БЕЛАРУ́СКІ РЭСПУБЛІКА́НСКІ ТЭА́ТР Ю́НАГА ГЛЕДАЧА́,

назва Тэатра юнага гледача Рэспублікі Беларусь у 1955—91.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТЭА́ТР ІМЯ́ Я́НКІ КУПА́ЛЫ,

назва Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў 1944—93.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТЭ́ХНІКУМ СЦЭНІ́ЧНАГА МАСТА́ЦТВА.

Існаваў у 1930—32 у Мінску. Створаны для падрыхтоўкі нац. акцёрскіх кадраў: дзейнічалі акцёрскае аддзяленне і 1-гадовыя драм. курсы. Апрача спец. дысцыплін (выкладалі Е.​Міровіч, П.​Данілаў, Г.​Халізеў) выкладаліся і агульнаадук. прадметы. Вясной 1932 адбыўся выпуск навучэнцаў курсаў. Сярод выпускнікоў: Н.​Гейц, І.​Дзядовіч, Я.​Зайчык, П.​Пекур, З.​Скачкоўская, М.​Троіцкая, С.​Хацкевіч, І.​Шаціла (у далейшым акцёры БДТ-1), Ю.​Гальперына, Т.​Заранок, Е.​Іванова, Г.​Кавальчук, Н.​Мішэнка. З выпускнікоў курсаў арганізаваны т-ры вандроўны імя Дзяржынскага і Чырвонаармейскі.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),

Віленскі нацыянальны беларускі камітэт (Вільнацбелкам), каардынацыйны прадстаўнічы орган бел. нац.-дэмакр. партый і арг-цый у Польшчы ў 1921—38. Створаны ў Вільні. У розны час аб’ядноўваў 19—40 прадстаўнікоў розных партый, арг-цый і т-ваў. Стаяў у апазіцыі да польскага ўрада. Вёў нац., культ.-асв. і кааператыўную работу. Ставіў за мэту напачатку дасягненне культ.-нац. аўтаноміі Зах. Беларусі, а потым стварэнне Бел.-Літ. дэмакр. рэспублікі. Пасля стварэння Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) апынуўся пад яе ўплывам. У гэты час у БНК уваходзіў 31 прадстаўнік бел. паліт. партый і арг-цый: БСРГ, Бел. сял. саюза (БСС), Бел. хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Т-ва бел. школы (ТБШ), Бел. студэнцкага саюза, Бел. навук. і выдавецкага т-ваў, бел. прэсы, кааператываў і інш. У 1926—27 вядучую ролю ў БНК адыгрывала левае крыло на чале з кіраўнікамі БСРГ Б.​А.​Тарашкевічам, С.​А.​Рак-Міхайлоўскім, П.​В.​Мятлой. Пасля разгрому БСРГ і рэпрэсій польскіх улад супраць яе прадстаўнікоў дзейнасць БНК заняпала. У пач. 1930-х г. БНК рэарганізаваны пад эгідай БХД. У 1934 БНК складаўся з 26 чал. У 1935 прыняты новы статут арг-цыі, у якім падкрэслівалася, што к-т з’яўляецца прадстаўніком арганізаванага бел. насельніцтва Зах. Беларусі, якое дамагаецца ажыццяўлення права бел. народа на самавызначэнне. У студз. 1938 дзейнасць БНК забаронена польскімі ўладамі.

т. 2, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТРЭ́ЦІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ-3). Існаваў у 1920—37. У розны час меў назвы: Трупа бел. артыстаў пад загадам У.​Галубка

(Трупа Галубка),

Другая бел. дзярж. трупа (з 1924), Бел. дзярж. вандроўны тэатр (з 1926), з 1932 БДТ-3. Арганізатар і маст. кіраўнік Галубок. Адкрыўся 10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» Галубка. Выступаў у Мінску і па ўсёй Беларусі. Нёс у масы бел. нац. культуру, праводзіў вял. культ.-асв. работу. Пастаноўшчыкам усіх спектакляў быў Галубок, ён жа ствараў маст. і муз. афармленне. Калектыў наследаваў і прадаўжаў традыцыі бел. нар. т-ра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага і Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, укр. труп. Спектаклі былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі, нац. каларытам. Ставіліся п’есы Галубка, Ф.​Аляхновіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Чарота, Л.​Родзевіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца і інш. Першымі акцёрамі былі сам Галубок і члены яго сям’і, бел. пісьменнікі (І.​Барашка, А.​Дудар, В.​Сташэўскі, М.​Чарот). У сярэдзіне 1920-х г. трупа папоўнілася маладымі акцёрамі (К.​Быліч, У.​Дзядзюшка, С.​Бірыла, А.​Згіроўскі і інш.). Асобныя спектаклі ставілі Е.​Міровіч, У.​Крыловіч, Ф.​Ждановіч, М.​Міцкевіч. У 1928 Галубку першаму ў рэспубліцы прысвоена званне нар. арт. БССР. З канца 1920-х г. з наступам ідэалогіі на мастацтва тэатр трапіў пад вострую афіц. парт. крытыку, яго кіраўніцтва абвінавацілі ў нацыяналіст. ухіле, у нізкім маст. узроўні пастановак. На пач. 1930-х г. адбылася рэарганізацыя тэатра. У 1931 яго маст. кіраўніком прызначаны К.​Саннікаў (Галубок застаўся дырэктарам і акцёрам), у 1932 т-р атрымаў сталую базу ў Гомелі. У 1934 для павышэння кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву. У рэпертуары быў узяты курс на сучаснасць. Ставіліся пераважна тагачасныя сав. п’есы, якія ішлі ў інш. т-рах краіны, а таксама асобныя класічныя творы (А.​Астроўскага, А.​Пушкіна, Ф.​Шылера). У выніку такой перабудовы павысіліся агульны прафес. ўзровень калектыву, пастановачная культура спектакляў, але т-р страціў нац. самабытнасць і непаўторнасць. У 1937 Галубок і вядучы акцёр Згіроўскі былі рэпрэсіраваны, а т-р расфарміраваны.

