1. Умоўны знак (зрокавы або гукавы) для перадачы якога‑н. паведамлення, распараджэння, каманды і пад. Сігнал паветранай трывогі. Сігналы дакладнага часу. Дарожныя сігналы. □ Яфрэйтар стаяў каля акна і нецярпліва чакаў сігналу да адпраўкі эшалона.Мележ.Вечаровую цішыню прарэзалі зазыўныя гукі трубы гарніста — сігнал на новы паход...Каваль.Па сігналу ракеты байцы ўварваліся ў вёску.Краўчанка.//перан. Тое, што з’яўляецца прычынай для якога‑н. дзеяння ў адказ, служыць заклікам да чаго‑н. Забойства Бандароўны паслужыла сігналам для ўзброенага паўстання.Шкраба.Акупанты.. сталі збіраць сейбітаў. Каб загнаць іх за драты лагераў і там замарыць ці завезці ў Нямеччыну. Гэта стала сігналам на масавы выхад.Брыль.
2.перан. Папярэджанне, паведамленне аб чым‑н. непажаданым. Дзімін чакаў яго з неўсвядомленай трывогай — начальства часцей з’яўлялася на завод, калі былі якія сігналы.Карпаў.Сігнал — не жартачкі! Камісія, вядома, прыехала ў саўгас, праверку пачала.Корбан.
3.Спец. Імпульс або група імпульсаў электрамагнітнай энергіі.
[Ням. Signal ад лац. signum— знак.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
1.Дзеепрым.зал.пр.ад упэўніць.
2.узнач.прым. Які цвёрда верыць у што‑н., перакананы ў чым‑н. Сын быў упэўнены, што ёсць адна рэвалюцыйная праўда.Чорны.Клаўся ставы спаць ужо нават упэўнены, што Лапця недзе ў партызанах.Кулакоўскі.// Перакананы ва ўласных сілах, які спадзяецца на сябе. Рос [Быстроў] дужым, вынослівым і ўпэўненым у сабе.Мележ.// Які выражае ўпэўненасць, перакананасць. Васіль Іванавіч стаяў па трыбуне і ўпэўненым голасам расказваў аб дасягненнях жывёлаводаў.Шашкоў.Ва ўсіх па змораных тварах разгубленасць, і толькі ў Чыжыка ўпэўнены погляд.Лупсякоў.
3.узнач.прым. Рашучы, энергічны. Тацяна ўпэўненымі гаспадарчымі рукамі ўпарадкавала небагатыя клумкі Марыны Паўлаўны.Зарэцкі.Не ў пошуках хлеба, зямлі ці заробку, З Прыпяці трапілі людзі сюды, — На заклік Радзімы ўпэўненым крокам Прыйшлі будаваць яны край малады.Жычка.Рухі ў.. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыжаныя.Карпаў.
•••
Будзь упэўнены — не сумнявайся, не турбуйся, усё будзе так, як трэба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарвя́к, ‑а; мн. чэрві, чарвей і чарвякі, ‑оў; м.
1. Беспазваночны жывёльны арганізм з доўгім мяккім целам, без канечнасцей і ярка выражанай галавы. Выходжу на луг, на Свіслач шыбую — Ды з вудамі, з хлебам, з чарвямі і босы.Колас.Сям-там відны былі аратыя, чорныя гракі хадзілі за імі, падбіраючы чар вякоў.Чарнышэвіч.
2.перан. Пра нікчэмнага, агіднага чалавека. [Насця:] — Дык гэта ты прадаў Андрэя? Чарвяк ты няшчасны! Погань ты!Шамякін.
3.перан.; чаго. Пра пачуццё або стан, які працяглы час турбуе, назаляе, падрывае маральныя сілы чалавека. Чарвяк цікаўнасці не даваў.. [жонцы] спакою.Дамашэвіч.
4.Спец. Зубчастае кола ў выглядзе шрубы.
•••
Дажджавы чарвяк — чырвоны земляны чарвяк.
Раснічныя чэрві — клас плоскіх чарвей з целам, пакрытым раснічкамі.
Шаўкавічны чарвяк — вусень тутавага шаўкапрада.
Замарыць чарвякагл. замарыць.
Карміць чарвейгл. карміць.
Трапілася чарвяку на вякугл. трапіцца.
Чарвяк есць (смокча)каго — пра душэўныя пакуты, сумненні, якія церпіць хто‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
miss2[mɪs]v.
1. прамахну́цца, не пацэ́ліць;
He fired at the target but missed it. Ён выстраліў у цэль, але прамахнуўся.
2. не заўва́жыць (што-н.);
You can’t miss their house, it’s the highest on the street. Вы не можаце не заўважыць іх дом, ён самы высокі на вуліцы.
3. не зразуме́ць;
She missed the joke. Яна не зразумела жарт.
4. прапусці́ць; спазні́цца;
He missed his breakfast. Ён не снедаў./Ён прапусціў снеданне;
miss the train/plane спазні́цца на цягні́к/самалёт
5. сумава́ць, марко́ціцца;
What did you miss most when you were abroad? Па чым вы больш за ўсё сумавалі, калі былі за мяжой?
6. пазбяга́ць;
You should miss the crowds. Вам трэба пазбягаць натоўпу.
miss out[ˌmɪsˈaʊt]phr. v. прапуска́ць, упуска́ць;
You have missed out the most important thing. Вы прапусцілі самае важнае.
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
ГАБО́Н (Gabon),
Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс.км², нас. 1123 тыс.чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).
Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.
Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большую ч.тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах.банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.
Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач.н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі быліпартуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».
З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл.ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн.т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн.т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн.м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн.т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс.км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш.гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎЛЯ́НАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
від архітэктуры, якому ўласцівы адзінства буд. матэрыялу (дрэва) і спецыфічных канструкцый; мастацтва ствараць будынкі з дрэва, арганічна спалучаючы вырашэнне функцыянальных, канструкцыйных і маст. задач.
Дрэва — канструкцыйны і аддзелачны матэрыял. Шырока ўжываецца ў буд-ве з-за лёгкасці апрацоўкі, дастатковай мех. трываласці, малой аб’ёмнай вагі, магчымасці ствараць эстэт. выразнасць яго структурнасці, фактуры, колеру. Выкарыстоўваюць розныя драўляныя элементы: бярвенне, брусы, дылі, гонту і інш.Маст. выразнасць у Д.д. дасягаецца спалучэннем і адначасова супрацьпастаўленнем простых геам. форм (у аснове якіх адзіны модуль, роўны даўжыні бервяна ці адзінцы вымярэння), а таксама разьбой. Д.д. — адметная з’ява ў матэр. і маст. культуры многіх народаў. Адзіныя буд. прыёмы вызначаюць архітэктуру практычна ўсіх тыпаў будынкаў (жылых, гаспадарчых, абарончых, грамадскіх, прамысловых і інш.) пры багацці і разнастайнасці агульных вырашэнняў, якія ўлічваюць сац.-эканам., прыродна-кліматычныя ўмовы. З-за параўнальнай недаўгавечнасці драўніны і пажараў не захавалася драўляных збудаванняў стараж. часоў, хоць археал. даследаванні даюць звесткі аб палевых пабудовах эпохі палеаліту, неаліту, бронзавага веку. Найбольш стараж. помнікі Д.д., якія захаваліся, — каркасныя канструкцыі, што складаюцца са стоек, бэлек, раскосаў і агараджальных элементаў храмы ў Кітаі і Японіі (9 ст.), Нарвегіі (12 ст.). Каркасныя канструкцыі, у параўнанні са зрубнымі (гл.Вянковая канструкцыя), даюць магчымасць ствараць больш вольныя кампазіцыі, што фарміруюцца рытмічнымі радамі калон, бэлек, рыгеляў. Каркасная сістэма шырока выкарыстоўваецца ў Акіяніі, Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі. Зрубныя канструкцыі атрымалі пашырэнне ў Еўропе і Канадзе.
На Беларусі драўляныя пабудовы вядомы з эпохі палеаліту. Укапаныя ў зямлю слупы і сохі стваралі аснову сцен і падтрымлівалі дах. З часам з гэтых канструкцый развіліся каркасныя. Як іх варыянт у 16—18 ст. выкарыстоўвалі фахферк («прускі мур»). Прыкладна з 3 ст. атрымліваюць развіццё зрубныя канструкцыі з бярвён (звычайна ў сялянскім буд-ве) ці брусоў (у гар. і манум.). Больш дасканалыя і зручныя, яны сталі найб. пашыранымі. Змены ў сял. буд-ве ішлі павольна, а на манум. Д.д. (пачынаючы з 17 ст.) значна ўплывалі маст. стылі мураванай архітэктуры. Вызначыліся 2 асн. тэндэнцыі развіцця: кансерватыўная, звязаная з мясц. традыцыямі (гл.Народнае дойлідства) і наватарская, арыентаваная на ўкараненне эстэт. канцэпцый стыляў барока, класіцызму з выкарыстаннем форм і прыёмаў, уласцівых мураванай архітэктуры (аркі, скляпенні, карнізы, пілястры, руст, шалёўка і інш.). Асн. тыпы жылых дамоў — 1-, 2-, 3-камерныя і больш складанай планіроўкі, якія будавалі асобна ці разам з інш. пабудовамі ў складзе сядзіб-комплексаў (Паазер’е), сядзіб вянковага (Падняпроўе, Паазер’е, Усх. Палессе) ці пагоннага (Зах. Палессе, Панямонне, цэнтр. Беларусь) тыпаў. У гарадах і мястэчках будавалі дамы з галерэямі на гал. фасадзе (падчэнню) і 2-павярховыя жылыя дамы. Асаблівасці гасп. пабудоў (свіран, лямус, адрына, гумно, хлеў, склеп і інш.) залежалі ад іх прызначэння і заможнасці гаспадаркі. Вытворчыя збудаванні (вятрак, вадзяны млын) характарызуюцца аб’яднаннем у адно цэлае механізма з драўлянымі канструкцыямі будынка. У сярэдневякоўі былі пашыраны драўляныя абарончыя збудаванні гарадоў (Віцебск, Полацк і інш.) і феад. замкаў (Радашковічы, Кобрын, Нясвіж і інш.). З дрэва будавалі ўсе тыпы грамадскіх будынкаў: ратушы (Шарашова, Віцебск, Драгічын), манежы (Клецк), свірны-«магазыны» (Тураў, Любча), тэатры (Слуцк, Нясвіж), гандлёвыя рады (Давыд-Гарадок, Карэлічы), крамы, корчмы, шпіталі, школы і інш. Драўлянымі былі будынкі першых мануфактур (Налібакі, Урэчча, Слуцк).
