уся́кі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.

1. Кожны, любы. Усякі раз адно і тое ж. □ — Вы спачатку, таварыш Бялоў, разбярыцеся, у чым справа, — спакойна заўважыў Ладынін. — Я разабраўся. Дзяўчына прыйшла да мяне са слязамі. — Не ўсякім слязам трэба верыць, — уставіў Васіль... Шамякін. Усякая птушка сваё гняздо бараніць. Прыказка. // у знач. наз. уся́кі, ‑ага, м.; уся́кая, ‑ай, ж. Кожны, любы чалавек. [Бацька:] — Не ўсякі любіць горыч і кіслату, не ўсякі мае моц, сілу. Баранавых.

2. Розны, усялякі. Вокны забіты, заложаны лучынаю, усякім рыззём. Колас. Усякія наведванні страшэнна стамлялі нашага хворага і нават больш — чамусьці раздражнялі. Васілевіч. / у знач. наз. уся́кае, ‑ага, н. — Глупства! — засмяяўся Гамрэкелі і дакрануўся да пляча Арцёма. — Між суседзямі ўсякае здараецца. Самуйлёнак.

3. (звычайна ў спалучэнні з прыназ. «без»). Які-небудзь, які б то ні быў. Без усякай мэты. Без усякіх цяжкасцей.

•••

Без усякай задняй думкі гл. думка.

Без усякіх; без (усяго) усякага — адразу, прама; безагаворачна.

Ва ўсякім выпадку гл. выпадак.

Ва ўсякім разе гл. раз ​1.

На ўсякі выпадак гл. выпадак.

Усякая ўсячына гл. усячына.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажа́рны

1. прил. пожа́рный;

2. в знач. сущ. пожа́рный, пожа́рник;

◊ у ~ым пара́дку — в пожа́рном поря́дке;

на ўся́кі п. вы́падак — на вся́кий пожа́рный слу́чай

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

кур’ёз

(фр. curieux, ад лац. curiosum = цікавая рэч)

незвычайны, недарэчны выпадак, смешнае здарэнне.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ры́зыка

(польск. ryzyka, ад іт. risico)

дзеянні наўдачу, у надзеі на шчаслівы выпадак.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

застрахава́ць, ‑страхую, ‑страхуеш, ‑страхуе; зак., каго-што.

1. Правесці страхаванне каго‑, чаго‑н. Застрахаваць маёмасць. Застрахаваць жыццё. Застрахаваць карову.

2. перан. Засцерагчы ад небяспекі, ад чаго‑н. непрыемнага. Дзед Мікалай, каб застрахаваць сябе на ўсякі выпадак ад цяжкай работы, схадзіў у мястэчка да доктара. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разду́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.

1. Тое, што і раздзьмуць.

2. Наўмысна павялічыць размеры або значэнне чаго‑н. Раздуць штаты. □ Гэтыя людзі выпадак з Раманюковай каўбасой і бочкай піва раздулі да легенды. Карпюк.

3. безас. Разм. Хваравіта павялічыць у аб’ёме, зрабіць уздутым. Жывот раздула.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рвач, ‑а, м.

Разм. Чалавек, які імкнецца атрымаць за сваю работу больш, чым яна каштуе, ці нядобрасумленнымі спосабамі здабыць як мага больш асабістых выгод. Ладавалі заявы звычайна рвачы, спадзеючыся: моў, новы старшыня мала ведае калгас і людзей — самы зручны выпадак ускубнуць, што можна. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГІ́ЛЬБЕРТАВА ПРАСТО́РА,

абагульненне эўклідавай прасторы на бясконцамерны выпадак. Уведзена ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў працах Д.Гільберта як вынік абагульнення фактаў і метадаў раскладання функцый у артаганальныя шэрагі, а таксама даследаванняў інтэгральных ураўненняў. Выкарыстоўваецца ў розных раздзелах матэматыкі, тэорыі імавернасцей, тэарэт. фізікі.

Першасна гільбертава прастора — прастора бясконцых паслядоўнасцей, напр., x = (x1, x2, ..., xn, ...) са збежным шэрагам квадратаў x1​2 + x2​2 + ... + xn​2 + ... . Суму двух элементаў (вектараў) паслядоўнасцей, іх скалярны здабытак і інш. вылічваюць пакаардынатна па звычайных правілах (гл. Вектарная прастора, Вектарнае злічэнне). У больш шырокім сэнсе гільбертава прастора — лінейная прастора, для якой вызначаны скалярны здабытак. У залежнасці ад вызначэння множання элементаў на сапраўдны ці камплексны лік адрозніваюць сапраўдныя і камплексныя гільбертавы прасторы.

т. 5, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНАНДРАМАРФІ́ЗМ [ад гін... + грэч. anēr

(andros) мужчына + morphē форма, від),

наяўнасць у аднаго арганізма груп клетак, тканак або органаў з наборам храмасом, характэрным для розных палоў; прыватны выпадак мазаіцызму. Прычынамі гінандрамарфізму могуць быць страта адной з палавых храмасом у асобін гомагаметнага полу на розных стадыях антагенезу, утварэнне ў яйцаклетцы двух жаночых прануклеусаў, апладненне іх рознымі сперміямі і далейшае развіццё аднаго арганізма з двух’ядзернай зіготы. Назіраецца ў некат. ракападобных, насякомых, рыб, земнаводных, птушак. У пазваночных часцей наз. латэральным (аднабаковым) гінандрамарфізмам і праяўляецца толькі будовай палавога апарата, радзей пашыраецца на вонкавыя прыкметы адной палавіны цела. Гінандрамарфізм адрозніваюць ад гермафрадытызму, калі адбываецца сумяшчэнне прыкмет аднаго полу ў адным арганізме, які мае клеткі з аднолькавым наборам храмасом.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАМАРФО́З [ад грэч. kata уніз + марф(а)],

рэгрэсіўныя пераўтварэнні арганізмаў, звязаныя з іх пераходам да больш простага спосабу жыцця, страта імі некат. прыстасаванняў да пэўных умоў існавання. Гэтыя пераўтварэнні з’яўляюцца асновай катагенезу — рэгрэсіўнай эвалюцыі. Тэрмін прапанаваны сав. біёлагам І.​І.​Шмальгаўзенам (1939).

Генет. аснова К. — намнажэнне мутацый, што вядуць да недаразвіцця органаў, якія страцілі сваё значэнне пры змене спосабу жыцця. К. характэрны для абалоннікаў, вусаногіх ракаў, імшанак, калаўротак і інш. Але ў такіх арганізмаў часам назіраюцца і прагрэсіўныя змены ў асобных сістэмах органаў. Прыватны выпадак К. — гіпамарфоз, агульнае недаразвіццё арганізма, напр. неатэнія (у аксалотля, пячорнага пратэя). Замест тэрміна «К.» часта карыстаюцца паняццем катагенез, якое падкрэслівае экалагічныя і генет. аспекты рэгрэсіўнай эвалюцыі.

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)