няво́льнік, ‑а, м.
1. Раб, прыгонны. [Музыкант] слухаў расказы аб [радзіме] ад свайго дзеда, некалі вывезенага сюды на караблі нявольнікаў. Лынькоў. Рукамі нявольнікаў насыпаны .. высокі вал, выкананы глыбокія азёры, канавы, напоўненыя вадою, якія абкружаюць палац Радзівіла. Бялевіч.
2. Зняволены. І раптам Ліда Сцяпанаўна зразумела: гоняць [арыштаваных] да супрацьтанкавага рова.. Яна аглянулася, ці няма якой магчымасці ўцячы, але немцы шчыльным ланцугом абкружылі групу нявольнікаў. Шчарбатаў.
3. перан.; чаго. Чалавек, які знаходзіцца пад уплывам, уладаю чаго‑н. Нявольнік сваіх пачуццяў. □ Чалавек — не нявольнік прыроды, а яе гаспадар, правільней, старэйшы брат, які бязмежна яе любіць і якому яна аддае ўсё, што можа, са сваіх багаццяў. Клімковіч. Са светлай радасцю і з незразумелай трывогай я ўбачыў, што раблюся нявольнікам гэтай чароўнай паненкі. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пе́рац, ‑рцу, м.
1. Трапічная расліна сямейства перцавых, а таксама яе плады ў выглядзе зярнят з горкім смакам і моцным пахам, якія ўжываюцца як прыправа. Чорны перац.
2. Агародная расліна сямейства паслёнавых, а таксама яе плады ў выглядзе струкоў, якія ўжываюцца як ежа і прыправа. Балгарскі перац. Чырвоны перац. □ — Першымі, вядома, прышкандыбаюць Мяцёлкіны, — сказала Антаніна Арцёмаўна, прымерваючыся, дзе б паставіць фаршыраваны перац. Васілёнак.
3. Парашок з высушаных пладоў гэтых раслін, які ўжываецца як прыправа.
4. перан. Разм. Пра задзірлівага, з’едлівага чалавека. «Ах, і стрэмка ты, дзядзько Яўтух! — думаў я, слухаючы ўсё гэта. — Перац!» Бялевіч.
•••
Даць (задаць) перцу гл. даць.
Падсыпаць перцу гл. падсыпаць.
У горы жыць ды з перцам есці гл. жыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прымкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. што. Закрыць, зачыніць няпоўнасцю; замкнуць на некаторы час. Прымкнуць хату. □ Прымкнуўшы дзверы кухні з двара, Лабановіч борздзенька пабег да сябе на кватэру праз другі ход, што вёў у школу. Колас. Прымкні акно. У н[я]быт кануў вечар... Дзяргай.
2. Прысунуцца блізка, шчыльна да чаго‑н. Адну трубку [тэлефонную] барадой прыціскае лоўка; Прымкнуў вухам да другой, — Вось дык трэніроўка! Бялевіч.
3. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. [Паўленка] прымкнуў да атрада з групай байцоў. Шамякін. // перан. Стаць чыім‑н. прыхільнікам, паслядоўнікам, удзельнікам у якой‑н. справе. — Ва ўсёй Расіі рабочыя накопліваюць сілы, рыхтуюцца да рэвалюцыі. І вы разам з усімі рабочымі павінны прымкнуць да барацьбы. Арабей.
•••
Прымкнуць штык — надзеўшы, прымацаваць штык да вінтоўкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растрыбушы́ць, ‑бушу, ‑бушыш, ‑бушыць; зак., каго-што.
Разм.
1. Пачысціць, выдаліўшы вантробы (рыбу, птушку і пад.). Растрыбушыць курыцу.
2. перан. Выкінуць, растрэсці ўнутранасці чаго‑н. — Глядзіце, пухам лебядзіным І ганак мой, і двор замецен, — Жанчына скардзіцца. — Падушкі, Пярыну ўсю растрыбушылі. Бялевіч. // перан. Спустошыць, раскідаўшы, расцягнуўшы тое, што знаходзілася ўсярэдзіне. Мы выкочвалі са склепа кубельцы сала, бочкі масла. Усё гэта тут жа разбівалі і раскідалі па дзядзінцы.., растрыбушылі склеп і кінуліся да адрыны. Якімовіч. — [Бандыты] дзверы ў краме ссадзілі, нас туды загналі і растрыбушылі ўсё. Воз наклалі, як гару, ды яшчэ ў мяшкі панапіхалі. Чарнышэвіч. // Растрэсці, разадраць на часткі. [Арыстаў] ухапіў паперы са стала, умомант растрыбушыў іх перад Лакціёнавым. Алешка. Растрыбушылі .. [кураняты] некалькі бульбін і, адбіраючы адно ў аднаго, разнеслі іх. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сасно́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сасны, уласцівы ёй. Сасновая кара. □ Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва. Колас. Тут [у вёсцы] водар сасновы, здаровы, Ігліцы, жывіцы настой. Бялевіч. // Які здабываецца з сасны. Грудзямі гарачымі зноў я ўдыхаю Пах кветак палёў і сасновай жывіцы. Хведаровіч.
2. Які складаецца з соснаў, парос соснамі. Няма ў ціхае надвор’е лесу болей спакойнага, паважна-ўрачыстага, чым сасновы бор. Навуменка. Лагер размяшчаўся ў сасновым гушчары. Мележ.
3. Зроблены з сасны. На заставе.. ўздымаюцца вялікія сасновыя зрубы. Брыль. Мёрзлыя камякі зямлі глуха падалі на сасновыя векі дамавін. Лынькоў.