Драўляныя цэрквы 17—19 ст. падзяляліся на храмы восевай кампазіцыі, у якіх 1, 2, 3 ці больш зрубаў размешчаны па адной падоўжнай восі (Здзітаўская Мікітаўская царква ў Жабінкаўскім р-не, Слуцкая Міхайлаўская царква, Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква ў Столінскім р-не), і крыжовай, у якіх 4 або 5 зрубаў пастаўлены па 2 узаемна перпендыкулярных восях (Ельская Троіцкая царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква ў Лунінецкім р-не, Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква ў Докшыцкім р-не). Зрубы завяршаліся вальмавымі ці 2-схільнымі дахамі, шатрамі, шмат’яруснымі вярхамі, купаламі. Сярод касцёлаў 17—19 ст. вылучаюцца 1- і 3-нефавыя (Дудаўскі касцёл Марыі ў Іўеўскім р-не, Гудагайскі касцёл Маці Божай у Астравецкім р-не, Адэльскі касцёл Ушэсця ў Гродзенскім р-не), з якіх найб. пашыраны былі 3-нефавыя базілікі з 2-вежавым гал. фасадам. Такая аб’ёмна-планіровачная структура ў розных варыянтах спалучалася з традыц. вырашэннямі ў архітэктуры драўляных уніяцкіх цэркваў (Сцяпанкаўская Міхайлаўская царква ў Жабінкаўскім р-не). Вядомы храмы цэнтрычнай кампазіцыі з 4-, 6- або 8-гранным планам, завершаныя шатром ці купалам. Званіцы ў выглядзе шмат’ярусных вежаў звычайна ставілі ў куце храмавага пляца або над галоўнай брамай у агароджы (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, в. Чэрск Брэсцкага р-на, в. Лявонпаль Міёрскага р-на). Сінагогі 17—18 ст. рабілі цэнтрычнай кампазіцыі з квадратнай малітоўнай залай, завершанай складаным, часам шмат’ярусным скляпеннем (Гродна, Нароўля, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на). У архітэктуры сінагог, як і ў драўляных мячэцях (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, г.п. Іўе), выкарыстоўваліся элементы мясц. грамадскай і жылой архітэктуры: алькежы, галерэі, маст. разьба.
Паляпшэнне якасці драўніны (прасаванне, антысепціраванне, выкарыстанне клею) дазваляе ствараць канструкцыйныя элементы практычна любых памераў і форм. Таму для грамадскіх і прамысл. будынкаў, асабліва з вял. (да 90 м і болей) пралётамі, з дрэва робяць аркі, рамы, абалонкі: крытыя стадыён у Фларыдзе (ЗША), каток у Грэноблі (Францыя), палац спорту ў Архангельску (Расія). На Беларусі клееныя рамы ствараюць аснову канструкцыі склада ў Салігорску, спарт. залаў у Мінску, Гомелі і інш. Дэкаратыўныя якасці драўляных элементаў істотна ўплываюць на стварэнне эфектнага вонкавага выгляду будынкаў і іх інтэр’ераў.
Помнікі бел. Д.д. прадстаўлены ў Археалагічным музеі Бярэсце і Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Драўлянае дойлідства. Царква Святога Варфаламея. Сяло Кочы каля г. Хрудзім. Чэхія. 1307.Да арт.Драўлянае дойлідства. Дамы ў вёсцы Рашкопаў. Паўночна-Заходняя Чэхія. Сярэдзіна 19 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Ільінская царква ў г. Белазерск Валагодскай вобл. (Расія). 1690.Да арт.Драўлянае дойлідства. Кіжы. 18 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Дуды Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Да арт.Драўлянае дойлідства. Дом-музей П.Бажова ў г. Сысерць (Расія).Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Да арт.Драўлянае дойлідства. Міхайлаўская царква. Закарпацкая Украіна. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Вятрак з вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Сінагога. Горад Заблудаў. Польшча. Пач. 17 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Жылы дом у г. Клімавічы Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЗБ). Створана ў кастр. 1923 на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), скліканай паводле рашэння II з’езда КПРП, з лют. 1925 Камуністычная партыя Польшчы, КПП. У КПЗБ увайшлі члены б. арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле, чл. КПРП. У снеж. 1923 у КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), кіраўнікі якой І.К.Лагіновіч (П.Корчык), Л.І.Родзевіч (Антось), А.Р.Капуцкі (Лёкса) былі кааптаваны ў склад Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, што садзейнічала павелічэнню бел. элемента ў кіраўніцтве КПЗБ. Функцыянавала да жн. 1938 на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі КПП, зыходзіла з яе праграмных установак. КПЗБ змагалася за сацыяліст. рэвалюцыю, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі і ўз’яднанне з БССР. Працавала нелегальна ва ўмовах паўакупац. рэжыму ў краі. Польскія ўлады праследавалі членаў КПЗБ, знявольвалі іх у турмы, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, наладжвалі масавыя палітычныя працэсы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал.; у канцы 1924—2296 чал., у канцы 1927—3254 чал. У 1924—29 дзейнічала 6 акруговых (Баранавіцка-Слонімскі, Беластоцкі, Брэсцкі, Віленскі, Гродзенскі, Пінскі) і больш за 50 раённых к-таў КПЗБ. У сак. 1932 у КПЗБ налічвалася 3600 членаў, з іх 20% пражывалі ў гарадах і каля 80% на вёсцы; у 1933—3800—4000 членаў, дзейнічала 11 акруговых (дадаткова Лідскі, Маладзечанскі, Навагрудскі, Пастаўска-Глыбоцкі, Свянцянска-Браслаўскі) і больш за 90 раённых к-таў партыі. Прыкладна палова членаў КПЗБ знаходзілася ў турмах і канцлагеры. Сярод бел.паліт. партый, што дзейнічалі ў краі, КПЗБ была найб. шматлікай і ўплывовай. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз маладзі Заходняй Беларусі, Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі. За час існавання КПЗБ адбыліся 2 з’езды і 3 канферэнцыі. Практычную работу партыі ўзначальваў ЦККПЗБ, які складаўся з Бюро ЦККПЗБ і Краявога сакратарыята ЦККПЗБ. Частка членаў Бюро і ЦК знаходзілася ў Мінску з мэтай кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі і Мінскай школай КПЗБ. Цэнтр. орган КПЗБ — газ.«Чырвоны сцяг», з 1924 выдаваўся тэарэт.час.ЦККПЗБ«Бальшавік». Легальнымі органамі партыі былігаз.«Барацьба», «Беларуская газета», «Наша воля», сатыр.час.«Асва».
На этапе станаўлення КПЗБ карысталася падтрымкай з боку КП(б)Б. З ліп. 1924 да лют. 1925 у Мінску існавала Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦККП(б)Б. Да стварэння КПЗБ асноўнай формай рэв. і нац.-вызв. руху на анексіраваных Польшчай бел. землях была партыз. барацьба, якая ў 1923—24 ахапіла большасць паветаў (гл.Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). На Другой канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) арганізацыйна аформілася антыпарт. групоўка, якая зыходзіла з курса на ўзбр. паўстанне, патрабавала адасаблення КПЗБ ад КПРП (гл.Сэцэсія). Трэцяя канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прызнала памылковым курс на ўзбр. паўстанне і вызначыла новую тактыку па збіранні сіл рабочых, сялян і нац. інтэлігенцыі. Гэта тактыка далей развіта ў рашэннях Першага з’езда КПЗБ (чэрв.—ліп. 1928). Па ініцыятыве ЦККПЗБбел. паслы (дэпутаты) у польск. сейме стварылі ў чэрв. 1925 асобны куб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая перарасла ў больш як стотысячную арг-цыю і фактычна стала легальным асяродкам КПЗБ. Пасля разгрому ў студз. 1927 Грамады правадніком ідэй Кампартыі ў сейме быў бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне». КПЗБ была ў авангардзе барацьбы супраць рэжыму Ю.Пілсудскага, узначальвала большасць выступленняў рабочых у абарону сваіх эканам. і паліт. правоў. Праз БСРГ, «Змаганне», Таварыства беларускай школы Кампартыя арганізоўвала масавыя акцыі супраць нац. ўціску, што стрымлівала працэс паланізацыібел. насельніцтва. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. палітыка КПЗБ характарызавалася лявацка-сектанцкім падыходам, адмоўным стаўленнем да бел.нац.паліт. партый і арг-цый — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай санацыі, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, кваліфікуючы іх як састаўную частку нацыянал-фаш. лагера. Арыентацыя на сацыяліст. рэвалюцыю і выключэнне з рэв. лагера дэмакр. сіл звузіла фронт апазіцыйнага да пілсудчыкаў бел.дэмакр. лагера і стала адной з прычын спаду нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі ў пач. 1930-х г. На яго аслабленне адмоўна паўплывалі і рэпрэсіі палітычныя ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да кіраўнікоў БСРГ, «Змагання» і ЦККПЗБ, якія ў 1932 па абмене палітзняволенымі перададзены ў СССР. У рэзалюцыях ЦККПЗБ 1934 па нац. пытанні БРА трактавалася як агентура бел. нацыяналізму ў радах КПЗБ. У 2-й пал. 1930-х г. Кампартыя ўзяла курс на аб’яднанне дэмакр. сіл. У рашэннях Другога з’езда КПЗБ (май 1935) выпрацаваны новыя тактыка і стратэгія, скіраваныя на адзінства дзеянняў і стварэнне шырокага антыфашысцкага народнага фронту. Забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі ў 1936—37 праходзілі пад заклікамі барацьбы супраць наступу сіл фашызму і вайны, увядзення антыдэмакр. канстытуцыі, за амністыю палітзняволеным, салідарнасць з рэсп. Іспаніяй, разрыў саюза з гітлераўскай Германіяй і за супрацоўніцтва з СССР. У 1938 дзейнасць КПЗБ спынена. Паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўныя часткі КПЗБ і КПЗУ ў жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачання былі распушчаны. Роспуску папярэднічалі рэпрэсіі ў 1937 у адносінах да кіруючага актыву партыі. Абвінавачанні супраць КПЗБ і яе актыву зняты пасля апублікавання 21.2.1956 у газ. «Правда» заявы Цэнтр. Камітэтаў Кампартый Сав. Саюза, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі, у якой дадзена высокая ацэнка дзейнасці КПП, падкрэслена, што роспуск яе быў неабгрунтаваны.
