КРАСА́ЎКА (Atropa),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 5 відаў. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі інтрадукавана К. беладонна, або соннае ачмурэнне, ці шалёная ягада (A. belladonna).

Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 2 м. Лісце суцэльнае, на кароткіх чаранках. Кветкі буйныя, адзіночныя. Плод — ягада. Ядавітая. Лек. расліны.

Красаўка беладонна.

т. 8, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЭ́НЬ,

1) на Беларусі часовая жыллёвая пабудова, тое, што будан.

2) На Украіне — шалаш, вартоўня (на агародах, бахчах, пасеках і г.д.); у асобных раёнах, а таксама на Доне (Расія) — вясковая жылая хата.

3) У Запарожскай Сечывайск. падраздзяленне з некалькіх соцень казакоў і назва жылога памяшкання, у якім жылі казакі.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПІ́ЦКІ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 15.2.1959, г. Гродна),

бел. спартсмен (фехтаванне на рапірах). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1978). З 1977 інструктар Спорткамітэта Беларусі. Сярэбраны прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) у камандным першынстве. Чэмпіён свету сярод юнакоў (1977), сярод дарослых (1979), чэмпіён VII летняй Спартакіяды народаў СССР (1979) у камандным першынстве.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у Пінскай вобл. Цэнтр — в. Ленін, з 8.6.1950 — г.п. Мікашэвічы. 1.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. З 8.1.1954 у Брэсцкай вобл. 20.1.1960 скасаваны, сельсаветы перададзены Жыткавіцкаму р-ну Гомельскай вобл., Старобінскаму р-ну Мінскай вобл., Лунінецкаму р-ну Брэсцкай вобл.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1927—40. Цэнтр — г. Маладзечна. Створаны 1.4.1927 у складзе Віленскага ваяв. Польскай Рэспублікі. Падзяляўся на 8 гмін: Гарадоцкую, Красненскую, Лебедзеўскую, Маладзечанскую, Радашковіцкую (вылучаны з Вілейскага пав.), Беніцкую (з Ашмянскага), Палачанскую (з Валожынскага), Ракаўскую (са Стаўбцоўскага). З 4.12.1939 у Вілейскай вобл. БССР. 15.1.1940 скасаваны.

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІЯРЫ́СІЙ (ад лац. miliarense тысячны),

1) познарымская сярэбраная манета 4—5 ст. (лігатурная маса 4,5 г).

2) Візантыйская сярэбраная манета 6—11 ст. (лігатурная маса 3—2,50 г). У канцы 10 — 1-й пал. 11 ст. невял. колькасць М. трапіла на рынкі Русі. На Беларусі трапляецца ў адзінкавых экзэмплярах у скарбах.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАШНІЧЭ́НКА (Пётр Апанасавіч) (26.11.1922, с. Запселле Краснапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 1.1.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Камандзір узвода разведкі лейт. М. вызначыўся пры вызваленні Гомельскай вобл.: у цяжкім баі каля в. Печышчы Парыцкага р-на сваім целам закрыў амбразуру варожага дзота.

П.А.Мірашнічэнка.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЭ́ЖКА,

ажурная вышыўка, для выканання якой з палатна выцягваюць неабходную колькасць нітак утку або асновы, а астатнія перавіваюць пэўным спосабам. У залежнасці ад узору, асаблівасцей тэхнікі выканання, колеру вылучаюць простыя і складаныя М., вузкія і шырокія, аднарадныя і шматрадныя, белыя і каляровыя. На Беларусі М. часта аздаблялі традыц. нар. адзенне.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХВА́Т РАКІ́,

захоп ракой сцёку суседняй ракі. У большасці выпадкаў — вынік рэгрэсіўнай (адступальнай) эрозіі, калі рака ўразаецца вярхоўямі ў водападзельную прастору і дасягае суседняй рачной даліны. Вада з перахопленай ракі цячэ па новым рэчышчы. Біфуркацыя рэк — адзін з этапаў П.р. На Беларусі П.р. адбываліся ў пасляледавіковы час, сведкі гэтага — скразныя даліны.

т. 12, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАПАКУ́ТНІКІ ў хрысціянстве,

рэальна існуючыя або міфічныя асобы, прылічаныя царквой да святых за пакуты і смерць, прынятыя за веру. Культ П. склаўся ў перыяд ганення хрысціян у Рым. імперыі. П. станавіліся першымі святымі ў хрысц. пантэоне. У шэрагу выпадкаў з імі звязаны рэліг. легенды і паданні (гл. таксама Святыя Беларусі).

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)