А.​В.​Сабалеўскі.

Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Сяржант Дроб» Э.​Самуйлёнка.
Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Суд» У.​Галубка.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ БЕЛАРУ́СКІ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ АТРА́Д,

створаны ў снеж. 1918 у Петраградзе Бел. секцыяй РКП(б) з беларусаў бежанцаў, чырвонаармейцаў і маракоў Балт. флоту. Налічваў каля 200 чал., у т. л. 90 камуністаў. Камандзір атрада А.​Я.​Казадоеў, камісар Р.​Р.​Каўшыла. У студз. 1919 два ўзводы атрада на чале з Каўшылам паводле пастановы канферэнцыі Бел. секцыі РКП(б) і выкліку Часовага рабоча-сял. сав. ўрада Беларусі адпраўлены ў Мінск, дзе частка асабовага складу атрада накіравана на работу ў Мінскую надзвычайную камісію (ЧК), у парт. і сав. органы, астатнія пазней уліліся ў Чырв. Армію.

В.​У.​Скалабан.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Садоўніцтва, агародніцтва і бульбы Беларускі навукова-даследчы інстытут 2/465, гл. Бульбаводства і плодаагародніцтва Беларускі навукова-даследчы інстытут

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВЫ РАСЛІ́Н БЕЛАРУ́СКІ НДІ Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1971 у пас. Прылукі Мінскага р-на на базе Мінскай н.-д. станцыі па каларадскім жуку, нематодах і раку бульбы, Усесаюзнага НДІ аховы раслін УАСГНІЛ, аддзела аховы раслін Бел. НДІ земляробства і лабараторыі біяметаду Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка экалагічна бясшкодных прыёмаў, метадаў і сістэм аховы раслін ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля ў розных глебава-кліматычных зонах Беларусі, удасканаленне метадаў фітасан. дыягностыкі і выкарыстанне камп’ютэрнай тэхнікі для аховы раслін, прагназаванне развіцця шкодных арганізмаў; імуналагічныя даследаванні і распрацоўка метадаў ацэнкі селекцыйнага матэрыялу на ўстойлівасць іх да патагенаў і шкоднікаў.

т. 2, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ АГРА́РНЫ ТЭХНІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.

Засн. ў 1954 у Мінску як Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі на базе аддз. механізацыі сельскай гаспадаркі Бел. політэхн. ін-та. З 1992 ун-т. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: агульнай агр. і тэхн. падрыхтоўкі; механізацыі сельскай гаспадаркі; электрыфікацыі і аўтаматызацыі сельскай гаспадаркі; гуманітарызацыі; павышэння кваліфікацыі; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі; курсы паглыбленага вывучэння замежных моў. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1957, дактарантура з 1992. Пры ун-це 22 н.-д. і 15 вучэбна-навук.-даследчых лабараторый, 2 камп’ютэрныя класы, аддзел размнажальнай тэхнікі, экалагічны цэнтр, цэнтр зберажэння энергарэсурсаў у с.-г. вытв-сці; музей гісторыі ун-та і музей прыроды, фауны і экалогіі.

Будынак Беларускага аграрнага тэхнічнага універсітэта.

т. 2, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т «ДЗЕ́ЦІ ЧАРНО́БЫЛЯ»,

незалежная няўрадавая гуманіт. арг-цыя. Створана ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 незалежная арг-цыя. Гал. кірунак дзейнасці — прафілактыка захворванняў дзяцей-чарнобыльцаў. З гэтай мэтай арганізавана іх аздараўленне на спец. базах, дзе спецыялісты кансультацыйна-дыягнастычнай лабараторыі к-та праводзяць паглыбленае абследаванне. К-там створаны таксама лабараторыі радыелагічнай бяспекі (вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі на забруджаных землях) і сац.-псіхал. рэабілітацыі. Праводзіць сімпозіумы, семінары, канферэнцыі, «круглыя сталы», па матэрыялах якіх выдае зборнікі, памяткі для насельніцтва. Удзельнічае ў міжнар. чарнобыльскіх акцыях, быў арганізатарам на Беларусі Міжнар. маршу «За бяз’ядзерны свет — 1995». Мае абласныя арг-цыі, мінскую гар. і некалькі раённых. Дэвіз к-та «Здаровыя дзеці — здаровая нацыя».

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)