Літ.:
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР’ Док. и материалы. Т. І—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Комларгии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Полуян В.А., Полуян И.В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920—1939 гг.Мн., 1962;
Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 іт. Мн., 1972;
Воткович Г.Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся (1929—1933 гг.). Мн., 1975;
Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;
Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Ми., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;
Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938. Мн., 1986;
Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;
Bergmann A Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984.
У.Ф.Ладысеў.
Дэлегаты II з’езда Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМСтаражытны
(лац. Roma),
найбуйнейшая антычная цывілізацыя са своеасаблівай дзяржаўнасцю і культурай у 8 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. Горад Рым узнік у 753 да н.э. і на працягу 5—3 ст. да н.э. падпарадкаваў усе плямёны Апенінскага п-ва, а з канца 3 ст. да н.э. стаў цэнтрам міжземнаморскай дзяржавы, якая пазней уключала зах. і паўд.-ўсх. Еўропу, М.Азію, узбярэжжа Паўн. Афрыкі, Сірыю, Палесціну і інш.
Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю стараж.-рым. цывілізацыі на 3 перыяды: царскі (753—510 да н.э.), рэспубліканскі (510—31 да н.э.) і імператарскі (31 да н.э. — 476 н.э.). Паводле ант. традыцыі, у першы перыяд у Р. правілі 7 цароў, пачынаючы з Ромула. Пры царах Р. заняў дамінуючае становішча ў Лацыі. Стараж. гісторыкі сведчаць (пацверджана археал. звесткамі), што Р. узнік шляхам сінайкізму 3 плямён — лацінаў, сабінаў і этрускаў. Сац.-паліт. арганізацыя ранняга (архаічнага) Р. будавалася на кроўнароднасных і суседскіх прынцыпах. Як родаплемянное аб’яднанне Р. уключаў 300 родаў, 30 курый (брацтваў) і 3 трыбы (племені, пазней — акругі). Членаў кожнага роду аб’ядноўвалі агульныя найменне, рэліг. культ і зямельныя ўладанні. Рым. гентыльная абшчына была блізкая да суседскай, бо аб’ядноўвала ўсіх людзей, што жылі на яе тэрыторыі. Абшчынныя землі сталі асновай рым.дзярж. зямельнага фонду (агер публікус), які ўвесь час папаўняўся за кошт захопу зямель у італікаў. Самай малой гасп. і сац. адзінкай была вял. патрыярхальная сям’я. Даследчыкі адзначаюць неразвітасць дзярж. інстытутаў у царскім Р., структура якога складалася з выбарнага цара, савета старэйшын (сената) і нар. сходу. Цар сумяшчаў функцыі вярх. жраца, военачальніка, гал. суддзі і заканадаўцы. У сенат уваходзілі 300 старэйшын патрыцыянскіх родаў. Грамадства складалася з саслоўяў патрыцыяў, плебеяў і рабоў (гл.Рабства). Плебеі першапачаткова былі па-за грамадз. абшчынай. На аснове маёмаснай і сац. дыферэнцыяцыі складалася асобая форма сац. адносін — кліентэла. Ант. традыцыя прыпісвае Сервію Тулію (6 ст. да н.э.) рэформы, у выніку якіх плебеі ўвайшлі ў склад рым. народа (populus romanus). Ён стварыў з патрыцыяў і плебеяў адзінае войска (камплектавалася з коннікаў, цяжка- і лёгкаўзброенай пяхоты).
Сфарміраваныя ім 193 цэнтурыібылі і ваен. атрадамі і адзінкамі, што галасавалі на нар. сходах (цэнтурыяльных каміцыях). Рэгулярна праводзіўся цэнз — перапіс насельніцтва і ацэнка яго маёмасці, гал. крытэрыем якой была зямля. Ваен. і цэнзавая рэформы аслабілі ўплыў родавай знаці. Рэшткі родавага ладу канчаткова ліквідаваны з увядзеннем новага адм.-тэр. падзелу, калі асн. структурнай адзінкай стала трыба (як акруга). Па трыбах праводзілася галасаванне на карпаратыўных сходах плебса. У царскі перыяд адбылося поўнае аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі, узнік рэгулярны ўнутраны абмен. У выніку паўстання ў 510 да н.э. супраць Тарквінія Гордага царская ўлада скінута і ўзнікла рэспубліка. Для знешняй палітыкі ранняй рэспублікі (5—пач. 3 ст. да н.э.) характэрна барацьба Р. за ўладаранне ў Італіі, для ўнутр. — процістаянне плебеяў і патрыцыяў. З 5 ст. да н.э. Р. вёў войны з лацінамі, сабінамі, эквамі, вольскамі, этрускамі, грэкамі і інш. плямёнамі за пашырэнне сваёй тэрыторыі. Для гэтага ён заключаў часовыя саюзы з аднымі плямёнамі супраць другіх. Пераможаныя абшчыны Р. далучаў да сваёй паліт. структуры ці заключаў з імі саюз. Саюзнікі захоўвалі ўнутр. самакіраванне, але страчвалі права на самаст. знешнюю палітыку і павінны былі аказваць Р. ваен. дапамогу. На іх тэр. рымляне засноўвалі калоніі сваіх грамадзян. Так узнік рымска-італійскі саюз з розным прававым статусам яго членаў, з адзінай дзярж. мовай (латынь), звязаны сеткай брукаваных дарог у адзінае гасп. цэлае. Рым. дзяржава разам з саюзнікамі і калоніямі была падзелена на 35 трыб. Рым. грамадзянін меў права валодаць зямельнай маёмасцю, удзельнічаць у галасаванні ў каміцыях і быць абраным на дзярж. пасады. У выніку Саюзніцкай вайны 90—88 да н.э. і агульнаіталійскага паўстання супраць Р. такія правы атрымалі ўсе італікі. Асновай унутр. развіцця рэсп. Р. была барацьба плебеяў за доступ да ўлады і фонду грамадскай зямлі. Тактыкай ваен. забастовак (сэцэсій) плебеі дамагліся прыняцця закону, які ўводзіў пасаду нар. трыбуна (з 494 да н.э.) з плебеяў.
У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пад іх націскам прыняты Законы XII табліц, якія рэгулявалі крымінальнае і сямейнае права, судаводства, прыватную ўласнасць; забараняліся асабістыя прывілеі; прыгавораны магістратам да пакарання смерцю меў права апеляваць да нар. сходу. Пазней плебеі былі дапушчаны да магістратуры і кансулату. Дазваляліся міжсаслоўныя шлюбы, забаранялася пазыковая кабала. У выніку змянілася сац. структура рым. грамадства, узнікла новая арыстакратыя — набілітэт. Ураўнаванне ў правах патрыцыяў і плебеяў прывяло да фарміравання грамадз. абшчыны, падобнай да грэч.поліса. Гэта была арыстакратычная рэспубліка, у якой улада належала нар. сходу і магістратам, пастаянным кіруючым органам быў сенат, члены якога прызначаліся пажыццёва. Магістратура дзейнічала калегіяльна і галосна. Выключэннем была надзвычайная магістратура — дыктатура на выпадак асабліва небяспечнай вайны. Вышэйшы магістрат (дыктатар, консул, прэтар) меў правы: камандаваць войскам, выконваць вышэйшую юрысдыкцыю, склікаць сенат і нар. сходы. У час рэспублікі каміцыі праходзілі па курыях, цэнтурыях і трыбах. Сфарміраваліся саслоўі сенатараў і коннікаў. У час дыктатуры Луцыя Карнелія Сулы [83—79 да н.э.] дзейнасць нар. трыбунаў і каміцый абмежавана, паўнамоцтвы вышэйшых магістратаў засяроджаны ў руках адной асобы. Экспансія Р. ў гэты час выйшла па-за межы Апенінскага п-ва. За панаванне ў Зах. Міжземнамор’і Р. змагаўся з Карфагенам. Пасля 3 Пунічных войнаў, якія скончыліся перамогай над Карфагенам, Р. у 2—1 ст. да н.э. заваяваў полісы Балканскай Грэцыі, Македонію, эліністычныя царствы і стаў найбуйнейшай Міжземнаморскай дзяржавай. Пры гэтым у Р. захоўвалася грамадз. абшчына з рэсп. выбарнай сістэмай кіравання. З-за адсутнасці пастаяннага дзярж. апарата ўзнікла форма водкупу на збор падаткаў. У якасці адкупшчыкаў (публіканаў) найчасцей выступалі рым. коннікі. Нар. сход як найважнейшы ін-т поліснай дэмакратыі перажываў крызіс з-за таго, што ў каміцыях маглі ўдзельнічаць толькі жыхары Р. і яго наваколля. На змену поліснаму апалчэнню стала фарміравацца прафес. армія.
