка шырокае. Крылы роўныя з целам або крыху даўжэйшыя. Спінка звычайна светлая, ногі і бакі грудзей жоўтыя. 1—2 генерацыі за год. Зімуюць у фазе кукалкі. Лічынкі расліннаедныя, выгрызаюць шчылінападобныя поласці — міны (адсюль назва) у парэнхіме лісця, радзей у сцёблах; у некат. развіваюцца ў камбіі маладых дрэў, у суквеццях ці насенні складанакветных, утвараюць галы. Большасць манафагі і алігафагі, некат. паліфагі. Каля 150 відаў — шкоднікі с.-г. культур.

Да арт. Мініруючыя мушкі. Мінёр шмат’едны (1 — дарослы, 2 — лічынка і кокан, 3 — пашкоджаны ліст); 4 — мінёр рысавы.

т. 10, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВО́ЙНІК, клематыс (Clematis),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 300 (па інш. звестках ад 150 да 400) відаў. Пашыраны ва ўмеранай і цёплай зоне. У Зах. Еўропе выведзена больш за 2000 разнавіднасцей і сартоў. На Беларусі трапляецца на У і ПдУ па схілах рачных далін і яроў, на сухіх лугах і ўзлесках; у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН інтрадукавана каля 30 відаў. Найб. вядомыя П.: вінаградалісты (C. vitalba), Жакмана (C. jackmanii), фіялетавы (C. viticella). У Чырв. кнігу Беларусі занесены П. прамы, або жыгунец (C. recta).

Шматгадовыя травы ці дравяністыя расліны з павойнымі, лазячымі або прамымі сцёбламі. Лісце супраціўнае, простае або складанае, трайчаста-рассечанае або складанаперыстае. Кветкі адзіночныя ці ў суквецці, белыя або жоўтыя, у інтрадукаваных відаў рознай афарбоўкі. Плод — шматарэшак. Дэкар. расліны, некат. віды лек. і ядавітыя.

В.​В.​Маўрышчаў.

Павойнік прамы.

т. 11, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБІ́НА (Sorbus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Р. звычайная (S. aucuparia). Расце ў падлеску, на палянах, па берагах рэк, у парках, садах, на вуліцах і інш. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Р.: арыя (S. aria), гібрыдная (S. hybrida), глагавіна (S. torminalis). Выведзены шэраг сартоў, напр., Дэсертная, Гранатная, Лікёрная, Рубінавая і інш.

Лістападныя дрэвы выш. 10—25 м або кусты. Лісце суцэльнае, лопасцевае ці няпарнаперыстае. Кветкі белыя, светла-жоўтыя або чырванаватыя. духмяныя, у шчыткападобных суквеццях. Плод — дробны яблык. Плады маюць у сабе караціноіды, сарбіт, вітамін C. Выкарыстоўваюцца ў харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці, у медыцыне, служаць кормам для птушак. Драўніна каляровая, ідзе на дробныя вырабы. Пладовыя, дэкар., лек., меданосныя расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Рабіна: 1 — звычайная; 2 — арыя; 3 — глагавіна; 4 — садовая.

т. 13, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ПА (Brassica гара),

кветкавая расліна сям. крыжакветных. 5 падвідаў. На Пд Еўропы і ў Зах. Азіі як пустазелле пашырана Р. дзікая. У Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы як агароднінная культура вырошчваецца Р. еўрапейская, або культурная, вядомая народам стараж. Шумера, Вавілона і Асірыі. На Беларусі — з 11 ст ; да паяўлення бульбы была адной з асн. харч. культур. Культывуюцца сталовыя (Майская белая, Міланская, Пятроўская 1 і інш.) і кармавыя (турнэпс) сарты.

Двухгадовая травяністая расліна з белым, жаўтаватым ці фіялетавым караняплодам. У год пасеву развівае разетку буйнога лірападобна рассечанага лісця і караняплод, на другі — кветаносныя парасткі. Кветкі жоўтыя, духмяныя, у гронкападобных суквеццях. Плод — стручок. Караняплоды маюць цукар (3,8—6,4%), аскарбінавую к-ту (21—35%), вітаміны групы В, калій. Іх спажываюць свежымі, варанымі, смажанымі. Бацвінне ідзе на корм жывёле Харч., лек., кармавая расліна.

В.М Прохараў.

Сарты рэпы: 1 — Пятроўская; 2 — Карэльская; 3 — Міланская.

т. 14, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАКІ́ (Beta),

род адна-, двух- і шматгадовых травяністых раслін сям. лебядовых. 6 відаў (па іншых звестках 15). Пашыраны ў Зах. Еўропе, Міжземнамор’і, Зах. Азіі, Індыі, вырошчваюць таксама ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. У культуры двухгадовыя віды: буракі лісцевыя, ці мангольд, і буракі звычайныя караняплодныя (B. vulgaris), да якіх належаць групы разнавіднасцей цукр., сталовых і кармавых буракоў. Пачалі спажываць карані буракоў у 3—1 ст. да н.э. У канцы 12 ст. з’явіліся ў культуры кармавыя формы, у 18—19 ст. — цукровыя. На Беларусі буракі ў культуры з 1830-х г.

