прыгрэ́бціся, ‑грабуся, ‑грабешся, ‑грабецца; ‑грабёмся, ‑грабяцеся; пр. прыгробся, ‑грэблася; заг. прыграбіся; зак.
1. Аказацца прыгрэбеным, прысыпаным чым‑н.; грабучы, прысыпацца чым‑н. [Тэкля:] — Няхай, думаю, лепей дастрэляць, і папаўзла на карачках да таго акна.. Прыбілася, аж сюды, снегам прыгрэблася зверху і от аж дасюль далежала. Грахоўскі.
2. Разм. неадабр. Прыйсці, прыцягнуцца. Нечакана лютаўскім завейным днём прыгробся Якаў. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сі́таваты, ‑ая, ‑ае.
1. Пашкоджаны сітаватасцю (пра драўніну).
2. Спец. Які мае адтуліны, поры, што робіць рэчыва пранікальным для вадкасці і газу. Сітаваты грунт.
3. Наогул пра што‑н., што нагадвае паверхню сіта; у дзірках і порах. Сітаваты лёд. □ Праз акенца відзён пашарэлы сітаваты снег. Грахоўскі. [Яроцкі:] — Гэта вераснёвы жоўты антон, парэзаны ды ў сітаватую тканіну загорнуты. Панюхай. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смярдзю́чы, ‑ая, ‑ае.
Які вылучае смурод; смуродны. Іван сеў побач з Гэляю, Звесіўшы кудлатую галаву, прагна курыў смярдзючы самасад. Грахоўскі. Хворы Нор тры тыдні ляжаў паміж гарачымі катламі, на кучы смярдзючай прамасленай паклі. Шамякін. // Які насычаны смуродам, прапах ім. А вось жа брала яна мяне за душу. І мяне, і ўсіх, хто слухаў у смярдзючым бараку светлую музыку. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шэдэ́ўр, ‑а, м.
Узорны, выдатны твор мастацтва, майстэрства. У нацыянальнай галерэі, дзе выстаўлены шэдэўры Цорна і Рубенса, вісіць таксама мазня новых модных мастакоў. Мележ. Шэдэўр сусветнай лірыкі, славуты «Ветразь» напісаў шаснаццацігадовы Лермантаў, дваццацігадовы Пушкін быў ужо аўтарам «Руслана і Людмілы». Грахоўскі. Вобраз Веры ў выкананні Ждановіч быў сапраўдным шэдэўрам і атрымаў вельмі высокую ацэнку гледача і прэсы. «Полымя».
[Ад фр. chef-d'oeuvre.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дазо́рац, ‑рца, м.
1. Служачы, які выконвае абавязкі па нагляду за чым‑н., ахове чаго‑н.; наглядчык. Бурчыць пад нос дазорац, як сам астрог, стары. Таўлай.
2. Той, хто знаходзіцца ў дазоры; разведчык. Дазорац, ужо заўважыўшы зарыва пажару і пабачыўшы лесніка, які бег да зямлянкі, адразу адчуў нешта нядобрае і надзвычайнае. Дубоўка. У акопчыках і ў кустах каля ракі паставілі дазорцаў. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
глумі́ць, глумлю, глуміш, глуміць; незак., што.
Разм.
1. Марна траціць, псаваць. Шкада было глуміць мяккі даўгунец, старанна выпаланы калгаснымі дзяўчатамі. Грахоўскі.
2. Здзекавацца, насміхацца з каго‑, чаго‑н. Большасць ведала, што сыны ваююць за праўду, якую глуміў немец, за Расеюшку, за цара, а больш нічога не ведалі, а хоць і ведаў хто, дык маўчаў, бо быў на вачах старасты, урадніка і земскага. Каваль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аб’яві́цца, ‑яўлюся, ‑явішся, ‑явіцца; зак.
1. З’явіцца, выявіцца; знайсціся. Пайшла чутка па ваколіцы, што аб’явілася такая бабка-шаптуха, якая вельмі ж добра лечыць і людзей і жывёлу. Якімовіч. // Падаць вестку; аказацца. [Аўген:] — Дык не гаруй, мая нябога — Яшчэ аб’явіцца твой брат. Колас.
2. Выказаць жаданне што‑н. зрабіць. — Давай, Мікодымка, я пацягаю [вяроўку па полі], а ты пішы ў свае метрыкі, — адразу аб’явіўся Цярэшка. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кабі́на, ‑ы, ж.
Невялікае, звычайна закрытае, памяшканне спецыяльнага прызначэння (напрыклад, для пілота ў самалёце, вадзіцеля ў аўтамабілі, тэлефонных размоў і пад.). Кабіна для галасавання. Душавая кабіна. □ У празрыстай шкляной кабіне, асветленай гарачым майскім сонцам, на фоне чыстага сіняга неба быў відзён сілуэт кранаўшчыка. Грахоўскі. Пятрусь вылез з пілоцкай кабіны крыху збянтэжаны — ён не чакаў, што яго будзе сустракаць усё сяло. Краўчанка.
[Фр. cabine.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць і каме́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што.
1. Рабіць камякі, ляпіць што‑н. з чаго‑н. мяккага, рыхлага. Камячыць шарыкі з паперы. □ Іван сядзеў на ложку, камечыў у зубах папяросу. Грахоўскі.
2. Сціскаць у камяк, мяць (звычайна пры хваляванні, перажыванні). Коля сядзеў, вінавата, нізка апусціўшы галаву, і камячыў шапку. Карпюк. // Націскаючы на што‑н., рабіць няроўным, мятым. Камячыць сукенку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ку́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ацяпляецца, абаграваецца печкай без коміна. Курная хата. Курная лазня. // Закураны, задымлены. А хто ж Марына і Даніла? Як апынуліся яны У хатцы кінутай, панылай, Дзе сцены курныя адны? Колас.
2. Які вылучае многа дыму, копаці. Курны корч. Курная галавешка. □ Казалі, добра ў адзіноце Пабыць хоць некалькі гадзін, Але ў глушы, пры курным кноце Не доўга выседзіш адзін. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)