У 1 ст. да н.э.рым. рэспубліка як полісная структура не магла ўжо эфектыўна вырашаць пытанні вял. дзяржавы. Публіканы і палкаводцы пачалі кіраваць усім паліт. жыццём Р. Паліт. крызіс выліўся ў грамадз. войны груповак знаці. У 60-я г. да н.э. ўзнік 1-ы трыумвірат (Юлій Цэзар, Гней Пампей і Марк Крас). У час грамадз. вайны была ўстаноўлена дыктатура Юлія Цэзара [48—44 да н.э.]. Пасля яго забойства склаўся 2-і трыумвірат (Марк Антоній, Актавіян і Лепід). Антоній атрымаў у кіраванне ўсх. правінцыі, Актавіян — Італію і зах. правінцыі. Аднак з-за збліжэння Антонія з егіп. царыцай Клеапатрай пачалася новая грамадз. вайна, у якой перамог Актавіян (гл.Аўгуст) і стаў аднаасобным правіцелем Рым. дзяржавы. З часу яго праўлення Р. ператварыўся ў імперыю. Яго гісторыю падзяляюць на раннюю імперыю (1—3 ст.н.э.) — прынцыпат і познюю (4—5 ст.) — дамінат. Сучасная гіст.л-ра вызначае Рым. імперыю як універсальную дзяржаву, у межах якой сістэма самастойных і часткова самастойных абшчын трансфармавалася ў адзіную паліт. структуру, аб’яднаную агульным заканадаўствам. У час ранняй імперыі яшчэ існавалі сенат і каміцыі, але імператар (прынцэпс — першы грамадзянін) выступаў як носьбіт сукупных паўнамоцтваў рэсп. магістратаў, абапіраўся на ўласныя казну (фіск), гвардыю (прэтарыянскія кагорты) і армію. Яго вярх. ўлада стала спадчыннай. Узніклі першыя дынастыі рым. правіцеляў: Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192], Севераў [193—235]. У часы іх праўлення сфарміраваўся цэнтралізаваны бюракратычны апарат, ведамствы якога займаліся і ўнутр. справамі, і справамі правінцый (гл.Рымскія правінцыі).
У 212 усё вольнае насельніцтва імперыі атрымала правы рым. грамадзянства. Заканадаўства і вышэйшая юрысдыкцыя сталі прэрагатывай імператараў, асабістыя іх загады (канстытуцыі) набылі сілу закону. Сфарміраваўся імператарскі савет — кансісторыя (юрысты, вышэйшыя чыноўнікі, набліжаныя імператара). У часы прынцыпату да Р. далучаны Галія, Іспанія, Германія, Брытанія, Далмацыя, Мёзія, Панонія, Дакія. У 3 ст.Рым. імперыю ахапіў паліт. крызіс, якому спадарожнічалі анархія і палацавыя смуты, эпідэміі і эканам. разруха. За 235—284 у Р. змянілася больш за 2 дзесяткі «сенацкіх» і «салдацкіх» імператараў. На У саперніца Р. Парфія прэтэндавала на рым. ўладанні ў Сірыі і Месапатаміі. Каб процістаяць націску варварскіх плямён і прадухіліць распад імперыі, у яе межах была створана ваен.-бюракратычная манархія — дамінат. Яе стваральнікі Дыяклетыян і Канстанцін I правялі рэформы, накіраваныя на паліт. і эканам. стабілізацыю; правінцыі былі разбуйнены, грамадз. ўлада аддзелена ад ваеннай. З імем Канстанціна I звязана афіц. прызнанне хрысціянства нараўне з інш. рэлігіямі. Сталіца была перанесена ў г.Канстанцінопаль. Скарацілася праслойка вольных абшчыннікаў, землі якіх паглыналі буйныя маёнткі — латыфундыі, сальтусы і імператарскія дамены. Пашырылася сістэма каланату, пры якой сяляне ператвараліся ў калонаў — напачатку вольных, а потым залежных арандатараў. Цэнтр эканам. жыцця перамясціўся ў магнацкія маёнткі, у якіх развівалася шматгаліновая гаспадарка. У гэты час рэзка скараціўся гандаль, гарады прыходзілі ў заняпад. Адкрытае паліт. жыццё згортвалася, вольныя грамадзяне ператвараліся ў падданых імператара, узмацніўся падатковы ўціск, ішло рэзкае сац. размежаванне на саслоўі «высакародных» і «нізкіх». Працэс эканам. і паліт. дэцэнтралізацыі асабліва моцна праявіўся ў зах.ч. імперыі, тэрыторыю якой захоплівалі варварскія плямёны. З 4 ст.вял. пагрозай для яе сталі готы, якія разам з інш.герм. плямёнамі, іранскімі аланамі і азіяцкімі гунамі наносілі шматлікія ўдары па Р.
У 395 імперыя афіцыйна падзялілася на Усх. грэчаскамоўную і Зах. лацінамоўную. У 476 камандуючы імператарскай гвардыяй германец Адаакр скінуў апошняга імператара Ромула Аўгустула і заснаваў на тэр. Італіі сваю дзяржаву. Зах.Рым. імперыя спыніла існаванне. Гісторыю Усх.Рым. імперыі гл. ў арт.Візантыя.
Выхаванне і адукацыя. Старажытнарымская сістэма выхавання была арыентавана на падрыхтоўку моцных, валявых і дысцыплінаваных грамадзян. У ранні яе перыяд выхаванне і навучанне вяліся ў сям’і. Багатыя рымляне (нобілі) для хатняга навучання сваіх дзяцей запрашалі настаўнікаў-грэкаў. У 3—2 ст. да н.э. пачалі ўзнікаць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Элементарную адукацыю давалі трывіяльныя школы (найчасцей прыватныя), дзе вучылі пісьму, чытанню, лічэнню, уменню выразна дэкламаваць творы знакамітых аўтараў, вывучалі асн.рым. законы. Яны мелі няпэўны тэрмін навучання, розныя праграмы, у іх вучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі 6—11-гадовага ўзросту. Дзеці самых бедных рымлян не мелі магчымасці атрымаць такую адукацыю і таму звычайна былі непісьменнымі. У школах павышанага тыпу (граматычных) вывучалі гісторыю, філасофію, геаграфію, геаметрыю, музыку, астраномію, грэч. мову; вучыліся хлопчыкі (з I ст.н.э. і дзяўчынкі) 12—15-гадовага ўзросту. Напачатку школы былі грэчаскія, пазней — лац. і грэка-лацінскія. Для граматычных школ ствараліся спец. падручнікі і хрэстаматыі, якія змяшчалі ўрыўкі з твораў Гамера, Вергілія, Цыцэрона і інш. У рытарскіх школах вучыліся дзеці арыстакратыі, іх рыхтавалі да практычнай кар’еры. Настаўнікі рыторыкі вучылі найперш аратарскаму майстэрству (красамоўству), давалі таксама веды па філасофіі, гісторыі, праве і інш. Вучоба пачыналася звычайна ва ўзросце 14—15 гадоў, і працягвалася да 19, часам і пазней. У 1 ст.н.э.асн. лічыліся 9 навуч. дысцыплін: граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, медыцына, архітэктура.
У 5 ст. паступова выключаны медыцына і архітэктура, т.ч. аформілася праграма «сямі вольных мастацтваў» (яны сталі асновай адукацыі эпохі сярэдневякоўя). Пазней школьны курс «сямі вольных мастацтваў» падзелены на 2 часткі — «трывіум» (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і «квадрывіум» (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). У позні перыяд у Р. пачала фарміравацца хрысц. сістэма навучання і выхавання, у аснове якой былі біблейскія запаветы, ідэі любові да людзей, духоўнага самаўдасканалення, прыярытэт веры над ведамі і навукай, сувязь навучання з маральным рэліг. выхаваннем. Напачатку дзеці з хрысц. сем’яў вымушаны былі наведваць навуч. ўстановы ант. тыпу — грамат., рытарскія школы. У 2—3 ст. узніклі ўласна хрысц. школы, напр., катэхізіса, кафедральныя і епіскапскія школы, дзе асн. было вывучэнне Бібліі.