У 1-ы год буракі ўтвараюць сакаўны мясісты караняплод з разеткай лісця, на 2-і даюць кветаносы і насенне. Сцябло травяністае, прамастойнае, галінастае, паяўляецца на 2-і год. Лісце буйное, гладкае або хвалістае, прыкаранёвае на доўгіх чаранках, сцябловае амаль сядзячае. Кветкі двухполыя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца, утвараючы суплоддзі — клубочкі.

Сталовыя буракі (агароднінныя) культывуюцца ў 2 формах: сталовыя караняплодныя (больш пашыраныя) і буракі лісцевыя (мангольд). Караняплоды масай 0,4—0,9 кг, цёмна-чырвоныя, бардовыя, чырвона-фіялетавыя, багатыя цукрам (9—16%), бялком (1,8—3%), мінер. солямі, арган. к-тамі, клятчаткай, вітамінамі C, групы B, P, PP. Спажываюцца караняплоды і лісце вараныя, кансерваваныя, сушаныя. Лепшыя для іх глебы на Беларусі — акультураныя дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя. Раянаваныя сарты: Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18. Кармавыя буракі багатыя вугляводамі, мінер. солямі, вітамінамі. Караняплоды масай да 10—12 кг, жоўтыя, белыя, чырвоныя. Скормліваюцца ўсім відам жывёлы, пераважна малочным. Бацвінне ідзе на корм свежае і сіласаванае. Сеюць на акультураных тарфяніках, на сугліністых і супясчаных мінер. глебах з нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору. Раянаваныя сарты: Бел. чырвоныя, Экендорфскія жоўтыя і інш. Цукровыя буракі — найважнейшая тэхн. культура — сыравіна для цукр. прам-сці. Маюць белыя караняплоды масай 400—500 г, багатыя цукрам (19—20%, макс. да 23%). Цепла- і святлолюбівыя, вельмі патрабавальныя да ўмоў жыўлення і вільгаці, асабліва ў перыяд фарміравання лісця і караняплода (ліп.—жн.). Вырошчваюцца на добра ўгноеных сугліністых і супясчаных дзярнова-падзолістых глебах, на акультураных тарфяна-балотных. Бацвінне, жамерыны, патака ідуць на корм. Гл. таксама Буракаводства.

У.​П.​Пярэднеў.

Бурак сталовы.

т. 3, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

незразуме́лы, ‑ая, ‑ае.

Такі, які цяжка, немагчыма зразумець. Незразумелае пытанне. Незразумелая мова. □ Я прагна прыслухоўваўся да гутарак, да незразумелых мне слоў. Бядуля. Уперадзе коннікаў ціха пасоўваўся вялізны аўтобус. Яшчэ не выцвіў лак на ім, не пасц[іра]ліся незразумелыя жоўтыя літары і знакі. Лынькоў. // Такі, які цяжка дакладна вызначыць, ахарактарызаваць; загадкавы, дзіўны. Лемяшэвіч падымаўся па лесвіцы з нейкім незразумелым хваляваннем. Шамякін. Я ўсё часцей лаўлю ў цішы Даўно забытай песні водгук, Што сее дзесь на дне душы Незразумелую трывогу. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пла́зам, прысл.

Плоскай, шырокай стараной уніз. Каля хаты .. ляжыць плазам дубовая старая брама. Бядуля. — Малады жандарскі афіцэр выцяў яго [Рыбакова] шабляй, плазам. Асіпенка.

•••

Ляжаць плазам — тое, што і ляжаць як пласт (пластом) (гл. ляжаць). — Пусціш яго [малька] ў ваду — проста плакаць хочацца, калі бачыш, што ён сотнямі ляжыць нерухомым плазам... Ракітны. Штодзень перад захадам сонца яна [ліхаманка] забірала мяне ў сваю поўную ўладу, і я ляжаў плазам да самай раніцы, і перад вачыма маімі мітусіліся то жоўтыя, то чырвоныя кругі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Вельмі цвёрды камень, які выкарыстоўваюць для выкрэсвання агню; крэмень. [Сымон] па скалцы крэсівам чок! чок! і іскру ў губцы раздзімае. Колас. У часе свайго дзяцінства я бадай што не бачыў, каб хто распальваў агонь запалкамі. Усе мелі пры сабе скалку, крэмень, крэсіва і цэру. Дубоўка.

2. Тлушчавая кропля на вадзе, у страве. На паверхні [малака] — жоўтыя скалкі, як маленькія сонцы. Ермаловіч. А тлустая ж.. [капуста], з баранінай. Скалкі плаваюць наверсе. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)