4. у знач. наз. сасно́выя, ‑ых. Тое, што і хваёвыя.
5. Як састаўная частка пазваў раслін, жывёл, птушак. Сасновы шаўкапрад. Сасновая саўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сінява́, ‑ы, ж.
Сіні колер чаго‑н. Новы дзень вядзе мяне праз вецер, Праз ільноў густую сіняву. Бялевіч. Возера, растварыўшы ў сабе фарбы зары, успыхвае сінявой. Хомчанка. Няспынна хвалі ўдаль плывуць, Адбіўшы неба сіняву. Танк. // Сіняватае адценне чаго‑н. Матавая сінява варанёнай сталі. □ У Меера адна шчака была паголена да сінявы, а другая густа парасла чорным каракулем. Карпюк. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра мора. неба, паветра). Як мары, белыя бярозы Пад сінявой начной стаяць. Багдановіч. Мы крочым з вёскі росным лугам Да бугскай воднай сінявы. Арочка. Чырвоныя ствалы соснаў высока-высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў. // Сіні туман, смуга. Далёкі лес ахутаны туманнай сінявой, а наперадзе густой зялёнай сцяной стаіць хвойнік. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
снасць, ‑і, ж.
1. зб. Сукупнасць інструментаў, прылад, прыстасаванняў для якога‑н. занятку. Яго [бурштын] не краналі тапор і піла. Тады не было гэтай снасці. Бялевіч. [Руцкі:] — Вясна на дварэ, сеяць трэба, снасць патрэбна, колы трэба. Чорны. Снасць зарыпела, нешта злёгку трэснула, і воз з сенам, здрыгануўшыся, выкаціў на пагорак. Ляўданскі. Кабета .. каялася, што не пакінула агародную снасць на сваім участку. Кулакоўскі. // Прылады і прыстасаванні для рыбнай лоўлі. А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў.. [дзядзькі Марціна] адмысловая. Колас. — Рыбку? — запытаў Шэмет, паказваючы на снасці. [Мужчына:] — Думаю прайсці. Бывае, што карась бярэ. Лобан.
2. Канат, вяроўка і пад., якія служаць для кіравання парусамі і пад. Матросы пад камандай боцмана ўмацоўвалі снасці, прыбіралі з палубы ўсё, што нельга было замацаваць. Бяганская.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.
1. Вялікі стог сена, саломы або снапоў збожжа і пад., прызначаны для захавання пад адкрытым небам. Непадалёку ад кароўніка ўзвышаліся вялізныя сцірты сена — запасы на зіму. Паслядовіч. Сцірты саломы, падобныя на высокія пясчаныя курганы, адзначалі месцы палявых такоў. Хадкевіч. [Жанчыны] падышлі да льняной сцірты і пачалі памалу брацца за работу. Гроднеў. [Стары Юстынь] уклаў у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу. Чарнышэвіч.
2. Куча прадметаў, пакладзеных адзін на адзін. Жаўцеюць высокія сцірты дошак, брусся, апілаваных плашчакоў. Бялевіч. Сцірты сухой цэглы былі складзены на груд[зе] перад вёскай. Чорны. На дрывотніку ляжала сцірта толькі што наколаных дроў. Хведаровіч.
3. Складзены ў штабялі тавар. Гарэлі побач сцірты мяшкоў са збожжам на адкрытай платформе. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Тое, што і ляцець (у 1 знач.), з той толькі розніцай, што лятаць абазначае дзеянне, якое паўтараецца ці адбываецца ў розных кірунках. Зграі крумкачоў ляталі ў паветры, апускаліся сям-там на гарачых папялішчах. Лынькоў. На ўласныя бачыў я вочы, Як чайкі над морам ляталі. Бялевіч. // Мець здольнасць трымацца і перамяшчацца ў паветры. Не ўсе птушкі лятаюць. З нар.
2. перан. Разм. Хутка бегаць, хадзіць, ездзіць, насіцца. З палаты ў палату .. [Марына] лятала быццам на крыл[ах] у сваім лебядзіна-белым халаце і накрухмаленай касынцы. Грамовіч. А немцы ляталі па полі, перапорвалі кусты і канавы — усё шукалі парашутыста і не маглі знайсці. Дайліда. // Хутка рухацца. Лятаюць рукі па клавішах.
•••
Летам лятаць — тое, што і летам ляцець (гл. ляцець).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жы́ла, ‑ы, ж.
1. Разм. Крывяносны сасуд.
2. Разм. Тое, што і сухажылле. Стаяў Патапавіч на адным сваім пункце і цяпер стаіць: не хапайся адразу за многае, а то жылы трэснуць. Кулакоўскі.
3. Трэшчына ў зямной кары, запоўненая горнай пародай, а таксама сама горная парода ў такой трэшчыне. Залатаносная жыла.
4. Разм. Багністае месца з падземнай крыніцай. — Тут.. [фашысты] хутка не пройдуць Вунь каля таго куста такая жыла, што засмокча іх з галавой. Шамякін.
5. Асобны провад кабелю. Правады — сотні жыл — Неслі сілу ў сёлы. Бялевіч.
•••
Выцягнуць (усе) жылы гл. выцягнуць.
Залатая жыла — пра вельмі багатую крыніцу даходу.
Ірваць жылы гл. ірваць.
Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) гл. кроў.
Напінаць жылы гл. напінаць.
На ўсе жылы; з усіх жыл — на поўную сілу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)