Міфалогія і рэлігія. Традыцыйна адносіны рымлян з багамі будаваліся на ўзор «фармальнага дагавору». Меркавалася, што калі людзі дакладна выконвалі ўсе рэліг. абрады і рытуалы, то багі зробяць усё, аб чым іх просяць. Рымскія жрацы былі пераважна выбарнымі асобамі, хаця часам іх прызначаў вярх. жрэц — пантыфік. Асаблівасцю стараж.-рым. рэлігіі была наяўнасць багоў, якія ўвасаблялі абстрактныя і маральныя паняцці. Напр., багіня Фідэс увасабляла вернасць клятве, Канкордыя — згоду, Юстыцыя — справядлівасць, Фартуна — шчасце, Пакс — мір, Гонар — пашану, Віртус — доблесць, мужнасць. У стараж. рымлян адсутнічала развітая міфалогія. Паводле найб. ранніх міфалагічных вераванняў, напачатку існаваў першабытны Хаос (у вобразе Януса), з якога пазней узнік увесь свет. Таму творцам усяго існага ў свеце лічыўся Янус, які ў больш позні перыяд стаў увасабленнем усякага роду пачаткаў, у т. л. чалавечага жыцця, богам уваходаў і выхадаў, дагавораў і саюзаў. У яго гонар пабудавана мноства храмаў. Адным са стараж. багоў быў Сатурн (у грэкаў Кронас) — уладар часу, заступнік пасеваў, міфічны цар вобласці Лацый. У яго гонар праводзілася адно з самых улюбёных свят — Сатурналіі (адзначаліся 17—23 снежня), у час якіх людзі ладзілі баляванні, карнавалы, давалі падарункі, весяліліся.
Да паважаных і ўплывовых багоў належалі Юпітэр, Юнона, Мінерва, Марс, Дыяна, Венера, Меркурый, Нептун, Апалон, Веста і інш. Вярхоўным богам-царом, «бацькам багоў», уладаром неба, грому і маланкі быў Юпітэр. Яго жонкай і адначасова сястрой, а таксама ахоўніцай шлюбу, заступніцай жанчын і мацярынства, была Юнона. Багіняй вайны і дзярж. мудрасці, ахоўніцай Рыма, заступніцай рамёстваў і мастацтва лічылася Мінерва. На Капіталійскім узгорку ў Рыме быў пабудаваны храм 3 багоў — Юпітэра, Юноны і Мінервы (т. зв. Капіталійская трыяда). Бога вайны Марса лічылі бацькам заснавальнікаў Рыма — братоў-блізнят Ромула і Рэма. Было мноства т. зв. хатніх божастваў, найб. папулярнымі з іх былі пенаты, геніі, лары, маны. Пенаты лічыліся ахоўнікамі дома, сям’і і дзяржавы. Геніі спачатку лічыліся заснавальнікамі роду, божаствамі мужчынскай сілы, пазней — духамі-ахоўнікамі людзей. Лары — божаствы-ахоўнікі сям’і і ўсіх сфер чалавечага жыцця. Маны — духі памерлых продкаў. Ім прыносілі ахвяраванні (віно, малако, кроў свіней, быкоў, чорных авечак). Існавалі таксама багі «ўзроставыя» (дзяцінства, юнацтва), пэўных сітуацый і станаў (поспеху, надзеі, вернасці, страху і інш.). Рымскія багі апісаны ў творах ант. паэтаў Вергілія і Авідзія. У 1 ст.н.э. ва ўсх. правінцыях Рым. імперыі ўзнікла і пачало паступова пашырацца хрысціянства. Першыя хрысціяне цярпелі моцныя ганенні. У 4 ст. хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй Рым. імперыі, пачалося разбурэнне язычніцкіх храмаў, знішчэнне помнікаў язычніцкага (паганскага) мастацтва, забаронены Алімпійскія гульні.
Філасофія. Старажытнарымская філасофія фарміравалася ў 3—2 ст. да н.э. пад уплывам грэч. філасофіі. Тады ж склаліся розныя філас. кірункі, школы, у т. л.стаіцызм, эпікурэізм, неаплатанізм. Найб. пашырэнне ў Р. атрымала філас. школа стаіцызму. Яе буйнейшыя прадстаўнікі (Сенека, Эпіктэт, імператар Марк Аўрэлій) разглядалі філасофію як вучэнне пра дасягненне маральнага ідэалу, унутр. духоўнай свабоды і шчасця. Для гэтага неабходна было змірыцца са знешнімі абставінамі, імкнуцца да дабрачыннасці, адмовіцца ад свецкіх спакус. Стоікі прызнавалі наяўнасць натуральнай роўнасці ўсіх людзей і свабоднага чалавечага духу. Яны прыкметна паўплывалі на станаўленне ранняга хрысціянства. У эпоху імператарскага Р. найб. пашыраны эпікурэізм (Лукрэцый, Гарацый, Цыцэрон і інш.). Лукрэцый Кар (99—55 да н.э.), імкнучыся вызваліць людзей ад забабонаў, страху перад багамі і смерцю, развіваў ідэі аб натуральным паходжанні чалавека, праслаўляў чалавечы розум, вышэйшай мэтай жыцця лічыў дасягненне асалоды, заклікаў людзей радавацца жыццю і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Неаплатанізм быў своеасаблівым сінтэзам вучэнняў Платона, Арыстоцеля, стоікаў і эпікурэйцаў, а таксама ўсх. містыкі. Яго заснавальнікі і найб. вядомыя прадстаўнікі Плацін і Прокл прапаведавалі перакананне ў тым, што існуе найвышэйшае бязмежнае божаства (т.зв. «Адзінае»), якое ўладарыць над усім светам. Усё існуючае ў свеце — вынік эманацыі (выцякання) гэтага непазнавальнага «Адзінага», таму дух чалавека павінен вызваліцца ад улады цела і зямлі і зліцца з «Адзіным». Хрысц. філасофія пачала фарміравацца ў Р. ў 2—3 ст.н.э. ў форме апалагетыкі і патрыстыкі. У хрысціянстве існавала дваістае стаўленне да філасофіі: з аднаго боку, яе адмаўлялі (Тэртуліян) як спакусу, што адлучае чалавека ад Бога, з другога, наадварот, лічылі яе адным са шляхоў пазнання Бога. Стваральнікам уласна хрысц. філасофіі лічыцца Аўрэлій Аўгусцін (354—430), які стварыў своеасаблівы сінтэз неаплатанізму і хрысціянства.
Прыродазнаўчыя навукі. Помнікаў навук. л-ры эпохі Рым. рэспублікі захавалася мала. З 1 ст. да н.э. тут узмацніўся ўплыў грэч. культуры, вял. аўтарытэтам карысталіся прыродазнаўчанавук. погляды Арыстоцеля; творам гэтага вучонага і яго школы быў нададзены той выгляд, у якім яны пазней вывучаліся і каменціраваліся ва ўсёй Еўропе. З 1 ст.н.э. развіваліся матэматыка і астраномія. Стараж.-грэч. астраном і матэматык Менелай Александрыйскі праводзіў сістэм. назіранні нябесных свяціл, напісаў кнігу па сферычнай геаметрыі і трыганаметрыі, Дыяфант — фундаментальную «Арыфметыку», Пталамей выклаў геацэнтрычную сістэму свету. Вядомы працы па механіцы і оптыцы, хаця яны, як і матэматыка, у рымлян мелі вузка прыкладны характар. Была пашырана астралагічная л-ра. Своеасаблівыя помнікі рым.навук.-тэхн. л-ры — творы па сельскай гаспадарцы (Катон Старэйшы, Варон і інш.). Вял. колькасць прац рым. аўтараў прысвечана архітэктуры, буд. справе, гідратэхніцы і ваен. тэхніцы. Развівалася апісальнае прыродазнаўства, асабліва батаніка, у т. л. вывучэнне лек. раслін. Дасягненні медыцыны абагульнены ў працах Галена. Прадстаўнікамі прыродазнаўства былі Сенека і Пліній Старэйшы. Характэрныя рысы рым. навукі — выкладанне навук. пытанняў у літ.-займальнай форме (творы Лукрэцыя, Вергілія і інш.) і стварэнне своеасаблівых энцыклапедый (Варон, Цэльс). Апошнім рым. вучоным можна лічыць Баэцыя. Пашырэнне Рым. дзяржавы спрыяла развіццю геагр. ведаў. Ваен. паходы і экспедыцыі, далёкія падарожжы купцоў прыносілі новыя геагр. звесткі. Больш канкрэтнымі сталі веды пра тэр.еўрап. краін, у т. л.тэр. сучаснай Беларусі, што ў асн. звязана з гандлем бурштынам, які паступаў у Рым з берагоў Балтыйскага мора. У «Геаграфіі» Страбона прыведзены звесткі пра ўсе вядомыя рымлянам краіны і народы, у «Геаграфіі» Пталамея выкладзены метады навук. картаграфавання, да яе былі прыкладзены 27 карт усіх вядомых на той час тэрыторый — ад Канарскіх а-воў да Кітая. Першы геагр. трактат на латыні стварыў Мела Пампоній. Шмат геагр., гіст. і этнагр, звестак у «Запісках...» Юлія Цэзара, у працах Плінія Старэйшага, Тацыта, Аміяна Марцэліна і інш.Геагр. кругагляд рымлян быў больш шырэй, чым у стараж. грэкаў: яны лепш за грэкаў ведалі Сярэднюю і Паўн. Еўропу, Зах., Паўд. і Усх. Азію, Афрыку да паўд. межаў Сахары.
Гістарычная навука ў Р. пачалася з пагадовых запісаў (аналаў), спісаў вышэйшых службовых асоб (фастаў) і сямейных хронік знатных родаў. На іх аснове ў 2 ст. да н.э. выдадзены 80 кніг «Вялікага летапісу», якія сталі першакрыніцай для рым. гісторыкаў-аналістаў. У ант. гістарыяграфіі спалучаліся і навук. (крытычны падыход да крыніц, расчляненне падзей па часе) і маст. (ідэалізацыя, займальнасць, вымысел) прыёмы. Найб. вядомае аналітычнае апісанне зрабіў Ціт Лівій у «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» (з 142 кн. цалкам захавалася 35). Раннія рым.гіст. працы напісаны на грэч. мове. Катон Старэйшы (234—149 да н.э.) першы выкарыстаў лац. мову ў творы «Пачаткі», дзе разглядаў паходжанне ўсіх плямён і гарадоў Італіі. Пачынальнікамі жанру гіст. манаграфіі сталі Салюстый (86—35 да н.э.) і Юлій Цэзар. Гіст. творы Салюстыя «Пра змову Катыліны» і «Югурцінская вайна» паўплывалі на гісторыкаў сярэдневякоўя і новага часу. Пазіцыя аўтара, як непасрэднага ўдзельніка падзей, выразна выявілася ў творах Юлія Цэзара «Запіскі пра гальскую вайну» (у 7 кн.) і «Запіскі пра грамадзянскую вайну» (у 3 кн.). Значную літ. спадчыну пакінуў Цыцэрон (гісторыка-філас. і паліт. трактаты, прамовы і лісты). Да самастойнага гіст.-літ. жанру можна аднесці яго перапіску (захаваліся 864 лісты) і прамовы (захавалася 58 поўных прамоў). У эпісталярнай і публіцыстычнай спадчыне Цыцэрона ёсць звесткі пра паліт. жыццё Р. 1 ст. да н.э. У часы імперыі вядучай формай рым. гістарыяграфіі заставалася аналістыка. Тацыт (55—120 н.э.) у «Гісторыі» (у 14 кн.) і «Аналах» (у 16 кн.) апісваў унутрыпаліт. праблемы перыяду прынцыпату.
Храналагічны паслядоўнік Тацыта ў часы дамінату Аміян Марцэлін (4 ст.н.э.) у кн. «Слаўныя ўчынкі» давёў апісанне рым. гісторыі да 378 н.э. Вядучымі прадстаўнікамі грэч.гіст. навукі ў Р. быліПалібій (200—120 да н.э.; «Усеагульная гісторыя» ў 40 кн.) і Плутарх (46—119 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»). Гісторык Светоній (каля 70 — каля 140; «Жыццё дванаццаці цэзараў») узняў біяграфію на ўзровень сур’ёзнага гіст. даследавання. Т.ч., для гіст. навукі характэрны рацыяналістычны і крытычны падыходы, выпрацоўка асн. жанраў гіст. апавядання, увядзенне ў гістарыяграфію храналогіі, поўнае і аб’ектыўнае адлюстраванне паліт., сац., і культ. жыцця Рым. дзяржавы.
Літаратура Р. на лац. мове мае пераемны характар: засвоіла грэч. міфалогію і л-ру (жанры, памеры, сюжэты, паэт. формы). Разам са стараж.-грэч. л-рай яна складае антычную л-ру. Далітаратурны перыяд (8—4 ст. да н.э.) вядомы па сведчаннях больш позніх аўтараў і па ўрыўках твораў, што захаваліся. Ён прадстаўлены абрадавымі песнямі, дыдактычным фальклорам, зачаткамі эпасу (у бяседных песнях) і драмы (у нар. жартоўных спевах — фесцэнінах і фарсавых сцэнках — атэланах), кнігамі жрацоў (аналамі), аратарскімі прамовамі, юрыд. тэкстамі (Законы XII табліц). Першы лац. празаік Апій Клаўдзій запісаў свае прамовы і склаў зборнік маральных сентэнцый у вершах. Рым. пісьмовая паэзія з’явілася ў перыяд росквіту і крызісу рэспублікі (3—2 ст. да н.э.). Лівій Андронік пераклаў на лац. мову «Адысею» Гамера, грэч. трагедыі і камедыі. Невій узбагаціў грэч. п’есы рым. тэматыкай, стварыў нац. эпапею «Песня пра Пунічную вайну». Эпічная паэма ў 18 кн. «Аналы» («Летапіс») пра гісторыю Рыма ад Энея да сучаснасці — гал. твор Энія, аўтара філас. прац, трагедый, эратычных вершаў, эпіграм, сатураў («мешаніны» — зб-каў кароткіх вершаў і празаічных твораў разнастайнага зместу). Камедыю з грэч. сюжэтам (паліяту) распрацоўвалі Плаўт і Тэрэнцый; з мясц. італійскім сюжэтам (тагату) — Тыцыній, Афраній, Ата; трагедыю на ўзор грэч. развівалі Пакувій і Акцый. Супраць грэч. ўплыву за рым. самабытнасць выступаў Катон Старэйшы — аратар і тэарэтык аратарскага мастацтва, пачынальнік рым. гістарыяграфіі. Жанр сатуры ўдасканальваў Луцылій.
З твораў гэтага перыяду поўнасцю захаваліся толькі камедыі Плаўта і Тэрэнцыя. У перыяд грамадз. войнаў і гібелі рэспублікі (сярэдзіна 2 ст. — 40-я г. 1 ст. да н.э.) лідзіравала красамоўства. Аратарскае мастацтва і філас.-рытарычныя працы Цыцэрона прынеслі яму славу стваральніка рым. класічнай прозы. Вядомым аратарам і пісьменнікам, аўтарам гіст. твораў быў Цэзар, заснавальнікам жанру гіст. манаграфіі — Салюстый. У тагачаснай паэзіі пераважаў настрой індыферэнтызму. Лукрэцый бачыў выратаванне ад грамадскага крызісу ў эпікурэйскай філасофіі (дыдактычная паэма «Аб прыродзе рэчаў»), Катул — у асабістым жыцці (лірычныя цыклы да Лесбіі, да сяброў). Перыяд станаўлення імперыі (2-я пал. 1 ст. да н.э. — пач. 1 ст.н.э.) — «залаты век» рым. паэзіі. З усталяваннем міру пасля грамадз. войнаў і прыходам да ўлады прынцэпса Аўгуста роля паэзіі пабольшала, адбыўся зварот да класічнага стылю і гарманічнай формы (эпічныя паэмы «Энеіда» і «Георгікі» Вергілія, «Оды» Гарацыя). Склалася тэндэнцыя да ідэалізацыі і прапаганды ідэалаг. асноў новага ладу. Вергілій і Гарацый, што ўваходзілі ў літ. гурток Мецэната, апявалі доблесці старой рэспублікі, сцвярджалі імперскую місію Р. Больш незалежнымі ад паліт. жыцця заставаліся гурткі Месалы і Асінія Паліёта. У жанры элегіі, абмежаванай любоўнай тэматыкай, выступалі Гал, Тыбул, Праперцый і Авідзій — апошні вял. паэт эпохі Аўгуста. Вядучы пісьменнік-празаік — Ціт Лівій. У л-ры эпохі імперыі вылучаецца паслякласічны перыяд — «сярэбраны век» (1 ст.н.э. — пач. 2 ст.н.э.). «Новы стыль», адметны разнастайнасцю рытарычных прыёмаў, нечаканымі сентэнцыямі і цягай да афектацыі, увайшоў у творчасць Сенекі, Лукана (эпічная паэма «Фарсалія»), Персія (маралістычныя сатыры), Петронія. Эзопаўскія традыцыі працягваў рым. байкапісец Федр. Марцыял выкрываў заганы грамадства ў іранічных эпіграмах, Ювенал — у гнеўна-абвінаваўчых сатырах. Тыранічны рэжым імперыі адлюстраваў гісторык і пісьменнік Тацыт. Адыход ад «новага стылю», арыентацыя на класіцызм уласцівы творчасці тэарэтыка красамоўства Квінтыліяна і яго вучня Плінія Малодшага, паэтаў Стацыя, Сілія Італіка, Валерыя Флака. У перыяд позняй рым. л-ры (2—5 ст.н.э.) узмацнілася роля правінцый, адрадзілася грэч.л-ра, развіваліся архаічныя тэндэнцыі. У прозе выступілі гісторык Светоній, збіральнік цытат з твораў грэч. і рым. аўтараў Аўл Гелій, пісьменнік Апулей. У 3 ст.л-ра Р. заняпала. З 4 ст. вядучая роля належала хрысц. л-ры на лац. мове (Амвросій Медыяланскі, Аўгусцін, Іеранім), якая засвоіла тэхніку рым. рыторыкі і паэзіі. Апошнія рым. аўтары — паэты Аўсоній і Клаўдзіян, аратар Сімах, гісторык Аміян Марцэлін, філосаф Баэцый.
На працягу тысячагоддзя, да адкрыцця помнікаў стараж.-грэч. л-ры, л-ра Р. была адзінай крыніцай знаёмства з ант. культурай. Яна паўплывала на л-ру Адраджэння і класіцызму ў большай ступені, чым грэч.л-ра. Традыцыямі л-ры Р. жывілася лацінамоўная паэзія Беларусі (Я.Вісліцкі, Мікола Гусоўскі, С.Будны, М.Сарбеўскі і інш.). На бел. мову творы стараж.-рым. аўтараў перакладалі М.Багдановіч (ода «Помнік» Гарацыя, урыўкі з «Метамарфозаў» Авідзія), Л.Баршчэўскі (урыўкі з «Энеіды» Вергілія, з «Журботных элегій» Авідзія, байкі Федра), П.Бітэль («Метамарфозы, ці Залаты асёл» Апулея), Ю.Дрэйзін («Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя), А.Жлутка (оды Гарацыя), У.Караткевіч (вершы Катула) і інш.
Тэатр. Узнікненне і развіццё тэатр. мастацтва звязана са святамі ўраджаю, у час якіх выконваліся песні-жарты ў форме дыялогу (фесцэніны), быт. камічныя сцэнкі (сатуры), якія ўключалі дыялог, спевы, музыку, танцы, пераапрананне ўдзельнікаў у казла, барана, авечку і інш. У 4 ст. да н.э. з’явілася нар.імправіз. камедыя — атэлана, вызначальнай асаблівасцю якой стала наяўнасць 4 пастаянных персанажаў-масак: гарбуна, абжоры, дурня, суддзі. У 1 ст. да н.э. пашырыўся інш. від нар. прадстаўленняў — мім. У 240 да н.э. Лівій Андронік паставіў першую драму паводле грэч. арыгінала. З 2-й пал. 3 ст. да н.э. ставіліся трагедыі і камедыі паводле грэч. узораў, якія паклалі пачатак нац. драматургіі. Драматург Невій стварыў прэтэксту (жанр трагедыі на сюжэты са стараж.-рым. гісторыі), якая дасягнула росквіту ў творчасці Акцыя. Вял. поспехам карысталася паліята — камедыя, якая была перапрацоўкай новай ант. камедыі (Невій, Плаўт, Тэрэнцый, Цэцылій Стацый). У 2 ст. да н.э. паліята змянілася тагатай, у якой адлюстроўвалася жыццё рым. грамадзян, пераважна ніжэйшых слаёў насельніцтва (Ата, Афраній, Тыцыній). У пач. 1 ст. да н.э. тагату змяніла літаратурна апрацаваная атэлана, якая ў сярэдзіне 1 ст. да н.э. была выцеснена літаратурна апрацаваным мімам. Тэатр. прадстаўленні ставіліся ў час штогадовых дзярж. свят, у сувязі з трыумфальнымі і пахавальнымі гульнямі, выбарамі вышэйшых службовых асоб і інш. Першапачаткова спектаклі ставіліся каля храмаў багоў, у гонар якіх наладжваліся гульні, на прымітыўных драўляных сцэнах, якія з 3 бакоў абкружаліся лаўкамі для гледачоў. Першы каменны т-р у Р. пабудаваў Пампей у 55—52 да н.э. У 3—2 ст. да н.э. акцёры (вольнаадпушчальнікі ці рабы) ігралі без масак. Жаночыя ролі выконвалі мужчыны. Сярод вядомых акцёраў 1 ст. да н.э. трагік Эзоп і камічны акцёр Росцый. У 1—5 ст.н.э. пераважалі прадстаўленні забаўляльнага, відовішчнага характару: у дзеянне ўключаліся шэсці войск, палонных, выступленні дзікіх жывёл і інш. У 1—2 ст. у трагедыі на першы план выйшла вакальнае майстэрства акцёра, вял. ўвага аддавалася раскошным дэкарацыям і разнастайным сцэн. эфектам. Найб. папулярныя жанры — атэлана, пантамім (сольны драм. танец, звычайна на міфалагічны сюжэт, суправаджаўся музыкай і спевамі хору), пірыха (выконвалася ансамблем танцоўшчыкаў і танцоўшчыц). Вял. поспехам карыстаўся мім, які да 5 ст. ператварыўся ў вял. імправізацыйную п’есу са складаным сюжэтам і выцесніў усе інш. віды прадстаўленняў, акрамя танцавальных.
Пашырэнне гладыятарскіх і марскіх (наўмахіі) баёў, цкаванне на арэнах людзей драпежнымі жывёламі і інш. крывавых відовішчаў, якія сталі ўлюбёнымі прадстаўленнямі грамадства, прывяло рым.тэатр. мастацтва да заняпаду.
Музыка. Стараж. Р. развівалася пад уплывам эліністычнай культуры. У ёй склаліся і самабытныя быт.муз.-паэт. жанры: песні трыумфальныя, шлюбныя, застольныя, памінальныя. Вядома пра напевы саліяў (жрацы бога Марса) і «арвальскіх братоў» (рым. калегія жрацоў; захаваўся іх гімн). У муз. жанрах і ў складзе інструментарыя адчувальны іншаземныя ўплывы, што тлумачыцца стракатасцю муз. жыцця (грэч. кіфарэды, александрыйскія спевакі, танцоры з Сірыі, Іспаніі і інш.). Музыка і паэзія былі ўзаемазвязаны: паэт. творы (оды Гарацыя, эклогі Вергілія, паэмы Авідзія) спявалі ў суправаджэнні струнных, шчыпковых інструментаў (тыбіі, кіфары). З муз. інструментаў вядомы таксама разнавіднасці арфы і ліры, гідраўлас (вадзяны арган). На святах у гонар бога Вакха (вакханаліях) гучалі кімвалы. Музыка набыла відовішчна-забаўляльны характар (цыркавыя, тэатр. прадстаўленні і інш.). У развіцці інстр. музыкі значная роля належала тэатр. пантаміме, якая выконвалася танцорам-салістам ў суправаджэнні хору і пад акампанемент аркестра. Пры ваен. легіёнах існавалі вял. духавыя аркестры, якія складаліся з букцын (выгнутых рагоў), туб (прамых труб) і інш. З канца 1 ст.н.э. вядомы «капіталійскія спаборніцтвы» (засн. імператарам Даміцыянам), у якіх побач з паэтамі ўдзельнічалі спевакі і музыканты. Як спявак, паэт і кіфарэд вядомы імператар Нерон. Сярод музыкантаў эпохі Рым. імперыі Анаксенор, Дыядор, Тыгелій і інш. З 2 ст. вядомы звесткі пра раннехрысц. музыку.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Мастацтва Стараж. Р. належыць да найвышэйшых дасягненняў сусв. культуры. У сваім развіцці яно апіралася на багатую спадчыну Стараж. Грэцыі, традыцыі этрускаў і ўласныя. У стараж, перыяд развівалася ў рамках італійскіх археал. культур эпохі жалеза. У часы фарміравання ўласна стараж.-рым.маст. культуры (8—4 ст. да н.э.) этрускія асаблівасці храмавых пабудоў (3-часткавая цэла, подый, порцік і інш.) сталі характэрнымі рысамі рым. культавай архітэктуры (храм Юпітэра Капіталійскага). Ў 4 ст. да н.э. з’явіліся жылыя дамы з атрыем (закрытым унутр. дваром). Рым. архітэктар і інжынер Вітрувій стварыў трактат «Дзесяць кніг пра архітэктуру» — першую буд.-тэхн. энцыклапедыю (1 ст. да н.э.), што захавалася ад ант. часоў. У перыяд войнаў Р. з Карфагенам і позняй рэспублікі (3—1 ст. да н.э.) распрацавана горадабуд. сістэма планіроўкі горада з 2 перакрыжаванымі магістралямі на ўзор ваен. лагера. Цэнтр. плошча (форум) афармлялася грамадскімі будынкамі і храмамі (Рымскі форум, форум у Пампеях). Склаўся тып рым. храма з дакладнай восевай кампазіцыяй і вылучаным гал. фасадам і тып грамадскага збудавання (базіліка, тэатр, амфітэатр, цырк, тэрма, адэон). Жыллё арыстакратаў са шматлікімі памяшканнямі, вадаёмамі, дэкар, скульптурай і размалёўкамі («тэрасныя» дамы ў Геркулануме) кантраставала з забудовай гар. кварталаў 3—5-павярховымі дамамі для бедных — інсуламі. З вынаходніцтвам бетону ўзнікла новая тэхніка муроўкі сцен, у буд-ве пашырана канструкцыя аркі. Высокім майстэрствам вылучаліся інж. збудаванні — крапасныя сцены, акведукі, масты, дарогі. Пабудовы перыяду росквіту Рым. імперыі (20-я г. да н.э. — 2 ст.н.э.) вызначаюцца манум. пластычнасцю, дамінуючай роляй аркі (арачна-скляпеністых канструкцый), шырокім выкарыстаннем дэкар. жывапісу і скульптуры. Спецыфічнай адметнасцю стала т. зв. ордэрная аркада — сістэма паярусных ордэраў, накладзеная на прарэзаную аркамі сцяну (амфітэатр Рымскі калізей). Гал. віды мемар. збудаванняў — трыумфальная арка (арка Ціта) і трыумфальная калона (калона Траяна, арх. Апаладор з Дамаска), надмагіллі, у сярэдзіне 1 ст. ўзмацнілася імкненне да пышнай рэпрэзентатыўнасці арх. кампазіцыі (Рымскі пантэон; т. зв. Залаты дом Нерона, не захаваўся; палац Флавіяў на Палаціне). Планіроўка жылля спалучала атрыумны і грэч. перыстыльны тыпы дома. Для дойлідства перыяду крызісу імперыі (3—4 ст.) характэрны празмерныя маштабы збудаванняў, пышныя дэкар. эфекты, раскоша аддзелкі (арка Канстанціна). Вял. вынаходлівасці дасягнулі дойліды ў афармленні ўнутр. прасторы выдатных помнікаў архітэктуры — тэрмаў Каракалы і базілікі Максенцыя. Будавалі пераважна ў правінцыях (храмавыя комплексы ў Баальбеку, Пальміры, палац Дыяклетыяна ў Спліце). Рэльефамі на гіст. тэмы аздаблялі грамадскія будынкі, гар. брамы, храмы, алтары (т. зв. Алтар Даміцыя Агенабарба). Скульптура прадстаўлена работамі этрускіх майстроў («Капіталійская ваўчыца»). Важнае месца займаў скульпт. партрэт (бюст, статуя), які ў адрозненне ад грэкаў дакументальна ўвасабляў арыгінал. Захаваліся партрэты стараж. дзеячаў — Аўгуста, Траяна, Цыцэрона, Цэзара і інш. У эпоху позняй імперыі распаўсюджаны партрэтныя статуі (у т. л.стараж.-рым. тып статуі «тагатус», які ўвасабляў аратара ў тозе) і бюсты (галава бронз. статуі мужчыны — т.зв. Брут). У афіц. скульптуры ранняй імперыі ўзнікла тэндэнцыя да ідэалізацыі. Разам з тым у творы ўводзіліся святлоценявыя кантрасты, элементы руху, вытанчаная пластычная распрацоўка форм (напр., віртуозная перадача прычосак у жан. партрэтах эпохі Флавіяў, 60—90-я г.). Рэльефы набылі рысы жывапіснасці і напружанай дынамікі (рэльефы аркі Ціта). Ў часы Траяна склаўся тып шматфігурнага батальнага рэльефу (паласа рэльефаў, што абвівае калону Траяна). Пашыраным было капіраванне грэч. статуй. У познарым. скульпт. партрэце пластычныя аб’ёмы і знешнія рысы трактаваліся ўмоўна і схематычна. У размалёўцы жылых дамоў паслядоўна выкарыстоўвалі т. зв. інкрустацыйны і арх.-перспектыўны (1-ы і 2-і пампейскія) стылі дэкар. жывапісу (дом Лівіі на Палаціне). Развівалася мастацтва мазаікі з каляровага каменю і гліптыкі (гемы з цвёрдых парод паўкаштоўных камянёў). Да 60-х г. пераважаў т. зв. 3-і стыль: лёгкія графічныя ўзоры і невял. сюжэтныя карціны на фоне вял. свабоднай прасторы. Яго змяніў т.зв. 4-ы стыль, ці «стыль фантаст. архітэктуры» (2-я пал. 1 ст.н.э.; складаныя, ілюзорна-прасторавыя арх. кампазіцыі). Палітра мазаік узбагацілася смальтай розных адценняў, з 2 ст. пашырылася чорна-белая каменная мазаіка. У дэкар.-прыкладным мастацтве эпохі імперыі вылучаліся творы тарэўтыкі, гліптыкі, «чырвоналакавая» кераміка з рэльефным фігурным дэкорам, са шкла, медальернае мастацтва, мэбля з бронзы і дрэва і інш. Сярод маст. вырабаў вылучаліся партрэтная мініяцюра на залатой фользе, мармуровыя саркафагі з гарэльефнымі шматфігурнымі сюжэтнымі выявамі, у якіх з 3 ст. пашырылася хрысц. тэматыка. З хрысц. культам звязаны і размалёўкі рым. катакомбаў. Узоры дэкар. жывапісу (3-і і 4-ы пампейскія стылі) адлюстраваны ў фрэсках Пампеяў. Ўяўленне пра станковы жывапіс даюць т. зв. фаюмскія партрэты ў Егіпце. З пач. 4 ст. назіраецца адыход ад традыцый ант. мастацтва, пераход да сярэдневякоўя (рэльефы аркі Канстанціна, раннехрысц. саркафагі і інш.). Ант. помнікі Р. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
История Древнего Рима. СПб., 1999;
Гиббон Э. История упадка и разрушения Римской империи: Пер. с англ.: В 7 т. Т. 1—2. СПб., 1997;
Джеймс П. Римская цивилизация: Пер. с англ.М., 2000;
Утченко С.Л. Древний Рим. События. Люди. Идеи. М., 1969;
Нечай Ф.М. Образование римского государства. Мн., 1972;
Маяк И.Л. Рим первых царей: Генезис римского полиса. М., 1983;
Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985;
Кнабе Г.С. Древний Рим — история и повседневность: Очерки. М., 1986;
Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990;
Кузищин В.И. Античное классическое рабстве как экономическая система. М., 1990;
Гиро П. Частная и общественная жизнь римлян: Пер. с фр. СПб., 1995;
Штаерман Е.М. История крестьянства в Древнем Риме. М., 1996;
Древний Рим: История. Быт. Культура. М., 1997;
Джонс А.Х.М. Гибель античного мира: Пер. с англ. Ростов н/Д;
М., 1997;
Сергеев И.П. Римская империя в III в. н.э.: Пробл. социально-полит. истории. Харьков, 1999;
Ханкевич О.И. Древние цивилизации. Мн., 2000;
Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;
Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;
Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;
Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;
Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Мамардашвили М.К. Лекции по античной философии. М., 1997;
Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;
Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;
Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;
Бокщанин А.Г. Источниковедение Древнего Рима. М., 1981;
Немировский А.И. У истоков исторической мысли. Воронеж, 1979;
Историки и история: жизнь, судьба, творчество. Т. 1—2, М., 1997—98;
Непот К. О знаменитых иноземных полководцах;
Из книги о римских историках: Пер. с лат.М., 1992;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. М., 1994;
Саллюстий Г.К. Соч.: Пер. с лат.М., 1981;
Тацит К. Соч.: Пер. с лат.Т. 1—2. М.; Л., 1969;
Записки Юлия Цезаря и его продолжателей: Пер. с лат. Ч. 1—2. М., 1991;
Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;
Лосев А.Ф. Античная литература. 5 изд. М., 1997;
Античные писатели. СПб., 1999;
Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;
Античная музыкальная эстетика. М., 1960;
Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;
Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966;
Соколов Г.И.: Искусство Древнего Рима. М., 1971;
Яго ж. Римский скульптурный портрет III в. и художественная культура того времени. М., 1983;
Bloch R. The Origins of Rome. New York, 1960;
Grant M. History of Rome. London, 1978;
Storia di Roma. Vol. 1—4. Toruno, 1988—93.
В.І.Ханкевіч (гісторыя, гістарычная навука), Э.С.Дубянецкі (выхаванне і адукацыя, міфалогія і рэлігія, філасофія), С.Дз.Малюковіч (літаратура), К.А.Рэвяка (тэатр, архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Да арт.Рым Старажытны. Рэльеф з выявай рымскай калясніцы.Да арт.Рым Старажытны. Базіліка Максенцыя (Канстанціна) у Рыме. 306—315.Да арт.Рым Старажытны. Патрыцый з партрэтамі продкаў. Канец 1 ст. да н.э.Да арт.Рым Старажытны. «Капіталійская ваўчыца».Да арт.Рым Старажытны. Арка Канстанціна.Да арт.Рым Старажытны. Саркафаг Канстанцыі. 340.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ale
1. але; ды; а;
nie czarny ale biały — не чорны, а белы;
nie tylko tu, ale i tam — не толькі тут, але і там;
byliśmy, ~ś ty nas nie widział — мы былі, але (ды) ты нас не бачыў;
2. але і, ну і;
~śmy się uśmiali! — але і (ну і) пасмяяліся;
każda rzecz ma swoje ale — ва ўсім ёсць сваё “але”;
ale też macie pomysły! — ну і ідэі ў вас!;
ale deszcz! — ну і дождж!
małe “ale” маленькае “але”
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
АРША́НСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Папярэднікам павета было Аршанскае (Рошскае) намесніцтва, утворанае ў 1392 вял. князем ВКЛ Вітаўтам. Верагодна, яно ўваходзіла ў Віцебскую зямлю і падзялялася на шэраг валасцей. У 15 — пач. 16 ст. значная іх частка падаравана буйным феадалам (Друцкім-Пуцяцічам, Друцкім-Бабічам, Адзінцэвічам, Гальшанскім і інш.). Назва Аршанскі павет (ці Аршанскае староства) ужывалася з 16 ст. Пасля ўключэння Смаленскай зямлі ў Маскоўскую дзяржаву Аршанскі павет стаў пагранічным і неаднойчы быў тэатрам ваен. дзеянняў. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 у Аршанскі павет увайшлі Лукомскае і Друцкае княствы, Барысаўскае і Магілёўскае староствы, частка Аболецкага пав., Любашанская і ўсх. Частка Свіслацкай валасцей і інш. Аршанскі павет уваходзіў у Віцебскае ваяводства. Сцягам Аршанскага павета была харугва зялёнага колеру з выявай «Пагоні». У канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. на тэр. павета сфарміравалася латыфундыя Сапегаў (частка Лукомскага і Друцкага княстваў, Аршанскае і Магілёўскае староствы і інш.). Буйнымі землеўладальнікамі былікн. Галоўчынскія, Друцкія, Лукомскія, Сангушкі, Радзівілы, Хадкевічы і інш. Самыя вял. гарады ў 16—17 ст. Магілёў, Орша, Барысаў. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) б.ч. павета (да р. Друць) адышла да Рас. імперыі, дзе была ўтворана Аршанская правінцыя, астатняя частка (з цэнтрам у Халопенічах) праіснавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). У складзе Рас. імперыі Аршанскі павет з 1773 — адзін з трох паветаў Аршанскай правінцыі, з 1777 непасрэдна ў Магілёўскай губ., павялічаны за кошт скасаванага Дубровенскага пав. У 1796—1802 у Беларускай губ., павялічаны за кошт паўд. часткі скасаванага Бабінавіцкага пав., потым зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1777. У 1840 да Аршанскага павета далучаны паўторна скасаваны Бабінавіцкі пав., у 1861 — частка скасаванага Капыскага пав., частка Аршанскага павета на левым беразе Дняпра ўключана ў новаўтвораны Горацкі пав. З крас. 1919 у Гомельскай, з ліст. 1920 у Віцебскай губ. РСФСР. У сак. 1924 усх. частка Аршанскага павета ўключана ў Смаленскую губ., рэшта перададзена БССР, дзе 17.7.1924 Аршанскі павет скасаваны і замест яго ўтворана Аршанская акруга.